1977
***
Аголеная згвалчаная пушча.
Вятрамі скрозь прадзьмутая душа.
Як цісне адвячоркам змроку гушча,
як гулка цішыня гудзе ў вушах!
Здаецца, спынен лёт і, склаўшы крылы,
лячу ў нямую бездань стрымгалоў.
Усе ўспаміны цішыня акрыла,
і што было, з туманамі сплыло.
Адно жыве іскрынка тае сілы,
што не згасілі бог і забыццё,
што чалавека некалі стварыла,
што мы завём, жартуючы, жыццём!
1975
***
Адшапацелі, адгулі лясы.
Спакой руку на лоб паклаў.
Праз сэрца прайшла думка неба.
Выйдзі ранкам на ганак і глядзі на дарогу,
па якой век віхрыцца,
прыгінаючы жоўтыя травы.
Вярніцеся ўсе, каго я любіў,
я хачу вам засведчыць,
што клопат маёй душы —
хадзьба адвечная ў людзі.
Святло, якое ва мне — ад вас.
Цемра, баюся яе,— ад вас, людзі.
Ды з надзеяй гляджу, як да зямлі
далікатна дакранаюцца пальцы чалавечнасці,
шукаючы нашых слёз на ёй.
1976
***
Калёры сну жыцця...
Спі, спі, пакуль не разбудзяць
крыкам ці шэптам. Ён будзе
галінкай з пупышкай гарачай,
шыба яе астудзіць.
Даруй — укленчу зары.
Даруй — укленчу каменю.
Вочы мае апякаюць
дзве кроплі. Апошнія.
Смяюся я? Плачу?
1976
МОВІЎ ЖЫЦЦЁ
Цягнучы свой цень, крыло нібыта,
вымавіў: жыццё. I тут прыйшло:
зоркаю ж была зямля калісьці.
Не чорны хлеб жыцця ў маіх далонях
крышыцца, а, мусіць, лёгкі хлеб.
Ах, як жыцця банальная расліна
ружовай кветкай неспатольна мкне:
благаславі яе дабром і ласкай,
абві ў прамень.
(Рука, што падае,
яна святая, нібы стол ад бога.
Скажыце ж ёй ісці і зелянець.
Кулак не трэба гадаваць. У цемры
яго ідэя. А ў каменні корань.)
У кожнай кветкі свой калёрны смех,
зялёнаю лістотай мовіць дрэва,
пяе пылінка кожная бязгучна!
I гэта свету шчырая рука.
Няхай жа на ёй скача ў дабрыні
канец, які намерыўся ў пачатак.
1978
ЗЯМЛЯ ЎЗДЫХАЎ
Зямля перасохлая
цяжка ўздыхае.
Расце там чаканне
(шыпшына без лісця)
і птушкі і голас абронены —
востры, сухі,
нібыта шып,
раніць
узнятыя вочы ўгару.
Бачыць знікненне страшуся,
адказу не чую,
і не пытаю, і не пытаю.
Рану пазнання,
як кветку, паказваю небу:
глыбока баліць,
і кругам ідзе галава.
Як гулка ціха!
1978
РАТАЙ
Праца цябе не ўмяшчае.
Спатоля — таксама.
Ратай,
якая ж твая зямля?
Калі яна на стале —
маленькая вельмі!
Затое, якая яна бясконцая
ў сэрцы!
На самай вялікай зямлі
ён стаіць,
увянчаны
вянком зязюль.
Дотык любові
абуджае яго дабрыню,
і яна зіхціць,
як нарог
пасля ворыва.
Ходзіць па яго сэрцы
ці то чалавек, ці то бог
гаспадаром руплівым
і кладзе ўсё на месца,