1977
ІМГНЕННЕ
ІМГНЕННЕ
I ў голасе кветка, і ў хлебе любоў,
колькі дасі, столькі зноў цябе будзе.
Хто ж ты, скажы мне, як знацца з табой,
цела ці дух ты, ліпень ці студзень?
Вось ты ў мелодыі красак палёў
або ў спякоце агромністай лета.
Ты ўжо было. Ёсць. I будзеш ізноў,
прысак зямлі ці часцінка сусвету.
1977
***
Дрэва, што ветры няшчадна схіляюць,
ці ж, як маланка, згарыш ты ва мне?
Так ты ўрачыста галінкі люляеш,
так і расцеш ты за ўсіх зеляней.
Я за табою да сонечных высяў
смела на крылах-галінках лячу.
Птахам лятучым з душой маёй зліся,
жыць, як і ён, без гнязда не хачу.
Хораша ў засень тваю мне схавацца,
слухаць гамонку лістоты густой.
Як жа адзін без цябе я стаяцьму
там, дзе карэнне дружыла з зямлёй?
А завар’ююць вятры-ураганы,
гнуць і ламаць над прадоннем пачнуць,
гэткім ты блізкім і родным мне станеш,
быццам мяне гэта трушчаць і гнуць.
1976
ТВОРЧАСЦЬ
Палі ўзялі мяне ў палон.
Іх волі паслухмяны,
ішоў я і спяваў без слоў
страката, палымяна.
I столькі пела іх ва мне
тых фарбаў і адценняў,
што дзень, здаецца, палымнеў
іх зыркім зіхаценнем.
Я знаў: да гэтае пары
так не спяваў ніколі.
Луналі песні угары,
па ўсім зямным раздоллі.
Яны, напоўненыя мной,
жылі ва мне паўторам
і славілі наперабой
смерць творцы іх у творы.
1976
***
Расце з любві і дабрыні
і чалавечнасць наша, й веліч!
I тое полымя, што спеліць
гарт нашых душ, дух чысціні
і ў вечнасць наш кірунак цэліць!
I ты, што ў зыркім тым агні
прыйшла, нібы з’яўленне свету
ў жыццё ўлюбёнага паэта,
яго да сэрца прыгарні
і знікні ўяўнаю прыкметай!
Святлей тут стала ад цябе,
ад слоў скупых, дзе сэнсу многа.
Я паўтараю змест іх строгі:
існую я не для сябе,—
жыву для некага другога!
1976
АКНО
Мабыць, так і здарыцца тады —
лёс міргае змоўніцку ў прыкметах,—
раптам,
быццам з яблыні плады,
я ўпаду на іншую планету.
I зямля схаваецца ў імжы,
думкі павяртаюцца з бадзяння.
Як ты жыў дагэтуль? —
раскажы,—
запытаюць іншапланецяне.
Чым быў значны — быццам адпадзе.
Божа мой, у гэтым дзіўным крэне
што змагу сказаць я пра людзей,
пра сябе,
пра крылы,
пра карэнне?..
Што пра іх я ведаю?!.
Кіно —
праслізне абрывак небакраю
ў розуме нямым.
Бы праз акно,
праз мяне бясконцасць пазірае.
1976
***
Паслухмяны я з табой, агонь,
ціхі, бы запаленае дрэва.
Хісткая, нахіленая ўвысь —
гэткая мяжа не раз’яднае.
Вечны, у часовасці замкнёны,
формаю рухавай вышэй форм
вынікаеш.
I ва ўсім знікаеш,
як у целе думка і душа.
Шэпчаш мне спагадліва з мяне:
адхініся.
Востры дотык болю —
гэта ты мяне пацалаваў
ці працяла думка: гасне цела.