Литмир - Электронная Библиотека

Танцы ў час дажджу

28.08.2010. У дажджлівае надвор’е ў вёсцы добра было хадзіць на танцы. У клубе не падымаўся пыл і не было задухі. І, калі пачыналася бойка, то чырвоныя ад крыві кашулі можна было мыць у струмені вады, што сцякаў з клубнай страхі. Байцом я не быў, але…

Клуб у Татарскіх

28.08.2010. У Татарскіх клубам была звычайная з печкай хата, у якой ніхто не жыў. Неяк, расказваючы пра сваё юнацтва жонцы, вырашыў паказаць ёй клуб у Татарскіх. Прыйшлі. А на месцы хаты, сярод быльнягу адна белая печка з чорнай трубой, як помнік таму, што было і ніколі ўжо не паўторыцца…

У «Сталіцы»

28.08.2010. З Людмілай хадзілі ў «Сталіцу». Яна ў крамах разглядала абутак і адзенне, а я жанчын…

На хвіліну…

28.08.2010. Змрочна. Дробны дождж. З «Чырвонага касцёла» пасля вянчання выйшлі маладыя. Маладыя і прыгожыя. Мы з Людмілай на хвіліну спыніліся, нібы жыццё для нас спынілася на хвіліну…

ВЕРАСЕНЬ

* * *

2.09.2010. Масква. Беларускі вакзал. Шэсць гадзін раніцы. Мы з Зосяй Куставай і Аленай Казак толькі што выйшлі з вагона. Сунемся з натоўпам. Таксісты прапануюць падвезці. Пытаемся пра кошт і адмаўляемся. Дорага. Спадзяемся на метро. А там вар’яцкая чарга і мы вяртаемся да таксістаў. А іх ужо няма. І раптам да нас падыходзіць высокі мужчына і, даведаўшыся, што нам трэба ў гасцініцу «Турыст», просіць тысячу. Лена Іванаўна, а яна ў нас у «Мастацкай літаратуры» галоўны бухгалтар, кажа: «Даём шэсцьсот!» — «Мала! Тысяча і ўсё тут!» — «Раз так, то мы і на метро можам заехаць!» — «Няхай будзе не па­вашаму і не па­мойму! Восемсот!» — «Шэсцьсот і не больш!» — «Давайце за семсот!» — кажа мужчына. «Не! Шэсцьсот!» — «Семсот!» — «Ну, тады за шэсьсот пяцьдзясят!» — прапануе Лена Іванаўна і таксіст, махнуўшы рукой у знак згоды, бярэ ў нас найбольшую сумку і вядзе да машыны. «Калі б вы не былі маёй апошняй надзеяй зарабіць, то я б вас за такія грошы не павёз!» — кажа таксіст і, выехаўшы з прывакзальнай плошчы, націскае на газ. Па Маскве едзе на хуткасці 100­110 кіламетраў у гадзіну. Не дзіўлюся, бо калі ехаць так, як ездзяць у нас, то цябе іншыя машыны сапхнуць з дарогі…

Гасцініца «Турыст»

2.09.2010. Гасцініца «Турыст» — падрамантаваны савецкі будынак, у якім яшчэ дваццаць гадоў назад спыняліся з Саюзных рэспублік пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў. Цяпер за 100 даляраў у суткі ў «Турысце» пасяліцца можа любы, каму ў Маскве няма дзе жыць. Праўда, «Турыст» — гэта не адна гасцініца, а сем. Я жыў у корпусе № 1. Мой нумар быў двухмесны, з просценькім тэлевізарам, з савецкім халадзільнікам, з графінам на стале і двума стаканамі. Было адчуванне, што я, пасяліўшыся ў «Турысце», трапіў у васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя…

Станцыя метро «Пушкінская»

2.09.2010. У Маскве станцыя метро «Пушкінская» адна з самых глыбокіх. І я з яе доўга еду на эскалатары ўверх, нібыта вяртаюся з таго свету…

Пушкін і Красная плошча

2.09.2010. Вечарам, пасля кніжнай выставы, я, як былы жыхар Масквы, павёў у метро на станцыю «Батанічная» Навума Гальпяровіча, Зосю Куставу і Алену Казак, каб заехаць на Пушкінскую плошчу. Дваццаць гадоў, якія мінулі пасля таго, як я жыў тут, далі знаць пра сябе, таму давялося зрабіць пяць перасадак, каб даехаць у патрэбнае места. Выйшлі з метро. Дзе ж помнік Пушкіну? Ледзьве разгледзеў з­за рэкламнага смецця. Расказаўшы дзе і што, павёў сваю кампанію на Красную плошчу. Гулялі больш за гадзіну. Назад вярнуліся, зрабіўшы ў метро адну перасадку…

Літінстытут

3.09.2010. У праграме Маскоўскай кніжнай выставы было запланавана і наведванне беларускімі пісьменнікамі Літінстытута. У патрэбны спіс я не трапіў і, едучы ў Маскву, планаваў знайсці час, каб самому пахадзіць па калідорах і аўдыторыях, дзе вучыўся. А тут раптам у першы дзень прыезду вечарам падыходзіць да мяне Сяргей Трахімёнак і кажа: «Паехалі заўтра ў Літінстытут!» — «Мяне ж у спіску няма!» — «Ну і што! Ты ж там вучыўся! Паехалі!» — «А хто з намі будзе яшчэ?» — «Нікога! Астнія хочуць выступаць на выставе. Няхай выступаюць, а мы з табой з’ездзім!» Доўга не думаючы, даў згоду. Назаўтра ранкам па нас прыйшла машына з беларускай амбасады. Шафёр не ведаў дарогі да Літінстытута, і мне давялося яму расказваць як ехаць. Прыехалі без спазнення. Нас сустрэў паэт Валянцін Сарокін, які працаваў у Літінстытуце яшчэ тады, калі я вучыўся. Канферэнц­зала была поўная. Цяпер на пісьменнікаў вучыцца каля тысячы чалавек. У зале былі дзве студэнткі з Беларусі — адна з Віцебска, а другая з Брэста. Іхніх прозвішчаў з вершамі ў нашым друку не сустракаў. Кінулася ў вочы, што раней выкладчыкі выглядалі гаспадарамі і студэнты іх пабойваліся, а цяпер выкладчыкі нейкія няўпэўненыя, а студэнты паводзяць сябе па­гаспадарску. Магчыма, таму, што амаль палова вучыцца за свой кошт…

* * *

3.09.2010. Ідучы па калідоры Літінстытута, адчуў сябе студэнтам, які, у свой час не давучыўшыся да канца, раптам праз дваццаць гадоў успомніў, што яму засталося толькі здаць залік па літаратуры і ён атрымае чырвоны дыплом…

* * *

3.09.2010. Амаль у самым цэнтры Масквы будуецца велізарная мячэць...

У Данскім манастыры

3.09.2010. У Маскве, будучы ў раёне Данскога манастыра, не змог абмінуць гэта святое месца. Зайшоў. Толькі што закончылася служба. З царквы выйшла чалавек дваццаць. У большасці жанчыны і старыя. Заглянуўшы на хвіліну ў Храм, пайшоў паглядзець манастырскія могілкі. Пафатаграфаваў. На выхадзе сустрэўся з ахоўнікам, які не паспеў мне нічога сказаць, бо я задаў пытанне: «А хто тут з вядомых пісьменнікаў пахаваны?» Мужчына, на момант задумаўшыся, запытаўся: «Салжаніцын пісьменнік?» — «Пісьменнік!» — «Ён тут пахаваны».— «А хто яшчэ?» — «Я не ўпаўнаважаны ведаць пра тых, хто тут пахаваны» — адказаў ахоўнік і папрасіў мяне пакінуць тэрыторыю могілак…

* * *

4.09.2010. Ходзячы па Маскоўскай кніжнай выставе, лаўлю сябе на думцы, што я, беларус, тут ужо замежнік…

За дваццаць гадоў…

4.09.2010. За дваццаць гадоў, якія не быў у Маскве, горад змяніўся — аброс капіталістычным рэкламным смеццем, праз якое праглядваецца шэры Савецкі Саюз…

Дзве хойніцкія дарогі

6.09.2010. Па дарозе ў Хойнікі аўтобусы з гасцямі з Мінска на мяжы Гомельскай і Магілёўскай абласцей сустрэла міліцыя. Нас суправаджалі па дарозе, абапал якой, недзе за кіламетраў пяцьдзясят да сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства, было на што паглядзець. Гэта і плакаты з віншаваннямі, і вялікія самаробныя лялькі ў нацыянальных строях, і цытаты з твораў класікаў беларускай літаратуры. Праязджаючы побач з Глінішчамі, можна было ўбачыць расфарбаваны аўтобусны прыпынак з вялікім намаляваным партрэтам Івана Мележа. На наступным прыпынку быў партрэт Якуба Коласа. На трэцім — Міколы Мятліцкага. А далей былі прыгожыя вобразы паляшучак і буслоў. Назад у Мінск мы вярталіся карацейшай дарогай, абапал якой шумелі бярозы ды сосны…

* * *

8.09.2010. У другой палове працоўнага дня зайшоў Леанід Маракоў і падарыў свой энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя медыцынскія і ветэрынарныя работнікі Беларусі 1920—1960», які толькі што выйшаў у выдавецтве «Медысонт». Таміна ўражвае і візуальным аб’ёмам у 900 старонак, і сваім зместам. Лёня малайчына! Працуе за добрую сотню навукоўцаў. Гэта яго 28 кніжка. Гадоў пятнаццаць таму Маракоў быў паспяховым бізнесоўцам і раздаваў направа і налева падарункі. А цяпер зайшоў да мяне папрасіць хоць якой паперы, каб раздрукаваць раздзелы новай кнігі…

29
{"b":"597931","o":1}