* * *
9.09.2010. Некаторыя новыя высотныя дамы ў Маскве, калі на іх глядзіш здалёку, здаюцца вылезлымі з зямлі і абсечанымі тунэлямі метро...
Алесь Наўроцкі
10.09.2010. У дзесяць гадзін раніцы ў кабінет зайшоў незнаёмы, пажылы, у зялёнай куртцы мужчына і запытаўся: «Вы Віктар Шніп?» — «Я».— «А я Алесь Наўроцкі. Хачу ў вас у выдавецтве адшукаць свой рукапіс, які я тут пакінуў гадоў дзесяць назад Марчуку. Ліна Каўрус казала, што яшчэ тады яго здалі ў архіў. Дапамажыце адшукаць»,— сказаў паэт, які ў 1978 годзе, пратэстуючы супраць прымянення псіхіятрыі ў палітычных мэтах, выйшаў з Саюза пісьменнікаў. Пасля гэтага ў 1981 годзе яго прымацавалі да псіханеўралагічнага дыспансера і пазбавілі працы ўрача. Ну а потым паэта перасталі друкаваць. На маё пытанне, што ён цяпер піша, адказаў: «Займаюся вершамі. Напісаў паэму памерам з «Васю Цёркіна». Нікуды не нясу, бо ведаю, што ніхто не надрукуе праўду. Вершы пішу пабеларуску. Іх у мяне сабралася разам з паэмай каля 20 аркушаў. Прозу пішу паруску і проста, як Якуб Колас». Пакуль мы шукалі патрэбную папку з творам, да нас прыйшоў Юрась Пацюпа з Яўгенам Гучком, якія пачалі цытаваць вершы Алеся Наўроцкага з кнігі «Неба ўсміхаецца маланкаю». Алесь Піліпавіч задаволена ўсміхаўся і наогул узрадваўся, калі адшукалі ягоны рукапіс з прозай. Развітваючыся, дамовіліся, што паэт прынясе ў выдавецтва ненадрукаваныя вершы…
У Крэўскім замку
11.09.2010. Дробны дождж, як дымнае мроіва, што прынесена ветрам з нашага далёкага мінулага. На дзядзінцы амаль разбуранага Крэўскага замка пасецца чорны конь. І я іду да яго, нібыта апошні абаронца зямлі беларускай…
Ахоўваецца…
11.09.2010. На рэштках сцен Крэўскага замка вісіць шыльда, на якой напісана, што замак ахоўваецца дзяржавай. А дзе ж ахоўнікі? Разбуральнікі прыехалі!
* * *
11.09.2010. Стаю на рэштках сцяны Крэўскага замка. Варожыя стрэлы пралятаюць праз мяне…
* * *
11.09.2010. У свой час у Барунах на святара вучыўся мой зямляк паэт Пятро Бітэль. Будынак, у якім ён жыў і маліўся, глядзіць на прыезджых разбітымі вокнамі, за якімі яшчэ жыве наша невядомая Беларусь…
* * *
11.09.2010. У траве Гальшанскага замка велізарныя слімакі, як камяні, якія ажылі…
Жабкі ў Гальшанах
11.09.2010. У траве скачуць жабкі, як зачараваныя чужынцы, што хацелі захапіць Гальшанскі замак…
Гальшанскі замак і Караткевіч
11.09.2010. Хаджу па Гальшанскім замку і побач з сабой бачу Уладзіміра Караткевіча. Ён маладзейшы за мяне, і я наглядаю за ім, каб ён часам не ўпаў з пашкоджаных сцен замка і не разбіўся. Караткевіч яшчэ не напісаў раман «Чорны замак Альшанскі»…
* * *
12.09.2010. У пятніцу, 10 верасня, хадзіў у музычную школу № 10 на прэзентацыю кнігі пра кампазітара Яўгена Глебава, якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры». Карэспандэнтка з радыё, якая рабіла перадачу пра імпрэзу, узяла інтэрв’ю і ў мяне, але перад размовай запыталася: «На каком языке будзіте гаварыць?» — «Што за пытанне! Пабеларуску!» — адказаў я, і дзяўчына на добрай беларускай мове пачала задаваць мне пытанні. У канцэртнай зале народу, на жаль, было зусім мала. Некалькі кампазітараў і выкладчыкаў, а таксама некалькі сябровак Ларысы Васільеўны. І калі б не прывялі чалавек трыццаць сувораўцаў, то зала была б амаль пустая. Тэлебачанне прыехала толькі тады, калі закончылася прэзентацыя. І я вяртаўся дадому з адчуваннем, што нікому нічога не трэба — ні наша літаратура, ні цудоўная музыка Яўгена Глебава…
* * *
13.09.2010. Ідучы з працы, сустрэў Хрысціну Лялько. У свой час, дзякуючы ёй, пасля вучобы ў Літінстытуце я трапіў на працу ў часопіс «Беларусь». На пытанне, што новае пішаш, Хрысціна адказала: «На вялікія празаічныя рэчы няма часу. Пішу вершы». І было хацеў ёй сказаць, што вершы могуць і іншыя пісаць, а вось апавяданні, дзякуючы якім Хрысціна Лялько стала празаікам Хрысцінай Лялько, можа пісаць толькі яна, але прамаўчаў…
Грэчка
13.09.2010. Людзі пачалі скупляць грэчку. Хто па кілаграму, хто па два, хто па пяць, а хто і болей. Я не купляю зусім, бо не адной грэчкай жыве чалавек…
Абарыгены і каланізатары
19.09.2010. З крамы вяртаюся дамоў праз сквер. Праходжу міма двух кудлатабарадатых бамжоў, якія сядзяць на лаўцы, як абарыгены, і глядзяць на прахожых, як на каланізатараў…
Піражкі
20.09.2010. Абедаю ў сталовай каля сваёй працы. Маладая кухарка, несучы паднос з піражкамі, зачапілася за мой позірк і рассыпала піражкі. Тут жа сабрала піражкі з падлогі на паднос і панесла далей…
Радня
27.09.2010. Дзядзька Славік, скончыўшы сельскагаспадарчую акадэмію, паехаў з сям’ёй у Амурскую вобласць. Жыў ён там гадоў пяць. Быў немалым начальнікам. Вярнуўшыся на некалькі дзён у Пугачы, зноў з’ехаў з дому. На гэты раз на Украіну ў Луганскую вобласць. Гадоў дзесяць таму там і памёр. Там і пахаваны. Засталася цётка і пяцёра дзяцей. Усе Шніпы. Дзе яны цяпер і што робяць — не ведаю. Няма ні тэлефона, ні адраса…
Без лірыкі…
27.09.2010. У сталовай раптам узгадалася Масква. Кафэ «Ліра». Сюды амаль кожны дзень пасля вучобы ў Літінстытуце я прыходзіў і купляў сасіскі з бульбай. Цяпер на месцы «Ліры» МакДональдс…
Мужчына і музыка
27.09.2010. Ён пісаў музыку. Яму было 43 гады. 700 кіламетраў за рулём у Маскву і 700 назад. Вярнуўся вечарам. Глядзеў Еўрабачанне з маці, якая і адпраўляла яго ў Маскву па справах. Слухаў песні і піў гарэлку, каб расслабіцца пасля нялёгкай дарогі. Расслабіўшыся, пайшоў у свой пакой і лёг спаць. Раніцай мужчына не прачнуўся. Хавалі з крэматорыя, дзе гучала музыка, напісаная ім….
Магчымасць і жаданне
28.09.2010. На вуліцы грыбны дождж. А я на працы чытаю рукапіс аповесці пра тое, як добра жывецца ў замежжы. У замежжа не хачу. Хачу ў грыбы. І паехаў бы ў лес, але ж я на працы і мне трэба займець сваю думку пра рукапіс аповесці пра замежжа, у якім добра…
Жывыя і мёртвыя
28.09.2010. Гледзячы на поўныя шафы рукапісаў, прыйшоў да думкі: «На сённяшні дзень у выдавецтве намнога болей мёртвых рукапісаў, чым жывых аўтараў…»
КАСТРЫЧНІК
Дача Андропава
4.10.2010. Паэт Глеб Артханаў зарабляе на жыццё, працуючы архітэктарам у Расіі. Сёння ён заходзіў да мяне на працу і расказаў пра дачу Юрыя Андропава ў Падмаскоўі, якую ён нядаўна, як архітэктар, «аблагароджваў». Дача драўляная. Была збудавана ў 1949 годзе. У старых будаўнічых дакументах напісана: «Архітэктар — № 25. Падстава для будаўніцтва — загад начальніка».
Чайкі
5.10.2010. Гляджу з дзявятага паверха на Свіслач. Чайкі на вадзе, як раскрышаны пенапласт…
107
6.10.2010. Атрымаў ліст ад незнаёмага мне чалавека з Хабараўска з просьбай выдаць ягоную кнігу. Падобныя лісты — не рэдкасць. У канцы просьбы пажаданне: «Здаровья Вам до ста семи лет!» Можна было б на гэтае пажаданне не звярнуць увагі, калі б я ўжо гадоў дзесяць не казаў, што буду жыць да ста сямі…