Литмир - Электронная Библиотека

Ці будзе канец свету?

8.08.2010. Па тэлевізары ў навінах паказваюць, як у Еўропе дажджы затапліваюць гарады і вёскі і як выгарае Расія. Пытаюся ў мамы, ці будзе канец свету. Яна махае рукой і кажа: «Не будзе!» — «А чаму?» Мама маўчыць…

Адкрыць Амерыку

9.08.2010. Cны, як рэальнасць. Рэальнасць, як сон. Нічога новага. А ты сядзіш і, не выходзячы з кватэры, спрабуеш свету адкрыць Амерыку, яшчэ не адкрыўшы для сябе Беларусь...

* * *

9.08.2010. Тыдзень таму сына адправілі на мора ў Балгарыю. Не тэлефануе і не піша праз інтэрнэт, а нам з ім не звязацца. «Відаць, ужо ў нейкую закахаўся!» — кажу Людміле і чую: «Наш можа...»

Два Юры

11.08.2010. Узгадалася. Неяк прыходжу на працу ў «ЛіМ», а каля дзвярэй холдынга ўжо стаяць два нашы куратары, два Юры. У аднаго ў руках сігнальны нумар часопіса «Полымя» з маімі вершамі, і куратар, не вітаючыся, задае пытанне: «Гэта вы самі напісалі такія вершы?» — «Якія?» — нібыта нічога не разумеючы, кажу я. «А вось гэтыя!» — Юра падсоўвае мне пад нос разгорнутае «Полымя». «Калі тут напісана маё прозвішча і мой здымак, дык гэта мае вершы!» — «Я ў вас пытаюся, вы самі іх пісалі?» — «Сам. А што такое?» — «І колькі вам за іх заплацілі?» — «Пакуль яшчэ не плацілі...» — «А колькі заплоцяць вось за гэты верш?» — цікавіцца Юра і паказвае на верш «Беларускае мора». Я нейкі час маўчу, бо думаю, якую лічбу назваць (завысіць ці занізіць, ці праўду сказаць), а потым і кажу: «За гэты верш будзе тысяч дзесяць, а можа і меней».— «Як гэта дзесяць тысяч?! Мы вам даем за гэты верш трыста тысяч, толькі дазвольце нашаму гурту яго спяваць!» — «Ну добра. Давайце трыста тысяч»,— задаволена ўсміхаюся, а два Юры, зайшоўшы за мной у мой рэдактарскі кабінет, замыкаюць дзверы і пачынаюць спяваць «Беларускае мора», і так хораша, што ў мяне па спіне мурашкі забегалі. Пасля гэтых спеваў у Юраў змяніліся да мяне адносіны і самае галоўнае — яны перасталі кожную хвіліну стаяць над маёй душой. Праўда, за верш «Беларускае мора» ў «Полымі» мне заплацілі дзесяць тысяч, бо бухгалтэрыя не паслухалася двух Юраў...

Праведалі дзядзьку

15.08.2010. Дзядзьку Віцю 77. Жыве ён у Лягезах у бацькоўскай хаце з жонкай Стасяй, якая на гадоў дзесяць маладзейшая за яго. Цяпер у іх гасцюе малая праўнучка Карына. Нядаўна дзядзька ехаў на ровары ў Бакачы ў краму і па дарозе з гары паваліўся і паламаў рэбры. Я з Людмілай, Барысам Пятровічам і яго жонкай прыехалі праведаць пабітага. Дзядзька Віця ў добрым настроі сустрэў нас на вуліцы. І пакуль цётка Стася рыхтавала на стол, мы слухалі дзядзькавы расповеды. Даведаліся, што печ, на якой я ў дзяцінстве ляжаў з бабуляй Ганнай і слухаў яе казкі, была пакрыта рудой з прыгожым узорам кафляй яшчэ пры паляках. Узгадалася, што да вайны, па словах маёй мамы, у сям’і бабулі Ганны і дзеда Міхася было не толькі васьмёра дзяцей, але і літровая пляшка золата…

Яршоўка

15.08.2010. Паўз Лягезы праз алешнік працякае невялічкая рачулка Яршоўка. У дзяцінстве нярэдка цэлымі днямі я сядзеў каля яе і глядзеў на ваду. І я вырашыў паказаць сваім сябрам і жонцы Яршоўку. Прыйшлі. А рачулкі і няма. Толькі рэчыша з белым пяском і заімшэлымі камянямі. Пасля ўжо дзядзька Віця расказаў, што за Лягезаўскай гарой, дзе пачынаецца Яршоўка, бабры зрабілі велізарную плаціну і ўвесь луг і кустоўе затапілі. Цяпер там чатыры бабрыныя хаткі…

Усе мы родам з дзяцінства…

16.08.2010. Вяртаюся з працы. Гарачыня, хоць і вечарэе. Заходжу ў тралейбус і чую: «Я хачу на мора! Я хачу на мо­о­ра!! Я хачу на мо­о­о­ра­а­а!!!» Гляджу: «Хто ж гэта так раве?» А раве малы гадоў чатырох. У яго ўзросце, гадуючыся ў бабулі Ганны ў Лягезах, я не толькі не ведаў, што на свеце ёсць мора, а і пра Мінск нічога не ведаў і наогул я не ведаў, што ёсць яшчэ нейкія людзі акрамя тых недзе сарака чалавек, сярод якіх я жыў…

А можа…

17.08.2010. У сталоўцы каля сваёй працы сустрэў фатографа Анатоля Каляду, ссівелага і амаль бяззубага, і ўсё ж элегантнага, як гадоў 15 назад, калі ён супрацоўнічаў з «ЛіМам», дзе я працаваў. Сярод фотамайстроў Анатоль нейкі няспешны і непладавіты. Ён ёсць і нібыта яго і няма. А можа так і трэба ў гэтым жыцці: не спяшацца і не вытыркацца?

Ранішняе

17.08.2010. Яна стаяла на прыпынку сярод людзей. І, калі Ён заходзіў у патрэбны яму аўтобус, іх позіркі сутыкнуліся, і ў яго па душэўным спакоі разбегліся агністыя трэшчыны. Пакуль дзверы ў салон не зачыніліся, а гэта было секунды чатыры, Яна некалькі разоў зазірнула яму ў вочы і павярнулася бокам, гарэзна­ганарліва задзёршы свой востры прыгожы носік, нібы кажучы: «Падабаюся? Дык выходзь з аўтобуса!» І не паспеў Ён вырашыць, што рабіць далей, як у аўтобуса зачыніліся дзверы, і Ён паехаў. Яна ж адразу павярнулася спінай да яго, нібы паказваючы сябе ззаду і гаворачы: «Запомні мяне такую!»

Вельмі сумна…

22.08.2010. Сёлета за восем месяцаў у маіх Пугачах і ў навакольных вёсках сышло на той свет шэсць чалавек. І ўсе з­за п’янкі. Тыдзень назад камбайнёры, якім захацелася пакаштаваць яблыкаў на хутары, знайшлі ў садзе саракагадовага мужчыну, былога трактарыста, які павесіўся. Вісеў ён, відаць, ужо недзе з тыдзень, бо вароны паспелі яму выдзеўбці вочы і ён сам добра падгніў. Вісельнік раней жыў у вёсцы, выпіваў і гэтым летам, пасля таго як па п’янцы разбіў трактар, яго выгналі з працы. Беспрацоўны перабраўся на хутар да такой жа жанчыны, з якой цэлымі днямі піў. Што там адбылося, пасля чаго павесіўся мужчына, ніхто не ведае, бо ягоная сяброўка нават не заўважыла, што яна адна працягвае піць. Да канца года яшчэ чатыры месяцы…

* * *

23.08.2010. 1 верасня еду ў Маскву. Паціху збіраюся ўжо цэлы тыдзень. Адчуванне, нібыта зноў еду ў Літінстытут на вучобу…

* * *

23.08.2010. Успомнілася. 1984 год. Цягнік «Мінск — Масква». У купэ на Усесаюзны семінар маладых літаратараў еду з Леанідам Галубовічам. З намі Сяргей Дубавец, Алесь Асташонак, Міхась Барэйша, Уладзімір Саламаха, Вадзім Спрынчан, Хрысціна Лялько і яшчэ некалькі чалавек. Не памятаю, пра што мы гаварылі ўсю дарогу, але запомніўся вершаваны радок Галубовіча: «Колькі ўжо гадзін еду і еду ў бок Масквы, а сонца ўсё няма і няма…»

Трахімёнак і дзяржаўны сакрэт

25.08.2010. У «Доме прэсы» быў на прэс­канферэнцыі пісьменніка Сяргея Трахімёнка. Гаварылі пра ягоныя кнігі, што выйшлі ў «Мастацкай літаратуры» і ў холдынгу «ЛіМ». Ад Сяргея Аляксандравіча, як ад прафесійнага разведчыка, прысутныя даведаліся, што амерыканскіх шпіёнаў у Савецкім Саюзе распазнавалі (а гэта раней быў дзяржаўны сакрэт) па падробленых пашпартах, якія былі цалкам, як савецкія, але яшчэ лепшыя. Лепшыя тым, што амерыканцы скарыстоўвалі сашчэпкі з нержавейкі, а ў нас яны былі жалезныя, якія праз два­тры месяцы пачыналі ржавець. Словам, калі твой пашпарт не ржавее, то ты не наш чалавек…

Прыкметы восені

26.08.2010. У сённяшнім дні ўбачыў новую прыкмету надыходзячай восені — на вуліцах і ў транспарце стала шмат студэнцкай моладзі…

Хутка ў школу…

28.08.2010. Праз некалькі дзён дзецям зноў ісці ў школу. Спрабую ўспомніць свой першы школьны званок і не магу. Затое добра памятаю выпускны вечар. Мне ў той дзень выпала пасвіць кароў у радоўцы, таму на мерапрыемствах, якія былі днём у школе, я не быў. Вечарам, прыгнаўшы з радоўкі кароў і пераапрануўшыся ў касцюм, пайшоў у клуб. Упершыню сам запрасіў танцаваць Зою Шымель, у якую быў закаханы. Танцаваў з аднакласніцай некалькі разоў, і яна мяне запрашала на белы танец, але я так і не сказаў ёй ні слова…

28
{"b":"597931","o":1}