Литмир - Электронная Библиотека

5

Цэлы дзень капітан апытваў сялян, размаўляў і са старымі, і з маладымі, і са школьнікамі, аднак пра незнаёмага чалавека ў джынсавым касцюме ніхто нічога не памятаў. І толькі вечарам, калі Кухар ужо ішоў да сваёй машыны, яго дагнаў на веласіпедзе Мішка Бабыль.

— Пачакай, таварыш участковы, — задыхаючыся ад хуткай язды і ад хвалявання, прасіпеў ён у спіну Кухару. — Я бачыў учора тапельца, бачыў на чым ён прыехаў і куды пайшоў.

Участковы спыніўся, пачакаў, пакуль Мішка аддыхаецца, і толькі потым загаварыў:

— Мы ж у цябе пра яго яшчэ раніцай пыталіся. Тады ты нічога не чуў і не бачыў, казкі нам пра цялятак расказваў. А тут раптам успомніў. З чаго б гэта?

— Раніцай пра тапельца я яшчэ нічога не ведаў, ды і пыталіся вы ў мяне пра ўчарашні вечар, — Мішка выцер успацелы твар рукавом бруднай кашулі, прадоўжыў: — А таго хлопца я бачыў днём, якраз апоўдні.

— Расказвай падрабязна.

— Апоўдні я паехаў у краму, каб купіць пачак «Астры». Выходжу і гляджу — па шашы кацяць «Жыгулі» з уключаным левым паваротам. «Куды гэта ён?» — падумаў я пра шафёра і паехаў за ім, тым больш, што дарога ідзе ля маёй хаты. Аднак машына хутка спынілася і з яе выйшлі два чалавекі — Грышка Баранаў з Плавуноў і малады, незнаёмы хлопец у джынсавым касцюме. Незнаёмец разлічыўся з шафёрам, той развярнуўся і паехаў у бок Дубоўны. А Грышка са сваім прыяцелем пайшлі ўздоўж рэчкі ў Плавуны.

— Шафёра машыны запомніў?

— Мужык гадоў пад сорак, вусаты, у акулярах. Машына — жоўтая «сямёрка», як і ў нашага старшыні, а нумар, — Мішка напружыўся, крыху памаўчаў, потым весела махнуў рукой: — 45-54, а на літары я не звярнуў увагі.

Кухар спачатку нават і не паверыў у такую ўдачу — цэлы дзень ён шукаў сведкаў, абышоў кожны дом, кожную хату, кожную арганізацыю, а тут на табе — уся інфармацыя і ў аднаго чалавека. Вось дык Мішка, вось дык сабачы хвост!.. Чаму ж ты не ўспомніў гэта раніцай? Гэта ж колькі сіл і часу патрачана дарэмна? А нерваў? Аднак участковы не стаў крыўдаваць на Бабыля. Наадварот, ён выцягнуў з кішэні памятую пяцёрку і ўрачыста, ад усёй душы ўручыў яе мужчыне:

— Гэта, таварыш Бабыль, табе прэмія за каштоўную інфармацыю. Нямнога канешне, аднак і ты правініўся, паведаміў яе ў самы апошні момант.

Мішка ўзяў пяць рублёў, схаваў іх у кішэнь і, крыху падумаўшы, пажартаваў:

— Спадзяюся — гэта не хабар?

— Не хвалюйся — гэта падзяка.

І абодва мужчыны рассмяяліся. А пасля развітання Бабыль паімчаў да крамы, а Кухар — у сельскі савет да тэлефона.

6

Следчага пракуратуры Паўла Міклашэвіча Кухар застаў яшчэ на рабочым месцы. Той уважліва выслухаў участковага інспектара, задаў некалькі нязначных удакладняючых пытанняў, падзякваў за працу і ў самым канцы гутаркі папрасіў:

— Ты ўсё роўна зараз побач з Плавунамі, заедзь да гэтага Баранава, пагутары з ім, можна і без пратакола, можа, ён раскажа табе штосьці пра нябожчыка.

Грышка Баранаў, статны, саракагадовы мужчына, сядзеў ля сваёй хаты на бярозавай калодцы і папраўляў вуду. Убачыўшы міліцыянера, ён неахвотна падняўся, паціснуў працягнутую руку і, чакаючы тлумачэнняў, прытуліўся спінай да шурпатага ствала яблыні.

— На вячэрнюю рыбалку сабраўся? — Кухар паказаў вачыма на вуду. Потым дастаў з кішэні пачак цыгарэт і прапанаваў Грышку. Той падзякаваў і адмоўна хітнуў галавой: «Не куру». Капітан выцягнуў цыгарэту, закурыў сам і запытаўся па сутнасці свайго візіту:

— Учора апоўдні ты прыехаў у Лядава з адным хлопцам...

— А-а, вы ад яго? А я думаў што ён сам да мяне прыйдзе па свой заплечнік, раскажа пра Гіблую затоку, пакажа рыбу, якую там злавіў.

— Не прыйдзе ён да цябе і рыбы, злоўленай у Гнілой затоцы, не пакажа, бо памёр учора вечарам. Сэрца.

— Памёр? — недаверлівая ўсмешка з’явілася на твары Грышкі. — Пакажы-ка, капітан, сваё пасведчанне.

Уважліва прагледзеўшы міліцэйскае пасведчанне, гаспадар цяжка ўздыхнуў:

— А я, дурань, учора нават крыху на яго пакрыўдзіўся, думаў, што яму не спадабаўся ў мяне камфорт і ён застаўся ў некага ў Лядаве, а тут... Аднак, чаму мы стаім на панадворку? Прашу ў хату.

Хата ў Грышкі была невялікай — два пакоі і куханька. Мэбля цяжкая, старая. Некаторую, як кухонную шафу, стол і табурэткі — наогул рабіў мясцовы сталяр, а фарбаваў, пэўна, сам гаспадар і на свой густ. Толькі каляровы тэлевізар не пасаваў абстаноўцы, рэзка кантраставаў побач з самаробнай этажэркай і цяжкім круглым сталом. Заўважыўшы цікаўнасць госця, Грышка патлумачыў:

— Мэблю даўно трэба было б замяніць, аднак маці не дазваляе, бо яе пасля вайны рабіў мой бацька, і яна для маці зараз, бы жывая. Не паверыш, капітан, а часам яна і размаўляе з ёй, і раіцца, і скардзіцца на жыццё ці свае хваробы.

— Значыць, ёй не хапае тваёй увагі.

— Каюся, — гаспадар уключыў у разетку электрачайнік, дастаў з палічкі цукар, пачак індыйскага чаю, пакет з пернікамі, — дома бываю рэдка.

— А ты не тут жывеш?

— Не, жыву я ў Смаленску, працую настаўнікам, а да маці прыязджаю на вакацыі ці на святы.

— Зразумела, — Кухар пачакаў, накуль Грышка разалье па кубках кіпень і толькі потым запытаўся:

— А дзе вы ўчора сустрэліся з..., — ён на імгненне сумеўся, — з чалавекам, які пакінуў у вас свае рэчы?

— З Максімам? Мы з ім адным аўтобусам ехалі ў Дубоўну. Разгаварыліся. Аказалася, што яго цікавіць наша Гіблая затока, таму я і прапанаваў яму яе паказаць.

— На чым вы прыехалі ў Лядава?

— У Дубоўне на аўтастанцыі нанялі нейкага прыватніка і ён за дзесяць рублёў прывёз нас сюды. Я паказаў Максіму затоку, і мы пайшлі да мяне. Я думаў, што Максім тут пераначуе, а ўжо раніцай пачне свае даследаванні, аднак ён узяў ласты, маску і гарпун і пакрочыў да рэчкі, сказаў, што хоча паплаваць.

— А аб чым вы размаўлялі? Што зацікавіла Максіма ў Гіблай затоцы, месцы, якое абыходзяць усе мясцовыя жыхары?

— Я не ведаю, якія дзівосы прывабілі яго да нашай рэчкі, аднак з гісторыі нашай дзяржавы ён ведае шмат займальнага, пазнавальнага, нам невядомага. Ды і суразмоўца ён цікавы, — Грышка асцярожна падштурхнуў бліжэй да госця пернікі і прадоўжыў:

— Мы з ім шмат пагаварылі аб сэнсе жыцця, іншапланецянах, сусветным розуме, НЛА.

— І вы, настаўнік, верыце ў кантакты з іншапланецянамі? Азірніцеся — на двары восемдзесят пяты год дваццатага стагоддзя!

— А вы не верыце? — Грышка хітра ўсміхнуўся, і Кухар адчуў, што знянацку зачапіў любімую тэму гаспадара. Аднак адступаць было позна, ды і сам капітан, неаднойчы перад сном, часта разважаў на падобныя тэмы. — Вы ж не думаеце, што іншапланецянін будзе размаўляць з вамі так, як гэта тут робім мы? Не, кантакт будзе адбывацца тэлепатычна, праз абмен думкамі. А зараз скажыце, Вы размаўляеце самі з сабой?

— Здараецца размаўляю, нават спрачаюся.

— А ў вас што, унутры жыве нехта гэткі ж разумны, як і вы? Не, гэта вы сам. А вы ў гэтым упэнены? Чаму вы раіцеся самі з сабой, чаму не робіце так, як задумалі адразу? А раптам вы пытаецеся парады не ў сябе, а ў некага іншага, якога проста не бачыце з-за недасканаласці нашага вока? Памятаеце, колькі пісьменнікаў апісвалі свае дыялогі з чортам ці д’яблам? Аднак вы ж разумееце — тое, што кажа чорт, нараджаецца ў галаве пісьменніка, а гэта зусім не азначае, што ў ёй чорт і жыве. Таму я веру, што ў Сусвеце існуе адзіная логіка і адзіны розум, і згодна ім, знешняя сіла не павінна ўздзейнічаць на падзеі на нашай планеце. Аднак тыя людзі, якія вырашаюць гісторыю зямлі, зусім не цікавяцца парадамі з космасу. Больш таго, напрошваецца вывад аб змове вялікіх краін, якія замоўчваюць або скажаюць факты прысутнасці на нашай планеце прадстаўнікоў іншага розуму.

— Я прадстаўнік сілавых структур, — Кухару пачала надакучваць такая гутарка ні аб чым, — і якія факты я перад вамі скажаю? Я прашу вас расказаць мне пра канкрэтнага чалавека, а вы расказваеце мне пра сусветны розум.

— Мы жывём не ў вялікай краіне, а вы — усяго толькі малюсенькі вінцік у яе механізме. Аднак вы пыталіся ў мяне, чаму Максіма зацікавіла наша Гіблая затока. Вы не верыце агульным словам, тэорыі, верыце толькі фактам. Што ж, даю факты. Мой бацька ў сорак трэцім годзе быў дзесяцігадовым смаркачом і ён мне расказаў, што ў верасні таго года да гэтай затокі на дзвюх машынах фашысты прывезлі нейкіх палонных людзей, мабыць, чалавек дзесяць-дванаццаць. Фашысты адразу пачалі нешта вымяраць ля рэчкі, забіваць у зямлю калкі, чарціць нейкія планы, а палонныя прыняліся капаць траншэю ўздоўж берага. Мой бацька тады вудзіў непадалёку і, заўважыўшы чужынцаў, схаваўся ў кусты, пачаў назіраць за імі. Ён бачыў, як раптам над затокай заклубіўся туман, як з гэтага туману з’явілася здань у вобразе чалавека і як яна пачала доўгім мячом сячы тых, хто знаходзіўся ля рэчкі. Фашысты крычалі ад жаху, стралялі па здані з аўтаматаў, аднак яна не звяртала на кулі ўвагі і секла людзей, пакуль не пазабівала ўсіх. Потым яна знікла, растварылася ў рачной вадзе разам з туманам. А самае цікавае — на целах забітых не было ні крыві, ні нават глыбокіх драпін. Праз тры тыдні вёску вызваліла савецкая армія і пра тое здарэнне бацька больш не ўспамінаў.

5
{"b":"597914","o":1}