Литмир - Электронная Библиотека

Уладзімір МАЖЫЛОЎСКІ

ТАЙНА ГІБЛАЙ ЗАТОКІ

Містычная аповесць

Частка І

1

Суботнім вечарам дваццаць дзявятага студзеня 1564 года, калі князь Пётр прыйшоў з лазні і дапіваў першы кубак хлебнае, халоднае брагі, да яго ў хату, без папярэджання і стуку, уваліўся перапалоханы брат Васіль.

— Толькі што вярнуўся з віжавання Грышка Хлёст, — задыхаючыся ад хуткай хады і ўзрушэння, проста ад парога прасіпеў ён апошнюю навіну, — і расказвае халоп неверагоднае.

— Ну-у! — раззлаваны Пётр падхапіўся з лавы і рэзка павярнуўся да брата. Халодны хлебны напой плескануўся на яго бараду, тонкай ручаінай пацёк на чырвоныя, распараныя грудзі, але князь гэтага не адчуваў.

— Кажа, што ліцвіны поўнасцю разбілі войска князя Пятра Іванавіча, яго самаго ці то засеклі, ці то закавалі ў жалеза і зараз спешным маршам ідуць сюды, па нашы душы.

Малодшага брата трэсла ліхаманка, сківіцы яго гучна шчоўкалі, рукі, як і маленькія вочы, не знаходзілі спакою. Пётр ад такой навіны зноў апусціўся на лаву, потым рэзка падхапіўся з яе.

— Не можа такога быць! — гучна, амаль істэрычна выгукнуў ён і запусціў гліняным кубкам у печ. На яго крык у пакой заскочыў устрывожаны ахоўнік, але ваявода махнуў яму рукой: «Знікні!» — і павярнуўся да брата:

— Князь Шуйскі Інфлянты паставіў на калені, прайшоў столькі бітваў, што іншаму баярыну і не снілася, ваяваў Полацк... Не, такога не можа быць! Не мо-жа!

— Чаму не можа? Білі ж нас і раней ліцвіны, і неаднойчы!

— Калі тое было? — распранае цела князя Пятра пакрылася буйнымі кроплямі поту. — Якое ж тады войска мае Радзівіл? Сорак тысяч? Пяцьдзясят? Семдзесят?

Брат паціснуў плячыма:

— Хлёст на панадворку чакае.

— Давай яго сюды!

Пяцідзясятнік Грышка Хлёст, невысокі, каржакаваты стралец з шызым носам і падпаленай, рудаватай барадой, спалохана, бокам увайшоў у памяшканне, зняў свой каўпак і грузка паваліўся на калені. Калі б хтосьці з братоў у гэты момант сказаў слова ці нават проста кашлянуў, Грышка ўпаў бы і на жывот, але ў горача натопленым пакоі панавала цяжкая цішыня. Допыт пачаў старшы з братоў, Пётр:

— Ну што ты даведаўся пра князя Шуйскага? Ці надзейныя твае звесткі?

Стралец, заікаючыся і блытаючыся ў словах, пачаў расказ:

— Я раніцай са сваёй паўсотняй выехаў на віжаванне ў бок Зубрэвічаў. Ля вёскі мы схаваліся ў прыдарожным ельніку, добра ўкрыліся і пачалі чакаць, спадзеючыся захапіць у палон якога-небудзь неасцярожнага шляхціца. Але шляхціцаў не было. Тады я і Цёмка Гуз пераапрануліся пад сялян і накіраваліся ў мясцовую карчму, каб паслухаць, пра што там гавораць людзі...

— Гарэлкі папіць ты туды направіўся, сабачае рыла! — прашыпеў князь Пётр. — Што далей?

— У карчме мы ўзялі гарлач піва і селі ў цёмны кут, каб нас ніхто не бачыў. Хутка туды ўвалілася з дзясятак шляхціцаў. Яны былі вясёлыя, гучна рагаталі, бруднымі словамі адзываліся аб вашай светласці...

— Па справе давай!

— Ад іх мы і пачулі, што князь Шуйскі забіты, а войска яго поўнасцю разгромлена. Што саракатысячны атрад Радзівіла Рудога павінен злучыцца з ліцвінскім войскам, якое спяшаецца сюды з Барысава, і разам яны намерыліся акружыць нас і ўсіх бязлітасна выразаць. Быццам ад іх караля паступіў загад — палонных не браць!

— Вось звяры! — вырвалася ў Васіля.

Старшы брат злосна зыркнуў на малодшага, крыва ўсміхнуўся, але прамаўчаў. Расказ стральца падаўся яму неверагодным па сваёй сутнасці, выклікаў шмат пытанняў і сумненняў, але ж і пяцідзясятніку не з рукі было падманваць. Такімі звесткамі не жартуюць, за такія жарты караюць шыбеніцай! Ваявода махнуў Хлясту рукой, дазваляючы таму падняцца з каленак і пакінуць памяшканне. Калі стралец зачыніў за сабой дзверы, Пётр звярнуўся да брата:

— Ты яму верыш?

Васіль нерашуча паціснуў плячыма, адвёў вочы і пачаў папраўляць кнот аплыўшай свечкі. Па зачаднелых сценах пакоя заскакалі фантастычныя цені-пачвары.

— Заўтра нядзеля, і мы ў царкву збіраліся схадзіць!

— Глядзі, каб цябе заўтра не адпявалі ў гэтай царкве! — груба, бы адсякаючы сумненні, выгукнуў Пётр. — Ды адчапіся ты ўрэшце ад свечкі! Ідзі лепш узмацні варту і кладзіся адпачываць.

Аднак і старэйшаму з Абаленскіх не спалася: чорныя думкі, адна жудаснейшая за другую, лезлі ў галаву, кашмарамі бударажылі ўяўленне, перашкаджалі сну. «Ператапілі ў хаце, — апоўначы не вытрымаў ваявода і падняўся з лежака: — Пачытаю крыху, магчыма, лягчэй стане». Ён перажагнаўся, ступіў на халодную падлогу, наблізіўся да стала, адкінуў вечка невялікага куфра, дастаў адтуль кнігу і цяжка ўздыхнуў — усяго некалькі тыдняў таму сам цар даў яму гэтую кнігу з уласнай ліберэі. «Чытай, Пятро, — яшчэ і зараз гучалі ў вушах царскія словы. — Мо і ты калі-небудзь навучышся ваяваць так, як ваяваў Цэзар».

Князь пагартаў Цэзаравы запіскі аб Гальскай вайне, якія зусім нядаўна пераклаў на рускую мову пастар Ветэрман з Дзерпта, закрыў кнігу і зноў асцярожна, быццам найвялікшую каштоўнасць, схаваў яе ў куфар — не затрымліваліся ў памяці мудрыя словы вялікага рымляніна, не ўспрымаў розум яго задум і парад, і разуменне гэтага толькі ўзмацняла непрыемнае пачуццё трывогі. «Выйду праветруся», — вырашыў князь і стаў нацягваць боты.

У мястэчку, не зважаючы на ноч, было шумна і неспакойна. Ярка гарэлі кастры, устрывожаныя стральцы вялікімі натоўпамі рухаліся па вуліцах, нешта бурна абмяркоўвалі, спрачаліся і лаяліся.

— Што тут такое? — запытаўся князь у вартавога. — Чаму не спяць ратнікі?

Вартавы, магутнага целаскладу стралец, паціснуў шырокімі плячыма і грубым, прастуджаным голасам, паведаміў:

— Кажуць, што статысячнае ліцвінскае войска ўжо на падыходзе.

Ад такога паведамлення Пятра кінула ў жар: «Няўжо?» — на большае ў яго не хапіла смеласці. Глыбока глытаючы свежае марознае паветра, князь некалькі імгненняў разгублена стаяў на панадворку. Цяжкімі ўдарамі ў скронях пульсавала адзінае пытанне: «Няўжо?», і хаця сам ваявода быў чалавекам рашучым і смелым, але ўсеагульны сполах разам з сырым, халодным паветрам пранік і ў яго істоту. Ён рэзка павярнуўся на месцы і, ўжо заходзячы ў нізкія дзверы хаты, раздражнёна кінуў вартавому:

— Пакліч сюды брата!

Братняя нарада была нядоўгай і, яшчэ далёка да ўзыходу сонца, стралецкія палкі пачалі згортваць свой лагер і ціха, бы рабаўнікі, пакідаць наваколле Барані.

Рухаліся хутка, без прывалаў. Ваявода ведаў — цар не даруе яму палону. З баязлівасці пасмяецца, магчыма, паб’е сваім посахам, раз-другі абняславіць перад баярамі, аднак сорам не дым, вочы не выесць, з ім жыць можна. А вось палон! Палон — гэта непазбежная смерць. Моцна захрасла ў памяці князя Пятра, з якой звярынай лютасцю і д’ябальскай асалодай цар Іван Васільевіч уласнаручна сек палоненых палачан, пускаў пад рачны лёд яшчэ жывых габрэяў, іх жонак і дзяцей. Не любіў цар палонных, таму і ўцякаў князь Пётр ад невядомай яму сілы — лепш ганьба, але жыццё, чым палон і смерць.

Шлях быў наезджаны, накатаны, вядомы: па дняпроўскім лёдзе да Дубоўны, адтуль — на Красны. Там можна адпачыць, аддыхацца, прывесці ў парадак свае думкі.

У Дубоўне не спыняліся, памянялі коней і зноў у дарогу.

Да памежнага паселішча Лядава пад’ехалі, калі дзень быў у самым разгары, і як ні спяшаўся князь, як ні стараўся яго возчык гнаць коней, але чуткі аб набліжэнні ліцвінаў імчалі хутчэй. Менавіта тут князь Пётр пачуў ад свайго ахоўніка Грышкі Хляста, што пяцітысячная стралецкая застава, пакінутая ім у Крапіўне, поўнасцю высечана ліцвінамі і што іх конныя раз’езды ўжо бачылі ў ваколіцах Лядава. Аднак вестка аб конных раз’ездах праціўніка мала зацікавіла князя. Яго ўвагу прыцягнула стоўпатварэнне ля вузкага мастка праз рэчку, і ўрэшце ён не вытрымаў, запытаўся:

— Што там такое?

— Мост аказаўся трухлявым, ваша міласць, — першым адазваўся Хлёст. — Не вытрымаў цяжару нашай раці і абваліўся.

1
{"b":"597914","o":1}