Литмир - Электронная Библиотека

— У яе гора, адразу памерлі бацька і маці, і пахавалі іх толькі ўчора. Няхай дзяўчына супакоіцца, няхай крыху прыйдзе ў сябе.

— Наадварот, я ёй зараз патрэбны!

— Не патрэбны, Андрэй, бо ў яе нешта з галавой і яна многіх сваіх родных не пазнае. А ты ёй хто? Брат? Жаніх? Так, выпадковы знаёмы.

Кухар сцішыўся, адкінуўся на спінку машыны, нервова засоп. Праз нейкі час ён папрасіў Міклашэвіча:

— Раскажы, Паша, як памерлі яе бацькі?

— Следства яшчэ не закончана, бо ёсць шэраг дробязных дэталей, якія не маюць пакуль тлумачэнняў, але асноўная версія такая: Танін бацька працаваў механікам на станцыі тэхабслугоўвання і там пазнаёміўся з саракапяцігадовай Валянцінай Кузьміной, псіхіятрам з паліклінікі. Адзін раз падрамантаваў ёй машыну, другі, а потым іх знаёмства стала больш шчыльным, бо дактары з паліклінікі кажуць, што апошнімі днямі неаднойчы іх бачылі разам. А дзён пяць таму ён наогул запрасіў яе да сябе ў госці. Там іх і застала Таніна маці, і ў парыве рэўнасці, падмяшала ў каньяк, які яны пілі, атруту. Васіль Сцяпанавіч і яго каханка памерлі на месцы, прама за сталом, а Зоя Пятроўна — у зале, на канапе, прычым не ад атруты, а ад разрыву сэрца. Таня ў гэты час была на працы, а калі вярнулася і ўбачыла цэлую хату нябожчыкаў... — Міклашэвіч уздыхнуў: — Не вытрымалі ў яе нервы, адбылося нейкае завіхрэнне ў галаве... Вось такія справы, Андрэй.

— А якія нестыкоўкі ёсць у гэтай справе?

— Нестыковак шмат, але ўсе яны нязначныя, дробязныя, маюць тлумачэнні, хаця не маюць доказаў. Напрыклад, дзе Таніна маці ўзяла атруту? Чаму ў яе крыві ёсць вельмі малы працэнт атруты, але памерла яна ад сардэчнага прыступу? Як яна магла пайсці на такі радыкальны крок, калі нават і застала свайго мужа са старонняй жанчынай у сваёй хаце?

Міклашэвіч замоўк. Маўчаў і яго сябар. Урэшце Кухар нягучна, нейкім стомленым голасам, прагаварыў:

— Я ведаю, хто забойца.

— Даказаць можаш?

— Пакуль не, — сказаў Кухар. — Аднак заўтра я табе прадстаўлю доказы.

— Што ж, тады давай пачакаем заўтра.

4

На наступны дзень з самага ранку Кухар з Міклашэвічам ехалі ў Лядава. Ранішняя шаша была пустыннай. Абапал яе чарнеў амярцвелы лес. Абвітыя сівым лішайнікам разгалістыя елкі выглядалі суровымі і непрыветлівымі, а невысокія, гнуткія бярозкі, якія яшчэ не паспелі скінуць сваё восеньскае ўбранне, наадварот, нагадвалі вясёлых дзяўчат-перасмешніц. І на ўсім: на дарозе, на дрэвах, на кустах, на траве ў прамянях узыходзячага сонца зіхацеў і пераліваўся рознакаляровымі зоркамі першы снег.

— Якая прыгажосць навокал! — у захапленні выгукнуў Міклашэвіч. — Нават не верыцца, што недзе ідзе вайна, што ёсць на свеце вылюдкі, здольныя забіваць мірных людзей.

Кухар маўчаў. Міклашэвіч скасіў на яго позірк, запытаўся:

— Андрэй, а ты ўпэўнены, што Ванька Хлястоў — забойца.

— Упэўнены! — рыкнуў Кухар. — Яго, гада, трэба было даўно арыштаваць. Да яго трэба было прыгледзецца раней, яшчэ пасля смерці Максіма Камяневіча. Гэта мой, Паша, недагляд, і смерць Таніных бацькоў — на маім сумленні.

— Які сэнс зараз махаць рукамі? Прыедзем у Лядава і там разбяромся.

Аднак у Лядаве сяброў чакаў неспадзяваны ўдар, удар, ад якога ў Кухара

перахапіла дыханне, а ў Міклашэвіча прапала мова.

— Ды ўжо з тыдзень, як мы пахавалі на мясцовых могілках Івана Хлястова, — паведаміла ўчастковаму старшыня сельскага савета. — Паехаў, небарака, па нейкіх справах у горад, там і знайшлі яго памерлым на аўтобусным прыпынку. Людзей на хаўтурах было няшмат, а з родных — толькі сын. Праўда, была яшчэ нейкая незнаёмая мне дзяўчына, але яе больш цікавіла яго хата і, як мне падалося, яна дамовілася з сынам аб яе пакупцы.

— А куды дзеўся яго сабака?

— Сабака? — старшыня здзіўлена паціснула плячыма. — Не было ў яго ніякага сабакі!

Кухар з Міклашэвічам вярнуліся да машыны. Моўчкі закурылі.

— Што зараз думаеш рабіць? — першым запытаўся Павел.

— Не ведаю, — уздыхнуў Кухар. — Круціцца ў маёй галаве нейкая здагадка, болем выпальвае мазгі, але спыніць яе я ніяк не магу — вельмі ўжо яна пякучая, да неверагоднасці дзікая.

— А ты раскажы. Разам і вырашым, наколькі яна дзікая.

Кухар адкінуў убок акурак, адчыніў дзверцу машыны і сеў на сядзенне. Міклашэвіч таксама заняў шафёрскае месца.

— Ну што там за думка? — нецярпліва запытаўся Павел.

— Ды вось усё думаю, з чаго пачаць, — Андрэй скрывіўся ў нядобрай ўсмешцы. — Ты толькі не перабівай мяне, даслухай да канца, а ўжо потым вырашым — што нам рабіць. Добра?

— Пачынай.

— Перад апошняй паездкай у Маскву я зайшоў да Камяневічаў і ўжо тады Таня была нейкая быццам сама не свая. Тым вечарам мы ўсё спісалі на прастуду. Яе бацька, Васіль Сцяпанавіч, меў бутэльку каньяку, які збіраўся выпіць са мной, але я адмовіўся, сказаў, што мы вып’ем яго пасля майго прыезду. І, як ні дзіўна, мая адмова больш засмуціла Таню, чым яе бацьку.

Потым, мяркую, было так: бацька Тані, занепакоены здароўем дачкі, запрасіў да сябе ў госці знаёмага псіхіятра, каб тая, быццам выпадкова, агледзела дзяўчыну і дала пэўныя рэкамендацыі. Пакуль чакалі Таню з работы, выпілі па кілішку каньяку, выпілі і атруціліся. Чаму атруціліся? Таму што ў каньяк, шпрыцом праз корак, была дабаўлена атрута. Хто яго туды ўвёў? Таня.

— Хто? — ад нечаканасці вытрашчыў вочы Міклашэвіч. — Ты што, здурнеў?

— Не, не здурнеў.

— Навошта ж ёй труціць сваіх бацькоў?

— Ты абяцаў маўчаць, — Кухар напомніў сябру пра яго абяцанне і, калі той прыкрыў рот далонню, прадоўжыў: — Таня спадзявалася разам з бацькамі атруціць мяне.

— Цябе? — Міклашэвіч ажно заёрзаў на сваім сядзенні ад дурнога смеху. — Ты ж збіраўся ажаніцца на ёй!

— Я табе расказваў пра ўласцівасці амулета Шывы, — Кухар не звярнуў увагі на дзіцячую весялосць сябра. — Калі Ванька Хлястоў зразумеў, што я не баюся душы раджы Джагдзіша, ён з дапамогай амулета сваю душу ўсяліў у Таніна цела. Не дарэмна ж ён прыязджаў у горад! Яго цела пахавалі на вясковых могілках, а душа яго засталася жыць у Таніным целе. Вось чаму Таня пры нашай апошняй сустрэчы была нібы сама не свая. Вось чаму яна хацела забіць мяне, а зразумеўшы, што і бацькі ўжо адчуваюць нешта з ёй няладнае, яна іх атруціла. Магчыма, гэта атрымалася і выпадкова.

— Маці яе памерла ад сардэчнага прыступу, — напомніў Павел.

— Яе маці, Зоя Пятроўна, пакутавала на цукровы дыябет, а цукар — натуральны антыдот той атруты. Дастаткова пакласці пад язык кавалак цукру і атрута амаль не падзейнічае на чалавека. У дыябетыкаў пастаянна павышаны ўзровень цукру ў крыві, таму Зоя Пятроўна адразу і не памерла, і Таня з душой Хляста дабіла яе ўжо потым, як прыйшла з працы.

— Дык зараз Таня — гэта Таня ці Хлёст?

— Напэўна, усё ж Хлёст.

— Як жа даказаць яго злачынства? Як пазбавіць яго амулета?

Кухар павярнуўся тварам да сябра:

— Зараз ты мне верыш канчаткова?

— Веру, — няўпэўнена хітнуў галавой Міклашэвіч. — Але ж ты не адказаў на мае пытанні.

Андрэй некалькі разоў глыбока ўдыхнуў і выдыхнуў паветра і, быццам рашаючыся на нешта вельмі важнае, загаварыў:

— Яго трэба выклікаць у паліклініку і ў час абследавання сарваць з яго шыі амулет. Тут патрэбны рашучы і жорсткі доктар, такі, як Віктар Станкевіч. А без амулета Хлёст будзе бяссільны і нават, калі ён будзе маўчаць, то псіхіятрычная бальніца яму будзе забяспечана на ўсё яго жыццё.

— Ён жа бессмяротны?

— Гэта жыццё вечнае, а бессмяротнасць мае мяжу, і Хлёст даўно ўжо яе пераступіў.

— А што рабіць з амулетам.

— Знішчыць, — цвёрда, адсякаючы ўсялякія сумненні, прагаварыў Кухар. — Як? Мы з табой аб гэтым ужо гаварылі.

Эпілог

Перад самымі Калядамі Андрэй Кухар сустрэў у дубовенскім універмазе смаленскага настаўніка Грышку Баранава. Павіншавалі адзін аднаго з надыходзячымі святамі, разгаварыліся.

— Я чуў, што вы ўсё ж такі разгадалі тайну смерці Максіма Камяневіча? — пацікавіўся Грышка. — Але, калі шчыра, я не веру, што забіў яго Ванька Хлястоў.

18
{"b":"597914","o":1}