На здзіўленне, Стэфа не манернічала і пакорна пагадзілася ехаць знаёміцца. Адзінае, што яе хвалявала, - ці не занадта яна проста апранутая для такога высокага выпадку і ці будзе прыстойна ехаць да яго сваякоў пасля двух келіхаў віна.
- Тваю выпіўку бяру на сябе, скажу - угаварыў выпіць для смеласці...
- Не-а, міленькі, ужо як-небудзь сама пагавару, - высмельвалася да самых дзвярэй дзяўчына, але толькі адчынілі дзверы - і яна, як маленькая, шмыгнула за шырокую спіну нарачонага.
Размова за сталом не складвалася, старэйшыя блытана пыталіся, моладзь гэтак жа недарэчна адказвала. Сітуацыю выратаваў дзядзька.
- А ці не накапаць нам па лафітніку асаблівай настоечкі нашай ветлівай Ангеліны Альфрэдаўны, а то ж на сухія мазгі ды ў такой сітуацыі - і язык цяжэй жорнаў робіцца.
Пасля дзвюх чарак размова пайшла жывей.
- Вось і выдатна, паважаныя дамы, вы тут пляткарце, нам костачкі перамыйце, а мы з гэтым юным следапытам сыйдзем да мяне.
Прыхапіўшы свае чаркі, яны пайшлі ў кабінет. Перад тым, як шчыльна прычыніць дзверы, гаспадар вызірнуў у пакой і, выпраменьваючы дабрыню, папрасіў: - Гэля, пры раздачы пышнага пірага, спечанага Марыяй Аляксандраўнай, будзь добрай, не забудзься пра нашае існаванне.
Дзядзька быў у прыўзнятым настроі. Сеўшы за свой манументальны стол, ён упёрся ў яго шырока расстаўленымі рукамі.
- Ну-с, шаноўны Вячаслаў, я ўхваляю твой выбар. Бліскучай будзеце парай, і, ведаеш, братка, са шлюбам не цягні. Вядома, пэўныя тэрміны трэба вытрымаць, але не больш. Мне здаецца, я ведаю яе бацькоў, а па матчынай лініі і дзядоў. Калі гэта яны, то дзяўчына з вельмі прыстойнай сям’і, сям’і з добрай рэпутацыяй і гісторыяй.
Ад пытанняў радаводных і агульных знаёмых неяк вельмі хутка перайшлі на тэму гісторыі, яе куртатасці ў афіцыйнай трактоўцы цяперашнім навуковым светам.
- У гісторыі, як і ў баі, трэба мужнасць, без гэтага праўдзівага аповеду не будзе, ды што не будзе - яго і няма! Ёсць чарговае вывяржэнне часовай каламуты ў мазгі нашых суграмадзян. Нашая акадэмія кідаецца з боку ў бок, хапаецца і за тое, і за гэта, а на самай справе топчацца на адным месцы. Доўга гэта працягвацца не можа.
- Дзядзька, вы ўжо мне, бесталковаму, прабачце. Мяне не вельмі хвалюе як гістарычная навука ў цэлым, так і таптанне Акадэміі ў сваім акопе. Мне, наогул, здаецца, што нашыя гуманітарыі спрэс абаронцы, яны генетычна не ў стане наступаць. Але пакуль ёсць такія падзвіжнікі, як вы, як Андрэй Карпавіч, як Мокаш і Лазалюк, - справа не прапала, за вамі ідзе таленавітая моладзь. Калі б вы ведалі, як вас любяць і абагаўляюць студэнты...
- Ліслівец і падхалім, - весела перапыніў яго дзядзька, - нешта табе трэба, хітруган-пляменнічак, аднак алей на счарсцвелую душу ўсё ж працягвай ліць. Ліслівасць, калі не з лішкам, вельмі карысная.
- Дык я ж не надта і крыўлю душой: усё, што сказаў, праўда. Мне не верыце - спытаеце Стэфанію, яна сама некалькі разоў да вас на лекцыі ў БДУ ездзіла, а ў яе групе ёсць дзяўчаты, дык тыя і зусім вашыя фанаткі, ніводнага занятка не прапускаюць. А вы кажаце - падхалім. Падлізацца да вас я хачу матэрыяльным чынам... - Скарга прыўстаў, з кішэні джынсаў дастаў і паклаў на стол медаль, які быў адліты ў памяць аб паўстанні Тадэвуша Касцюшкі ў 1796 годзе ў Парыжы. Ён ведаў: такіх адлівак на ўсходніх землях былой Рэчы Паспалітай засталіся адзінкі. Медаль ён выменяў яшчэ паўгода таму на салдацкі Георгіеўскі Крыж чацвёртай ступені на таўкучцы ля Палаца мастацтваў. Бронзавы кругляш валяўся ў бардачку машыны і быў шчасліва забыты - і вось сёння вельмі дарэчы патрапіў пад руку, калі ён шукаў закрутку ад польскай узнагароды, прызначаную таксама дзядзьку. З перадачай польскага ордэна ён вырашыў пачакаць.
Станіслаў Францавіч падарунак ацаніў па вартасці. Выйшаў з-за стала, абняў сваяка і пацалаваў у лоб.
- Слава, ты нават не ведаеш, якая мне дарогая гэтая, здавалася б, цацка. Цяпер у мяне амаль поўны камплект памятных адлівак, прысвечаных Касцюшку і яго змаганню. Не хапала толькі тры адзінкі, але з тваёй шчодрасцю іх застал ося ўжо дзве. Дзве! Гэта самая поўная калекцыя і ў нас, і ў Расіі. Такая ж ёсць толькі ў аднаго паляка ў Іспаніі. Вось гэта падлізаўся дык падлізаўся! Слухаю цябе! - вочы калекцыянера ззялі, нібы сіняе вуголле.
- Дзядзька, раскажыце коратка пра гіпотэзу беларускага паходжання славян.
- Але гэта не зусім навуковая здагадка, затое самая рамантычная і амбіцыйная, якую мне даводзілася калі-небудзь чуць. Наш сучаснік прафесар Валашэвіч доўгія гады сур’ёзна займаўся генетычным вывучэннем як сучаснікаў, так і парэшткаў продкаў, якія жылі на тэрыторыі нашай рэспублікі. Аналізуючы сабраныя матэрыялы, а пробаў тых у яго набралася дзясяткі тысяч, ён і прыйшоў да вельмі парадаксальнай высновы: народ наш існуе тут нязменна больш за тры з паловай тысячы гадоў!
- Колькі? - міжволі вырвалася ў Скаргі.
- Трыццаць пяць стагоддзяў! А можа, і больш. Усе іншыя народы Еўропы, што аселі ў межах цяперашніх дзяржаў, жывуць там значна менш. Так што мы з табой, пляменнік, аўтахтоны. Вось на гэтай базе і ўзнікла здагадка, што пры перасяленні арыяў ці індаеўрапейцаў на захад яны на доўгі час затрымаліся на нашых, на той час вельмі ўрадлівых, землях, аселі на берагах так званага Герадотавага мора, існаванне гэтага вадаёма ў старажытныя часы сёння ў цэлым даказана. Акрамя дастатку ў ежы, перасяленцы знайшлі паверхневыя выхады розных руд, а як з руды плавіць метал - яны ўжо ведалі і ўмелі. Прыйшоў час бронзавых сякер і больш дасканалых прыладаў апрацоўкі зямлі. Ёсць дастатак - жанчыны больш нараджаюць дзяцей. Гэта няхітрая практыка захавалася і да сёння: у краіне стабільна, у мужоў ёсць грошы - усе прылеглыя да дамоў скверы забітыя дзіцячымі каляскамі. А калі ж заняпад і безграшоўе - колькі не надрывалася б тэлескрыня для аднаклетачных, нараджальнасць будзе каціцца ўніз. Народу стала шмат, можа, нават занадта шмат, і вось найбольш пасіянарныя, як кажа Леў Гумілёў, пайшлі далей на Захад у дзікую тады Еўропу і паступова яе засялілі. Працэсы гэтыя ішлі павольна, і атрымалася тое, што ёсць на сённяшні дзень. Як гэта ні па-дурному гучыць, але продкі цяперашніх беларусаў паслужылі базавым матэрыялам для стварэння амаль усіх еўрапейскіх народаў, не толькі славянскіх. Вось такія выйшлі крамбамбулі.
Абмяняцца ўражаннямі, пазадаваць пытанні вучоныя мужы не паспелі, бо былі ласкава запрошаны ў сталовую да салодкага стала.
На жаночай палове панавала поўнае паразуменне і аднадушнасць. Стэфанія на роўных дапамагала клапаціцца над сталом, а потым на правах малодшай, калі ўсе расселіся, Ангеліна Альфрэдаўна даверыла ёй разнесці ўсім чай, толькі што наліты з самавара. Балазе дом быў старадаўнім і яшчэ ў шасцідзясятыя гады пры капітальным рамонце дзядзька дамогся, усімі праўдамі і няпраўдамі, аднаўлення на кухні спецыяльнага коміна для самавара. Чым да сёння невымоўна ганарыўся, нібыта адным са сваіх навуковых дасягненняў.
22
Канец траўня 1947 года выдаўся ў Наваградку неймаверна гарачым. Духмень дзённых выпарэнняў ноччу быў больш агідным, ліпкі пот пакрываў твары спячых, сцякаючы буйнымі кроплямі на засціраныя навалкі. У пакоі настаўніцкага інтэрната, што размяшчаўся ў рэштках старой, яшчэ польскіх часоў, казармы, паветра было настолькі тугое і нерухомае, што здавалася нейкай жывой істотай, якая часам ажывала і пачынала нябачнымі шчупальцамі кашмарных сноў душыць неспакойных хлопцаў.
Такія ночы, з нерухомым, амаль слюдзяным паветрам, усталёўваліся ў тутэйшых месцах, як правіла, у сярэдзіне ліпеня, але прырода здатная на розныя выкрунтасы, спрачацца ж з ёй пасля з’яўлення хрысціянства ні ў кога жадання не ўзнікала, ды і лічылася справай бескарыснай, а то і богазневажальнай.
Дзмітрый Пожыч прачнуўся нечакана, нібы ад штуршка. Сэрца дробна дрыжала, як заечы хвост, а ў скронях цяжка стукала загусцелая ад смагі кроў. Вялікі ацынкаваны бачок з прымкнёным да ручкі ланцугом, на якім вісеў сіні эмаляваны кубак, стаяў у калідоры, на засланым цыратай стале. Каб дабрацца да выратавальнай, хай і цёплай вільгаці, трэба было вылезці з карыта праціснутага інтэрнацкага ложка і, спатыкаючыся аб самыя нечаканыя прадметы, якія валяюцца на падлозе студэнцкага інтэрната, уключна з разамлелымі ад сну целамі будучых настаўнікаў, дабрацца да гэтага выратоўнага бака.