- Сказаць можна толькі адно: паперы, безумоўна, каштоўныя, але зашыфраваныя яны пакуль невядомым мне шыфрам, - злёгку расцягваючы словы, прамовіў Андрэй Іларыёнавіч. - Там, у гэтых скрынях, выпадкова ніякай кнігі не было? Любой.
- Акрамя Бібліі, ніякай.
- А дзе яна? На яе можна зірнуць?
- Дык я ж яе аддаў Станіславу, ён яшчэ і браць не хацеў, казаў, цяжкая, маўляў, навошта мне з ёй цягацца, ды і занадта мудрагелістым шрыфтам надрукаваная. Чытаць цяжка.
- А ў гэтага Стасіка можна яе на пэўны час пазычыць? - грэбліва прыжмурыўшы левае вока, спытаў Горзбіч.
- Цяжка будзе, думаю, ён ужо ў Англіі, - вінаватым голасам адказаў Скарга.
- Шкада, вельмі шкада, малады чалавек. Гэта, вядома, ускладніць нашую задачу, але, як гаворыцца, пытанне не смяротнае.
- Слава, давай усё ж свае пытанні, а паперы пакінь нам, - перапыніў іх гаворку Ягор Кузьміч.
- Можа, вы самі хацелі б зірнуць на ўсё, што мы выцягнулі з падзямелля? Там ёсць, на мой погляд, вельмі цікавыя, а часам і дзіўныя рэчы, вобласць прымянення якіх не змог растлумачыць нават такі паліглот, як Равіч. А другое, хутчэй, не пытанне, а нейкае маё разважанне, якое патрабуе вашай парады. Сіваконь зацікавіўся маімі пошукамі і без размоў адпусціў капаць далей. Яго цікавяць спісы польскага атрада і пэўная інфармацыя, каму харунжы пакінуў на захоўванне архіў. Я пра званне акаўскага камандзіра нічога яму не казаў, ды і не ведаў я сам таго звання. Думаю, ён запытаў з нашых засекаў інфармацыю. Вось толькі навошта яна яму, амаль семдзесят гадоў прайшло?
- Ведаеш што, Славік, - падумаўшы, пачаў Ягор Кузьміч, - ты па сваім палкоўніку засечку ў памяці зрабіў - і ідзі сабе далей. Шлях усе тонкасці праясніць. І мы тут з калегам рэшткі масла ў галовах сваіх пазбіваем, можа, які толк і будзе. За запрашэнне на экскурсію дзякуй, але цяпер з’ехаць з горада не магу. Можа, дзянькоў праз пяць і напрашуся да вас у пасажыры, заадно павучу цябе па лесе хадзіць. Ну-ну, давай без крыўдаў... - заўважыўшы, як Скарга набычыўся, успомніўшы іх старыя спрэчкі, спыніў яго дзед. - І яшчэ - мая табе парада: ты мясцовым калегам усё ж у агульных рысах раскажы пра свае прыгоды, каго-небудзь на месца схову звадзі, у той склеп, хай ён сам што-небудзь там знойдзе. Нават кот не адважыцца днём у чужым доме мышэй лавіць. Пра ксяндза маўчы. Служыцелі культу ў нашым ведамстве ва ўсе часы былі і застаюцца на ганаровым месцы па вярбоўцы і распрацоўках. Пры выпадку ты яму, не чакаючы абяцанага табой года, яго распіску вернеш. Копію здымі, а арыгінал аддай. Убачыш, які гэта дасць эфект.
Стары змоўк і па-змоўніцку пераглянуўся з таварышам. Скарга развітаўся і спусціўся да машыны.
Вечар паступова аддаваў стырно свайго кіравання начы. Вуліцы запалілі ліхтары, слепаватыя ад яшчэ не згаслага заходу вокны дамоў пачыналі поўніцца цёплым святлом чалавечага жытла. Вячаслаў сядзеў у машыне і павольна пераварваў інфармацыю нядаўняй сустрэчы. Стэфанія не тэлефанавала, самому патэлефанаваць, вядома, хацелася, але збоку здавалася, што ён спрабуе яе кантраляваць і наогул не асабліва і давярае. «Дзіўная рэч... Вось яшчэ пару тыдняў таму ты яе не ведаў і спаў сабе спакойна, ніякіх табе трывог, ніякіх дурных думак. Нейкім няветлым і складаным аказваецца гэтае пачуццё з банальнай назвай «каханне». І радасць, і шчасце, і трывогі, і жарсць, і лухта ўсялякая ў галаве! Такое ніколі сам не выдумаеш. А вось з’явіцца гэтае маленькае, непрыкметнае - і заскрэбла, заварушылася, і ўжо такое пачынае чыніць! Круціць і табой, і светам тваім, і справамі, і думкамі. Чаго няма і не было - ужо здаецца рэальнасцю, а сама рэальнасць размываецца да нейкіх яе складнікаў-атамаў. Цяпер зразумела, чаму людзі ад гэтага самага кахання вар’яцеюць. Хоць што табе зразумела? «Чорная котка ў старажытных была сімвалам вар’яцтва ад кахання... Да чаго гэта Кузьміч сказаў?» Чым больш ён думаў на гэтую тэму, тым мацней хваляваўся, тым лягчэй падсвядомасць нараджала нечакана-вар’яцкія вобразы і прапаноўвала самыя нерэальныя думкі.
Ён правёў рукамі па твары, скідваючы немаведама адкуль узніклае насланнё.
“Трэба заехаць да маці, - прыйшла ў галаву выратавальная думка, - чаю папіць, выраўняць рытм свайго шалапутнага сэрца па матчыным рытме”.
Ён ужо даўно, яшчэ са старэйшых класаў школы, заўважыў, што варта прыйсці да мамы зусім разбітым і размяклым, пасядзець побач, прытуліцца да яе рук, якія заўсёды пахнуць дзяцінствам, - і любая трывога праходзіць сама сабой. І ты зноў поўны энергіі, гатовы біцца, адстойваць свае перакананні і смялець у сваіх уяўных палётах.
“Ды і да дзядзькі не перашкаджала б зазірнуць, - паварочваючы ключ запальвання, падумаў Вячаслаў, - распытаць яго пра Беларусь - прарадзіму славян. Дзіўна, чаму я пра гэта нічога не чуў, нідзе не чытаў? Хоць гэта больш на трызненне падобна і з радні старажытным украм, якія пабудавалі егіпецкія піраміды, - ён усміхнуўся, - але прасвяціцца і ў гэтым пытанні не будзе лішнім”.
Скаргу пашанцавала: мама ў гэты час якраз была ў гасцях у цёткі з дзядзькам, балазе жылі яны ў адным доме, толькі ў розных пад’ездах.
- Вось і малайчына, што аб’явіўся, - амаль у адзін голас абвясцілі ля дзвярэй і цётка, і маці. Дзядзька, выйшаўшы ў пярэдні пакой, чаго раней ніколі не рабіў, агледзеў пільна пляменніка і, трохі павагаўшыся, узважваючы ўсе за і супраць, прыняў рашэнне і спытаў:
- А ты што ж адзін завітаў? Яны тут ледзь не банкет сабралі, самі вунь, глянь, як прыбраліся, - дзядзька шчыра махнуў рукой і кінуў праз плячо: - Пацалаваўся з паненкамі - і прашу да мяне ў кабінет.
- Мама, што за навіны? - здзівіўся, чырванеючы, Скарга, - якія банкеты?
- Як быццам ты не ведаеш свайго любімага дзядзьку, - заштурхоўваючы пляменніка ў залу, хутка загаварыла цётка, - вечна ён усё гіпербалізуе і калёсы наперадзе каня наравіць паставіць. Ты галодны?
- Як воўк, ласкавая цётачка! Есці хачу, але разумець вас адмаўляюся.
- Ды што там, сынок, - гладзячы яго па галаве, спакойна сказала маці, - гэта бабуля падняла паніку, распавёўшы аб тваім візіце з нейкай вельмі сімпатычнай асобай. Ужо ад тваёй бабкі пачуць хвалу не ў адрас любімага ўнука ці яе незабыўнага старога Скаргі, супакой, Матка Боска, яго душу, - гэта нонсэнс. Адсюль і перапалох, і малы сямейны савет...
- Які там савет! А мяне што ж вы на гэты савет не паклікалі?
- Ты, пляменнічак, не трубі, як слон, - уносячы ў пакой самавар, перапыніла яго цётка, - ты давай знаём радню з паненкай. Скаргі хоць і гуляшчыя, пры тым усе без выключэння, але толькі да шлюбу. Думаю, ты традыцыю не парушыш. Як хоць яе завуць, скажы, калі пасаромеўся прывесці.
- Ды не саромеюся я зусім! Дзяўчыну завуць Стэфанія. А вы вечна прыспешваеце падзеі, даражэнькія сваякі, - узяўшы сябе ў рукі, цвёрда вымавіў Вячаслаў, - усяму свой час. Але абяцаю: з агледзінамі зацягваць не буду. Мяне на тыдзень адправілі ў камандзіроўку ў Нясвіж...
- Спадзяюся, не аднаго, - дзелавым голасам вымавіў за яго спінай дзядзька. - Гэлечка, будзь ласкавай - налі мне крыху гарбаты ў мой нямыты кубак.
- Ідзі, ідзі, усё табе прынясу! - замахала рукамі Ангеліна Альфрэдаў- на, - вось, як заўсёды, на самым цікавым ты са сваім носам улез. Ну, ідзі, ідзі ж. Стэфанія? - перапытала яна маладога чалавека, пакалыхваючы заварны імбрык, - яна каталічка?
- Апантаная!
- Хвала Матцы Найсветлай! - ухвальна і радасна перахрысціліся абедзве жанчыны.
- У нашым палку прыбыло, - амаль шэптам дадала маці.
Зазваніў мабільнік, Скарга, імкнучыся ўсё рабіць павольна, дастаў тэлефон, глытаючы разам са слінай хваляванне, паднёс да вуха.
- Скарга, мне тут жудасна сумна, ды і не дзявочнік ім патрэбны, а нагода выпіць. Забяры мяне хутчэй, а рэчы і ўсё іншае потым.
- Добра, буду праз пяць хвілінаў, я тут побач, на гары за Свіслаччу.
- Вось толькі паспрабуй яе паўз наш дом правезці - пазбаўлю прысмакаў да трыццацігоддзя! - ужо ў спіну крыкнула цётка.
- Мы чакаем, сынок, - дадала мама з такой пяшчотай, што ад замілавання зашчымела сэрца.