Крыху паляжаўшы без руху, прыслухоўваючыся да сябе і навакольнага свету, будучы сельскі настаўнік набраў поўныя грудзі паветра і рэзкім рыўком выбраўся са свайго на дзіва не рыпучага лежбішча. Дошкі нефарбаванай падлогі здаліся прыемна прахалоднымі. Малады чалавек да хрусту ў суставах пацягнуўся, зірнуў у вакно - і аслупянеў...
За нешырокім агародчыкам на вуліцы стаяла казённая брычка, запрэжаная двойкай стройных коней, воддаль - яшчэ пару вазоў. Кіроўцаў не было, коні гучна скублі высокую, яшчэ невыгаралую траву. Імкнучыся ступаць па адной маснічыне, Дзмітрый падышоў да акна і, не высоўваючы галавы, прыслухаўся. Злева, дзе быў уваход у іх палац, напаўголаса размаўлялі людзі. Прыціснуўшыся да сцяны, ён нават у цемры пазнаў іх фігуры ў фуражках: на нябачным яму ганку ваенныя спрабавалі чымсьці жалезным адсунуць засаўку, якая замыкала ўваходныя дзверы знутры.
Фуражкі нічога добрага абяцаць ні яму, ні мірна пасопваючым тавары- шам не маглі. Ён жа чакаў гэтага начнога візіту, нават спрабаваў сабе яго ўявіць, але гэта занадта хутка здарылася. Дзмітрый адскочыў ад сцяны, штурхнуў бліжэйшы да сябе ложак Юсюкевіча. Той як быццам толькі гэтага і чакаў: ускочыў на ногі і пачаў нацягваць штаны, якія ляжалі на табурэтцы, папярэдне моцна піхнуўшы спінку ложка Піменчука. У поцемках яны не бачылі твараў адзін аднаго, рухаліся моўчкі, нібы дзясяткі разоў да гэтага трэніраваліся хутка пакідаць пакой у выпадку небяспекі. Усе ўжо стаялі каля акна, гатовыя выскачыць, калі эмгэбісты адкрыюць уваходныя дзверы і ўвойдуць у калідор інтэрната.
Нечакана з бліжэйшага вазка ўспыхнуў яркі ліхтар і асвяціў пакой і іх саміх.
- Нават не ўздумайце! - гучна і ўладна сказаў нябачны чалавек. - Скочыце - пакрышу ўсіх! - Гэй, акуратысты ср...ныя, хутчэй да акна! - гаркнуў ён супрацоўнікам.
Праз хвіліну ў іх пакоі было поўна людзей у форме. Усіх траіх абшукалі, для парадку адвесіўшы кожнаму па пары добрых кухталёў, паставілі тварам да сцяны, на якой вісела велізарная геаграфічная карта свету. Дзмітрый стаяў справа, упіраючыся носам у Японію. Страху не было, толькі ўсё цела зрабілася ватным, а навакольны свет абыякавым і сумным. У галаве ледзь пульсавала адзіная думка: «Навошта ты ва ўсё гэта ўлез? Улез, улез, улез...» - аддавалася ва ўсім яго вялікім і моцным целе, у кожнай клетачцы, у кожным валаску, у кожнай кроплі здрадніцкага поту, які сцякаў між лапатак па хрыбетніку.
Дакументы іх падпольнай арганізацыі знайшлі хутка. Ды і што іх было шукаць, калі паперы ляжалі ў чамадане Піменчука. Там было ўсё: і праграма «Саюза вызвалення Беларусі», і статут, і пратаколы пасяджэнняў кіруючага органа, і тэксты ўлётак. Добра, хоць пасля доўгіх спрэчак у пратаколах было вырашана пісаць не прозвішчы прысутных і выступоўцаў, а іх канспіратыўныя псеўданімы. Да поўнага камплекта не хапала толькі членскіх спісаў.
Дзмітрыю здавалася: усё, што адбываецца, не мае да яго ніякага дачы- нення, уся яго ўвага чамусьці засяродзілася на тоненькім струменьчыку поту, які павольна поўз уніз па хрыбетніку.
«Ідыятызм нейкі! - у галаве неахвотна мільганула млявая і недарэчная думка. - Трэба было дажыць да гэтай начы, каб на сваёй скуры спасцігнуць сапраўдны сэнс ходкай фразы: “Дупа ў мыле!”».
Нечакана апатыя і млявасць зніклі, як быццам іх ніколі і не было. Мозг распачаў дзіўную і звыклую для яго працу, аднекуль з яго глыбінь узнікалі самыя неверагодныя пытанні - і яму даводзілася на іх так жа імкліва адказваць. «Неадказанае» пытанне праз некаторы час вярталася і цягнула за сабой злёгку размытыя вобразы мінулых падзей.
Вось ён капае бульбу, дакладней - перакопвае ўжо двойчы перакапанае поле ў пошуках хоць бы яшчэ дзясятка бульбін, каб зварыць іх сёння на вячэру. Асноўны ўраджай выкапалі яшчэ раней, перабралі, высушылі і вёдраў дваццаць паспелі засыпаць у высланую саломай яму схаванага ад чужых вачэй сенніка. Гэты галоўны запас на зіму бераглі як зрэнку вока. Пра таемную яму ведалі толькі ён і маці. Частку несхаванай бульбы забралі немцы па дзяржнарыхтоўцы, а паўтара мяшкі панеслі людзі з лесу па «партызанскай прадразвёрстцы», як весела хіхікнуў-патлумачыў іх старшы. Маці зноў была цяжарнай, за вайну ўжо чацвёрты раз. Адно дзіцятка нарадзілася нежывым, а два хлопчыкі ўжо плёхалі босымі ножкамі па земляной падлозе хаты. Маці пасля чарговага візіту ці паліцаяў, ці партызан нават спрабавала на сябе рукі накласці, ды Бог адвёў.
У той дзень у вёску прыехалі на двух машынах агітатары зазываць маладняк у «Саюз беларускай моладзі», тым, хто падпісаў прашэнне, адразу выдавалі прыгожую шэрую форму, з нашыўкамі, кепку з доўгім, як у нямецкіх салдат, брылём, а галоўнае - падкаваныя новенькія чаравікі. Машыны ўжо з’язджалі, калі Дзмітрый выйшаў на дарогу і падняў руку. Паперу падпісаў проста на пыльным капоце, абмундзіраванне скруціў у цяжкі вузел і падаўся дадому. Наўздагон яму крыкнулі, каб падагнаў форму і ў наступную нядзелю прыбыў у райцэнтр для прыняцця ўрачыстай прысягі.
У райцэнтры моладзевай дружынай кіраваў яго далёкі сваяк, які адправіў Дзмітрыя ў старадаўні маёнтак Альбярцін на курсы.
Дзіўная гэта была вучоба. Вакол ішла вайна, людзі забівалі адзін аднаго ні за што, проста стралялі - хто па п’янцы, хто з перапуду, а хто па ахвоце. Стралялі, а потым ужо думалі, навошта яны гэта зрабілі. За смерць ні з каго не пыталі. А ў былым панскім маёнтку панаваў нейкі іншы свет. Іх добра кармілі, прымушалі займацца фізкультурай, муштравалі на пляцы, развучвалі песні і доўгімі гадзінамі распавядалі, як будзе добра жыць у вольнай Беларусі, калі Гітлер са сваімі саюзнікамі разаб’е ненавісныя Саветы. Часта навучальныя дні заканчваліся вогнішчамі над старадаўняй сажалкай, печанай бульбай і гарачымі спрэчкамі пра любоў да свайго народа, яго гісторыі, культуры і песняў. У лагер вярталіся строем са звонкай песняй вольных і незалежных сокалаў.
Да канца вучобы ён, як і яго таварышы, свята верыў у веліч Беларусі, ашуканай і зняважанай спачатку расейцамі, затым палякамі і зноў расейцамі. З гэтага часу ён, добра ведаўшы польскую мову, выплюнуў яе, нібы гнілы арэх, і стаў размаўляць толькі на беларускай ці нямецкай мовах. Следам за любоўю да свайго, роднага, непрыкметна ў дуты пасяліўся спачатку недавер, а затым і непрыязнасць да ўсяго чужога. І ўспомніў, што маці першым згвалціў яшчэ ў самым пачатку вайны нейкі хахол, паліцай з суседняй вёскі. А начамі да іх у дом грукалі і завальваліся зарослыя і нямытыя мужыкі, якія гаварылі між сабой па-беларуску ці па-польску...
Дзмітрый з цяжкасцю вырваўся са сваіх успамінаў, зірнуў на гадзіннік. Прайшло ўсяго хвілін сем, як іх паставілі да сцяны.
- Нас жа не расстраляюць? - як здалося Дзмітрыю, спалохана спытаў Бронік Піменчук.
- Вам, фашысцкія выкармышы, пашанцавала! - прагрымеў за спінай той жа голас, што пагражаў з воза пакрышыць іх на кавалкі, - чатыры дні назад у Савецкім Саюзе адменена смяротнае пакаранне. Адно застаецца: застрэліць вас пры спробе ўцёкаў. Так што шанец адправіцца на спатканне да свайго Гітлера ў вас ёсць.
- Пры чым тут Гітлер? - злосна буркнуў Пожыч, - яго ўжо даўно закапалі. За што вы нас арыштоўваеце, а галоўнае - на якой падставе?
- Таварыш маёр, дазвольце я яму прыкладам растлумачу падставы? - спытаў чэкіст, прыстаўлены іх ахоўваць.
- Не, Міханевіч, мы людзі гуманныя і біць нікога не збіраемся. Ты павярні да мяне тварам гэтага разумніка.
Чужая рука не паспела нават дакрануцца да яго пляча, як Зміцер рэзка павярнуўся тварам да святла.
- Прымі ад мяне свае граблі, - працадзіў скрозь зубы хлопец. - Я гэта спытаў. Вайна ўжо чатыры гады як скончылася, а вы ўсё па начах да людзей урываецеся, як немцы. Дзе ордэр на ператрус? За што білі перад тым, як паставіць да сцяны?
- Колькі пытанняў? Як тваё фаміліё, законнік хрэнаў? - пагойдваючыся на абцасах, свідраваў Дзмітрыя калючым позіркам сярэдняга росту чалавек, у тонкіх залацістых акулярах-веласіпедзіках, з гладка зачасанымі на патыліцу пасівелымі ўжо валасамі.
- Гэта, мяркуючы па дакументах, нехта Дзмітрый Пожыч, - паслужліва паведаміў ахоўнік, - па дакументах - ваяваў...