Литмир - Электронная Библиотека

- Не злуйся, я толькі дзве рэчы і паказаў: цітаўскі медаль і латы ў пазалоце...

- Ну і што пішуць? - з крыўдай і цікаўнасцю ў голасе спытаў Равіч.

- Ты якія кошты выставіў?

- Дык патрабуецца экспертнае заключэнне, а потым ужо таргі.

- Правільна, а ты што думаў - увомірг да цябе ўвесь свет кінецца? Ты, спадзяюся, не са сваёй пошты хоць выстаўляў усё гэта?

- Са сваёй, а што?

- Хутаранін ты хутаранін, у добрым сэнсе гэтага слова! - дакорліва паківаў галавой Міхаіл. - Табе і сям’і тваёй паляка мала?! Аматары нажывы калі ўбачаць такія цуды на пошце нейкага селяніна, праз пару дзён твой маёнтак з усіх бакоў абкладуць, носа не высунеце. І нашыя мілыя ўлады прыпруцца высвятляць, што і дзе ўзяў.

- Ды што ты. А я і не падумаў пра гэта. Хацелася, каб хутчэй грошыкі ў гаспадарку запусціць. Можа, ты жартуеш?

- Не да жартаў. Пайшлі. Не дабро дзяліць, а да твайго кампа, сітуацыю выпраўляць будзем.

У хутаранца аказалася добра абсталяваная кампутарная кропка, з двума экранамі, магутным блокам, друкаркамі, сканерам, ксераксам і яшчэ нейкім прычындаллем, прызначэнне якога нават вучоны муж не ведаў.

- Сціплы куток убогага літвіна! Ты, Казімір, часам - не хакер?

- Не. Я ў гэтым не вельмі петру. Сын Казік тут пануе. Ён і фоткі ўчора выстаўляў, і перапісваўся сёння з антыкварамі. Казік! - кудысьці ў нікуды пракрычаў бацька, прыслухаўся. - Казімір, а ну давай сюды! - ужо ў поўную сілу лёгкіх раўнуў гаспадар.

- Іду-іду, тата! - адазваўся недзе за вакном хлапчук.

Ён увайшоў, папстрыкаў нейкімі тумблерамі - і ўся тэхніка са змяіным шыпеннем ажыла і пачала гудзець і міргаць.

- Сыну, мы ўчора з маёй пошты з тымі аб’явамі выходзілі? - вінавата спытаў бацька.

- Тат, я што - ку-ку? Я так усё правёў, што нават прэзідэнцкае аналітычнае бюро хрэн разбярэцца, не тое, што твае лахі пакупнікі. Галоўнае - ты ім нічога не адказваў сам? - падазрона прыжмурыўшы вочы, спытаў малы.

- Ну дзякуй Богу! - з палёгкай выдыхнуў Равіч. - А што там пішуць аматары нажывы?

- Зараз глянем. Я, дзядзька Міша, праз адзін хітры рэсурс з такімі рэчамі заходжу, недзе на востраве Мэн зарэгістраваны.

- Дзе? - навастрыў вушы бацька.

- Гэта, бацька, далёка, дзесьці аж пад Смаленскам, - хітра ўсміхаючы- ся, хутаранін спрытна плюшчыў клавіятуру, - вы ідзіце, чаго нада мной віснуць? Я вам усё раздрукую і прынясу.

Выйшлі на двор, на ганку, саромеючыся адзін аднаго і ўсяго свету, стаялі, узяўшыся за рукі, Вячаслаў са Стэфаніяй.

- О, радня! Добрай вам раніцы! Вы толькі не забудзьцеся пасля ўсіх вянчанняў і вяселляў, чыя хата вас парадніла, - весела пляскаючы іх па плячах, прамовіў гаспадар. - Малайцы, раненька прачнуліся. Вячка, пайшлі з намі, дзеўкі тут самі разбяруцца.

З хутара раз’ехаліся пасля абеду. Яшчэ раз перабралі нажытак з падзямелля, частку жалязяк Равіч адразу адабраў для музея, пра што падпісалі дамову: грошы на хутар павінны будуць прыйсці на працягу трох банкаўскіх дзён. Больш каштоўныя артэфакты вылучылі ў адмысловы спіс, дазвол на іх продаж павінна даць Міністэрства культуры ці нават урад.

Скарга патэлефанаваў знаёмым, і тыя парэкамендавалі мясцовага натарыуса, які дапаможа правільна аформіць пераход калекцыі ад бацькі да сына, пасля смерці першага.

Равіч паехаў у Нясвіж, а закаханая пара, усё працягваючы трымацца за рукі, як быццам іх нехта збіраўся разлучыць, захапіўшы вялікую частку польскіх папер, падалася ў Мінск.

Заехаўшы ў інтэрнат інстытута замежных моў і пакінуўшы Стэфу збіраць рэчы, - яна пагадзілася пераехаць да яго, - Скарга ламануў да Ягора Кузьміча. Чатыры разы ён, загружаны запаветнымі паперамі, падымаўся да яго на шосты паверх.

- Вось, Слава, у маладосці думай пра старасць і ніколі не згаджайся на кватэру першага і вышэй трэцяга паверха. Уяві, а калі б ліфт не працаваў? Давай, давай сюды ўсё гэтае багацце, на канапу грузі, каб ракам па падлозе не поўзаць. Ну вось, добра. Цяпер давай сюды прысунем вунь той доўгі столік, і цягні з кухні дзве табурэткі, ну і чайнік там пастаў.

- Вось, глядзіце, Ягор Кузьміч, у гэтых грунтоўных, у каленкоры, сшытках перапісаныя агентурныя данясенні, тэксты радыёграм у Варша­ву і Лондан, адказы на іх. У гэтых шэрых - дзённікі баявых дзеянняў, страты праціўніка, свае страты, трафеі. Наогул, дзіўна, што канцылярыю яны вялі спраўна. Я бачыў нават дапаўненні і ўдакладненні па нейкіх пунктах.

- Так, родны Славік, і павінна быць, што на фронце, што ў партызанах. Вайна выйграецца на палях баёў, а пішацца па данясеннях, пры тым кожны з ваюючых бакоў піша яе па-свойму. Калі б не Лаўрэнцій Цанава, у нас была б вельмі пацешная гісторыя партызанскага супраціву. Па выніках тых данясенняў, што слалі амаль усе камандзіры ў Цэнтральны штаб партызанскі да Панамарэнкі, вымалёўвалася грандыёзная карціна. Народныя мсціўцы на нашых бедных суглінках столькі паклалі салдат супастата, падбілі танкаў і нейкім невядомым чынам назбівалі самалётаў, што, калі ўсё склалі і падлічылі - заплакалі. Я ўжо не кажу пра пушчаныя пад адхон варожыя саставы, іх безліч! Лаўрэнцій Фаміч, які любіў, трэба сказаць, пусціць пыл у вочы начальству, і той абурыўся гэтай ліпе. Пасля знакамітага парты­занскага парада ён сабраў камандзіраў, раздаў сшыткі і прымусіў напісаць усё наноў ды падагнаць пад навуковым шляхам выведзеныя кантрольныя лічбы. Потым, каб б усё гэта замацаваць, выдаў пад сваім рэдактарствам фундаментальную двухтомную працу. Вунь яны там у мяне на паліцы стаіць, ты як-небудзь пачытай.

- Ужо праштудзіраваў, я ж думаў, па наіўнасці, што там пра “Котку” нешта будзе.

- Пра “Ката”, Слава, пра “Ката”. “Чорная котка” - гэта ў братоў Вайнераў. У старажытнасці прыгожая чорная котка была сімвалам закаханасці, можа, табе пара жаніцца, а?

- Дык ужо сабраўся, можа, сёння ці заўтра нявесту да мамы павязу знаёміць. Толькі вы мяне з панталыку не збівайце. Мне вось гэтыя паперы не зразумелыя. Па-першае, яны на нямецкай, а з дойчам у мяне яшчэ горш, чым з польскай, не кажучы пра французскую. Па-другое, мне здаецца, паперы гэтыя зашыфраваныя, занадта шмат лічбаў, скарачэнняў і знакаў. І, трэцяе, мне б да раніцы вызначыцца, што аддаць ва ўпраўленне як баявы трафей, апраўдаўшы сваю паездку, а галоўнае - падоўжыць камандзіроўку яшчэ на тыдзень.

- Тады давай расказвай усё па парадку, што там у вас адбылося. Паперы можна спакойна аддаваць, куды хочаш: і дзённікі баявых дзеянняў, і ўзнагародныя прадстаўленні. А самі ўзнагароды ёсць?

- Ёсць, скрынка ў машыне засталася, там яшчэ грошы нямецкія, нашыя і тысяча даляраў, усё з часоў вайны.

- Вось іх і цягні, ды і журналы агентурных данясенняў можна аддаць, іх усё роўна ніхто чытаць не будзе, сакрэціць таксама наўрад ці стануць, спусцяць у адкрыты архіў, а з архіва ты іх у любы час можаш запытаць. Ну, давай, расказвай, а я пакуль у паўвока над гэтымі нямецкімі дзівацтвамі паваражу.

Вячаслаў зноў здзівіўся здольнасцям свайго настаўніка. Здавалася, ён яго і не слухае: устае, дастае з паліц нейкія даведнікі, слоўнікі, кнігі, нешта піша, крэсліць, а потым нечакана пачынае задаваць пытанні пра зброю паляка, ці знайшлі яе? А яе не знайшлі, ды, прызнацца, у той мітусні ніхто і не шукаў. Больш пытанняў, на здзіўленне, было ў старога чэкіста па старадаўніх чарцяжах замка і здагадках Равіча.

- Гэта, мабыць, галоўная твая знаходка, Славік! Яе трэба зубамі трымаць, навука навукай, музеі музеямі, а пад замкам можа быць нешта больш значнае...

- Залатыя апосталы?

- Ну, апосталы - гэта ўсяго толькі вучні свайго настаўніка, прытым вельмі баязлівыя і слабаверныя. Іх статуі, калі яны існуюць, усяго толькі кавалкі золата, зберажэнні на чорны дзень. У тыя часы таксама падаткі належыла плаціць, а тут адліў апосталаў залатых - і гвалт па ўсёй Рэчы Паспалітай да самага Рыма, і гонар, і хвала! Паставіў статуі прылюдна ў касцёле, заўваж, у сваім касцёле, а праз нейкі там час, цёмнай ноччу, замяніў іх пазалочанай бронзай, а жоўты метал падалей схаваў. Словам, яшчэ ў тыя старыя часы гэтая справа лічылася цёмнай, а ўжо цяпер. - стары ўздыхнуў. - Колькі сябе памятаю, усе гэтых апастолаў шукаюць, і нашы, і экстрасэнсы, а цяпер яшчэ і засумавалы сенатар падключыўся. Свечкі ім у рукі, хай шукаюць. Я пра іншае скажу. Ты чуў, што Нясвіжскі замак пабудаваны на руінах старажытнага замчышча? А да таго замка там было нейкае старажытнае гарадзішча, а на яго месцы яшчэ больш старажытнае свяцілішча? Ты калінебудзь чуў тэорыю пра беларускае паходжанне славян і арыйцаў?

32
{"b":"592478","o":1}