— Мне страшна, дзядзечка, — ледзь чутна сказаў Ясь, зноў выпусціўшы з рота аблачынку серабрыстай пары.
— Гэтага яму толькі і трэба, — зашаптаў я. — Трэба, каб ты баяўся, разумееш? Калі не баішся.
— Калі не баішся, — працягнула Нешка. — То нічога табе і не зробяць.
Ясь слаба кіўнуў. Прыкрыўшы вочы, дыхаў часта, кусаў вусны, але працягваў крочыць наперад. Не азіраючыся. Упарта. Зусім як той, што прыходзіў перад ім. Зусім як тая. Ад гэтай апошняй згадкі — сам не ведаю, чаму — варухнулася там, каля сэрца.
На паверхні ішлі першыя дні восені, таму на княжым троне залацілася дубовае лісце, чырванелі гронкі рабіны. Водар яблыкаў, лёгкі, амаль незаўважны, насіўся ў паветры, кружыў галаву.
Сотвар сядзеў, апрануты ў агністы, колеру восені шоўк, падпёршы вострае падбароддзе кулаком. Глядзеў з-пад доўгіх белых веек зверху ўніз, вывучаў. У сярэбраных валасах ззяла ледзянымі дыяментамі карона — быццам вострыя іклы інею.
— Косткасей, — князь апёк мяне ледзяным позіркам. — Ты прывёў да нас чалавечае дзіця.
— Чалавечае дзіця, — глуха паўтарыў за ім Двор. Вочы іх няярка свяціліся, зусім як курганныя агні. Яны ўсе ведалі, што бывае, калі смяротны апынаецца там, дзе не павінен, але не мелі нічога супраць.
Я сцяў зубы і змоўчаў, сціснуўшы меч у руцэ. З ляза дасюль яшчэ капала, застываючы на каменных плітах, чорная кроў.
— І няхай для палявання яшчэ не прыйшоў час, — ленавата працягваў Сотвар, усміхнуўшыся самым краёчкам вуснаў. — Мы, канечне ж, з ахвотаю дазволім табе.
— Гэта не ахвяра для Гону, — голасна сказаў я. Сотвар бліснуў вачыма і нахмурыўся: я парушаў правілы яго любімай гульні. Чуваць было, як усхвалявана перашэптваюцца прыдворныя.
— Гэта не ахвяра для Гону, — паўтарыў я, сціскаючы пальцы на хлапчуковым плячы. — Княжа, то. музыка прыйшоў усцешыць ваш слых сваімі песнямі.
Князь засмяяўся. Рогат падхапіла дворня, і хутка ўся зала затрэслася ад усюдыіснага смеху. У Нешкі задрыжалі вусны, Стаўры, падціснуўшы хвост, ціхенька заскавытаў.
— Чалавечае дзіця будзе цешыць мяне сваімі песнямі? — кпліва пацікавіўся Сотвар. — Косткасей, што за недарэчная прыдумка.
Але, нават кажучы так, ён — па вачах было відаць — зацікавіўся. Змерыў змярцвелага ад холаду і боязі хлопчыка непрыязным позіркам.
— А што скажаш ты, чалавечае дзіця?
Я лёгка падштурхнуў Яся наперад, і той зрабіў некалькі няўпэўненых, быццам праз сон, крокаў. Прыціснуў да грудзей лютню і хрыпла прагаварыў, змагаючыся з крышталікамі інею на вуснах:
— З радасцю спяю для вас, ясны княжа.
Але пасля песні, напружана думаў я, і Нешка, мяркую, таксама. Ну, скажы ж: але пасля песні майстру плацяць. Скажы гэта. Скажы.
— Але памятайце, княжа, — прахрыпеў Ясь, быццам пачуўшы нашы думкі. — Пасля песні майстру плацяць.
Сотвар ашчэрыўся. Двор зашаптаўся грамчэй, узбуджана і абурана: гэта было чыстай вады нахабства.
Часам толькі на нахабства і выпадае спадзявацца.
— Спевы і словы сплятаць немагчыма без платы, — перакрываючы натоўп, азваўся хтось з прыдворных паэтаў. — Той, хто паслухаў, аддзячвае дарам сардэчным.
— Сын чалавечы кіруецца звычаем даўнім, — спеўна і звонка падхапіў другі. Узбуджаныя шэпты амаль сціхлі, пакорлівыя ўладзе гэтых магутных галасоў.
— Звычай такі, такзаведзена, такзастанецца, — канчаткова зацвердзіў трэці голас, быццам прыпячатаў. І па агаломшанай зале расцяклася звонкая цішыня.
Князь паморшчыўся, але развёў рукамі.
— Ты атрымаеш плату, чалавечае дзіця, — без асаблівай ахвоты паабяцаў ён. — Тры песні — тры падарункі. Такі звычай.
Ясь перарывіста ўздыхнуў. На шчоках яго, на валасах, на плячах і кароткім плашчы, нават на цяжкіх ботах весела пералівалася ў зеленаватым святле ўзорыстая корка інею.
Хлопчык адкашляўся і крануўся струнаў. Тыя адазваліся на ягоны дотык і цёпла, і радасна.
Вясна, вясна, пелі струны. Радасная, шчаслівая вясна. Вясна блізка, вясна настане. Лёд растае, снягі становяцца вадою, жывою, вясёлаю, вірліваю. Вада поіць зямлю, вада жывіць расліны. Жыццё нараджаецца з лёду і снегу, жыццё перамагае, звініць у жаўруковым спеве. Жыццё, жыццё, жы...
Сотвар гнеўна ўдарыў кулаком па ручцы трона — ажно пакацілася рэха па ўсім падзем'і. Песня бездапаможна абарвалася, і Ясь, разгублены, усё яшчэ закружаны колам жыццятворнай веснавой вады, стаяў і непаразумела глядзеў на князя знізу ўверх, такі маленькі, такі слабы, такі нікчэмны ў параўнанні.
— Ты, мусіць, забыўся, чалавечы сын, што зараз восень, — загаварыў Сотвар. — Твая песня, можа быць, і забаўляльная ў нечым, ды недарэчная, бо ўсе мы чакаем зімы.
Князь зноў усміхаўся краёчкам рота. Ясь ускрыкнуў ад болю і ледзь не да крыві закусіў вусны: іней пачаў караскацца па ягоных руках, зводзячы пальцы крукамі.
— Тады... тады іншую песню, ясны княжа, — ледзьве вымавіў хлопчык, спрабуючы і сам адказаць на князеву ўсмешку. Атрымалася ў яго не надта.
Спіна ў яго напялася, дыхаў ён часта, і рука, крануўшыся струнаў, спачатку патрывожыла іх недарэчна, так што лютня ўскрыкнула бязладна і фальшыва. Нешка схавала твар у далонях.
Ясь, аднак, перасіліў сябе, выправіўся. Лютня зноў запела, з яшчэ большаю цеплынёю і агнём, з жарсцю маладога кахання.
Уражаная Нешка падняла галаву, зірнула на мяне і ўсміхнулася. І я таксама ўсміхнуўся: пад жарам гэтай музыкі паволі адступаў іней. Гэта была — надзея. А лютня пела, і хлопчык з зялёнымі — нашымі — вачыма пеў разам з ёю, у кожнае слова ўкладаючы драбок уласнай цеплыні.
Слаўся, повязь між двума сэрцамі, слаўся, дотык дзвюх душаў, слаўся пад сонцам і пад месяцам, вечна, вечна. Колькі любяцца неба і зямля, столькі будзе жыць каханне, адбіваючыся ў вачах закаханых, пераскокваючы з вуснаў на вусны падчас пацалункаў. Будзе жыць, жыць, жы...
Сотвар рэзка падняўся з месца, ускінуўся, быццам язык белага полымя. Падняў рукі над галавою і пляснуў у далоні — і музыка скамячылася, а словы ўскіпелі і замёрлі, заінелі ў Яся на вуснах.
— Ты, мусіць, забыўся, чалавечы сын, што пяеш пра смяротных і іхнія любошчы, — грэбліва сказаў князь. — Можа, для чалавечых сыноў гэта і цікава, але не для нас, адвечных.
Ясь зноў ускрыкнуў і упаў на калені. Лютня бездапаможна выпала з ягоных рук, вохнуўшы, як жывая. Я шпарка падскочыў да хлопчыка, спрабуючы дапамагчы яму падняцца. Іней укрываў яго цалкам, сівізною ляжаў у валасах, так што падшыванец Ясь быццам састарыўся за лічаныя імгненні. Іней бязлітасна джаліў мае далоні, пакуль я трос хлопчыка, аклікаючы па імені, пакуль я лаяў і яго самога, і ягоную сям'ю да сёмага калена. Ён заплюшчыў вочы, не варушыўся, скурчыўся, скрыжаваўшы рукі на грудзях, і мармытаў пад нос, паўтараў толькі адно:
— Холадна. як жа холадна.
Князь, усміхаючыся, нетаропка спусціўся, з шоргатам цягнучы за сабой барвовы плашч, па прыступках ад трона. Спыніўся на перадапошняй.
— Нам сорамна за цябе, Косткасей, — мовіў Сотвар з дакорам. — Ты, наш рыцар, наш вартаўнік, важдаешся з гэтым шчанюком.
— Майце літасць, княжа. — шэптам узмалілася Нешка, ламаючы рукі. Князь апёк яе ледзяным позіркам, і панна анямела і застыла, толькі па бледных шчоках ліліся слёзы.
Я падняўся, абапіраючыся на меч, вытрымаў позірк Сотвара, не адвёўшы вачэй.
— Гэты хлопчык выйдзе адсюль, — працадзіў я скрозь зубы. — Выйдзе жывы і здаровы. І Гон не прыйдзе па яго. Ні сёння, ні калі-небудзь яшчэ.
— Гэты хлопчык, — злосна адказаў князь. — Прыйшоў сюды сам, не спытаўшы нашага дазволу, не маючы права на гэта. Сын свайго бацькі, як ні паглядзі.
— І сын сваёй маці, — дадаў я. — Ці ж не дае гэта яму права быць тут?
Сотвар звёў бровы, і ўладна працягнуў руку, і зрабіў бы яшчэ адзін — апошні свой — крок да паўпрытомнага Яся, каб я не апярэдзіў яго, засланіўшы хлопчыка сабой.
— Двубой, — здушана прасіпеў я, падымаючы меч і сам не верачы, што раблю гэта. — Двубой!