Литмир - Электронная Библиотека

— Пяе... — задуменна сказала Нешка, накручваючы залацістую пасму на палец. Нават белы со­кал зараз пільна глядзеў на чужынца.

Мы сачылі, а госць тым часам бадзёра ўскараскаўся на мой курган і з вяршыні агледзеў усё Кур­ганова Поле, верасовыя хвалі ды белыя іклы камянёў, раскіданыя між траваў.

— Ого! — радасна сказаў госць і нават прысвіснуў. — Ну і ну!

Мімаходзь зірнуў на сам камень, зацікавіўшыся, уважліва прабег вачыма па заклятых рунах і нават, не ўтрымаўшыся, крануўся іх кончыкамі пальцаў. Быццам пагладзіў камень, як гладзяць сабакаў. Пасля зірнуў убок, туды, дзе цень ад стаячага каменя прарэзваў травы, і ўтаропіўся ў нас. Нешка ціхенька ахнула і, схаваўшыся за мяне, сціснула маю руку. Дарэмна спужалася: каменныя чары надзейна хаваюць ад чалавечага зроку.

Але я на ўсякі выпадак паклаў далонь на дзяржальна.

— Дабрыдзень, — нерашуча сказаў госць, лыпаючы вачыма, і Нешка зноў успуджана ахнула. — Які ў вас, дзядзечка, файны сабака.

Вочы ў яго былі зялёныя, быццам Пушча, і глядзелі скрозь цень ад каменя, скрозь старадаўнія чары.

— Назавіся, чалавечы сын, — сказаў я, як таго патрабаваў звычай. Госць сонечна ўсміхнуўся.

Вочы ў яго былі нашы, кірпаты нос і ўсё аблічча — самымі чалавечымі, а язык — той і ўвогуле

немаведама якога паходжання, таму што мянціў не спыняючыся.

Яго завуць Ясем, і сам ён не адсюль, і падарожнічае з месяц недзе, і дамоў не збіраецца, бо дома мачаха і малодшы брат, якія не надта чакаюць ягонага вяртання.

Апошняе прагучала з прыхаванай горыччу, але ўсміхацца ён не кінуў.

— А сюды нашто прыйшоў?

Ён паціснуў плячыма.

— Казалі, быццам мая маці аднекуль адсюль. Быццам бацька перамог у двубоі Кашча Бессмяротнага, вызваліў яе і звёз.

— Перамог у двубоі, значыцца? — змрочна ўдакладніў я. — Ды няўжо?

Ясь засмяяўся.

— За што купіў, за тое прадаю, дзядзечка.

І тут жа з ахвотаю распавёў, як адважны герой адшукаў на дне паўночнага мора каваны куфар, закаваны і ланцугамі, і чарамі.

— Разарваў ланцугі, чары зняў. А адтуль — заяц! Схапіў зайца, а з зайца — качка! Пацэліў у кач­ку, а з той — яйка!

Я здзекліва чмыхнуў. Калі з яйка ўрэшце атрымаецца яечня, я быў бы нават і не супраць.

— А ў яйку халоднае жалеза, — няголасна працягнула Нешка з-за майго пляча. Ясь падняў бровы.

— Жалезная... іголка, — падобна было, што гэты падшыванец прыдумляў на хаду. — А ў той іголцы — Кашчава смерць!

Было заўважна, што ён сам атрымлівае асалоду ад сваіх баек. Добра, прынамсі, што хоць хтосьці ад іх асалоду атрымлівае.

— Смерць у іголцы, — прабурчаў я. — Хітра прыдумана.

— Анягож, дзядзечка.

Падшыванец змоўк і паглядзеў на мора верасоў, з якога сям-там паказваліся галовы курганоў.

— Прыгожа тут, — сказаў. — І гэтак спакойна. Даўно мне не было гэтак спакойна.

Ён замілавана глядзеў на верасовыя хвалі, што ленавата калыхаліся пад ветрам, а таму не мог заўважыць, як гусцелі цені каля белых камянёў. Чары драпежна затрымцелі, быццам павуцінне, у якое трапіў неабачлівы матыль.

— Тут няма месца для чалавечых сыноў, — прамовіў я рэзка. — Мусіш ісці. Як хутчэй.

Твар у Яся выцягнуўся, але ўсмешка, за якою ён звык хавацца, не сышла. Нешка адчувальна пхнула мяне вострым локцем.

— Рыцар!.. — з асуджэннем прашыпела яна мне ў вуха. Я толькі адмахнуўся. Праз колькі часу сам Сотвар заўважыць тут смяротнага і зацягне таго пад цень на кургане. І хіба толькі адно Неба ведае, што з гэтага будзе.

— Не затрымаюся, дзядзечка, — мякка паабяцаў хлопчык. — Проста песня зайшла ў галаву, хачу ўхапіць у цішыні, пакуль не забыў.

Я не паспеў запярэчыць: ён скінуў свой скураны горб, вызваліў з яго, быццам ад шалупіння, залацістае цела лютні і апусціўся ў траву, лёгка кратаючы струны. І твар у яго паяснеў, і знікла некуды дурная ўсмешачка, і вочы зрабіліся сталейшымі — на гады, на стагоддзі.

І з-пад ягоных пальцаў палілася музыка — спачатку асцярожна, няўпэўнена, а пасля званчэй і званчэй, моцна, непераможна.

І ў ёй было — усё. Перазвон рачных хваляў, і шэпт трыснягу, і крыкі чаек. І галасы верасоў пад ветрам, і гуд пчол, і крокі дажджу па камяністай дарозе, і сакаліны клёкат. Неба бачыць, там былі нават, ашчадна ўплеценыя, нашы чары, старажытныя, спрадаўнія, і голас Пушчы, і нават ціхі галасок панны Нешкі.

У мяне быццам іголка заварушылася ў грудзях злева. Вочы закалола, і па шчацэ пабегла штось, падобнае да кроплі дажджу. Я ўскінуў голаў — але неба засталося ясным, па ім плылі адно пульхныя белыя аблокі.

Бедная Нешка скурчылася пад рунным каменем і ціха плакала, схаваўшы тварык у далонях, незаўважная, амаль нябачная. Таму што побач з ёю стаяла, быццам выхапленая променем святла, Марэна. Паўпразрыстая, быццам маркотная здань, цень сябе самой, і ўсё-такі, усё яшчэ — ярчэйшая за ўсё вакол. За ўсё на свеце ярчэйшая.

Хлопчык кінуў граць, але музыка яшчэ гучала, падхопленая самімі камянямі, самою зямлёю. Гучала ў нас, бо мы і ёсць — зямля.

— Хто... — здзіўлена прамармытаў Ясь, углядаючыся ў светлую белую здань. А тая ласкава ўсміхалася яму і цягнула да яго рукі. І глядзела на яго, толькі на яго — доўгае, доўгае імгненне, пакуль яе, цяпер адвечна свабодную, не змыла ветрам, як змывае абрыўкі туману.

Каля ног Нешкі засталася толькі пустая клетка з залатымі прутамі.

І тады над нашымі галовамі грымнула — аглушальна, жудасна, так, што здрыганулася зямля пад нагамі. Драпежныя цені разраслілся, распухлі бязмерна і ўсталі на дыбкі. Падалося, што гэта Неба раскалолася і падае долу, падае на нас — але то даў расколіну курган, і мы з яснага цёплага дня праваліліся ў суцэльную цемрадзь.

З цемрадзі нарадзіліся агні — ласкавае зеленаватае полымя курганоў, халоднае, цякучае, зусім не падобнае да таго, што зырка буяе ў ачагах чалавечых сыноў. Агні ціхутка пазвоньвалі, як сярэбраныя званочкі, і плылі, і смяяліся, выхопліваючы кругамі святла то каменныя пліты са старадаўняю разьбою, то край каляровай фрэскі, то белы твар Нешкі з цёмнаю радзімкай пад левым вокам, то светлую чупрыну падшыванца Яся. Стаўры скавытаў зусім побач, тыцкаўся мокрым носам у маю далонь.

— Ціха, дружа, ціха, — я патрапаў сабака па галаве і раптам адчуў, што ў мяне пачынаюць дрыжаць рукі.

З цемрадзі, нябачныя, глядзелі на нас вочы — многія, многія вочы. Зялёныя, быццам Пушча. Нябачныя, яны шапталі, перагаворваліся, і ад іхніх злавесных шэптаў нават мне рабілася ніякавата. Я з лязгам выцягнуў з похваў меч.

— Толькі паспрабуйце каторы, — паабяцаў я нябачным.

Падшыванец Ясь уздумаў губляць прытомнасць і валіцца з ног, але я паспеў леваю рукою ўхапіць яго пад локаць, утрымаць. Адчуваў: варта хлопчыку толькі паказаць сваю слабасць — і ад яго і крывавага шматочка не пакінуць.

— Так цёмна, дзядзечка, — шаптаў падшыванец. Словы вырываліся з ягоных вуснаў серабрыстымі аблачынкамі марознай пары. — Так холадна.

— Проста ідзі, — адгукаўся я цвёрда. — Ідзі наперад. Наперад.

Нешка падхапіла другую яго руку, тую, што і зараз сціскала лютню.

— Зусім трошачкі, — зацурчала лагодна. — Яшчэ трошачкі пацярпець.

Мы з ёй абое з надзвычайнай яснасцю і скрухай ведалі, чым, хутчэй за ўсё, гэтая дарога для хлопчыка скончыцца. Чым звычайна ўсё заканчваецца для тых смяротных, што трапілі да Сотвара сюды, у падзем'е. І не глядзелі адзін на аднаго, і зацята маўчалі пра гэта, быццам нават адно слова магло пазбавіць надзеі, парушыць кволую раўнавагу на шалях лёсу.

Нейкая асабліва ўчэпістая дрэнь, апярэджваючы падзеі, працягнула кіпцюрастую лапу да Ясева горла. Вырашыла, мабыць, што я раней пажартаваў. Я, не прыглядаючыся, ударыў мячом наводмаш. Цемрадзь зайшлася лямантам, а лапа, усё яшчэ перабіраючы доўгімі пальцамі, засталася ляжаць на камянях.

Зялёныя агні падскоквалі, круціліся і заставаліся вісець цэлымі гронкамі, цэлымі сузор'ямі. Залівалі ўсё зыркім зеленаватым святлом. У вялікай круглай зале між каменных калонаў, што сыходзілі ў непраглядную цемру, сабраўся, мусіць, увесь Двор, усе паэты, усе рыцары, усе пекныя панны, усе зухаватыя паляўнічыя. У золаце, у бляску самацветаў, з тканымі паясамі, з вышыванымі рукавамі, ажно ззяючыя ад прыгажосці. Яны з лёгкім шоргатам расступаліся перад намі, давалі дарогу наперад, туды, дзе на ўзвышэнні стаяў просты драўляны трон.

5
{"b":"567931","o":1}