Я дазволіў сабе ўсміхнуцца. Хлопчык, які нібыта ніколі не хлусіць, свядома дазволіў сабе з паўтузіна дапушчэнняў у гэтай гісторыі. Але тым прыгажэй атрымалася. Ды і казкі павінны хораша заканчвацца, ці не так?
Музыка замірала, гасла, і гаслі пакліканыя ёй здані. А Сотвар сядзеў нерухома, прыкрыўшы вочы рукою, і маўчаў, і ўвесь Двор маўчаў таксама. Падшыванец Ясь, цяжка пераводзячы дыханне, аціраў спацелы лоб. Гэтая музыка адабрала ў яго шмат сілы, так што нават абнесла вочы цёмнымі коламі, але хлопчык усміхаўся.
На мой век прыпала дастаткова паядынкаў, каб я навучыўся адчуваць пералом у змаганні, i вось зараз адбылася несумненная перамога.
— Што ж, дзіця, — прагаварыў Сотвар павольна, гледзячы ўбок. Далонь яго мільганула каля самых вачэй і зноў апусцілася. — Мы... Я хачу аддзячыць табе за твае песні, як было абяцана.
Князь падняўся з трона і працягнуў руку.
— Падыдзі да мяне, дзіця, — запрасіў. Ясь пакасіўся на мяне і Нешку, нерашуча пераступіў з нагі на нагу, упарта звёў бровы і пакрочыў уверх, паціснуў Князеву руку.
— Два дарункі абяру я сам, — працягваў Сотвар. —
Бо дзве твае песні не прыйшліся нам пад густ. Першае: язык твой будзе лягчэйшым за пёрка i не здолее ўтрымаць цяжар хлусні. Другое: будзеш бачыць далей, чымся усе іншыя смяротныя, нават калі твае вочы замгляцца.
Словы падалі цяжка, абвівалі Яся, быццам змеі.
Патыхалі чарамі — старажытнымі, як сам Сотвар, як мы ўсе, як гэта зямля. Дар праўды i дар прадбачання, на мой густ, не самае лепшае спалучэнне, асабліва каб выжываць між людзей. Хоць з чарамі ўсё залежыць ад таго, як іх павярнуць, як імі карыстацца. Яны не благія і не добрыя ад пачатку — благі ці добры толькі той, хто нясе іх у свет.Ясь, мусіць, яшчэ не зразумеў, што гэта за дарункі, таму захоплена назіраў за сярэбраным ззяннем, што танчыла вакол яго, і спрабаваў злавіць асобныя іскры.
Трэба падняцца, папярэдзіць яго, але — не магу. І цемрадзь адтуль, зверху, куды сыходзяць вершаліны калон, абсыпаецца мне на вочы чорным пер'ем, замінае глядзець.
— Трэці дар абірай сам, — суха сказаў князь. Хлопчык зноў азірнуўся і паглядзеў на мяне.
— А што з дзядзеч. што з гэтым рыцарам будзе, княжа?
— Што б ні было з ім пасля, — прагаварыў Сотвар, змрачнеючы. — Гэта не твой клопат, дзіця.
— А можа, і мой, — Ясь з выклікам ускінуў падбароддзе. — Трэці дар ты мне дазволіў абіраць самому, ці не так, княжа?
І ён, гэты падшыванец, гэты блазан, гэты малалетні дурань, лёгкім крокам спусціўся да мяне ад княжага трона, увесь у серабрыстым ззянні, падаў мне руку, і пажадаў, сонечна ўсміхаючыся:
— Жыві, дзядзечка!..
Сонца неміласэрна пякло мне ў галаву, і галава гэтая наўпрост расколвалася. Я расплюшчыў вочы і пабачыў, што ляжу ніцма ў траве і што побач па тонкай травінцы, напружваючы ўсе сілы, паўзе жывая чырвоная кропля. Я прасачыў яе нялёгкі шлях, спачуваючы ёй ад усяе душы і перавярнуўся на спіну.
Нада мной блакітнае неба падпіраў ссівелы стаячы камень, а над ім плылі белыя-белыя, быццам лебядзіныя крылы, аблокі. Я глядзеў на іх, на поўныя грудзі ўдыхаючы мядовы водар верасовага мора, і, несумненна, жыў.
— Рыцар! — паклікаў мяне голас Нешкі. Я не без цяжкасці сеў, трымаючыся за бок. Той смылеў, але не болей за тое.
Побач са мной у траве ляжаў меч — чужы, бо мой, выкаваны майстрамі з-пад кургана, мірна спачываў у похвах. Мабыць, той, што Падвей калісьці пакінуў тут, забіраючы сваю князёўну.
Я ўзяў чужы меч у рукі, вывучаючы, і трохі запознена зразумеў, што гэты — чалавечы, выкаваны ў кузні з халоднага жалеза. Але злы метал маўчаў, не пагражаў і не апякаў маю скуру — прыручаны, прызнаў за свайго. За аднаго з тых, што расказваюць казкі каля сваіх ачагоў.
— Рыцар.
Панна Нешка стаяла тут жа каля каменя, разгубленая і настолькі мілая ў сваёй збянтэжанасці, што я ўсміхнуўся і адклаў Падвееў меч. За курганам, нябачны адсюль, заліваўся радасным браханнем Стаўры. Тут жа заходзіўся рогатам, таксама нябачны, Ясь:
— Сабачышча ты, сабачышча, а вось і не зловіш! Не зловіш, не!
Тут падшыванец вохнуў і, верагодней за ўсё, пакаціўся па зямлі. Сабачышча такі злавіў.
— Не ліжыся, ну! — прыглушана лямантаваў Ясь. — Я табе кажу, годзе!..
— Куды ж цяпер? — занепакоена спытала Нешка. І таропка пачала расказваць, што пайшла за мною і Ясем, каб прасачыць, каб дапамагчы. А калі ўпэўнілася, што са мною ўсё добра, хацела вярнуцца назад, а цень пад стаячым каменем.
— Цень замкнёны, — дагаварыла спахмурнелая панна. На вейках яе дрыжалі слёзы. Я, трымаючыся адной рукой за шурпатае цела каменя, стаў на ногі. Зірнуў на ўласны шалом-чэрап, на як прысеў легкадумны белы матыль.
— Куды ж нам?.. — паўтарыла Нешка. Я зрабіў да яе адзін хісткі крок, адвёў ад белай шчакі залацісты завіток валасоў і, нахіліўшыся, пацалаваў там, дзе пад здзіўленым вокам чарнела дробная радзімка.
Узяў у сваю далонь маленькую цёплую руку і ўпэўнена адказаў, паказваючы туды, дзе пасвіўся шэры ў яблыкі конь, дзе вілася і знікала ў куродыме дарога:
— Туды.
Ілюстрацыі Маргарыты Латышкевіч.