Але ж пры гэтым як яны любілі павучаць! А ўсялякі намёк на інтэлектуальнасць, глыбіню, гуманізм, імкненне дакапацца да ісціны ўспрымалі як бы за асабістую абразу. Такое ў іх спараджала буру абурэння ды абвінавачванняў: ты капаеш пад асновы камуністычнага ладу і хочаш рэстаўрацыі капіталізму. Акрылены новым значком дэпутата Вярхоўнага Савета на лацкане, М. Малочка мне, такому ж выхадцу з заходнебеларускай вёскі, як і сам, і амаль аднагодку, пры спатканні вока на вока «па-сяброўску» падказваў, што знаходжуся не на правільным шляху, не ўмею жыць. Раіў браць прыклад з яго. Я ж прыглядваўся да чалавека і не мог уцяміць: жартуе ці кажа ўсур’ёз.
Зямляк мой вырашыў аднойчы ашчаслівіць аднавяскоўцаў. Родам ён з беднай вёсачкі Плецянічы Зэльвенскага раёна. Мясцовасць, напэўна, названа ад беларускага дзеяслова – плесці. Назва паходзіла хутчэй ад рамяства жыхароў, якім у даўнія часы займаліся, – плялі, мабыць, рыбалавецкія прычындалы і торбы. Але зразумець гэтыя прамудрасці новаспечанаму вучонаму сельскагаспадарчых навук было не пад сілу. Назву палічыў абразлівай. Звязана, маўляў, з праклятай народам «плетью» (а гэта чыста рускае слова, яно ў нас аніяк не магло пусціць такія карані, каб паслужыць для назвы вёскі!), якой шчодра карысталіся паны і памешчыкі. Дык няўжо і цяпер яе славіць?!
Маючы даную яму народам уладу, Малочка рашэннем выканкама назву замяніў на Чырвонае сяло.
Але ўдзячнасці ад землякоў усё роўна не атрымаў. Калі неўзабаве прыехаў на радзіму для сустрэчы з выбаршчыкамі і з трыбуны хваліў савецкую ўладу, што яму, маўляў, з былога батрака і пастуха дала магчымасць вырасці да «чырвонага губернатара» (цытата з яго прамовы ўклубе!), несвядомыя аднавяскоўцы так і не змаглі ацаніць належным чынам яго грамадскі ўчынак і пракалолі высокапастаўленаму земляку ў «Волзе» ўсе чатыры колы.
Мяняліся людзі на вачах
Найбольш мяне дзівіла метамарфоза з I.Мікуловічам. Гэты вясковай закваскі, бытта бы і просты, без фокусаў чалавек, жанаты на звычайнай медсястры (з трэцяй паліклінікі), якая не пакінула сваёй нялёгкай работы нават тады, калі нечакана для іх абаіх муж стаў абласным начальнікам, дэградзіраваў у мяне ва вачах. Аж шкада было яго, як перараджаўся.
Зрэшты, назаву толькі факты – судзіць аб эвалюцыі I.Ф.Мікуловіча зможа кожны.
Аднойчы на вёсцы я спаткаўся з жахлівым фактам.
У калгасе – самым перадавым у раёне, у які я прыехаў рабіць рэпартаж для газеты, – якраз капалі бульбу. Капачы высыпалі яе ў скрыні, затым селянін браў лейцы ў рукі ды адпраўляўся з возам на станцыю ладаваць бульбу ў вагоны для адпраўкі ў Ленінград. Перад гэтым дырэктар школы абавязкова да кожнага воза прыстаўляла вартаўніком настаўніка, каб дзядзька, барані Бог, не ўздумаў па дарозе бульбы адсыпаць.
Так і валакліся яны па дарозе кіламетраў сем: конь з наладаваным возам, побач дзядзька з лейцамі ў руках, а за імі педагог, апусціўшы галаву, бо яму было няёмка спатыкацца вачыма з чалавекам, які вучыў у яго сваіх дачок. Затым валокся другі конь, другі дзядзька ды грамадскі міліцыянер...
I сам гэты дзікі факт, і тое, што ні дырэктар, ні настаўнік, ні брыгадзір са старшынёй калгаса не бачылі ў ім нічога заганнага, ды выгляд тых няшчасных настаўніц і настаўнікаў, якія з пакорай ды панылай абыякавасцю тупалі за фурманкамі, мяне моцна ўразілі – аб хвалебным рэпартажы з перадавога калгаса, дзе старшынёй – Герой Сацыялістычнай Працы, не магло быць і гаворкі.
Я адразу кінуўся да сакратара абкама партыі ды з абурэннем яму пра ўсё выклаў.
Іван Фёдаравіч надта шчыра прыняў гэта да сэрца і расказаў пра тое, што аднойчы назіраў сам.
Ехаў Мікуловіч праз вёску каля гумна і пачуў: у ім арфуюць збожжа. Выразна было чуваць, як грукоча агрэгат. Сакратар абкама спыніў машыну, каб заглянуць у гумно. На сваё здзіўленне, выявіў: на ўсіх дзвярах даўжэзнай будыніны вісяць здаравенныя замкі.
Шафёр праз хвіліну прывёз старшыню калгаса, і тады выявілася, што старшыня перадавога калгаса і таксама Герой Сацыялістычнай Працы, каб не кралі зерне, сваіх калгаснікаў замыкае на цэлы дзень на ключ і толькі вечарам выпускае.
– Як жа яны да ветру ходзяць, як жа ў іх з абедам? – здзівіўся сакратар абкама.
– Чорт іх не возьме, выцерпяць, не вялікія паны, – супакоіў яго мясцовы кіраўнік. Ды ўпэўнена дадаў: – А што загадаеце мне рабіць – чакаць, пакуль усё развалакуць? Ведаю я іх – аж занадта!
Яшчэ Іван Фёдаравіч дадаў, што гэткая практыка ўкаранілася ва ўсіх калгагах і саўгасах. Укаранілася даўно, але ён не ў змозе што-небудзь перайначыць. Бо неяк так склалася, што публічна пра гэта і не скажаш: не зразумее цябе ніхто і не падтрымае. Вось ён якраз сядзіць і над гэтым думае.
Мы вельмі шчыра над з’явай пабедавалі ія з цяжкім сэрцам развітаўся. Праўда, цяжкасць была ўжо не тая – прыемна, калі дзеліць з табой яе яшчэ хто-небудзь.
У 1962 годзе я занёс яму часопіс «Октябрь», у якім пісалася пра вытворчыя брыгады ў Сібіры – першыя ў сёлах Савецкага Саюза, ды пра тое, якіх дасягнулі яны поспехаў, – куды большых, чым у самых лепшых калгасах. Іван Фёдаравіч ідэяй адразу загарэўся. Выклікаў з Масквы нават аўтара артыкула, самога Барыса Мажаева. Распытаў яго падрабязна пра структуру вытворчых брыгад на сяле, пра іх адносіны з мясцовымі ўладамі і парэкамендаваў некаторым калгасам Гарадзеншчыны наладзіць такое новаўвядзенне ў сябе.
І што вы думаеце? Наладзілі!
Але нядоўга ў нас праіснавалі на сяле тыя вытворчыя брыгады. У той самай Маскве, дзе і «Октябрь» друкаваўся, знайшліся ў ЦК КПСС разумнікі, якія Гарадзенскі абкам партыі абвінавацілі ў падрыве сацыялістычных устояў, а Мікуловіча за гэта ледзь не знялі з пасады сакратара абкама па сельскай гаспадарцы, – такую пасаду ён тады займаў.
Неўзабаве настаў перыяд застою, а з ім разгул дэмагогіі, пустазвонства ды прынцып паводзін: хапай, хто што можа, бо пасля нас – хоць патоп! Вось тады метастазы разгулу дабраліся і да I.Мікуловіча. Да таго часу ён ужо ў нас стаў першым сакратаром абкама.
Аднойчы ехаў я з Менску ў вагоне з нейкай маладзіцай.
Неўзабаве даведаўся: яна – дэпутатка-даярка, вяртаецца з сесіі Вярхоўнага Савета БССР.
Я пацікавіўся:
– І што там было цікавага?
– Апельсіны ў буфеце! – борзда пахвалілася яна ды паказала на аранжавыя кругляшы ў сетцы.
Я сябе супакоіў разважаючы: што ж, відаць, маладая мама. Выпадкам надарылася аказія набыць ласунак дзеткам, і гэта ёй зацьміла ўсё астатняе.
Пачакаўшы хвіліну-другую, я зноў спытаўся:
– А яшчэ што было на сесіі цікавага?
Яна наморшчыла лобік, успамінаючы:
– Яшчэ?.. Яшчэ...
Бачу, успомніць не можа аніяк.
– Вы ж там, нябось, не гадзіну былі! – дапамагаю.
– Аж два дні!
– Ну? – цягнуў я з яе навіну.
– А яшчэ ў ларку давалі кітайскія кофты, але мне ўжо не дасталіся!
– Не хапіла? Што ж так зявалі?
– Так выйшла!.. Стаяла, стаяла ў чарзе, ужо мая калейка падыходзіла і... Эх, як шкада!
– Ах, ах!.. – падыграў я.
– Ледзь не заплакала ад крыўды!
– Та-ак, не пашэнціла вам...
Знайшоўшы ўва мне цярплівага слухача, маладзіца вырашыла быць шчырай да канца:
– І яшчэ трэба было прысутнічаць дзень на сесіі, але я ўжо не вытрывала!
– Так дамоў цягнула?
– Жах! Хутка ж дзецям у школу ісці, сабраць іх трэба! І я мала слоікаў з гароднінай на зіму накруціла, а сезон гуркоў вось-вось скончыцца! Дый у гэтых гасцініцах жыць не люблю – казёншчынай ад іх аддае!..
Мне раптам падумалася: нічога сабе ілюстрацыя да міфа наконт таго, што кожная кухарка зможа кіраваць дзяржавай! Вярнуўшыся дамоў, зайшоў я і да I.Мікуловіча і, як раней, давай яму з горыччу выкладваць сцэнку ў купэйным вагоне. Маўляў, вось такіх пасланцоў народа выбіраем! А менавіта ад іх залежыць лёс культуры, асветы, здароўя, мова ды быт нашага народа!
Першы сакратар абкама слухаў, слухаў, а затым нечакана абрынуўся на мяне з Быкавым (Васіль Уладзіміравіч жыў тады яшчэ ў Гародні) за тое, што, маўляў, не туды глядзім і бачым не тое. Параіў абодвум добра праштудзіраваць раман У.Кочатава «Чего же ты хочешь?».