У 1982 годзе ў Вялікім тэатры Масквы адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, і я знаходзіўся ў прэзідыуме. Міцкевіч да таго часу захварэў невылечнай хваробай і проста з крамлёўскай лякарні прыйшоў нас праведаць. Падабраўшы адпаведны момант, ён адвёў мяне за кулісы, абняў за плечы і сказаў:
– Аляксей, даруй мне!
А тады ў кабінеце Міцкевіча дыялог наш станавіўся падобным на гутарку сляпога з глухім, і я яго абарваў.
«Карыфеі» навук
У канцы шасцідзесятых наша абласное кіраўніцтва ў адзін час пагалоўна загарэлася ідэяй абароны дысертацый. З’ява гэтая набыла буйныя памеры.
Старшыня аблвыканкама М.Малочка, яго намеснік, сакратар абкама А.Ульяновіч ды іншыя, раптам палічылі, што для поўнага камфорту ім не хапае толькі навуковых ступеняў. Інструктараў сваіх вызвалілі ад прамых абавязкаў ды пасадзілі рыхтаваць дысертацыі.
Паручэнцы і не супраціўляліся. Іншыя нават з гонарам яшчэ і хваліліся:
– А што мне? Затое машына ў маім распараджэнні. Куды хачу і на колькі ўздумаю, еду! I сам вырашаю, калі на работу ісці, як адпачынак праводзіць. Пасля завяршэння рукапісу шэф павышэнне абяцае!
Перад абаронай патрабуецца ад прэтэндэнта, як вядома, атэстат за сярэднюю школу, дыплом аб вышэйшай адукацыі ды здача мінімуму, у які ўваходзіць і замежная мова. Атэстаты яны прыдбалі раней, дыпломы – таксама, дружна скончыўшы завочна інстытуты, а мінімум – нічога не папішаш – трэба было цяпер здаваць. А як яго здасць такі Малочка, які скончыў некалькі класаў пачатковай школы пры Польшчы? Недалёка адышлі і астатнія.
I пры педінстытуце для такіх прарэктар Б. Фіх тэрмінова наладзіў здачу экзаменаў экстэрнам, для чаго рэктар нават вызваліў свой кабінет.
Газеты аб гэтым, як і пра многае іншае, не пісалі, таму надта квітнела вусная інфармацыя. Гараджанам у наступны дзень усё роўна стала вядома, як Малочка на экзаменах даводзіў, што вярблюдаў разводзяць на Таймыры.
Калі старшыня аблвыканкама быў маленькі і непрыкметны, то яго намеснік – буйны рыжаваты мужчына. I вось ён, на здзіўленне экзаменатарам, пры здачы на мінімум не мог наогул нічога адказаць. Сядзеў ды маўчаў. Гэты мажны з выгляду, сыты прэтэндэнт, які вальяжна разваліўся ў крэсле рэктара, на самай справе выявіўся беларучкай і чыстаплюйчыкам. Станоўчую ацэнку экзаменатары яму вымушаны былі выставіць з вялікай нацяжкай.
Прэтэндэнты паказалі смеху вартыя веды, асабліва па замежнай мове. Як выключэнне, Малочку дазволілі здаваць мову польскую. Астатнім прахадны бал выставілі па нямецкай. Памятаю, як загадчык кафедры замежнай мовы інстытута I.Чартко дараваць не мог сабе потым, што мусіў выставіць чацвёрку тым, хто нават не чуў, што такое артыкль, і ніяк не змог прачытаць адзін з іх іначай, як «дзі». Мы з Чартко якраз спаткалі на вуліцы Фіха ды спыталіся, навошта ён такіх грамацеяў піхае ў навуку. Барыс Маркавіч бойка выпаліў:
– А што? Адным дурнем будзе больш, адным менш, якая розніца? Цяпер у навуцы поўна такіх!
Усе зарагаталі, у тым ліку і я, не ведаючы яшчэ, што дома чакае мяне працяг гэтай самай справы.
Мая жонка працавала настаўніцай у адной з рускіх школ і лічылася добрым спецыялістам. У той самы дзень ёй патэлефанавалі з прыёмнай аднаго з вышэйпамянёных кіраўнікоў, маўляў, сакратарка праз хвіліну прывязе дысертацыю свайго шэфа, падрыхтаваную інструктарам (хто дысертацыю рыхтаваў, называлі тады адкрыта, не тоячыся, у гэтым быў якісьці шык!), і трэба было ў дысертацыі выправіць памылкі.
Доўга жонка мучылася над тым опусам, дзівячыся з узроўню пісьменнасці нашых чыноўнікаў. Давала яго і мне глядзець. Нудная і нікому непатрэбная тарабаршчына. Нарэшце паперы жонка аднесла ў канцылярыю. Але шэф не пажадаў нават выйсці са свайго кабінета ў прыёмную ды хоць пару слоў падзякі сказаць жанчыне.
І вось надыйшоў час, калі «негры» паклалі на стол шэфам гатовыя рукапісы – кампіляцыі з газет, урыўкі артыкулаў і дакладаў. І неўзабаве тыя, хто, паводле расказаў літработнікаў абласной газеты, не маглі звязаць на паперы самастойна і двух слоў, прымушаючы самыя простыя газетныя артыкулы пісаць за іх, «абступеніліся». За выключэннем Аляксандра Ульяновіча. Нейкім чынам у апошні момант аб яго намеры даведаўся Пётр Машэраў і дарогу ў навуку бойкаму Аляксандру Восіпавічу закрыў. Яшчэ прэтэндэнта на Рэспубліканскім сходзе Пётр Міронавіч добра высцебаў.
Між іншым, і цяпер падобныя кандыдаты навук, дактары спрабуюць стварыць пагоду. Ані крыху не бянтэжачыся, што тэмы іхніх дысертацый такія, напрыклад, як «Царыца беларускіх палёў – кукуруза», «Прафсаюзы хімічнай прамысловасці БССР у барацьбе за павышэнне вытворчасці працы ў IX-й пяцігодцы», «Перамога развітага сацыялізму ў СССР», «Крызіс капіталізму» і «Нацыянальная палітыка ў СССР – гарант дабрабыту і ладу», яны ахвотна выступаюць з лекцыямі. Мала гэтага. Такія і цяпер кіруюць НДІ, ВНУ, вешаюць ярлыкі пісьменнікам і «расперазаўшымся» журналістам, на кожным кроку бачаць нацыяналістаў. Яны, вядома, на словах таксама прыхільнікі перабудовы. А на самай справе, як вобразна сказаў Алесь Адамовіч, напоўнілі шэрагі беларускай вандэі і дружна стараюцца перабудову прыдушыць. Толькі цягнік іхні ўжо адышоў. Горай тое, што паспелі такім жа шляхам «абступеніць» яшчэ і сваіх дзяцей.
Аднак вернемся да галоўных герояў.
Баль у высокага чына
Нядаўна ў «Известиях» быў надрукаваны матэрыял аб Старшыні Вярхоўнага Савета Узбекістана Ягдар Насрэддзінавай. У ім гаварылася, з якім марнатраўствам народных сродкаў Ягдар Садыкаўна праводзіла сынава вяселле. Як мы цяпер усе ведаем, такія парадкі нярэдкія. У застойны час перараджэнне чыноўніцкай іерархіі, на жаль, захапіла ўвесь саўапарат, але я Амерыкі не адкрываю – пра гэта ўжо не раз гаварылася ў прэсе.
I нашы гора-кіраўнікі ў той час, па закону злучаных сасудаў, выдатна ведалі, што вычаўпляюць насрэддзінавы, шчолакавы і чурбанавы. Таму смела дзейнічалі па прынцыпу: калі можна тым, чаму нельга мне, тым больш што ў той перыяд на перыферыях яны былі яшчэ больш недасяжнымі для праваахоўных органаў.
Пачыналі яны з раздачы адзін аднаму лепшых кватэр, ордэнаў, арганізацыі сабе і сваім нашчадкам вучоных ступеняў, прэстыжных пасад. Апетыты ў іх раслі і, карыстаючыся службовым становішчам, перайшлі паступова да марнатраўства дзяржаўных сродкаў больш адкрыта.
Цяпер ні адна сесія ці канферэнцыя не заканчвалася без калектыўнага балю.
Паездкі за граніцу (у ПНР, напрыклад) і прыём замежных гасцей ператварыліся ў суцэльныя п’янкі. Ганебная звычка настолькі ўкаранілася, што, калі я аднойчы на абласным актыве выказаў трывогу з-за гэтага, увесь зал высмеяў мяне як рэтраграда. Да сённяшняга дня памятаю яго ўтробнае іржанне, за якім гучала насмешка такога акцэнту: о, Карпюк так выступае, бо яму, мабыць, мала выпіць дасталося! Страх, якія набыло гэта памеры.
Напрыклад, камсамол для заканчэння канферэнцыі наняў аднойчы цэлы прафілакторый тытуншчыкаў над Нёманам у лесе. П’янка камсамольскага актыву на чале з першым сакратаром ЦК ЛКСМБ Жабіцкім (пасля стаў міністрам унутраных спраў БССР, затым зняты з пасады за злоўжыванні, рэха аб чым пракацілася па ўсім былым Саюзе!) працягвалася да раніцы. Мой знаёмы (М.Цыгельніцкі) адказны быў за мікрафоны, святло і, успамінаючы тую калектыўную распусту, плюецца яшчэ і цяпер.
Застаў дурня Богу маліцца
Вяртаючыся цяпер у думках да тых абласных кіраўнікоў, спрабую сябе стрымліваць. Ну, праводзілі вяселлі, маючы магчымасць, ну і што? Яны ж не выхадцы з чужога класа, і кожнаму з іх, вядома, даставалася ў пару сталіншчыны, хрушчоўскага валюнтарызму і брэжнеўскага застою таксама пад завязку.
Іх бяда – бедны інтэлектуальны ўзровень. Захапіўшы высокія пасады ды атрымаўшы, як я ўжо сказаў, пераканаўчыя прыклады ад розных чурбанавых, насрэддзінавых, шчолакавых, жабіцкіх, яны таксама займелі замашкі, каб як найбольш хапаць ды жыць па прынцыпу – пасля мяне хоць патоп!