Даўно трэба ад’язджаць. На святло ўакне можа хто заглянуць. Ды халерны ровар зноўразвалі .ся, а рамантаваць гэтага дзеркача можна толькіпры лямпе: шыбы спецыяльна заляпаныя, каб праз іх нельга было нічога ўгледзець, дзённага святла амаль не прапускаюць. Ровар надта стары, куплены яшчэ пры Пілсудскім.
– Кажуць, вось-вось і псаломшчыкаў пачнуць у Сібір вывозіць, хто ёй, беднай, тут тады дапаможа?!
Апавядае ўсё дзядзька, я слухаю ды лапаю сябе на думцы: ну, дакладна, бы ў нямецкім канцлагеры, калі сыходзіліся беларус-селянін, аўстрыяк-шахцёр, чэх-мастак, над якімі вісеў адзін і той жа самы дамоклаў меч, ды дзяліліся сваімі бедамі!
Зрабілася як бы лягчэй. Я чалавеку паспачуваў:
– Затое ноччу бандыты напасці на вас могуць, а днём бяспечныя дарогі!
Пажылы чалавек дапытліва паглядзеў мне ў вочы, разважаючы, ці мае быць перада мной да канца шчыры. Рызыкнуў:
– А я вам скажу, у гэтых яшчэ можаш адпрасіцца! Угаварыць іх можаш! Бо павыганялі іх са сваіх селішч, паламалі ім жыццё... А ў прыродзе так: нават мыш кусаецца, бо і яна мае права абараняцца!..
Бачачы ў маіх вачах здзіўленне, растлумачыў:
– Якія з іх бандыты? Таксама няшчасныя людзі! У чым яны вінаватыя? У тым, што не захацелі, каб, як быдла, і іх павезлі ў Сібір таварнякамі, ды ўцяклі?!
– Вы так думаеце?!
Ход думак чалавека для мяне быў такі нечаканы, што я не знаходзіў, што сказаць больш.
Чалавек загаварыў ужо спакайней:
– Гэта ж – ясна. А з такімі дамовіцца заўсёды можна. Затое з гэтымі абармотамі, камандзір якіх жыве на Лермантава вуліцы, не дагаворышся. Такія ні чалавечай літасці, ні міласэрнасці не ведаюць! У-у, такія маці сваю не пашкадуюць!
Хацеў яшчэ штосьці дадаць, але не дагаварыў. Толькі бліснуў з-пад ілба вачыма. А я падумаў: маеш, чалавеча, рацыю. Сустрэча з гаспадаром старога веласіпеда разварушыла мне душу яшчэ мацней.
Начны хапун
Да гэтага часу цэрквы, касцёлы, капліцы – будыніны, куды пакаленні продкаў неслі свае беды, надзеі і думы, перадавалі пад склады, жылыя дамы (Ваўкавыск-Цэнтральны), а то і проста: трактары чаплялі гакамі за вуглы святынь ды развалаквалі іх на дровы. З культавых будынкаў для службы пакінулі толькі адзінкі.
Забралі ды пагалоўна вывезлі ў Сібір ксяндзоў, папоў (у тым ліку і тых, хто дапамагаў партызанам) і дабіраліся ўжо да псаломшчыкаў. Бралі нават тых бацюшкаў, псаломшчыкаў, хто быў за партызанства ўзнагароджаны ордэнам.
Адзін з кіраўнікоў нашай партызанскай брыгады, Яўген Дзевалтоўскі, працаваў у Гародне пракурорам. Быў у вялікай пашане і адчуваў сябе ўпэўнена. Аднойчы на вуліцы Ажэшка спаткаў свайго партызанскага сувязнога – святара з прыгараднага прыхода. Мужчыны надта ўзрадаваліся, абняліся. Затым пайшлі ў піўную. Жыва ўспамінаючы, як некалі дурачылі немцаў, распілі па куфлі піва. Назаўтра Дзевалтоўскага выключылі з партыі і знялі з пасады, і ўсе ад яго адвярнуліся. Так і памёр, бедны, з мянушкай – паслугач папа, хоць з партызанства вынес вялікія заслугі.
Пазабіралі тыя рэшткі беларускай інтэлігенцыі, якіх не маглі па той ці іншай прычыне ўзяць у 1940-1941 гадах. А праўду дзядзька казаў: на свеце так вядзецца, што нават казурка спрабуе абараняцца. Некаторыя маладыя з сем’яў якія ладавалі на вазы ці ў машыны, каб перці на чыгунку да эшалона, з-пад канвою ўцякалі ў лес і там аб’ядноўваліся ў групы, як у часы нямецкай акупацыі.
З-за бандаў цяпер страшна было зайсці ў лес. Каб выжыць, яны нападалі на магазіны, рабавалі людзей, зводзілі крывавыя разлікі з тымі, на каго мелі падазронасць, што быў звязаны з НКУС...
Колькі лягло тады міліцыянераў, салдат і актывістаў у барацьбе з такімі “бандытамі”, створанымі, калі разабрацца па справядлівасці, самімі энкэўсаўцамі на чале з іх Вялікім і Мудрым Правадыром, яшчэ і не палічылі.
Часамі, калі агортваў роздум, я прыкідваў: а што было б, калі б летам 1941 года за «кулацтва» паспелі вывезці і нашу сям’ю? Не ведаю, як мой брат, Валодзька, а я, хутчэй за ўсё, таксама паспрабаваў бы ўцячы з-пад аховы, бо мацней за ўсё люблю свабоду. Мажліва, яшчэ тады папоўніў бы шэрагі вось такіх «бандытаў» у лесе. А ўвогуле, ніякія яны не былі бандыты. Сваімі людажэрнымі распараджэннямі «мудры» Правадыр спарадзі у Заходняй Беларусіэлементы грамадзянскай вайны. Для мяне гэта ясна.
Тым часам хваля рэпрэсій набірала размах.
Нават сёння памятаю тую раніцу – жудасна-страшную, калі мы ў інтэрнаце раптам даведаліся, што яшчэ ўчора з пасады рэктара знялі нашага любімага Уласаўца і на яго месца прызначылі п’яніцу і нікчэмнасць. Мала таго, ноччу ў пакоях інтэрната на Савецкай вуліцы зрабілі ператрус, пасля чаго арыштавалі студэнтаў – Кісяля, Старадубцава, Барэвіча, Матэчку, Пілецкага.
За імі забралі выпускнікоў – Смоліча, Чурылу, Майсеню і Генаша. Узялі Барэвіча, выкладчыка Гайдучыка ды яшчэ і яшчэ, каго цяпер, на вялікі жаль, ужо і не ўспомню.
Паводле чутак, усіх абвінавацілі ў антыкалгаснай прапагандзе. А Барэвіча з Гайдучыкам – у змове для страшэннага злачынства – забойства першага сакратара Гарадзенскага абкама партыі Сяргея Прытыцкага.
Зрэшты, ці такое абвінавачанне было на самай справе, ці гэта толькі плётка, ніхто толкам сказаць не мог. Адно шмат гадоў пасля рэабілітацыі яны расказалі прычыну мне самі. Для астатніх ахвяр энкэўсаўцы не змаглі прыдумаць і важкіх абвінавачванняў.
Чаго ім толькі не прыпісвалі! Аднаго студэнта ўзялі, бо выключыў у пакоі радыё, калі гралі «Інтэрнацыянал». Другога пасадзілі на дзесяць гадоў у лагер, бо сказаў, што надта ж любіць, калі іграюць замежныя акардэаністы. З суседняга з маім пакоя ўзялі хлопца, бо, збіраючы грыбы, бачыў бандытаў. Студэнт пра іх адразу і заявіў, але гэта было няважна. Маўляў, выйшлі бандыты, бачыце, не да каго іншага, але да яго!
Яшчэ хлопца ўзялі, бо ў час студэнцкага суботніка, падышоўшы да сяброў, калі ўсе курылі, пакпіў:
– Ну ж і працуеце вы, як стаханаўцы!
Дачка дырэктара шклозавода вярнулася з рынку і праспявала фразу, якую пачула ад п’янай бабы:
Ах, калхознічкі, канарэечкі,
Усё ро-обім мы за капе-ечкі!
Сястра паўтарыла другую п’яную:
Шла ў калгас – юбка нова,
Шла з калгаса – попа гола, ух, ух!
Абедзвюх блізнятак ноччу забралі, і больш іх ніхто не бачыў і не чуў.
Неўзабаве яшчэ некалькі дзесяткаў студэнтаў выключылі з інстытута бытта бы за дапамогу акупанту ды за тое, што ўтаілі мінулае, – бачыце, яны былі дзецьмі «ворагаў народа».
Студэнтку Ліду Перагуд прыперлі, бо, выходзячы замуж, шлюб брала ў царкве. З-за канспірацыі абрад рабіць ездзіла ў Вільню, аднак знайшліся даносчыкі, і хітрасць Лідзе не дапамагла.
У лік выключаных трапілі нават інваліды ВАв (М.Якімовіч ды іншыя), а таксама хлопцы, якія ў вайну маглі быць толькі пастушкамі. Яны вучыліся пры немцах у беларускіх школах, там іх механічна залічылі ў Саюз беларускай моладзі, і энкэўсаўцы завялі на іх справу як на падсобнікаў акупанта.
Кожнага з іх я добра ведаў. Абвінавачанні супраць хлопцаў і дзяўчат былі недарэчнымі. Але ж зноў ніякіх афіцыйных тлумачэнняў – ні рэктарату, ні родным, ні мне, старшыні прафкама.
Пад уладай чырковых
Усведамленне таго, што ўзятыя і выключаныя з інстытута нічым абсалютна не адрозніваюцца ад астатніх, у тым ліку і ад цябе, што існуе нейкая пачварная, усемагутная сіла, якая творыць беззаконне, чалавека аглушала ды паралізавала. Ты ўвесь час быў наструнены ды чакаў: вось-вось і да цябе, голуба, дабяруцца. Напэўна дабяруцца, як ні круціся. Што ж, па іхніх мерках і ты гэтага варты: жыў не так, як ім хацелася б. Выходзіць, я шкоды нарабіў?
I я зноў перабіраў усе падзеі мінулага да дробязей, так і гэтак смакуючы, ды зноў нічога не знаходзіў. Хоць ты пад зямлю залазь.
На калісьці ціхай, з пышнымі кустамі бэзу вулачцы Лермантава віднеўся масіўны асабняк. У ім цяпер азотна-тукавы камбінат абсталяваў гасцініцу на 35 чалавек. Па горадзе папаўзла раптам вестка, што ў будынку тым пасяліўся начальнік НКУС Гарадзенскай вобласці – грозны Фралоў. Што менавіта ад яго ідуць усе тыя страхі. Таму будынак за бэзам, хто толькі мог, абыходзіў.