Асабліва Чыркоў прыдзіраўся. Маўляў, Карпюк паказаў усю сваю класавую абмежаванасць і блізарукасць, не разумеючы стратэгічнага значэння спорту. Маўляў, у ім, у спорце, як вучыць Клім Яфрэмавіч Варашылаў, закладзена абароназдольнасць маладога пакалення і будучыні краіны. Няма чаго есці? Няма! Але ж ці гэта прычына? Хлусня! I галодныя камсамольцы пабудавалі горад на Амуры, калі спатрэбіўся ён для партыі! А ў грамадзянскую вайну? Камсамольцы Паўкі Карчагіна лютай зімой былі разутыя і раздзетыя (не толькі галодныя!) ды яшчэ і сярод бандытаў, а справу сваю як рабілі? Кожнаму піянеру нават, панімаеш, пра гэта цяпер вядома!
Калі бюро скончылася, выйшаў я ў калідор, а сэрца поўнілася горыччу і крыўдай.
Халера на яго, чаго яны так? Усе ж ведаюць, я стараюся – як толькі магу! Нават сам удзельнічаю ў гуртку бокса, валейбола, шахмат! Бегаю на дыстанцыі ды скачу цераз планку, хоць маю дакумент інваліда ВАв ІІ-й групы (тады яшчэ насіў асколкі ў лёгкім). Трымаю гарадское першынство па стральбе, часамі выбіваю яго і па вобласці, хоць стралянне абрыдла ў вайну!..
I тут да мяне падышоў надта паважаны мной дагэтуль выкладчык марксізму-ленінізму, стары камуніст, член бюро, а, як сам любіў хваліцца, яшчэ і блізкі сябра Марыса Тарэза – Майсей Перэльмутар.
– Перажываеш, малады чалавек?
– А ну яго пад халеру!
– Не трэба так браць да сэрца!
– А як?! – акрысіўся я на старога.
– Ну, ну! Сам ведаеш, наш інстытут на рэспубліканскіх спаборніцтвах заняў ледзь не апошняе месца, ці ж можа з такой ганьбай мірыцца парткам, прафкам, рэктарат, сам падумай?!
Я выбухнуў ледзь не з плачам:
– Што вы гаворыце, Майсей Цалевіч?! У нас жа зусім іншыя, чым у іх, умовы! Пры прыёме там выбіраюць сабе лепшых абітурыентаў Беларусі, бо сталіца, а ў правінцыю да нас трапляюць, хто не здасць экзаменаў у іх, – гэта ж не сакрэт! Вось і вынік, а вы такое мне гаворыце!
– А ты не гарачыся!
– Бо ўсе не хочуць бачыць прычыны!
– Добра, супакойся, усё мы бачым!
– Ага, бачыце! То навошта пілуеце?
– Хочаш, каб па галоўцы гладзілі, так?
– …
– Слухай, я табе падкажу, як іх абагнаць!
– А вы ве-едаеце?! – зарадзілася ўва мне надзея.
– Я многа чаго ведаю, чаго не ведаеш ты. Мы, старыя камуністы, ведаем усё, чаго вам і не снілася нават, хоць вы нас і на грош не цэніце! Але мы ўсё ведаем! I табе можам сказаць. Толькі ўважліва слухай.
Я паўзіраўся на выкладчыка, як на мага:
– Майсей Цалевіч, не магу больш цярпець – кажыце!
– То слухай.
Стары даў мне мажлівасць супакоіцца.
– А ты таварыша Сталіна чытаў?
– Не разумею вас...
– Ён яшчэ і не разумее! Пытаю: добра чытаў творы таварыша Сталіна?
– Па спо-орту? – надта здзівіўся я, прыпамінаючы, дзе і што сказана аб гэтым у кніжках Правадыра народаў і Карыфея ўсіх навук і ў якім відзе спорту праславіўся ЁН сам.
Памяць нічога не падказала. Выкладчык дапамог:
– Не, прамых указанняў у таварыша Сталіна аб спорце не знойдзеш, можаш не шукаць. Але ты пашукай паміж радкоў! Праштудзіруй яго старанна, праштудзіруй і раз, і два, і тры! Ды ведаеш, найлепш калі? Да снядання, на зусім свежую галаву! Я ўпэўнены – тады ў цябе адразу з’явіцца належны вынік! Тады і мінчан лёгка абгоніш, зразумеў? Шчэ і ў Маскву на спаборніцтвы паедзеце!
Выкладчык у салдацкім шынялі пад Сталіна – з гаплічкамі замест гузікаў, так тады апраналіся педагогі інстытутаў, яшчэ хвіліну памеркаваў, якое зрабілі ўражанне яго словы на студэнта, затым здаволена пакрочыў.
ІІІчыра кажучы, я з добрую хвіліну знаходзіўся пад уплывам яго ўнушальных слоў. Бытта яны ішлі ад самога Марыса Тарэза, а то і вышэй. Нават настрой пачаў як бы мяняцца. Ха, выходзіць, у мяне ёсць яшчэ выйсце, ты бачыш?!
Толькі пасля дайшла ўся недарэчнасць, выказаная старым дагматыкам, сектантам, дэмагогам і тупіцам. А калі, нарэшце, дайшла, адразу апанавала ўсю маю натуру.
Мяне раптоўна разабраў прыступ смеху – гвалтоўны і моцны. Азірнуўшыся, ці няма каго блізка, аж прысядаючы, я зарагатаў на ўвесь калідор.
… Язык свярбіць, так хочацца расказаць і пра іншых падобных «выкладчыкаў». Але ж за мэту ў гэтым творы я паставіў перад сабой іншае. Са шкадаваннем пераходжу да падзей наступных.
Псаломшчык– велікамучанік
З сяла пачалі даходзіць весткі – начальства загаварыла пра калектывізацыю. Там-сям за яе ўжо нават браліся. Кампанія гэтая, паводле чутак, ішла вельмі марудна. Бо мужыкі нашы за мінулыя гады аж занадта мелі магчымасць пераканацца, што тварылася ў калгасах Усходняй Беларусі, у Расеі і на Украіне. Хадзілі маляўнічыя чуткі, як там на працадні даюць толькі лічаныя грамы збожжа альбо ў ведамасцях ставяць адны «птушачкі». Апавядалі, у некаторыя гады людзі там бытта бы з голаду паміралі.
Слухаючы зноў аб калектывізацыі, іншыя ў нас шчыра дзівіліся: як жа так, сярод партызан, якіх яны ўсю вайну падтрымлівалі харчамі ды зброяй, панавала цвёрдая ўпэўненасць, што калгасы сябе не апраўдалі і Сталін яшчэ ў пачатку вайны іх адмяніў, зямлю мужыкам раздаў зноў ды сказаў: «Жывіце, як сабе хочаце».
Прыйшла восень 1946 года, а з ёй і неўраджай. Сталін з-за нейкіх амбіцыёзных меркаванняў усё збожжа з Усходняй Беларусі ды Украіны вывез у Заходнюю Еўропу, агаліўшы вёскі падчыстую. Каб ратавацца ад галоднай смерці, і на гэты раз тысячы людзей з мяшкамі, праклінаючы калгасныя парадкі ды правадыра, запрудзілі ўсю Заходнюю Беларусь, дзе жылі яшчэ аднаасобнікі. Такога наплыву няшчасных хутка не забываюць. Адным словам, тэма гэтая ў нашых сялян была непапулярнай. Але, як гаворыцца ў народнай прымаўцы, свая кашуля бліжэй да цела – для мяне было не гэта галоўным.
Мінула пару гадоў вучобы ў педінстытуце, а, насуперак цвярозаму разуменню, нада мной усё вісеў і вісеў той самы «першародны грэх» – бацькава спадчына.
Бацьку рэктара педінстытута Мікалая Уласаўца раскулачылі яшчэ ў 1937 годзе, мажліва таму Уласавец на кожным кроку падкрэсліваў сваю сімпатыю да мяне ды выказваў спачуванне. Затое парторг, рэктарат і асабліва Чыркоў ставіліся да мяне бытта да чалавека другога гатунку, не свайго.
Недаверу не магла змыць нават арганізацыя мной партызанскага атрада, пасля чаго немцы развалаклі наш хутар і бацькі мусілі ратавацца ў партызанах.
Не знялі недаверу мой удзел у дзеючай арміі, раненні ды высокія ўзнагароды.
Я ўсё больш і больш адчуваў, што трапляю ў катэгорыю людзей, якія вызначаліся напалову ганебнай мянушкай «заходнік». Мянушка мела сацыяльны падтэкст. Гэта значыць, што я чалавек не «паўнаварты», які не выклікае даверу, якога не трэба прымаць усур’ёз.
Зрэшты, даводзілася цярпець не мне аднаму. Цяпер на кожным кроку трапляліся «заходнікі», якім было куды горш.
Перад выбарамі ў Вярхоўны Савет я, агітатар, аднойчы хадзіў па кватэрах ды перапісваў выбаршчыкаў. У маленькай каморцы з асобным выхадам па вулачцы Міцкевіча чалавек рамантаваў веласіпед – такі даезджаны, што незразумела было, чаму гаспадар не выкіне яго даўно на сметнік. Разгаварыліся, і незнаёмы супакоіўся. Нечым я ў чалавека выклікаў давер. Ён мне паведаў сваю бяду.
У каморцы жыла яго дачка. Працавала на «хуткай дапамозе» медсястрой. Ён жыў у прыгранічным сяле, служыў псаломшчыкам. Да яе прыязджаў толькі ноччу і так, каб, барані Бог, не бачылі людзі.
Яна ў анкетах не пісала, што мае бацьку, а ён, што – дачку, інакш яе адразу паперлі б з работы. Дзякуй Богу, без перашкод ёй гэтак мала-памалу ўдалося скончыць курсы медыкаў і атрымаць дыплом, а цяпер ужо не страшна. Калі нават усё выкрыецца, з дыпломам работу заўсёды знойдзеш – кожная бальніца яе возьме, на медсясцёр пануе дэфіцыт. Зараз медычка спакойна сабе працуе ўжо цэлы год. Мо і замуж знойдзе там за каго выйсці, калі не выкрыецца падман, бо інакш хто ж цяпер ажэніцца з псаломшчыкавай дачкой? Хіба што такі самы псаломшчык. Здатная ды прыгожая, як ружа, бо ўся ў маці ўдалася. I людзі яе любяць ды паважаюць за працавітасць і шчырасць. Сёння прывёз ёй кліночак сыру, торбачку груш – усё ж такі наедак, бо палучку медыкі атрымліваюць надта ж мізэрную.