Литмир - Электронная Библиотека

На партактыве першы сакратар абкама таварыш Міцкевіч I. Ф. аб'явіў усім, што Быкава ўжо апрацоўваюць італьянскія фашысты, а нейкая фашысцкая газета ўзяла яго на ўзбраенне. Дзіва, і як той Быкаў, халера, пасля ўсяго таго зачасаўся ў прэзідыум V з'езда беларускіх пісьменнікаў і сядзіць побач вунь з першым сакратаром ЦК КПБ т. Машэравым? Глядзіце, ці не з якой мэтай!..»

Такія выступы вымагалі немалой мужнасці. Калі Быкаў, якога своечасова ацаніў лідэр беларускіх камуністаў Пятро Машэраў, меў, да таго ж, магутную падтрымку ў Маскве ў асобе рэдактара часопіса «Новый мир» Аляксандра Твардоўскага (аўтару «Василия Теркина» на той час дазвалялася многае), то Карпюк цалкам знаходзіўся ў руках мясцовай улады. Тым больш нечаканым быў ягоны публічны выступ у падтрымку сябра. У «Литературной газете» нашмат пазней Быкаў напіша: «Думаў, ніхто не заступіцца. Але заступіўся А. Карпюк».

Аднак не толькі мясцовыя ўлады цікавіліся «негатыўным» уплывам Карпюка. 16 кастрычніка 1992 года, а затым і 16 лютага 1993 года ў газеце «Комсомольская правда» журналіст Дзмітры Бабіч апублікаваў фрагменты дакладных запісак у ЦК КПСС самога Юрыя Андропава — усемагутнага шэфа саюзнага КДБ: «Карпюк нелегальна распаўсюджвае сярод сваіх знаёмых разнастайныя пасквілі ў выглядзе кнігі Аксёнавай-Гінзбург «Круты маршрут» ды іншыя. Адмоўна ўплывае на моладзь. Пад ягоным уплывам студэнт Гарадзенскага педінстытута Малашэнка піша вершы, прасякнутыя песімізмам і ўпадніцтвам, некаторыя з іх утрымлівалі шкодны палітычны сэнс».

Андропаў мог бы многае дадаць да гэтай характарыстыкі. Акурат ён павінен быў добра ведаць, што Карпюк ліставаўся з Аляксандрам Салжаніцыным, Ленартам Мэры, Віктарам Астаф'евым ды іншымі далёка не добранадзейнымі дзеячамі культуры. Ён актыўна падтрымліваў Ларысу Геніюш, якая пасля вызвалення з лагера жыла ў Зэльве, так і не прыняўшы савецкага грамадзянства. Былі ў кіраўніка абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў і міжнародныя кантакты — з людзьмі, што таксама знаходзіліся пад падазрэннем, з эмігрантамі (прыкладам, са спеваком Міхасём Забэйдам-Суміцкім).

20 красавіка 1972 года бюро Гарадзенскага абкама КПБ выключыла Аляксея Карпюка з партыі. Яшчэ раней — у 1971 годзе — з партыі быў выключаны і Барыс Клейн.

У сваіх успамінах, фрагменты якіх мы публікуем у раздзеле «Да-датак», Барыс Самуілавіч Клейн пераканальна паказвае задушлівую атмасферу правінцыйнага горада, калі ты жывы — але не можаш уладкавацца на працу, і нават сябры твае радзей сустракаюцца з табой. Клейн перадае сваю размову з другім сакратаром абкама кампартыі Рыгорам Фамічовым, які гэтак патлумачыў, чаму абкам не дае апальнаму гісторыку выехаць з Гародні і ўладкавацца на працу ў другім горадзе:

— Не, вы нам патрэбныя тут. Нам трэба, каб, калі вы ідзяце па горадзе, людзі глядзелі на вас і разумелі, што мы можам зрабіць з імі, калі яны будуць паводзіць сябе так, як вы.

Карпюк не захацеў адмовіцца ад сябра, пазбаўленага навуковай ступені і другіх навуковых рэгалій. Прайшоўшы праз жахі канцлагера, ён не мог спалохацца пагрозаў камуністычнага чыноўніка, які з насалодай думаў пра маральныя экзекуцыі, наладжаныя сумленным людзям, уся віна якіх — у іншадумстве. Аляксей Карпюк працягваў сустракацца з апальным гісторыкам і публічна абараняць ягоную рацыю. Тым больш, што кампетэнтныя органы займаліся і ім самім.

Карпюка таксама пазбавілі працы. Вось як прыгадвае тыя часы яго жонка, Іна Анатолеўна:

Як мы выжылі фізічна і матэрыяльна, цяжка зразумець. Білі па самых балючых вітальных «кропках».

Іна Карпюк мае на ўвазе элементарнае: пасля таго, як галава сям'і пазбавіўся працы, у сям'і з трыма дзяцьмі настала безграшоўе. Пяць чалавек жылі на яе настаўніцкі заробак:

Я працавала ў школе, дзе мяне ўзнагародзілі 32 гадзінамі тыд-нёвай нагрузкі, што дапамагала неяк выжыць. I гэта быў сапраўдны подзвіг для тых, хто кіраваў школай. Нормай было іншае: «И кто-то камень положил в его протянутую руку...»

У дзвюх школах адначасова працавала і старэйшая дачка — Алена. Дзве жанчыны, жонка і дачка, неслі цяжар адказнасці за сям'ю, — і ад гэтага мужу і бацьку было яшчэ цяжэй. Менавіта тады Аляксей Карпюк і напісаў свой «Вершалінскі рай» — пра утопію, што падманула надзеі даверлівых людзей. Як гаварыў гарадзенскі партыйны чыноўнік Ульяновіч, пісьменнік «ударился в религию». Хоць, як мы ўжо бачылі, чыноўнік памыляўся.

Што ж было нагодай для такой страшнай экзекуцыі над франтавіком і партызанам, вядомым пісьменнікам, ардэнаносцам? Фальсіфікацыя — звычайнае пакаранне, якое ўлада выкарыстоўвае ў барацьбе з іншадумцамі. Супраць Карпюка выкарыстоўвалася скрайне цынічная фальшыўка: яго звінавацілі ў тым, што ён супрацоўнічаў з немцамі ў канцлагеры Штутгаф.

У нарысе «Варашылаўскія стралкі», апублікаваным увосень 1989 года, Карпюк так апісаў калізію: «Падпалкоўнік КДБ Ф. заехаў у Штутгаф і прывёз адтуль фотакопію ведамасці, паводле якой я атрымаў тры разы па дваццаць марак. «Карпюк у лагеры быў на службе!» — зрабіў ён вывад ды пачаў супраць мяне заводзіць крымінальную справу. ...Даведаўшыся пра ўсё, мой даўні сябар, аўтар шматлікіх кніжак Аляксандр Амільяновіч тэрмінова з'ездзіў у той самы Штутгаф, з лагернага музея дабыў тлумачэнне, што грошы атрыманы мной ад бацькі, цераз іншых польскіх пісьменнікаў пераправіў мне яго праз граніцу, і Ф. застаўся з носам. Аднак з партыі мяне з трэскам папёрлі».

Звінавацілі не проста былога вязня канцлагера. Звінавацілі, нагадаем, чалавека, які змог уцячы з яго ў 1943 годзе, працягваў барацьбу ў ім самім арганізаваным партызанскім атрадзе, а потым добраахвотнікам пайшоў на фронт, дзе быў двойчы паранены — апошнім разам цяжка, ля сценаў рэйхстага. Звінавацілі і ў тым, што ён прыхаваў ад партыі сваё сацыяльнае паходжанне: Карпюк нібыта паходзіў з кулацкай сям'і. Як адзначыў сам пісьменнік у лісце на імя Пятра Машэрава, «усё гэта пацвярджалася строгімі праверкамі ў тыя гады, калі правяралі па свежых слядах».

Горка і балюча чытаць гэты і другія лісты Карпюка, напісаныя пасля выключэння з партыі. Жонка пісьменніка, Іна Анатолеўна, характарызуе гэтыя паводзіны словам «замітусіўся». Справа была не ў мітусні, для якой не існавала падстаў: віны за сабою аўтар «Пушчанскай адысеі» не адчуваў ніякай. Але ў яго было трое дзяцей, і выключэнне з партыі — «воўчы білет» у тых умовах — асуджала іх на жабрацкае жыццё.

Больш дакладна ахарактарызаваў сітуацыю вядомы архівіст Віталь Скалабан, які па нашай просьбе вывучаў «справу Карпюка» і звязаныя з ёю дакументы, што зберагаюцца ў фондах былога архіва ЦК КПБ. Па словах Віталя Уладзіміравіча, з дакументаў відно, як улада ламала моцнага і мужнага чалавека, змушаючы яго гуляць па сваіх правілах: партыя не магла «памыляцца», і нават дапамагчы чалавеку маглі толькі ў тым выпадку, калі ён «каяўся» і «прызнаваў свае памылкі». Мы адмовіліся ад ідэі публікацыі лістоў Карпюка ў партыйныя інстанцыі таму, што яны не адлюстроўваюць ягоных сапраўдных думак і перажыванняў, яны — вымушаныя, вымучаныя. Час для навуковай публікацыі такіх дакументаў пакуль не прыйшоў.

А «ненавуковая» публікацыя адбылася ўжо на зыходзе камуністычнага ўсёўладдзя, у сумна вядомым часопісе ЦК КПБ «Политнческий собеседник». Палкоўнік у адстаўцы Якаў Ледзянёў паставіў свой подпіс пад артыкулам, дзе Карпюк звінавачваўся ў двурушніцтве. Пры гэтым аўтар выкарыстаў у сваім «артыкуле» тэксты тых самых змушана пакаянных лістоў Аляксея Нічыпаравіча — як быццам меў копіі дакументаў з партархіваў проста ў сябе дома. Цені «органаў» стаялі за аўтарам гэтага «твора», змест якога пазней быў аспрэчаны судом.

А тады Карпюку ўдалося дастукацца да першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. Ён прарваўся да Машэрава праз нешматлікую ў параўнанні з нашымі часамі ахову ў перапынку аднаго з урачыстых пасяджэнняў у Оперным тэатры. I дамогся, каб на наступны дзень яго прынялі і выслухалі.

Машэраў, сам партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны, вельмі добра павінен быў уяўляць сабе, што ж адчувае пазбаўлены ўласнага гераічнага мінулага ўдзельнік вайны. Але і фармальны гаспадар Беларусі Машэраў заставаўся палоннікам уласнага статусу і мусіў выконваць пэўныя правілы партыйнага этыкету.

6
{"b":"556142","o":1}