Побыт — вось тое, што ўдавалася паказаць Карпюку, можа быць, як нікому з сучаснікаў. Цагляныя сцены гімназіі, нагрэтыя за дзень сонцам, край белай сукенкі гераіні, які быццам выслізгвае з тваіх рук, — гэтыя амаль фізічныя адчуванні няўлоўныя, іх амаль немагчыма перадаць.
І — мова герояў. Карпюк— бясспрэчны майстра моўнай індыві-дуалізацыі. Яго персанажаў пазнаеш па дыялекце. Паляк — нават у беларускай моўнай інтэрпрэтацыі — застаецца ў яго палякам, літовец — літоўцам, беларус — беларусам.
Грымучая сумесь «трасянкі» выбухнула ў ягоным рамане «Вер-шалінскі рай» (1970-1973).
Аляксей Карпюк з дакладнасцю прыгадаў усё, што чуў у маленстве і юнацтве, і прымусіў сваіх герояў размаўляць на той мове, на якой яны толькі і маглі думаць, спрачацца і нават прызнавацца ў каханні.
Хоць у «Вершалінскім раі» месца для кахання не застаецца. Гэтая суворая, недаацэненая крытыкамі кніга — гістарычны раман. Дзеянне яго адбываецца практычна ў той самы час, што і ў «Дануце» — магчыма, трохі раней.
У вёсцы Грыбоўшчына, што паблізу роднага карпюкоўскага Страшава, з'явіўся свой прарок — Ілля, ці, як яго называюць аднавяскоўцы, Гальяш Клімовіч (персанаж, дарэчы, рэальны — Карпюк вывучыў яго гісторыю задоўга да таго, як стаў працаваць дырэктарам Музея атэізму і гісторыі рэлігіі). Прарок абвясціў святароў дармаедамі, якія набіваюцца ў пасярэднікі паміж Богам і вернікамі, і так уразіў народ, што людзі пайшлі ў створаную ім секту «гальяшоўцаў». I верылі Гальяшу — ажно да той пары, пакуль ён не паведаміў дату незабаўнага канца свету.
I ў канец свету паверылі! Пачалі тэрмінова прадаваць хаты, нажыты скарб — з сабою ж на неба ўсё роўна нічога не возьмеш. Але канец свету так і не настаў. I вырашылі вернікі распяць свайго самазванага прарока, якога яшчэ нядаўна багомілі.
Агулам, як сказаў бы адзін сучасны філосаф, «старая праблема — правадыр і натоўп, які позна ці рана выступае супраць свайго правадыра».
Цікава, што першае выданне «Вершалінскага раю» пабачыла свет у 1974 годзе з паказальнай анатацыяй: «Новая аповесць А. Карпюка — мастацка-гістарычнае даследаванне эпідэміі сектанцтва, якая была захліснула Заходнюю Беларусь на пачатку 20-х гадоў». Нават сябра і крытык-добразычлівец Уладзімір Калеснік папракнуў Карпюка: «Патуранне «антыопіумнай» праграме супрацьпаказана мастаку, шкодзіць творчасці чужая стандартная ацэнка, бо замыкае яна творчую фантазію і звужае пісьменніцкую здольнасць ужывацца ў душы і лёсы розных людзей, ставіць сябе на іх месца». Хоць відавочна, што справа зусім не ў сектанцтве і не ў спробе будучага дырэктара Музея атэізму і гісторыі рэлігіі — гэтую пасаду ўрэшце зойме Карпюк і будзе захоплена збіраць экспанаты для свайго музея — развеяць «опіумны дым» рэлігійных перакананняў.
У «Вершалінскім раі» Карпюк па-майстэрску даследуе прыроду таталітарызму. Правадыр-харызматык (а Гальяшу не адмовіш у ха-рызме) умела карыстаецца слабасцямі народа, яго неадукаванасцю, недалёкасцю. Яго асабісты дабрабыт магчымы толькі да тае пары, пакуль людзі не задумваюцца над тым, наколькі горай стала жыць пад «мудрым кіраўніцтвам» правадыра, пакуль не губляюць апошняе. I толькі тады робяцца відушчымі.
Але і відушчыя, яны не прыходзяць да святла. Хутчэй, расчараваныя ва ўчорашнім правадыры, яны помсцяць яму як махляру. Хоць — і гэта Карпюк паказвае па-майстэрску — яны падманваюцца самі, таму што вераць Гальяшу толькі тыя, хто не гатовы паверыць ва ўласныя сілы, хто імкнецца апраўдаць сваю бездапаможнасць і бяздзеянне верай у моцнага і добрага заступніка, у шчасце, якое прыйдзе без працы — само, у якасці ўзнагароды за перажытыя пакуты.
Тэнгіз Абуладзэ яшчэ не зняў сваё славутае «Пакаянне». А ў Аляксея Карпюка старая Піліпіха здае ўчорашняга куміра немцам — маўляў, усыпце яму, антыхрысту. Тыя — чаму не зрабіць прыемнае пажылой фрау? — расстрэльваюць «антыхрыста», толькі россып куляў палохае вераб'ёў і вясковую дзятву.
Варлама ў фільме Абуладзэ выкідвае з магілы ўласны сын — з горыччу, расчараваны, даведаўшыся пра злачынствы бацькі. Гальяша аддае на пагібель тая, што яшчэ ўчора малілася на яго — аддае ў пры-падку раздражнення. Для героя Абуладзэ такое развітанне з мінулым (нават калі яно асацыюецца з яго ўласным бацькам) — крок наперад па дарозе да Храма. Злосць і бяссілле вернікаў становяцца прычынай смерці Гальяша — але яго нядаўнія паслядоўнікі ні на пакаянне, ні на ачышчэнне не здольныя. Цемра моцна трымае іх у сваіх жорсткіх лапах — ды і самі яны зусім не імкнуцца вырвацца з яе да святла, да храма.
Ды і да якога храма? Да таго, што будаваў Гальяш? Хіба ж гэта — Храм?! Хіба здольны чалавек з таталітарным светапоглядам прывесці люд — хай сабе і той, які яму безаглядна верыць, — да Храма?!
Цэнзура адчула сілу карпюкоўскай кнігі з большай дакладнасцю, чым крытыкі. Невыпадкова ніводзін тэатр не прыняў да пастаноўкі п'есу «Канец свету», напісаную аўтарам паводле «Вершалінскага раю».
Хіба толькі ў Польшчы паставілі «Вершалінскі рай» — з купюрамі і не паводле аўтарскай п'есы, а паводле сцэнічнай версіі драматурга Тадэвуша Слабадзянека. У нашым выданні п'еса «Канец свету» дру-куецца ўпершыню.
Прачытаўшы «Вершалінскі рай», пачынаеш разумець: збліжанасць з дысідэнцкім рухам для Карпюка была абсалютна натуральнай. Ён ненавідзеў любы духоўны гвалт, ненавідзеў шчыра.
Гэта не азначае, што пісьменнік жыў, як гаворыцца, «з дуляй у кішэні». Наадварот, да канца перабудовы, да яе ідэалагічнага краху, азначанага штурмам у студзені 1991 года тэлевежы ў Вільні, Аляксей Нічыпаравіч, наколькі можна меркаваць, шчыра верыў у магчымасць пабудовы новай грамадскай фармацыі, якая б грунтавалася на прын-цыпе ўсеагульнай роўнасці. Але ён бачыў, як рэалізуецца гэтая ідэя ў Савецкім Саюзе, як не адпавядае савецкае грамадства дэклараваным высокім ідэалам. І не змагацца з гэтымі «скрыўленнямі», «адхіленнямі ад ідэалаў» Карпюк не мог — папросту таму, што звык абараняць справядлівасць.
Так ён стаў членам невялікага інтэлігенцкага гуртка. У які, апрача яго самога, уваходзілі яшчэ два вядомыя гарадзенцы — Васіль Быкаў і выдатны гісторык, доктар навук Барыс Клейн. Гэтая «гарадзенская тройка» зусім не займалася арганізацыяй антыўрадавых пікетаў і дэманстрацый. Як сведчыць Іна Карпюк, «хто б дазволіў у тыя часы нейкія гурткі? Проста тры мужчыны збіраліся і размаўлялі, без гэтага асоба немагчымая».
Але наўрад ці справа выглядала так проста. Гэтыя «тры мужчыны збіраліся і размаўлялі» ў памежнай Гародні, за трыццаць кіламетраў ад традыцыйна гатовай да бунту Польшчы. У «правільнасці» той мадэлі сацыялізму, якую будавалі тагачасныя «верныя ленінцы», на той час публічна ўсумніліся і ў Будапешце, і ў Празе. Ды і сам па сабе інтэлектуальны патэнцыял гэтых трох людзей, звыклых думаць і аналізаваць рэчаіснасць, быў надзвычай вялікі. Тым больш, што ўсе трое ўмелі пісаць (Барыс Клейн быў аўтарам некалькіх кніг па гісторыі Беларусі, таленавітым гістарычным публіцыстам), да іх хінулася моладзь.
Карпюк не звык прыхоўваць свае перакананні. Ягоны выступ на V з'ездзе Саюза пісьменнікаў БССР 13 траўня 1966 года быў рэзка крытычным у адносінах не толькі да літаратурных нораваў, але і да многіх рэалій савецкага жыцця, якія ён як сумленны чалавек не мог не крытыкаваць.
«Толькі раўнадушны чалавек, якому не дарагія нашы заваяванні, што дасталіся такім дарагім коштам, можа праходзіць міма адмоўных бакоў нашага жыцця, не ўзнімаць іх у творах.
Ці ж у нашай краіне так усё ўжо гладка?»
Пэўна ж, не ўсё было гладка. I ў сваім выступе з высокай трыбуны з'езда пісьменнік крытыкаваў і кампартыю, і ўсемагутны КДБ, заступаўся за апальнага сябра Быкава, які нядаўна падпаў пад аглабельную партыйную крытыку за аповесць «Мёртвым не баліць»:
«Эх, каб усе артыкулы пра Быкава мелі адно тыя скуткі, што людзі па бібліятэках рынуліся чытаць яшчэ раз нашага і так шырокавядомага і таленавітага гарадзенца. Бяда ў тым, што сігналы зверху, покуль дойдуць да нізу, у нас часамі становяцца вульгаршчынай.
Па гарадзенскіх школах работнікі КДБ адразу пачалі чытаць лекцыі пра пільнасць, црыводзіць прыклады, што побач з Сіняўскім, Даніэлем і наш Быкаў, бачыце, пісаў творы, якія накіраваны на падрыў Савецкай улады і разлагаюць моладзь. Уявіце сабе, як было слухаць такую лекцыю дзецям-школьнікам і яго жонцы-настаўніцы!