2
Раней, калі я прыязджаў дадому на канікулы, маці была проста шчаслівая, што мела магчымасць глядзець на мяне цэлымі днямі. Затое бацька чакаў, калі пачну апавядаць штосьці асаблівае. Цяпер жа маці праяўляла такую чуласць, якой я не памятаў з дзяцінства. Інакш паводзіў сябе і бацька:
Чуеш, маці? Учора прыехаў з мястэчка Васілёў Васіль і кажа мне: «Бачыў твайго сына ў горадзе. Перад жандарамі шапкі не здыме і не паклоніцца ім, не-е! А так ідзе перад немцамі, што хоць шклянку вады стаў на галаву!..»
Стары дурань, чым ты хвалішся?!. Ах, сынок, ці ж так можна? Асцерагайся, не лезь на ражон! — маліла маці.
А ты хацела, каб ён перад імі вытанцоўваў? Недачаканне іхняе!
Маці не згаджалася. Яна несла то вішань, то свежага малака, то ягад. Ноччу падыходзіла да ложка і ўкрывала, нібы маленькага.
Я разумеў, чуллівасць у яе — ад блізкай небяспекі. Было сорамна, што нічога не магу зрабіць, а шыю быццам сціскаў абруч, не даваў дыхаць на поўныя грудзі.
Аднаго разу спаткала маці старую Станеўскую, тая пахвалілася:
Нас пасцігла такое шчасце, такое шчасце, што не магу надзякавацца богу!
Якое ж можа быць цяпер шчасце?
То ж мой мужык, выяўляецца, з немцаў!
Маці здзівілася.
Далібог! Яго дзед быў чыстакроўны германец. Мы цяпер фольксдойчы. Да нас пазаўчора прыязджаў сам амтскамісар са сваімі пісарамі, спісаў гэтую, як яе... геаграфію... Картачкі выдаў і аб'явіў, што цяпер мы не такія, як усе!
Няўжо ж...
Мы і вам дапаможам, бо нашы дзеці дружаць, разам вучыліся...
Цяпер усё такое няпэўнае, што не ведаеш, на якім свеце і жывеш...— асцярожна ўставіла маці.
То вы баіцеся? — падхапіла добразычліва Станеўская.— Вам жа няма чаго баяцца, у вас зямля, немцы такіх любяць! Пры паляках ваш хлопец займаўся крыху палітыкай — немцы даруюць, мы вам дапаможам...
Маці скончыла апавядаць пра гэтую размову і лісліва ўсміхнулася.
Мам, пакіньце іх! — накрычаў я на яе.— Каб вы болей ні слова не гаварылі з гэтымі хрыстапрадаўцамі!
Дык я нічога і не сказала! — пакрыўдзілася яна.— Нават мяне заела: а скананне табе, не дачакаешся, каб у цябе прасіла дапамогі! I пайшла. А болей ёй нічога... Гэта ты ў мяне зрабіўся якісьці, што ўсю-ды лоб падстаўляеш...
Самі вучылі быць праўдзівым!
То і будзь сабе. Цяпер трэба быць яшчэ і асцярожным. Каму карысць, калі за няма што зложыш галаву? Як тады мы з бацькам...
Зноў пачалі сваё!
3
Аднойчы спаткаў я і самога Генрыха.
Ішоў я з мястэчка. Ля дарогі быў аэрадром. У першую ваенную раніцу немцы тут разбамбілі ўсе нашы самалёты. Цяпер фашысты збіраліся аднавіць аэрадром, ды баяліся, што ён замініраваны. I вось прыгналі палонных, загадалі ім прайсціся па ўзлётным полі, нібы для таго, каб сабраць паперкі, павырываць бадылі. Сотні згорбленых байцоў у шэрых шынялях брылі пад дуламі аўтаматаў па полі з пакарабачаным жалеззем і раз-пораз нагіналіся да зямлі.
Каля аэрадрома я і сустрэўся з ім.
Генрых ішоў у мястэчка — загарэлы, у адпрасаваным касцюме, каўнерык свежай кашулі вылажыў на пінжак і ў пальцах вярцеў разлапісты ліст клёну.
А, калега Барташэвіч, сэрвус!
Добры дзень...
Я спыніўся, паціснуў паданую руку і адчуў: ён аж кіпіць ад упэўненасці, здароўя і задавальнення жыццём.
Ну, як праводзім лета?— быццам не было ў нас з ім апошняга спаткання ў Вільні, загаварыў ён з падкрэсленай ветлівасцю.
...?!
А я вось адпачну крыху і паеду ў Вільню. Вы не збіраецеся?
Людзі абліваюцца крывёю, а ты канікулы сабе знайшоў?!
Не...
Калега быў у мястэчку?
Быў...
Яўрэяў там ужо аддзялілі ў гета?
Калі і аддзялілі, табе ад гэтага лягчэй?.. Яшчэ пару тыдняў таму назад ты нябось баяўся нават у родную вёску паказацца, а цяпер выпаўз, гад!
Не ведаю...
Я гатоў быў узарвацца ад крыўды і злосці.
Чаму так пабудаваны свет, што не магу даць яму ў морду, адказваю на ідыёцкія пытанні і вось наском бота, як малы, гладжу пясок?!.
Чаму я такі бяссільны?!.
З роспаччу я ўзняў вочы і зноў убачыў ланцуг смяротнікаў на мінным полі. Якім трэба быць зламаным фізічна і маральна, каб гэтак вось пакорна ісці, нібы збіраць паперкі і бадылі, ведаючы, што фашысты цябе прыгналі, каб сваім целам паўзрываў міны?!. Не адзін я такі.
Стала нібы лягчэй. Але я ўжо спахапіўся: з кім раўняюся? Яны ўсе параненыя, пакалечаныя, згаладалыя, у няволі, я ж — на свабодзе!
Ну і арганізатары немцы! — Генрых з захапленнем паказаў лістом на поле.— Хто б дадумаўся гэтак міны шукаць?!.
Арганізатары, па-твойму?— узарвала мяне.— Мы з табой маглі б быць сярод іх, каб трапілі да вайны ў армію, як бы ты тады гаварыў?
Генрых пачаў лепятаць, што немцы бяздушныя, але не адымеш ад іх дзелавітасці і арганізатарскага спрыту. Я не ўслухаўся. Не развітаўшыся, пайшоў.
4
Памалу мяне падбівала да дзеяння. А тут яшчэ і падганялі.
Аднаго разу, калі я стараўся скласці абрыўкі газеты, у хату ўвайшоў бацька. Стары сеў за стол насупраць, крэкнуў, адвёў вочы ўбок, памаўчаў. У яго быў такі выраз твару, што па маім целе прабеглі мурашкі. Я чакаў, што будзе далей, і механічна перабіраў старонкі нямецкага слоўніка.
Бацька нарэшце з'едліва спытаўся:
Чытаеш?
Чытаю...— адказаў я вінавата і няўпэўнена, не ведаючы, куды ён вядзе.
Та-ак, чытаеш! Абрыўкі?
«Фолькішэр беобахтар» знайшоў ля чыгункі... Гэта ў іх цэнтральная газета, партыйны орган...
Нямецкая! — Стары не хацеў і слухаць, з якой газеты паперкі.
Ну і што калі нямецкая...— слаба бараніўся я.— Хоць нейкую вестку можна пачуць, а то сядзім тут як у мяшку, нічога не ведаем...
Як гэта што? — аж падскочыў ён на лаве.— Там дзесьці іхніх абрыўкаў нашы не збіраюць, а лупяць фашыстаў пачым зра! — Аднекуль перанятае бацькам выражэнне «пачым зра» азначала ў яго вышэйшую ступень накалу.
Стары ўсхапіўся з лавы і, згорблены ад няшчасця, пайшоў. Каля дзвярэй яшчэ спыніўся, паглядзеў на мяне так, што захацелася залезці пад стол, тады махнуў безнадзейна рукой:
Значыць, не дарос! Э-эх!.. А я яшчэ траціўся, начэй недасы-паў, у самую Вільню сына вучыць пасылаў!.. Вывучыў, нічога не скажаш!..— уздрыгануў яго голас— Дзякуй табе, сынок, узрадаваў, нямецкія абрыўкі падбіраеш!..
З сілай ляснулі дзверы.
Слоўнік вываліўся ў мяне з рук.
Нешта падобнае адбывалася і ў іншых хатах.
I ўжо да першай восені ў нашых лясах арганізаваліся партызанскія групы. У іх, вядома, апынуўся і я. Першая партызанская зіма была цяжкай, тады мне было не да Данусі.
5
Мінула шмат часу пасля вайны.
Аднойчы ехаў я загарадным аўтобусам і звярнуў увагу на аднаго пасажыра. Ён сядзеў уперадзе.
У пасажыра кідалася ў вочы штосьці бутафорскае. На дварэ стаяла снежаньская сцюжа, а ён быў у канфедэратцы, пашытай са звычайнай цыраты, якой накрываюць сталы.
Яшчэ на ім было прыкметнае паліто — пераліцаванае, пашытае рэгланам з некалі дарагога сукна, а галіфэ — з салдацкай коўдры.
Насупраць яго вызвалілася месца, I я перасеў туды.
Старэчая зморшчаная шыя незнаёмага з упадзінамі за вушамі не пасавала да ружовенькага маладжавага тварыка з кароценькімі вусікамі і жвавымі карымі вочкамі. Твар гэтага чалавека напомніў штосьці знаёмае, крануў нейкую балючую струнку, і я пачаў уважліва да яго прыглядацца.
Каб на чалавеку не было ўсё такое чысценькае, акуратна зацы-раванае, каб суседка не выказвала яму такой пашаны, яго можна было б палічыць за вар'ята. Навокал нас — стомленыя камандзіра-ваныя, сялянкі з пустымі кошыкамі, бітонамі ад малака, вузламі і жоўтымі спружынамі абаранкаў.
Незнаёмы вельмі цікавіўся, што робіцца за акном, нібы яму доўга нельга было гэтага рабіць, а цяпер ён можа надзівіцца светам.
Недалёка сядзеў чужаземец з тых, якія да нас зачасцілі ў госці, калі стала з гэтым лягчэй. Што ён паляк, можна было зразумець па шапцы, як у пілота, па светлым паліто, туфлях на тоўстай каўчукавай падэшве, па апельсінавым партфелі-чамадане ды па элегантнасці, якую палякі так старанна ўмеюць захаваць у любых умовах.