Т э к л я. Ох, запякло, запякло! (Зларадна.) Ох, так табе, нягодніца, і трэ!.. Здаровенькі малы!..
А л ь я ш. Га-ах!.. (Лупцуе раз за разам.)
X і м к а. Ну і разышоўсо наш гаспадар! Калі я расказала пра свой грэх, Альяш і мяне бэсціў! Ой жа і бэсціў, хай Бог крые-ратуе! Затое пасля так мне стало до-обро!
Н ю р к а. А я прасіла, каб пабіў за блуд! То як пачаў мяне свянціць (з вясёлым захапленнем) — аж пераняло і зайшласа слязамі! Адразу забыла пра мінулае, толькі пісягі доўго залечувала!..
X і м к а (слухае). Маладая, слёз много! Гето добро, калі выцячэ з цябе ўвесь урэдны сок, хай выплачацца, Нюрка!
Т э к л я. Жорж малое ў мяна забраў! О, забалело, забалело!.. У Нёмане ўтапіў, бы кацяня!
А л ь я ш. Га-ах!
Т э к л я. Ох, дальбух, вартая, добро мне так!.. (Прарок вяроўку кідае.) Прыйшоў вучастковы, пытае — твой? Я ад роднаго дзіцяці адракласа! Ну, лупі, каб я выянчыла сваё гора! Бі мяне, святы айцец! (Стукае то ілбом, то кулаком у стол, плача.) І ты не жадаеш пэцкаць аб мяне рукі, гы-гы-гы!
Нікім не заўважапыя з'яўляюцца два манахі. Яны паблажліва азіраюць натоўп, мераюць храм, мяркуюць.
Т э к л я. Ратуй мяне малітвай! Ты слово ведаеш, табе яно богам дано! О, недарэзаная я ракіта, вішня з падсечанымі карэнцамі, як цяпер мне жы-ыць! (З плачам валіцца на падлогу.)
А л ь я ш. Сука, дзіця загубіла? Закінуць табе на шыю пастронак — і то мало! (Штурхае яе нагой.) Цэлую ноч будзеш маліцца на маіх вачах, а жыці будзеш на кухні ў мяне ля цабэрка!..
Т э к л я. Хоць — у сабачай будзе!..
Манах першы (да прарока). Фіні ля комэді! Клімовіч, рашэннем гродзенскай кансісторыі ў царкве адкрываецца манастыр! Архірэй вызначыў мяне за начальніка! (Мёртвая цішыня.) Цябе, Клімовіч, пастрыгаем у манахі! Прымерай падраснік, бо праз тры дні пастрыжэнне! (Падае скрутак вопраткі.) Сам уладыка для гэтаго прыедзе! (Людзям.) А вы — прачніцеся, хопіць тут забабоны разводзіць! (Верціць пальцам каля скроні.)
Народ ацапянела маўчыць. Бы не сваімі рукамі прарок спрабуе напяліць падраснік і клабук. Манахі па-ранейшаму бесцырымонна азіраюць куткі царквы.
Манах першы. Тут паставім металёвыя скарбонкі на грошы! Сюды пасадзім паслужнікаў свечкі прадаваць!.. (Альяшу паказвае самую маленькую горбачку грошай.) Адгэтуль зможаш, Клімовіч, браць сабе на расходы!
М а н а х д р у г і. Трэ перапісаць усе падарункі, якімі цвінтар завалены: зерне, кароў, курэй, сыры, дываны і сёння ж фурманкай адправіць у кансісторыю, брат Серафім! (Бачыць, што ў прарока нічога не выходзіць з адзяваннем.) Не туды грэбзы свае садзіш, недалэнга!.. (Дапамагае.) А смярдзіць!.. (Моршчыць нос.)
Г а л а с ы. Вось і скончыласа наша радасць! Ого, паны з папамі дазволяць табе пацешыцца!
Манах першы (ногцем спрабуе іканастас). Шашаль паеў! Новы з Гродна прывязём! I клірасы перафарбуем!.. (Моршчыцца.) Безгустоўнасць!..
Т э к л я. Альяшку ты наш лю-убы, галубок ненагля-адны, чаму ж ты паддаешса іхняй ула-адзе?! Якую на цябе чорную адзяжыну архірэі напя-алілі, бы таму Самсону ручанькі-ножанькі павяза-алі!
Як па камандзе, бабы пачынаюць выць і скрозь енк чуваць голас маладзіцы.
А л ь я ш (бытта прасыпаецца). Што, апранулі, падлы, мяне ў лахманы і думаюць — купілі? У сваёй царкве я ўжэ не гаспадар? (Манаху.) Іканастас табе, шмэндрык, не падабаецца? А ты ведаеш, гіцлю, што я ўсю бульбу з хаты павазіў на яго ў Гродно?! Дзе вы былі, калі я ўсё гэто сваім гарбом будаваў? У Гродне чаі з коржыкамі распівалі! (Зрывае вопратку з сябе.) Бярэце гэтыя лахманы ды перадайце свайму архірэю, што мяне сам Іаан Кранштацкі вучыў, як не паддавацца вам!
Н а т о ў п. Прагані іх! (Абкружаныя варожасцю манахі бездапаможна топчуцца.)
А л ь я ш. Я ж вас зара!.. (Шукае вяроўку.) П'янкі, гіцлі, блуд тут хочаце развесці, як у Гродне? (Лупцуе манахаў.) Са сваім архірэем прадалі веру і мяне падбіваеце? Скажыце пузатаму ўладыку — няма тут дурняў, забабонам яго патураць не буду!
Манах першы (пакорна). Скажам, дзядзьку Альяш...
А л ь я ш. I лахманы гэтыя валачэце!
Манах другі (ловіць адзенне). Аддамо, пане Клі-мовіч!..
А л ь я ш (лупцуе іх вяроўкай). Вон, гунцвоты! Цуцыкі архірэявыя! Зляцеліса сюды, як вераб'і на свежыя конскія яблыкі!.. Вон!
Народ выштурхвае прадстаўнікоў манастыра, з захапленнем узіраецца на прарока.
А л ь я ш. Адныне аб'яўляю новую веру — ільінцаў! О на чым яна будзе трымацца! Для кантакту чалавечай душы з Госпадам мітрапаліты, архірэі і папы — лішнія дармаеды! (Народ падтаквае, Альяш распаляецца.) У Бібліі гаворыцца аб стварэнні Богам чэлавека па вобразу і падобію свайму! Гасподзь змяшчаецца ў кожным чалавеку, таму нам не трэ пасрэднікаў! Мужыкі і самі могуць сабе даць рады ў храме!
Н а т о ў п. Могуць!!!
А л ь я ш. Кансісторыяў ды прыходаў не ведалі за Ісусам Хрыстом, дармаеды потым узлезлі народу на шыі! Мужыкі бедныя? Затое праведныя, бо не жывуць чужым коштам, не ведаюць распусты, таму вышэйшыя над панамі ды бацюшкамі, бо пакланяюцца Госпаду духам, а не багацтвам!
Н а т о ў п. Ой, добра!
А л ь я ш. Каму дзіця хрысціць — прынось! Багач награшыць, добро заплаціць, абедню купіць і — без граха пойдзе чысценькі, а бядак? Спавядаць будзем кагалам, як рабіў Іаан Кранштацкі! Паставім людзей на калені, а Гасподзь разбярэ сам, каму дараваць віны! А то гавары аднаму папу на вухо пра грэх: што, ён — Бог?! Гэтыя кудлы, духоўныя дзікуны, прыдумалі так зумысно, каб грошы ў людзей выдзіраць! За споведзі, мярліны — ніякай платы, хіба сам чалавек пакладзе на храм, — яго дзело!
М а й с а к. Правільно наш прарок прапёр манахаў! Як дом стары патрабуе адновы, так і вера наша за дзве тысячы гадоў састарылася! У цэрквах загняздзіліса клубы змеяў, усю кроў з яе высмакталі! Наш айцец, усемагутны Ілья, з простаго народу! Брацця і сёстры, радуйцеса — наша вера ўваскрасае!
А н т а н ю к. Выкурым ладанам царкву, каб у ёй і духу папоўскага не стало! Віншуем цябе, сястрыца! (Чмоканне пацалункаў.) Хрыстос уваскрэс!
X і м к а. Ваісціну ўваскрэс! Кланяймосо Альяшу!
Людзі выконваюць загад.
М і р а н о с і ц ы (з радасцю спяваюць).
Быў у Кранштаце добры пастыр,
Праўду людзям гаварыў
I на подзвіг твой вялікі
Ён цябе благаславіў!
Ты лішыўсо ўсяго крова,
Цэркву божую-саздаў
І што маеш дарагого
На алтар святы аддаў!
Людзі зблізку і здалёку
К табе йдуць, і йдуць, і йдуць.
Няма таго чалавека,
Які б не быў ужэ тут!
Твая цэрква — незямная,
Ў ёй кіруе херувім,
Твая цэрква — залатая,
Гэта наш — Ерусалім!!!
КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
Пад цэрквай самотныя гандляркі вяжуць ля палатак панчохі. Жабрак на прыступках выпрастоўвае каменем мядзяк. За сталом — Альяшоў сінедрыён. Вісяць партрэты прарока з надпісамі: «Айцец Альяш», «Пасланец божы Альяш і яго Ерусалім», «Прарок Ілья». Партрэты ў запусценні, месцамі іх паабрываў вецер, размачыў дождж. Людзі не ў настроі. Сядзяць і тыя самыя [...].
А н т а н ю к. Паўпуда царскаго золата ўкрасць! Не трэ было Яноху, Ілья Лаўрэнц'явіч, давяраць такое багацтво!
М а й с а к. I Хрыстос пе прадбачыў, што сярод апосталаў Іюда знойдзецца! Гіцлю Яноху — анафема!
X і м к а. Каб ён у сваім доме, на падворку і ў полі быў пракляты! Каб у яго ад макаўкі да пят ні адной здаровай костачкі не стало! Каб яго вымазалі з кніжкі жывата і ён зажыў з чарвякамі!
X о р а м. Анафема! (Цяжка ўздыхаюць.)
А н т а н ю к. Перастаў да нас народ ісці, усё пайшло сікось-накось! У горадзе чуў— пад Кракавам мужыкі баставалі і паліцыя іх расстраляла зноў з кулямётаў. У Гішпаніі брат ваюе з братам — рэкі крыві пацяклі! Немец туды сваіх салдат папёр, самалёты, а Саветы —танкі! На Усходзе японецу Кітай лезе! У газетах здымкі — шабля ў японца, бы цясак, ля ног галовы навалак — бы качаны капусты. Бо няма такого Саламона, каб сказаў народу — людзі, якого ражна хочаце?