Литмир - Электронная Библиотека

Паны Аляхновічы - праўдападобна каталікі. Алехнаў было шмат, у тым ліку й сярод смаленскіх князёў былі на ймя Алехна, а таму цяжка прасачыць радавод гэтых паноў. Пан Алехна на пасадзе старасты лідзкага згадваўся ў акце 1434 году. Тады ў 1460-х гадох выступаў пан Алехна Судзімонтавіч, займаючы пасады падчашага Вялікага Княства і намесьніка полацкага. Ад 1482 году ён ужо згадваўся як ваявода віленскі й канцлер Вялікага Княства, застаючыся на гэтых пасадах дзесьці да канца 1480-х гадоў. Ці быў ён сынам Алехны з акту 1434 году - няведама. Пан Андрэй Аляхновіч дзесьці ад 1492 году быў намесьнікам пераломскім, ожскім і борцкім (у 1503 годзе гэтую пасаду займаў ужо князь Іван Львовіч Глінскі). Іншы - пан Пётра Аляхновіч - у 1501 годзе згадваўся на пасадзе кухмістра дворнага й намесьніка аліцкага ды нямонайцкага. Яны, праўдападобна, былі сынамі ваяводы віленскага Алехны Судзімонтавіча.

Паны Клочкі - праўдападобна каталікі. Пан Войцех Янавіч Клочка да пачатку 1490-х гадоў быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам уладзімірскім, тады ад 1492 году - харужым (сьцяжным) Вялікага Княства і намесьнікам уценскім, а ад 1499 году - маршалкам Вялікага Княства, намесьнікам ковенскім і кухмістрам дворным, тады кухмістрам вялікае княгіні. Гэтыя пасады ён займаў ў 1509 годзе.

Паны Кучукі (Кучкі) - праўдападобна праваслаўныя. Пан Івашка Кучук у 1450-1460-х гадох выступаў як вайсковы дзяяч, тады пад 1469 годам згадваўся на пасадзе маршалка дворнага Вялікага Княства і дзяржаўцы ў Вялейцы, а пад 1472-1474 гадамі - на пасадзе маршалка дворнага і намесьніка лідзкага. Ягоны сын Войцех Іванавіч Кучук у 1499-1505 гадох выступаў як маршалак Вялікага Княства і намесьнік ваўкавыскі.

Паны Гаштоўты (Гаштольды) - каталікі й адны з «буйных літоўскіх феадалаў». Пан Ян Гаштоўт згадваўся ва ўсіх актах 1401-1434 гадоў, ужо тады займаючы адказныя становішчы. Пры канцы 1430-х гадоў ён быў намесьнікам смаленскім. Узяў сама актыўны ўдзел у пакліканьні Казіміра на вялікакнязеўскі пасад ды быў рэгентам гэтага маладога гаспадара. Неўзабаве заняў пасаду ваяводы троцкага, а дзесьці ад 1450 году - ваяводы віленскага ды нейкі час быў таксама й канцлерам Вялікага Княства. Вызначыўся як бескампрамісны прыхільнік палітычнае незалежнасьці Вялікага Княства, у сувязі з чым зрокся гербу, атрыманага паводле Гарадзельскага прывілею. Ян, або Івашка, Гаштоўт памёр у 1458 годзе. Ягоны сын - Андрэй Янавіч Гаштоўт - тады быў маршалкам дворным і хутка памёр. Іншы сын - Марцін Янавіч Гаштоўт - у 1469 годзе згадваўся на пасадзе намесьніка наваградзкага, ад 1470 году ён быў ваяводам кіеўскім, ад пачатку 1480-х гадоў - ваяводам троцкім. Сын апошняга - Войцех Марцінавіч Гаштоўт - у 1501 годзе выступаў яшчэ як просты «дваранін», а ад 1505 году быў падчашым Вялікага Княства і ваяводам наваградзкім. Пасьля нейкі час займаў пасады ваяводы полацкага й троцкага, а ў 1522-1539 гадох быў ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства. Паводле вайсковага попісу 1529 году паны Гаштоўты выстаўлялі 466 узброеных коньнікаў.

Паны Кязгайлы - каталікі. Пан Кязгайла з акту 1434 году, які, як згадвалася вышэй, меў брата на ймя Шэдзібор (можа быць «чыста славянскім» імем), яшчэ за часамі вялікага князя Жыгімонта І стаўся старастам жамойцкім. Гэтую пасаду ён захоўваў таксама за часамі Казіміра, прыдбаўшы яшчэ й кашталянства віленскае. Ягоны сын Міхайла Кязгайлавіч яшчэ ў 1457 годзе згадваўся на пасадзе канцлера, у канцы 1460-х і ў 1470-х гадох быў ваяводам і кашталянам віленскім ды канцлерам Вялікага Княства. Другі сын - Ян Кязгайлавіч - па сьмерці бацькі быў старастам жамойцкім, а па сьмерці брата пераняў і кашталянства віленскае. Ён памёр каля 1486 году, бо ад гэтага году на пасадзе старасты жамойцкага згадваўся ўжо ягоны сын - Станіслаў Янавіч Кязгайла. Старастам жамойцкім ён быў ажно да 1522 году, адначасова ад 1497 году займаючы й пасаду кашталяна троцкага. Брат апошняга - Пётра Янавіч Кязгайла, які зваўся таксама Белым ды памёр у 1496 годзе, - у палове 1480-х гадоў быў старастам луцкім і маршалкам Валынскае зямлі, ад 1488 году займаў пасады ваяводы троцкага й маршалка земскага ды нейкі час быў таксама вялікім гетманам. У ХVІ стагодзьдзі паны Кязгайлы значнай палітычнай ролі не адыгрывалі. Паводле вайсковага попісу 1529 году паны Кязгайлы выстаўлялі 768 узброеных коньнікаў, сваёй сілай перасягаючы паноў Радзівілаў. Ім належалі вялікія абшары на Жамойці.

Князі Астроскія - ведамыя «стаўпы праваслаўя». Як згадвалася вышэй, яны паходзілі ад турава-пінскіх князёў. Князь Фёдар Данілавіч яшчэ за часамі Вітаўта быў старастам луцкім. Ягоны ўнук Канстантын Іванавіч Астроскі (каля 1460-1530) у 1490 годзе заняў пасады старасты луцкага й маршалка Валынскае зямлі і быў адначасна намесьнікам брацлаўскім, віньніцкім і зьвянігародзкім, што сьведчыць пра тое, што гэтыя апошнія пасады ён пераняў яшчэ раней ад свайго бацькі князя Івана Фёдаравіча Астроскага. У 1495 годзе князь Канстантын Іванавіч Астроскі стаў вялікім гетманам, у сувязі з чым у наступным 1496 годзе ён страціў пасады старасты луцкага й маршалка Валынскае зямлі, якія перайшлі да князя Сямёна Юравіча Гальшанскага. З параўнальна невялікім войскам у 1500 годзе князь Канстантын Астроскі распачаў бітву супраць маскоўскае арміі на рацэ Вядрошы, прайграў яе й трапіў да маскоўскага палону. З гэтага палону ўцёк толькі ў 1507 годзе, тады ж узначаліў войска Вялікага Княства і заняў усе свае ранейшыя пасады, прыдбаўшы яшчэ й кашталянства віленскае. Прыкладам, у актах 1512-1522 гадоў ён тытулаваўся наступна: кашталян віленскі, гетман найвышэйшы, стараста луцкі, брацлаўскі й віньніцкі, маршалак Валынскае зямлі. Ад 1522 году князь Канстантын Іванавіч Астроскі быў таксама й ваяводам троцкім.

Ягоны брат Міхайла Іванавіч Астроскі ў 1500-1503 гадох і тады па сьмерці князя Сямёна Юравіча Гальшанскага быў старастам луцкім і маршалкам Валынскае зямлі. Ён памёр дзесьці каля 1507 году. Князь Канстантын Канстантынавіч Астроскі (1526-1608) дзесьці ад пачатку 1550-х гадоў таксама займаў пасады маршалка Валынскае зямлі, старасты ўладзімірскага й ваяводы кіеўскага, пасьля Люблінскае вуніі быў ваяводам кіеўскім.

Князі Гальшанскія - праваслаўныя, пасьля ў ХVІ стагодзьдзі некаторыя зь іх перайшлі ў каталіцтва. Праўдападобна былі ліцьвінамі, але ў кроніках яны згадваюцца таксама й як «князі рускага роду». Выдатную палітычную ролю князі Гальшанскія адыгрывалі яшчэ за Вітаўтам, пасьля падтрымалі вялікага князя Сьвідрыгайлу. Яны бралі актыўны ўдзел у пакліканьні Казіміра на вялікакнязеўскі пасад і былі палітычна актыўнымі ў Радзе за ягонымі часамі. У 1450-х гадох, калі канфлікт між нашай дзяржавай і Польшчай паважна завайстрыўся, князі Гальшанскія падтрымвалі паўсталы тады плян замены Казіміра на іншага вялікага князя ў асобе князя Сямёна Аляксандравіча, унука Ўладзіміра Альгердавіча. Яны таксама былі замешаныя ў «змове князёў» 1481 году, скіраванай супраць Казіміра, і адзін зь іх, князь Іван Гальшанскі, заплаціў за гэта сваёй галавой.

Князь Аляксандар Юравіч Гальшанскі ў палове 1480-х гадоў згадваўся на пасадзе крайчага і падчашага Вялікага Княства, тады ад 1486 і дзесьці да 1510 году быў кашталянам віленскім і намесьнікам горадзенскім. Намесьніцтва горадзенскае ён страціў у 1504 ці 1505 годзе на карысьць Яна Юравіча Забярэзінскага, але ў 1502-1504 гадох займаў таксама пасаду вялікага гетмана. Ягоны брат - князь Сямён Юравіч Гальшанскі - ў 1496-1500 гадох і ад 1503 году быў старастам луцкім і маршалкам валынскае зямлі (ад 1503 году - таксама й старастам камянецкім), а ў 1500-1502 гадох займаў пасады вялікага гетмана і намесьніка наваградзкага. Ён памёр блізу 1507 году. Сын Аляксандра - князь Януш Аляксандравіч Гальшанскі дзесьці ад 1496 году быў крайчым Вялікага Княства і дзяржаўцам слонімскім, ад 1505 году - старастам уладзімірскім, тады ў 1530-1540-х гадох займаў пасаду ваяводы троцкага. Яшчэ адзін ягоны сын - князь Юрай Аляксандравіч Гальшанскі - ад 1504 году згадваўся на пасадзе намесьніка беліцкага, а трэйці сын - князь Паўла Аляксандравіч Гальшанскі - ад 1504 году вучыўся ў Кракаўскім унівэрсытэце ды пасьлей быў каталіцкім віленскім біскупам.

19
{"b":"551918","o":1}