Сталага веку сімпатычная кабета ветліва сустрэла Аўхіма, пагартала ягоную кніжку. Буйнымі лічбамі напісала: 8.30.
— Вам пашанцавала. Перад сняданкам — да нас.
Аўхім павесялеў. У душы варухнулася надзея, што падводны масаж як рукою здыме ягоны ціск, супакоіць радыкуліт.
Ноччу прынілася мора. Аўхім даў нырца ў пеністую хвалю. Пад вадою да яго падплыла русалка. Аблытала даўжэзнымі валасамі, пачала пяшчотна казытаць. Аўхіму гэтак закарцела зарагатаць, але рот не мог раскрыць. Русалка казытала і абдымала ўсё мацней, і тут Аўхім прачнуўся. Сэрца тахкала. Але галава не балела, чуўся лепей, чым учора.
У ранку ён стаяў ля дзвярэй патрэбнага кабінета. Тая самая жанчына паклікала яго. Аўхім хуценька распрануўся. “Вешайце ручнік над ваннаю і залязайце”. Жанчына ўзяла гумовы шланг з тонкім металічным наканечнікам, з якога выбіваўся пругкі струмень, нібы бураўчык. Разгладжваў кожны мускул. Аўхім ажно прыжмурыўся ад гэтага казытання.
— А што, прыемна? — усміхнулася гаспадыня працэдуры. — А цяпер паварочвайцеся. Рукі вось сюды…
Струмень зноў крануўся ягоных ног, быццам упіўся ў пяткі, слізгануў вышэй, разгладзіў паясніцу, пагойсаў па спіне. Па плячах. Аўхім выйшаў з ванны нібы памаладзелы. Шчыра падзякаваў гаспадыні.
— Вы проста чараўніца. Як вас завуць?
— Я не чараўніца. Я яшчэ вучуся. Завуць мяне Ганнай Рыгораўнай. Вы на свае гады добра выглядаеце. Мабыць, за чаркай не ганяецеся. Працаваць не лянуецеся. Некаторыя мужыкі расплываюцца, як мядузы. А вы, Аўхім Іванавіч, яшчэ мужык што трэба.
— Дзе там? Стары ўжо хрыч. Тройчы дзед.
— А я двойчы бабуля. Жыву з сям'ёю сына. Муж памёр. Дужа ўлягаў у гарэлку. Здароўе не шанаваў.
З кожным днём Аўхім пачуваўся лепей. Прачынаўся рана. Хадзіў па лесе, дзе весела, па-вясноваму звонка цінькалі сініцы. А потым бадзёрым ,лёгкім крокам шыбаваў на любімую працэдуру.
Ганна Рыгораўна прыкмеціла яго настрой, падсміхнула:
— Ну, Аўхім Іванавіч, мусіць. штовечар на танцы ходзіце?
— Ат, якія тут танцы? Наб'ецца людзей… Таўкуцца бы камары пасля дажджу. От з вамі б пайшоў… Полечку збацалі б.
— Не, Іванавіч, мне няма калі. І няма дзе… Прыязджайце ўлетку. Ці пад восень. Можа б, сустрэліся ў грыбох. Там, дзе зялёны мох, — гарэзліва бліснула вачыма.
Лічаныя дні,пазначаныя ў пуцёўцы, бы жоўтыя лісты з дрэў, мільгалі хутка. Прыехаў Аўхім дамоў. Прося ўзрадавалася: “Ну во, аж памаладзеў. Трэба і мне ў санаторый з'ездзіць”. Пад вечар завітаў сусед Грышка. Рося паставіла пляшку. Кульнулі па кілішку. Аўхім расказаў. Як напачатку замардавалі працэдуры, расхваліў падводны масаж, які вельмі старанна рабіў малады барадаты фельчар.
—Ён і жанчынам робіць масаж? — зацікавілася Прося.
— Не, толькі мужыкам, — запярэчыў Аўхім.
— Ну прызнайся, дзядзька Аўхім, зарэла пуцёўка ці не?
— Згарэла! Мне ж далі “гарашчую”.
— Мусіць, нерашучы быў. Сарамлівы, — сказаў Грышка.— Ета ж як у той гісторыі: прыехала кабета ў санаторый, і тут жа да яе кавалер. У першы вечар пальчык пацалаваў. У другі — ручку. На трэці локцік пагладзіў. Не вытрымала кабета: “Ты што ж думаеш? Я сюды на два гады прыехала?” — зарагатаў Грышка.
Засмяяўся і дзед Аўхім. І Прося заўсміхалася, ласкава зірнула на дзеда. Узяла вядро і пайшла на двор.
— Ведаеш, Грышка, масаж мне рабіла жанчына. Маладая бабуся.
— Значыць, пуцёўка не згарэла! — яшчэ гучней зарагатаў сусед.
— На жаль, папраўдзе згарэла. Параіла прыехаць улетку. Дык бы сустрэліся ў грыбох. Дзе расцець зялёны мох.
— Го, дзядзька! Тады ўсё яшчэ наперадзе. Маладому дзеду з маладою бабай — малаодое ў галаве. За такі падводны самаж і чарку кльнуць не грэх.
А на дварэ буяла вясна. Той самы час, калі нават трэска на трэску лезе. Смяялася сонца, спявалі птахі. Жыццё ішло спрадвечнаю хадою.
2004-2006
ФУТЭРКА
АМУЛЕТ
Чалавек стаяў на беразе акіяна. Малахітава-зялёныя хвалі з шумам набягалі на пясчаны бераг.
— Ну, здароў, дружа! Даўно мы не бачыліся. Ажно сорак пяць гадоў,...
— Даўно, даўно, — зашумелі ў адказ хвалі, з шоргатам падкацілі да ног. Быццам хацелі лізнуць чаравікі, нібы радаваліся сустрэчы.
Чалавек адступіў назад, азірнуўся. Гэта была затока, падобная на падкову. Па баках яе на скалістых берагах высіліся белыя дамы, а ў сярэдзіне шэраю коўдраю разлёгся пляж. Улетку тут было поўна людзей. Тады невялікі горад Ёрк, штат Мэйн, ажываў. Маладзеў. Цяпер на пляжы стаяў адзін-адзінюсенькі чалавек — настаўнік гісторыі ды геаграфіі з глыбіннай вёсачкі, што на Магілёўшчыне, Міхась Пятровіч Аксючыц.
Ён прыехаў у Амерыку да сына. Прыехаў упершыню, таму і сустрэча з Атлантыкай была першая пасля доўгага расстання. Сын прывёз яго сюды з Бостана за сто пяцьдзесят вёрст. Тут яны падняліся на гару, палюбаваліся надзвычай прыгожымі краявідамі. Затым спусціліся ўніз, да вады. Сын з жонкаю пайшлі ў мясцовы супермаркет, а Міхась Пятровіч застаўся сам-насам з акіянам. Ён пашкадаваў, што няма побач унука Андрэйкі — хлапец на занятках, вучыцца ў трэцім класе. Як і ўсе тутуэйшыя дзеці, гаворыць у школе на ангельскай мове.
— А ты ўсё шуміш, мой дружа, як і тады…
У маладосці Міхась служыў на Балтыцы. Плаваў на невялікай дызельнай падлодцы. Аднойчы яго выклікаў камандзір:
— Сташы матрос Аксючыц па вашым загадзе прыбыў!
— Вось што, Аксючыц, ты класны гідраакустык. Вочы і вушы карабля. Такія кадры патрэбны на атамнай субмарыне. Паедзеш на Паўночны флот. Балтыка мелкая для вялікіх лодак.
І пачалася Міхасёва служба на атамнай субмарыне. Урэзаўся ў памяць далёкі паход. Як толькі хвалі зліліся над рубкай, на лодцы нібы ўсё спынілася. Ніякай “баўтанкі”, ні шчымлівага піску чаек, ні пеністага буруна за кармою. Не бачыш нічога апрача белай выгнутай столі, пераплеценай мноствам рознакаляровых труб і трубачак. Чуваць адно манатонны гул механізмаў, галасы сяброў, каманды вахценнага афіцэра. Зрэдку з акустычнай рубкі чуліся гукі, якія нагадвалі крык чайкі. Гэтыя гукі нараджае гідралакатар — такі хітры прыбор для вызначэння адлегласці пад вадой.
Лодка плыла, але маракі не адчувалі прасторы і часу. На Зямлі дні змяняліся начамі, зноў свяціла Сонца, ішоў дождж або віхурыла завіруха. Усміхаліся з неба зоркі. На лодцы свяцілі адны і тыя ж плафоны, у пэўны час адны і тыя ж каманды няўмольна падымалі матросаў з вузкіх ложкаў — заступаць на вахту.
Аднойчы ўсплылі. Вахценны афіцэр аб'явіў, што гэта — Атлантыка. Вольныя ад службы маракі высыпалі на палубу. Падняўся па трапу наверх і Міхась. У вочы сцебанулі яркія промні святла, пачуўся салёны водар акіяна.
— Кіт, братва! Глядзіце, справа па борту — кіт!
Міхась убачыў нейкую гарбатую аграмадзіну. Вакол яе віравала вада. Цёмны хвост, нібы прапелер, раз-пораз уздымаўся над пеністымі хвалямі.
Субмарына зноў нырнула ў глыбіню. А праз некалькі дзён камандзір павіншаваў экіпаж: “Віншую ўсіх з выкананнем баявога задання! Наша лодка абагнула ўвесь зямны шар!”
… Дзед Міхась намацаў у кішані кавалак ядлоўцавай галінкі, паклаў яго на далонь. І падалося яму, што гэта не акіян шуміць, а шастае вецер у вяршалінах соснаў. Перад ад'ездам у Амерыку дзед Міхась узяў чатыры ядлоўцавыя амулеты. Гэта былі кавалачкі трохі даўжэйшыя за карабок запалак, таўсцейшыя за аловак. Настаўнік Міхась Пятровіч даўно пераканаўся, што ядловец валодае самым моцным водарам сярод нсельнікаў беларускага лесу. А ягоныя цёмна-шызыя ягадкі маюць незвычайны смак і пах. Ядловец выдзяляе фітанцыды, якія ачышчаюць паветра. Дзед Міхась ужо колькі гадоў носіць ядлоўцавы амулет.
Ён патупаў туды-сюды, як спутаны конь. Вецер памацнеў, хвалі з шумам накатваліся на пясок. На стыку пляжа з асфальтам грувасціліся кучы камянёў. Былі вялікія, а некаторыя зусім малыя. Кінуўся ў вочы блакітна-шэры пляскаты каменьчык, падобны на мініяцюрны лапцік. Дзед Міхась выбраў яшчэ адзін каменьчык, таксама пляскаты, але з гарбінкаю па сярэдзіне, жоўта-белы, нібы адліты са слюды.