Литмир - Электронная Библиотека

ХVІІ

Набліжаўся Новы год. Няўхільна, неадступна. Ада Сахута чакала яго з вялікім нецярпеннем. У яе было  адчуванне,  нібы ёй хочацца пачаць жыццё нанава. У душы выспявала пачуццё віны перад Андрэем:  не падтрымала ў цяжкую хвіліну, часта дакарала, што нічога не выслужыў у партыі, абразліва называла ўсю ягоную дзейнасць балбатнёй. Яна сама адштурхнула яго ад сябе, прымусіла ехаць у зону. Але ён не зламаўся, выстаяў, пачаў новае ўзыходжанне па кар’ернай лесвіцы. Яе ўсё мацней забірала трывога, што ён знойдзе там сабе іншую жанчыну. Галоўны ляснічы, відны мужчына. Любая свабодная кабета, а то й замужняя кінецца на шыю, абы толькі захацеў.

Ёй карцела паехаць да мужа, але пад канец года было вельмі напружана на рабоце. Ёй заставалася два гады да пенсіі, трэба трымацца аберуч за сваё крэсла. А што потым? Іншы раз у думках яна гатова была паехаць да Андрэя ў райцэнтр, дзе некалі яны сышліся, стварылі сям’ю. І ўсё гэта рабілі па любові. У іх было сапраўднае каханне. Яе бацькі не маглі даць ніякага пасагу, Андрэй пра гэта ніколі не гаварыў, бо ніякіх меркантыльных разлікаў не меў. А вось яна, Ада, разлічвала разам з мужам узляцець высока, дабрацца да сталіцы, што ўрэшце і адбылося. О, як яна радавалася, ганарылася, калі яны атрымалі ў Мінску кватэру!

Ада ганарылася дзецьмі, а яны адчувалі павагу да сваіх бацькоў. А  яшчэ прыхаваную зайздрасць аднакласнікаў, а потым інстытуцкіх сяброў. Пасля інстытута Надзя і Дзяніс засталіся ў Мінску. Займелі свае сем’і, сваё жытло. І ўсё гэта дзякуючы клопатам бацькі. А потым здарылася так, што сам бацька змушаны быў кінуць сталіцу, цёплую, утульную кватэру, паехаць у радыяцыйную зону. Якая несправядлівасць! Так думала Ада Браніславаўна. Напачатку яна лаяла мужа, што не змог уладкавацца ў Мінску, але паступова яе злосць, раздражнёнасць праходзілі. А цяпер, як яго прызначылі галоўным ляснічым, яна пачала думаць іначай:  можа,  і  правільна ён  зрабіў. І ўсё   болей дакарала сябе, а не яго.

Ада хацела сустрэць Новы год са сваёй сям’ёю, каб абавязкова былі дзеці, бо яны засумавалі па бацьку. Яна разумела, што Андрэй даўно не бачыўся з сябрамі, але  вырашыла запрасіць толькі сям’ю Махавіковых. З Евай апошнім часам яна зблізілася асабліва, адчувала, што тая ставіцца да яе па-ранейшаму, а мо нават з большай прыязнасцю. Але спачатку Ада параілася з Андрэем, неяк патэлефанавала яму з работы, узрадавалася, што захапіла на месцы. Расказала пра свае справы, пра дзяцей, пацікавілася,  як ён сябе пачувае,  якія клопаты даймаюць. Яна добра ведала Андрэеву звычку:  па тэлефоне ніводнага лішняга слова, ягоныя тэлефонныя размовы нагадвалі тэлеграмы.

— Наконт гасцей не пярэчу. Даўно не бачыліся. Ну што, усё?

— Усё. Чакаем!

— Цалую ўсіх! Да сустрэчы.

Іншым разам Ада магла б пакрыўдзіцца, палічыць гэта за нетактоўнасць: яна патэлефанавала, а муж, якога даўно не бачыла, нецярпліва перапыняе размову. Цяпер жа яна лічыла гэта разумным, бо неўзабаве ўбачацца, тады і нагаворацца, а тэлефонныя размовы падаражэлі, яна, фінансістка, як ніхто іншы, павінна гэта разумець. Затое ўвечары адвяла душу з Евай — амаль паўгадзіны прагаварылі па тэлефоне. Ева ахвотна прыняла запрашэнне, абмеркавалі, хто што згатуе, дамовіліся не ўскладняць жыццё падарункамі, не ламаць над гэтым галаву — жыццё надта ўскладнілася, набыць што-небудзь людскае проста немагчыма.

— Найлепшым падарункам для нас з Андрэем будзеце вы самі, — сказала на развітанне Ада.

І не было крывадушша ў гэтых словах. Яна сапраўды так думала. Потым  упікнула сябе:  ці не занадта настойліва запрашала ў госці Махавіковых, каб Ева не падумала, што сям’я Сахутаў жыве ў поўнай ізаляцыі. Але доўга сябе не дакарала: што сказана, тое сказана, і няма чаго перажываць.

А неўзабаве Аду здзівілі дзеці. Надзя і Дзяніс, аказваецца, таксама рыхтаваліся да Новага года. І сказаў пра гэта сын:

— Мама, Ірынка Махавікова запрашае нас. Ну, каб сустрэць Новы год разам.

— Каго гэта вас?

— Надзею з Ігарком. Ну, і мяне з сямейкай. Будзе іхні Косця са сваім вывадкам. Бацьку мы сустрэнем. Увечары пабудзем у нас. А гадзін у дзесяць паедзем... А назаўтра будзем дома. У Ірынкі намячаецца вяселле. Яна будзе з кавалерам. Хоча пазнаёміць нас.

Ада Браніславаўна зразумела, што ўсё ўжо спланавана, абдумана, пярэчыць тут ніяк не выпадае. Ды і ўвогуле — дарослымі дзецьмі не пакамандуеш, хоць бы  і  хацеў. Мільганула думка: Надзя  пабудзе  ў  кампаніі, а то ўсё адна ды адна дома. Сын быццам адгадаў ейныя думкі, бо шматзначна дадаў:

— Будзе мой калега. Хоча пазнаёміцца з Надзяй. Халасцяк. Яму ўжо за трыццаць. Даўно хоча ажаніцца, ды ўсё нешта не атрымліваецца.

— А што ён за чалавек? Кім працуе?

— Мой калега. Пакуль што болей нічога. Хай гэта будзе сюрпрыз.

— Любіце вы сюрпрызы, — нязлосна прабурчала Ада, у душы ўдзячная сыну, што клапоціцца пра лёс сястры.

Андрэй і Ада балюча перажывалі раптоўны развод Надзі з мужам. Разрыў, мабыць, наспяваў даўно. Халодная, падкрэсленая ветлівасць зяця насцярожыла Аду Браніславаўну. Дачка расказала, што прыходзіць ён дамоў позна. Адгаворка адна: “Бізнес — справа сур’ёзная. Багата клопатаў”. Пачаў вельмі часта ездзіць у камандзіроўку, найбольш у Маскву. Тлумачыў, што іхнія партнёры гандлёвыя ўсе там, у Расіі. Аднойчы Надзя прызналася праз слёзы, што ўжо два месяцы яны не жывуць як муж і жонка, што знайшоў ён  прысуху-партнёрку ў Макве.  А неўзабаве  зяць  сабраў свае чамаданы і цішком, як злодзей, пакінуў сям’ю. Нават не развітаўся з жонкай і сынам.

Андрэй Сахута палічыў гэта здрадай не толькі сям’і, жонцы, малому сыну, а і яму, цесцю, бо ў свой час праз сакратара райкама паспрыяў, каб  зяця павысілі па службе, зрабілі старшым інжынерам, прынялі ў партыю. Сяброўскія адносіны са сваім зяцем вельмі радавалі Сахуту. Але як толькі перасталі існаваць райкамы, абкамы, Сахута апынуўся без работы, першым здрадзіў зяць. Тады Андрэй увесь вольны час аддаваў унуку. Гэта была яго адзіная радасць. Ігарку ішоў пяты гадок. Ён вяртаўся з садка і чытаў дзеду вершыкі на беларускай мове.

Пра ўсё гэта згадваў галоўны ляснічы Андрэй Сахута, бо ён таксама рыхтаваўся да Новага года. Снегу было вобмаль, усюды  льга  праехаць, таму на абшарпаным лясгасаўскім “газіку” Сахута штодня калясіў па раёне, знаёміўся з кадрамі лесаводаў. Ён разумеў, што гэта лепей рабіць не на шматлюдных нарадах, а на месцы, у канкрэтных абставінах. Пагаварыць сам-насам, каб ведаць, хто чым дыхае, і вывучаць справы трэба глыбока, каб не думалі пра яго, што ён залётная  птушка на адзін сезон. Напрыканцы дня часцяком адчуваў металічны  прысмак у роце,  калі вяртаўся з лясніцтваў, размешчаных у зоне. Як правіла, на развітанне яго частавалі.

Сахута пачуваўся няёмка: адмовіцца — значыць, пакрыўдзіць падначаленых, а не дай Бог выпіць лішнюю чарку — услед можа паляцець данос-ананімка. Таму піў ён вельмі асцярожна,  а  вось на закусь налягаў смялей, бо ў самога халасцяцкі побыт. Вядома, Паліна заўсёды прапаноўвала паесці, увечары — чай, а пад чай і чарку налівала. І ўсё гэта бачыла нявестка. Няпэўнасць становішча прыгнятала Андрэя, таму ён з нецярпеннем чакаў сваёй кватэры, хай сабе невялікай аднапакаёўкі. Але здача новага дома адкладвалася: не хапала грошай, будаўнічых матэрыялаў. Ён расказаў пра свае думкі Паліне.

— Трэба падшукаць іншую кватэру. А то пачнуць нас языкамі абмываць.

— Ёсць варыянт. На суседняй вуліцы жыве мая сяброўка. Яна старэйшая за мяне. Некалі разам працавалі ў школе. Ты, можа, ведаеш яе. Дар’я Трафімаўна Азарава. Пасля вайны яна была сакратаром райкама партыі.

— Канешне, ведаю. Прычым, вельмі даўно. Са школьных гадоў.

Убачыўшы здзіўленне на твары Паліны, Андрэй расказаў, як аднойчы Азарава выступала ў Хатыніцкім клубе. Яго вельмі ўразіла, што яна доўга гаварыла і ні ў якія паперы не заглядвала. А гаварыла яна пра міжнароднае становішча, кляйміла амерыканскіх імперыялістаў.

59
{"b":"551730","o":1}