Литмир - Электронная Библиотека

Старшыня прафкама сказала, што ў падшэфны саўгас трэба адправіць трох чалавек на ўборку капусты — гэта апошні заезд.

— Застанецеся пасля планёркі. Памяркуем, — Клімчук зірнуў на гадзіннік. — Ну што, будзем закругляцца?

Пятро прыкмячаў свежым вокам усё, што адбывалася ў гэтым  кабінеце: хто што гаварыў, як сябе паводзіў. Клімчук некаторыя пытанні вырашаў па ходу планёркі, але не абышлося без маналога. Прыкладна тое самае рабіў пасля лятучкі і Пятро: падсумоўваў вынікі, “азадачваў” калектыў. Дырэктар сказаў, што трэба думаць пра тэматычны план 1993 года — а на дварэ  стаяў кастрычнік дзевяноста першага, пісаць заключэнні на рукапісы, заказваць аўтарам рукапісы, варушыць тых, з кім заключаны дамовы, аддаваць рукапісы на рэцэнзію сур’ёзным навукоўцам. Пятро злавіў сябе на думцы, што ягоныя сувязі з вучонымі могуць быць вельмі дарэчы.

— І самая надзённая праблема — выданне кніг “Памяць”. Нядаўна прынята вельмі сур’ёзная пастанова ўрада. Неўзабаве запатрабуюць справаздачу, — Клімчук зірнуў на Пятра, і  той адразу зразумеў, што пісаць тую справаздачу давядзецца яму. — Вы, Пятро Захаравіч, будзеце персанальна курыраваць гэтыя выданні. Дарэчы, мы з табой, — Клімчук перайшоўшы на “ты”, — былі на першай нарадзе ў ЦК. Яшчэ пры Машэраве. Гэта яго задума...  Гррандыёзная задума — выдаць сто трыццаць Кніг Памяці.

— Я быў у тым першым дэсанце ў Шумілінскі раён. На Віцебшчыну. Мы рабілі першую  Кнігу Памяці, — падаў голас Пятро.

— Ну дык ты — чалавек вопытны. Я ведаў каго сватаў, — задаволена ўсміхнуўся Клічук, і амаль усе прысутныя заўсміхаліся.

— А я ведаў,  куды ішоў, — сказаў павесялелы Пятро.

У яго праклюнуўся парастак надзеі, што ён справіцца з новай работай, урасце ў новы калектыў.

— У “Мастацкай літаратуры” створана група “Памяць” з трох чалавек. А я адзін, яко перст, — азваўся Сяргей Рудзянок.

— Зато ж ты ў нас плечавень, — падвесяліў прысутных і намеснік дырэктара Сідаровіч.

— Дадзім табе, Сяргей Дзмітравіч, талковага карэктара. З перспектывай, каб стала рэдактарам. Памяркуем, каго...

— О, там прыгожых дзяўчат  у карэктарскай  хапае! Яго толькі пусці туды,  бы  казла ў агарод, — спадабалася жартаваць Сідаровічу.

— Дамо толькі адну ахвяру, — смяяўся і дырэктар. — А ў  потым дабавім  яшчэ аднаго чалавека. І вас будзе трое. Выданне Кніг Памяці — справа сур’ёзная, адказная і грашавітая. Дзяржава выдзяляе кругленькія сумы раёнам. А раёны добрасумленна пералічваюць грошыкі  выдавецтвам. Вядома, не за прыгожыя  вочы, а  за  работу.

Планёрка Пятру спадабалася. Тут не было нервовай напругі, якая ўладарыць на  тэлебачанні. А  найбольш  уразіў вясёлы, аптымістычны настрой дырэктара, яго бліжэйшых памочнікаў. Цэнзуры няма, партбюро няма, узгадаліся словы Клімчука, што самі з вусамі, але трэба выдаваць толькі тое, што дасць навар.

Пасля нарады  Пятро завітаў у пакой да Сяргея Рудзянка. Вядома, ён мог патэлефанаваць яму і запрасіць да сябе. Але памятаў параду Клімчука: “Штодня заходзь у які-небудзь пакой  выдавецтва, адчыняй  дзверы — так хутчэй  пазнаёмішся з людзьмі. Калі  ёсць  патрэба  пагаварыць сам-насам, не саромейся выклікаць у кабінет”.

На апошніх  дзвярах ля  шырокага  калідорнага акна з выглядам на праспект Машэрава красавалася шыльда “Памяць”, над буйнымі літарамі быццам  трапятаўся язычок чырвонага полымя.

Пятро адчыніў дзверы, увайшоў у даволі вялікі светлы пакой — два шырокія акны прапускалі мора святла. Першае акно выходзіла на праспект, а другое, насупраць дзвярэй, адкрывала паўночна-заходнюю панараму горада — гатэль “Планета”, далей абеліск, а яшчэ далей сінелася Мінскае мора. У фіялетава-бэзавай смузе губляўся, звужаўся, нібы ўпіраўся ў неба праспект Машэрава.

Сяргей Рудзянок сядзеў за самым вялікім  сталом каля дальняга акна, падняўся, нібы школьнік, калі ўваходзіць настаўнік, або салдат пры з’яўленні афіцэра. Пятро прысеў да стала, тады апусціўся на сваё крэсла Сяргей. Былому ваеннаму лётчыку Пятру Махавікову міжволі спадабалася гэткая павага да субардынацыі, мабыць, Сяргею давялося паслужыць у войску.

— Сяргей Дзмітравіч, ці ёсць у вас гэтая пастанова? Ну, пра якую гаварылі на планёрцы.

— Канешне, ёсць, — Рудзянок дастаў з шуфляды чырвоную папку, развязаў матузкі, пагартаў, нібы хацеў пераканацца, ці ўсё тут на месцы, задаволена дадаў: — Вось газета з пастановай. Вось метадычныя ўказанні Цэнтра. Спіс раёнаў, якія замацаваны за нашым выдавецтвам. Рэцэнзіі на першыя кнігі. Зараз  мяняецца канцэпцыя выдання, — Рудзянок памаўчаў, быццам шукаў больш дакладныя словы. — У ранейшых Кнігах Памяці на тысячу гадоў да Кастрычніка адводзілася трыццаць-сорак старонак. А на час пасля рэвалюцыі — 600—700. Вядома, шмат месца займаюць спісы воінаў і партызанаў, якія загінулі... Дзеля іх і пачыналася выданне. Але цяпер — гэта будзе свайго роду малая энцыклапедыя раёна. Пра гісторыю, прыроду, матэрыяльную культуру. Пра славутых землякоў. Каб  кніга чыталася  з цікавасцю.

— Дык жа добрая канцэпцыя! — не стрываў радасці Пятро. — Можа, дасцё гэтыя матэрыялы? Хачу пазнаёміцца.

— Калі ласка, — падаў Рудзянок чырвоную папку.

Пятро заўважыў, што два сталы ў пакоі пустуюць, а за сталом каля дзвярэй сядзела немаладога веку кабета ў акулярах, кароткія, яшчэ густыя каштанавыя валасы атулялі ейны  твар, схілены над рукапісам. Пятру хацелася спытаць, які рукапіс яна чытае, як яе завуць, але зрабіць гэта ён пасаромеўся: некалі зойдзе іншым  разам  і абавязкова  пра ўсё  распытае.

Калі дзверы зачыніліся за галоўным рэдактарам, у пакоі ўсчалася гаворка.

— Ну як табе новы галоўны? — спытаўся Рудзянок у каляжанкі.

— Сімпатычны. І такі далікатны. Можа, дасцё матэрыялы? А мог выклікаць цябе ў кабінет і загадаць прынесці яму папку з матэрыяламі. Мне падалося, што ён нешта хацеў у мяне спытаць, але стрымаўся. Можа,  ён  для пачатку гэткі рахманы? Гэтак мякка сцеле...

— От, жанчыны! Яна адразу пра тое, хто як сцеле... — рагатнуў Сяргей Рудзянок.

— Дзмітравіч, ты — бессаромнік, — пачуў ён у адказ.

Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету, 1991 г.

16 кастрычніка.  Мінск. Сесія Вярхоўнага Савета прыняла Закон “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”.

17 кастрычніка.  Пекін. Далікатэсныя рэптыліі для прыгатавання рэдкіх страў кітайскай кухні з’явіліся на рынках Пекіна.

19 кастрычніка.  Ерэван. Першы Прэзідэнт Арменіі Тэр-Петрасян пачаў сваю палітычную дзейнасць са стварэння камітэта “Карабах”.

22 кастрычніка.  Вашынгтон. Міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка выступіў на 46-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у дыскусіі па дакладзе МАГАТЭ.

ІХ

Бралася на вечар, калі Андрэй Сахута вярнуўся з райцэнтра. Ездзіў разам са старшынёй калгаса Зінкевічам на ягоным “газіку”. Збіралі там раённы актыў для абмеркавання  наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, вучылі, як змагацца з мірным атамам, які вырваўся на волю. Нічым асаблівым нарада не ўразіла Андрэя, сядзеў, слухаў, сёе-тое занатоўваў па даўняй звычцы: занатоўкі ён рабіў нават седзячы ў высокіх прэзідыумах. Суседзі ягоныя ў зале  нічога  не запісвалі,  перамаўляліся  між  сабою, той-сёй  драмаў.

На першы погляд звычайная нарада. Але гэта толькі на першы погляд. Мела яна адметнасць, прадыктаваную падзеямі апошняга часу: у прэзідыуме не было нікога з сакратароў райкама, а ў зале сядзелі былыя камуністы. Сядзеў між іх непрыкметны чалавек у цёмна-шэрым касцюме з акуратна завязаным гальштукам — былы сакратар абкама па ідэалогіі. Лысаваты. З абветраным, гладка паголеным тварам, хударлявы, плечы яго трохі абвіслі, бо гападар касцюма за пошнія тры месяцы скінуў амаль паўпуда вагі,  назапашанай  у мяккім крэсле.

Ён слухаў выступоўцаў з падкрэсленай увгай. І не таму, што яны адкрывалі нейкія ісціны, нечым здзіўлялі, а хутчэй таму, што слухаў іх упершыню. Андрэй запісваў іхнія прозвішчы, пасады, назвы паселішчаў, пра якія яны гаварылі. І рабіў гэта свядома, з думай пра будучыню: калі яго прызначаць на абяцаную вышэйшую пасаду, магчыма ,  давядзецца з гэтымі людзьмі сутыакацца часцей. Можа, з кім у яго наладзяцца сяброўскія стасункі— калі не сяброўскія, то, пэўна, таварыскія, бо жыццё ў чарнобыльскай зоне прымушае людзей мацней трымацца адно аднаго. Кожны ў глыбіні душы разумеў: усе яны закладнікі мірнага атама.

31
{"b":"551730","o":1}