Литмир - Электронная Библиотека

— Андрэй Мацвеевіч, у вас ёсць шанц за два-тры гады прайсці шлях ад ляснічага да міністра. Гэта варта адзначыць.

Гаспадар кабінета дастаў з сейфа пляшку каньяку “Белый аист”, заказаў сакратарцы тры кубкі кавы.

Анатоль Раковіч не чакаў такога павароту і быў сапраўды рады, што высокі сталічны госць не пабаяўся радыяцыі, кідае сталіцу, каб пачаць працу на сваёй радзіме. Задаволенасць была і на твары Іосіфа Капуцкага, але ў глыбіні яго цёмных круглых вачэй затаілася нязгода са словамі старшыні райвыканкама: ён, дырэктар лясгаса, павінен ісці на павышэнне, бо ўжо наеўся радыенуклідаў, ягоная дачка хварэе на шчытавідную залозу. У душы Іосіфа Францавіча памацнела надзея, што ён вырвецца адсюль. Але зробіць гэта з годнасцю — падымецца ўгору па кар’ернай лесвіцы.

Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету,  1991 г.

3 кастрычніка. Пінск Брэсцкая вобласць. Сесія гарадскога Савета вырашыла вярнуць Пінску герб, нададзены яму па Магдэбурскім праве 1 студзеня 1581 года — у перыяд кіравання Стэфана Баторыя.

4 кастрычніка. Берлін. Германія адзначыла першую гадавіну ўз’яднання краіны. Дзень 3 кастрычніка аб’яўлены дзяржаўным святам.

11 кастрычніка. Вільнюс. 10 кастрычніка на віленскіх могілках Панерай пахавана старэйшая беларуская пісьменніца Зоська Верас. Яе светлае жыццё пачалося 30 верасня 1892 года.

VІІІ

Першы дзень пасля адпачынку ўразіў Пятра Махавікова. І перш за ўсё — незвычайнай цішынёй на студыі. Ціха было ў павільёнах, ціха ў калідорах, маўчалі тэлефоны. За цалюткі дзень яму не пазваніў ніхто з начальства. Сказаў пра сваё ўражанне намесніку Яўгену. Той рагатнуў:

— Начальству ўсё да лампадкі. Усе кінуліся будаваць катэджы. Грызуцца за надзелы зямлі, за льготныя крэдыты. І смелыя ўсе зрабіліся. Ведаюць, што на бюро райкама не пацягнуць. У ЦК не паклічуць. Цішыня. Між іншым, цэнзарку нашу адправілі на спачын. А то ж дурнотай займалася. Памятаеш, які гвалт узняла з гэтым фільмам? Ну, дзе пра Свіслач былі кадры, а далей штаб БВА. Гразіла табе ўляпіць страгача. А на паштоўках гэты пейзаж ва ўсю тыражавалі.

Пятро ўзгадаў тую гісторыю, калі цэнзарка гразілася зняць з эфіру перадачу. А гэта ўжо ЧП! Вялікія непрыемнасці, і перш за ўсё для галоўнага рэдактара. Куды глядзеў? Тады ён, так бы мовіць, узяў адказнасць на сябе.

— Я ў свой журнал запісала, што вас папярэдзіла. Калі хто заўважыць, будзеце адказваць, — скрыпела пільная бабуся ў тэлефонную трубку.

На шчасце, ніхто не звярнуў увагі на той кадр. Усё тады абышлося. А цяпер будзе яшчэ лепей, бо паменее валтузні вакол перадач. Хацелася верыць, што працаваць стане цікавей, вальней.

Дзень канчаўся. Пятро падсунуў бліжэй каляндар, зірнуў на свае занатоўкі: ці ўсё зрабіў? Над лічбай 30, круглай, самавітай, прыпіска драбнейшым шрыфтам: імяніны Веры, Любові, Надзеі.

З гэтай тройцы найбольш яго грэла Надзея. Веры не было, Любоў прытупілася: узрост, што ні кажы, за паўсотню пераваліў, ужо “няма таго, што раньш было...” А вось Надзея — яна памірае апошняй.

Надзея на тое, што ўсё перамелецца,  ператрэцца, пераходзіцца, як цеста ў дзежцы, і жыццё ўвойдзе ў свае спрадвечныя берагі, пакоціцца звыклым ходам. Як бы ні было неспакойна, скрутна на белым свеце, жыццё не спыняецца. Пасля грому надыходзіць зацішша, пасля буры-ўрагану на моры жыццёвым пануе штыль. Пятру захацелася занатаваць гэтыя развагі, дастаў кандуіт, па звычцы адгарнуў некалькі старонак назад , нібы для разгону  прачытаць іх, каб лепей пісалася далей, пра дзень сённяшні.

4 верасня. Серада.   Раніца  была цудоўная, светлая, вельмі ціхая, нейкая зажураная. А па абедзе ўзняўся вецер — значыць, будзе перамена надвор’я. У прыродзе цішыні доўга не бывае. На душы неспакойна. У Маскве на з’ездзе дэпутатаў Гарбачоў не дае нікому сказаць ні слова: аб’яўляе перапынкі — да 15 гадзін, потым да 17. Дэпутат Віктар Алксніс параўнаў сітуацыю з 1918 годам, з разгонам “Учредительного собрания”. Аб’явілі, што ў Кітай драпанулі тысячы партработнікаў і чэкістаў. Нашым туды далёка, а то сыпанулі б... Зямляк Андрэй Сахута, былы сакратар абкама партыі, без працы ходзіць. Яшчэ факт: пісьменнікі Расіі дзяжураць начамі каля свайго будынка — баяцца, што яго захопіць іншая групоўка пісакаў. Дажыліся!

9 верасня.  Аўторак. Які туман! Здаецца, што дрэвы, хаты — усё абкладзена ватаю. Але памалу туман пачаў развейвацца, выбліснула зыркае і яшчэ даволі цёплае сонейка. І ўсё наваколле засвяцілася тонкімі ніткамі павуціння — першая прыкмета бабінага лета. Праз чатыры дні яго каляндарны пачатак. Люблю гэты час у прыродзе!

На мой адпачынак выпала багата гаспадарчых спраў: канчаю лазню, аббіваю сцены прымыльніка вагонкаю — азартная справа! Трэба шукаць печку, рамы на балконе трэба ўстанавіць. Кругом клопат..

Больш за два тыдні жыве незалежная Беларусь. Змен пакуль ніякіх. Хіба што  бел-чырвона-белы  сцяг над гарсаветам. Трохдзённы путч разбурыў саюз непарушны. А што будзе на яго руінах?

Газеты паведамляюць: У Магілеве над будынкам гарадскога Савета лунае бел-чырвона-белы сцяг, красуецца герб “Пагоня”. Нарэшце! А Ленінград ужо стаў Санкт-Пецярбургам. Мінскі гарсавет ставіць пытанн аб вяртанні гістарычнай назовы — Менск.

13 верасня. Пятніца. Пасля моцнага пацяплення — пазаўчора было плюс 23 — зноў захаладала. Восень бярэ сваё. Затое ўчора прывёз два кашы  апенькаў. Цудоўныя грыбы! Не было ўлетку грыбоў, можа, восень аддзячыць за цярпенне. А якая асалода збіраць апенькі! Знойдзеш пень, а ён увесь аблеплены грыбамі. Зверху яны стаяць, нібы раскрытыя парасонікі — чыстыя, бялюткія, здаровыя, а ніжэй малыя, быццам  рудавата-белыя шарыкі. Даводзіцца зразаць толькі “галоўкі” — яны самыя смачныя. Абрэжаш пень, застаюцца белыя карані, нібы працягнутыя рукі; уражанне, што пень крычыць, моліць: “Аддай мае грыбы, маё багацце!”

Сёння амаль паўдня аддаў унуку Алесіку. Звазіў яго з бацькамі ў паліклініку,  дзе ўзяпі ў малога кроў з пальчыка. Спачатку ён маўчаў, потым моцна плакаў. А затым моцна спаў на вуліцы, у двары, а дзед, гэта значыь, я чытаў “Зрячій посох” Віктвра Аастаф'ева. Выдатная рэч! Піша ярка, вобразна, шчымліва лірычна.

Вось і вечар. Ева з Ірынкай пайшлі ў магазін, а я з унукам. Ён зноў заснуў. О, як ён спіць! Ручкі, паўсагнутыя ў кулачкі, ногі, як у жабоцькі, сагнутыя ў каленках і рскінутыя  ў бакі. Здаровенькі, харошы хлапец расце. Пра тое, што ў ягоных жылах не цячэ мая кроў, стараюся не думаць. З Кастусём адносіны добрыя, нявестка неяк прызналася, што зайздросціць нашай дружбе. Вось выдадзім замуж Ірыну, будзе ў нас яшчэ унук ці ўнучка. Жыццё працягваецца. Будзем сеяць, Беларусы!

16 верасня. Панядзелак. У выхадныя ездзілі з Евай на лецішча. Збіралі  апенькі, брусніцы. Прыемны занятак. Адпачылі з карысцю. Надыхаліся паветрам, настоеным на ядлоўцы, на верасе. Ёсць у лясным паветры водар жывіцы і таямнічы, гаркава-сумны пах жоўтага бярозавага лісця.

Трывожыць становішча ў свеце. Заўтра пачнецца сесія нашага Вярхоўнага Савета. Каго выберуць старшынёй? Мабыць, Шушкевіча? Ці Кебіча? Будзе прэтэндаваць і доктар навук Карпенка. Мала ведаю яго. Наўрад, каб ён прайшоў. Дый  Пазняк не пройдзе.

18 вервасня. Серада.  Туманны дзень. Цёпла, ціха. Слухаю па радыё пра сесію нашага парламента. Нарэшце выбралі Стаха шушкевіча, сына беларускага паэта, вязня берыеўскага лагера,— старшынёй вярхоўнага Савета Беларусі. Прэтэндавалі ўчора ён, Кебіч, Карпенка і Заблоцкі. Пазняк зразумеў, што не пройдзе. І не лез. Пасля галасаванняў засталіся Шушкевіч і Кебіч. Але ніводзін з іх не набраў патрэбнай колькасці галасоў. Сёння Кеьіч сваю кандыдатуру зняў і Станіслаў Станіслававіч прайшоў. Я трохі знаёмы з ім. Ён браў удзел у адной нашай перадачы. Спадзяюся, ён будзе спрыяць Адраджэнню.

28
{"b":"551730","o":1}