Литмир - Электронная Библиотека

Ясір Арафат выступіў з пасланнем аб міры. Антываенныя дэмантрацыі ў ЗША, Германіі, Судане, Іярданіі — у падтрымку Хусейна. Няўжо разгарыцца трэцяя сусветная? Ленін меў рацыю: імперыялізм не можа без вайны.

З дапамогай Евы хваробу перамог. Акрыяў целам і духам. Жонцы нават спадабалася, што я хварэю: усе вечары дома, і дні— таксама. Увечары яна рабіла мне масаж і натхняла мяне… на масаж у адказ. Пераканаўся, што найлепшая гімнастыка, самая карысная працэдура — гэта каханне. Пацалункі. Як хораша спіцца пасля любові!

23 студзеня. Серада. Імяніны  Рыгора. Народная прыкмета: калі на дрэвах шэрань — год будзе мокры. Пажывём-пабачым.

Учора ў праграме “Время” аб’явілі: з нуля гадзін не прымаюцца 50-рублёвыя і 100-рублёвыя купюры. Яны будуць абменьвацца па месцы работы на працягу трох дзён і не больш, як тысяча рублёў. Можа, і патрэбная такая мера, бо ў некаторых гэтых купюраў цэлыя мяхі. Паводле слоў новага прэм’ера Паўлава каля 7 мільярдаў нашых грошай за мяжою, і, вядома ж, не рублёвымі купюрамі.

Паехалі з  Евай у гастраном “Сталічны”, што на плошчы Якуба Коласа і працуе да 23 гадзін. У кожную касу — чарга, шум, гвалт. Людзі хапаюць абы што, каб памяняць паболей буйных купюр. Мы нічога не купілі, вярнуліся дамоў з пустымі рукамі і з тымі самымі купюрамі. Зрэшты, такой бяды — абмяняем на працы. Колькі ў  нас тых грошай! Слёзы...

Дэталь. На заправачнай станцыі да поўначы стаялі машыны, чаго зімою не бывае ніколі. Не думаю, што мянялі там буйныя купюры, назапашвалі паліва, бо сёння паедуць хто куды. Хто будзе развозіць грошы па знаёмых у горадзе, хто павязе ў вёску бацькам. А памяняць, аказваецца, можна толькі ў памеры сярэдняй зарплаты, пенсіянерам — 200 рублёў, у бальніцы, у доме адпачынку — 500.

На студыі ў нас усё было прыстойна. Здаў і я сваю тысячу. Толькі адзін супрацоўнік здаў дзве, мусіў пісаць тлцмачэнне. Адкуль іх мае?  Не паспеў пакласці на ашчадную кніжку. Дарэчы, у ашчадных касах, на пошце — даўжэзныя чэргі, звіваюцца, бы вужакі.

Сёння абяцалі паказаць на тэлебачанні новыя купюры, але чамусьці не паказалі. У Вярхоўным Савеце міністр фінансаў блытана тлумачыў сітуцыю, заікаўся, называў купюры “асінгацыя”. Некалькі разоў гэтак сказаў, пакуль пачуліся галасы: трэба казаць “асігнацыя”! Вось табе і міністр.Мо расхваляваўся, бедалага.

1 сакавіка. Пятніца. Зноў вясна! 1991-я ад нараджэння Хрыста, 74-я кастрычніцкая, 46-я пасля Перамогі, 30-я касмічная. Пятая чарнобыльская. Усе гэтыя вёсны па-свойму адметныя. Апошняя, чарнобыльская — самая балючая і жахлівая, як самая свежая рана…

Новая вясна прыносіць новыя надзеі. Добра, што скончылася вайна ў Пярсідскай затоцы. Хусейна моцна пабілі, але араба-ізраільскі канфлікт не вычарпаны і не вырашаны. У нас пасля рэферэндума, які адбудзецца 17-га сакавіка павысяцца цэны на харчовыя прадукты. Дый на іншыя тавары. Можа, чэргі будуць меншыя?

Мінулыя два гады — мабыць, самыя балбатлівыя ў нашай краіне: усе засядалі, мітынгавалі, крычалі ўдзень. Ноччу глядзелі тэлевізар. А калі працаваць?Яшчэ ж трэба чаргу выстаяць. А чэргі ўсюды:па хлеб, па гарэлку, і каб шмоткі набыць, тксама пастаяць трэба. Як хочацца, каб хутчэй безгалоўе скончылася! Але хутка, відаць, нічога не атрымаецца. Гады тры-чатыры, а мо і болей спатрэбяцца для стабілізацыі”.

Зноў азваўся тэлефон. Пятро адсунуў убок свой “кандуіт”, зняў слухаўку, пачуў голас намесніка Яўгена.

— Ну, дакладваю. Развод адбыўся. Партыі як і не было. Гэтулькі гадоў служылі ёй. Баяліся гневу парторга, райкама, ЦК.  Памятаеш,  як цябе скубли за Каляды? Ну, за перадачу Брэсцкай студыі даймалі? А цяпер Каляды — дзяржаўнае свята. Каляды ёсць, а партыі няма... Хіба не дзівосы?

— А як сход прайшоў?

— Фактычна сходу не было. Сабраліся некалькі чалавек. Перакінуліся словам. Пазубаскалілі, дый разышліся... Во, пішу самы кароткі пратакол. Проста для сябе. Яго і аддаваць няма каму. Райкамы апячатваюцца. ЦК — таксама. О, мы, славяне, разбураць і руйнаваць вялікія майстры і аматары. А потым на гэтым месцы пачынаем будаваць нанава. Таму і жывём бедна... Што ты зараз робіш? Можа б, піўка глынулі? А то неяк мутарна на душы. Прыязджай на студыю. Тады куды-небудзь зойдзем...

— Я не супраць, але дачка прывязала. Паехала з сяброўкамі ў Батанічны сад. Без ключоў. Прыедзе невядома калі. Можа, і неўзабаве заявіцца. Прыязджай да мяне. Пасядзім, пагамонім. Памянём маналітную і згуртаваную. Хто мог падумаць пра такі фінал? Сапраўды, як тут не выпіць? Чакаю.

— Лады. Праз гадзінку буду. Ты не клапаціся асабліва. Я прыхаплю з сабою пляшку. І каўбасы кавалак. Усё будзе хакей...

Пятро зазірнуў у халадзільнік, вывудзіў адтуль  пару агуркоў, памідораў, мелася там і пачатая пляшка гарэлкі.

— Ну што ж, паспрабуем жыць без партыі. Без райкама і ЦК, — сам сабе прамовіў Пятро. — Жыццё не спыняецца. Жылі нашы продкі без камуністычнай ідэалогіі. Пражывём і мы.

V

Дагарала спякотнае лета. Дні рабіліся карацейшыя, сонца хадзіла ўсё ніжэй, быццам траціла сілу, таму і не грэла так моцна, як у Пятроўку. Затое ночы даўжэлі, наліваліся цемраю, якая ўсё гусцела. На парудзелую ўсохлую траву выпадала густая ядраная раса. Пётр Еўдакімавіч Мамута даўно пераканаўся, што  ў жніўні самыя густыя росы і самыя яркія зоркі. Праўда, учарашнім вечарам зоркі мігцелі слаба, бо іх зацьміла поўня. Вялізны месяц выкаціўся з-за лесу, як толькі ацяжэлае чырвонае сонца апусцілася за макаўку кашлатай старой сасны ў Бярозавым балоце.

Гэтую сасну Пётр Еўдакімавіч помніць з даваеннага часу, калі маладым хлопцам прыехаў пасля педвучылішча на працу ў Хатынічы. І вось праляцела ўжо больш, як паўсотні гадоў. Тут ён звіў сваё сямейнае гняздо, знайшоў жонку Тацяну, выгадаваў з ёю чацвярых дзяцей, дачакаўся ўнукаў. Пражыў з Тацянаю сорак сем гадоў. І вось ужо болей года мінула, як няма яе.

Застаўся Мамута ўдаўцом. Адзін у вялікай пустой хаце, адзін на ўсім завулку, што цягнуўся паўз Канчанскі ручай. У вялікай вёсцы Хатынічы засталося з дзесятак упартых бедалагаў, старых, ссівелых, быццам на  іхніх скронях выступіла ад працы соль. Мабыць, ёсць у гэтай сівізне і нябачныя радыенукліды. Уцёк мірны атам з Чарнобыля, вырваўся, нібы страшны казачны джын або злачынца, пасаджаны за краты, і смертаносным крылом ахінуў ці не трэцюю частку Беларусі. Нябачны страшны вораг агаліў Хатынічы. Спаленая напалову ў вайну вёска адрадзілася, у апошнія гады нават пачала маладзець: хлопцы пасля арміі заставаліся шафёрамі, механізатарамі, будавалі звонкія пяцісценкі, бо не адпускала ад сябе рака дзяцінства Бесядзь. Рака далёкіх і блізкіх  прашчураў.

Настаўнік Мамута  касіў бульбоўнік. Некаторыя сцябліны яго ўжо ўчарнелі: прыхапіла фітафтора, затое зялёнымі  кучомкамі з серабрыстымі крупінкамі насення высілася лебяда. От жа паскуднае пустазелле, думаў Мамута, двойчы палоў з Юзяю бульбу  пасля таго, як абагнаў плугам, і ўсё роўна адскочыла лебяда, там-сям выторкваліся карычневатыя таўкачыкі пырніку, а між барознаў рассцілалася макрыца. Ну, гэтая хоць і цягне сокі зямлі, але і вільгаць трымае. А як любяць макрыцу свінні! Вучоныя людзі пішуць, што яна валодае лекавымі здольнасцямі. Ці не таму вясковае сала гэткае смачнае, не параўнаць з крамны, якое расло на ферме на камбінаваным харчы. Без лебяды і макрыцы.

І хоць раса ўжо выпала густая, каса рэзала  слаба, бо затупілася, мянташыць яе даводзілася ўсё часцей. Дый  стома ўжо адчувалася, узмакрэла спіна пад палінялай клятчастай кашуляй. Пётр Еўдакімавіч зноў узяўся за мянташку, слухаў, як звон касы залівіста рассыпаўся па бярэзніку, які атуляў Канчанскі ручай. Касіць ён пачаў па абедзе, з паўгадзінкі падрамаў, бо ўставаў рана, і калі днём не прыляжа, то пад вечар ногі зусім адмаўляюцца насіць старэчае цела, а трэба ж яшчэ нешта рабіць: ці дровы сячы, ці касіць. А тут ужо і пчол карміць трэба: заўтра 25 жніўня, самы час пачынаць...

17
{"b":"551730","o":1}