Литмир - Электронная Библиотека

— А што здарылася? — Пятро хоць і быў у законным адпачынку, але ўсё роўна часта думаў пра сваю рэдакцыю.

— Ну, ты ж ведаеш сітуацыю. Хунту арыштавалі. Усе ў нас выходзяць з партыі.

— Як усе? І ты, парторг, таксама?

— А што я  лысы? Адзін у полі не воін. Галоўны рэжысёр наш учора кінуў партбілет на стол. Хто выходзіць з партыі, хто прыпыняе членства. Карацей, сёння партсход у тры гадзіны. Прыходзь.

Пятро слухаў і не мог паверыць вушам, хоць і разумеў, што ўсё ішло да гэтага, але каб так хутка і рэзка ўсё павярнулася, такога развіцця падзей не чакаў. Але ісці на сход не было ніякага жадання. Дый  дзеля чаго? Кідаць партбілет на стол ён не збіраўся, пісаць заяву аб выхадзе — таксама.

— Мусіць, на сход не прыйду. Ну, што ж, і я тады прыпыняю членства, як ты кажаш. Вось і дакаціліся. Ну, а якія навіны на студыі?

— Якія навіны? Усе навіны ідуць з Масквы. Наш парламент заўтра пачне засядаць. Там будзе драчка... А на студыі ціха. Ты ж праграму бачыш. Нашых перадач не ставяць. Ну, адпачывай. Пра гэта не думай. Ці ёсць грыбы?

Пятро пахваліўся, што на днях назбіраў паўкаша адных баравікоў. Намеснік шумна ўздыхнуў у трубку, прамовіў:

— Ну, можа, у верасні і на маю долю нешта вырасце ў лесе. Калі не баравікі, дык зялёнкі  ды  рыжыкі.

На гэтым развіталіся. Пятро паклаў трубку і стаяў, быццам у здранцвенні. Рой думак узвіхрыўся ў галаве. Амаль трыццаць гадоў быў ён у партыі. Міжволі ўсплыло з памяці, як некалі ўступаў у кандыдаты ў лётным вучылішчы, як хваляваўся. А колькі разоў выступаў з дакладамі на сходах, колькі пісаў пратаколаў! І ўсё кату пад хвост.  Колькі ўзносаў плаціў, колькі часу празасядаў! Але каб не быў членам партыі, не прызначылі б галоўным рэдактарам. Гэта цяпер кіраваць літаратурна-драматычнай рэдакцыяй прызначылі беспартыйную паэтку.

І яшчэ мільганула думка: можа, гэтая заваруха ў Маскве і рабілася дзеля таго, каб абвінаваціць партыю ў дзяржаўным перавароце дый  разагнаць. Пятро сам спалохаўся крамольнай думкі.

Ён згатаваў моцнага чаю, другі раз, цяпер ужо з дачкою, паснедаў. Яна сказала, што пойдзе з сяброўкамі ў Батанічны сад.

— Гэта вельмі добра. Цяпер там мора кветак.

— Кажуць, там лебедзі паявіліся.

— Вазьмі з сабой блакноцік. Што зацікавіць — запішы.

Зноў зазвінеў тэлефон: сяброўкі клікалі Іру ў свой гурт.

Адправіў дачку і адразу пацягнуўся да дыпламата, які вазіў і ў вёску: кніжку якую пакласці зручна ў яг, пляшку  піва ці  чаго  мацнейшага. Вазіў у ім і свой дзённік, у якім  часам рабіў запісы. Але тут гэткія падзеі! І нядаўні званок са студыі. Вось ён ужо і беспартыйны, хай сабе — часова, а можа, і назаўсёды.

Разгарнуў дзённік — тоўсты сшытак у цвёрдай вішнёвай вокладцы. Для разгону захацелася пачытаць учарашні запіс.

22 жніўня, чацвер. ГКЧП ляснуўся. Прыгадваю тую раніцу, 19-га, нечаканае паведамленне, быццам камень з гары, потым канцэрт “Вижу чудное приволье…” А сёння гэкачэпісты ўжо арыштаваны. Нават пераварот не маглі зрабіць. Ельцын заявіў, што генерал-маёр, камандзір Тульскай дывізіі, якому было загадана захапіць Вярхоўны Савет Расіі і яго, Ельцына, замест гэтага загадаў абараняць будынак, парламент, адкуль вяла перадачы радыёстанцыя... Усё прагніло, калі КДБ, армія, міліцыя — усе тры сілавыя міністры аказаліся бяссільныя, не змаглі зрабіць пераварот. Слабакі! А народ мог бы падтрымаць іх, бо на рэферэндуме большасць выказалася за Саюз. Ведаючы гэта, маглі дзейнічаць рашуча,  а ў іх рукі трэсліся, быццам пасля моцнага перапою. А мо яно так і было?

Па тэлебачанні аб'явілі, што праз некалькі хвілін пачнецца прэс-канферэнцыя Гарбачова. І тут жа пачаўся канцэрт “Зямля мая — святая Русь”. Бедная Русь! Зямля багацейшая. Людзі працавітыя. даверлівыя, шчырыя. Давялі камунякі да галечы...

Тры дні таму была прэс-канферэнцыя Янаева і “хунты”, а сёння ўжо на экране Гарбачоў. І адразу яго, як прарвала: антыканстутыцыйны пераварот, арганізаваны рэакцыйнымі сіламі, якія былі ў ЦК і ў міністэрствах, якіх я вылучаў, якім давяраў… Трымалі 72 гадзіны ў ізаляцыі, апавядае са смакам. Як лавілі радыё Бі-бі-сі — смех сярод журналістаў. Хунту не прызналі ў свеце, толькі Каддафі, Хусейн і…Рубікс, латышскі партыйны лідэр. Гарбачоў тут жа пачаў бэсціць Рубікса, змяшаў з граззю. Ці варта гэта рабіць учарашняму генсеку, бо сам са сваімі хаўруснікамі вылучаў яго. І зноў балбатня, балбатня…Бракуе Міхаілу Сяргеевічу пачуцця меры. Не трэ было праводзіць прэс-канферэнцыю ў такім ключы. Тэлеэкран бязлітасна высвечвае фальш, дурноту.

У праграме “Время”, асабліва ў расійскіх “Вестях”, кляймяць фашыстаў-путчыстаў, пярэваратняў. Выходзіць, старшыня Вярхоўнага Савета СССР — былы аднакурснік Гарбачова, фашыст, прэм'ер, міністры,  сакратары ЦК КПСС — усе фашысты. А каб пераварот удаўся, усё было б канстытуцыйна! Якая ганьба! Выступаюць А, Якаўлеаў,  Шэварднадзе. Лікуюць! Перамога дэмакратыі. Цяпер, маўляў, саюзны парламент павінен самараспусціцца, як і КПСС. Спектакль тэатра-“абсурду

Пятро перачытаў свае занатоўкі і яму падалося, што  гэта было не ўчора, а раней. Хоць і не шукаў слоў, не думаў, як лепей падаць, а проста для сябе занатоўваў уражанні, а сёння прачытаў з цікавасцю. Праўду кажуць, што любы дзённік — гэта чалавечы дакумент.

Які год! І пачынаўся ён з “Буры ў пустыні” — вайны ў Іраку. Пятро міжволі пачаў гартаць самы тоўсты “кандуіт”, шукаючы навагоднія запісы. Адгарнуліся старонкі напярэдадні новага года, і ў кожным запісе трывога, занепакоенасць: што будзе далей? Пра сваю рэдакцыю, пра сям’ю — скупа, а ўсё пра палітыку, мітынгі, страйкі.

А з чаго ўсё пачалося? Калі з’явіліся трэшчыны ў гэткім, здавалася, маналітным будынку на марксісцка-ленінскім падмурку, якім уяўляўся Савецкі Саюз? І раптам усё захісталася. Рухнуў сацыялістычны лагер, нібы картачны дамок. Пачаў узгадваць той незабыўны мітынг на мінскім стадыёне “Дынама”, пасля якога ён упершыню моцна пасварыўся з сябрам Андрэем, абкамаўскім ідэолагам...

Адгарнуў першую старонку, а пачаліся запісы ў студзені 1989-га. Значыць, я тут свайго роду летапісец краху сацыялізму. Правільней, гэта суб’ектыўныя нататкі пра канец сацыялізму. Можа, некалі надрукую сваю графаманію. А дзе ж пра той мітынг? Адбыўся ён, здаецца, зімою. Ці не ў лютым? Пачаў гартаць старонкі,  нарэшце  знайшоў патрэбную:

19 лютага. Нядзеля. Сёння на стадыёне адбыўся мітынг — каля сарака тысяч людзей сабралася. Я ішоў на мітынг, як на свята. Дамовіліся з Андрэем, што я завітаю да яго ў абкам, адтуль пойдзем разам, там рукою падаць. Дзень выдаўся светлы, з ветрыкам, лёгкім марозікам. Каля стадыёна прадавалі “Навіны” БНФ, сям-там луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Цэнтральныя сектары стадыёна былі запоўненыя бітком, на бакавых людзей меней. На супрацьлеглай трыбуне чырванеліся плакаты. Я папрасіў дзяўчат прачытаць, што на іх напісана. “Беларускай мове — дзяржаўнасць!” — маладым звонкім голасам прамовіла сімпатычнае русявае дзяўчо. “Гэта мудра!” — знарок гучна сказаў я. Андрэй тармаснуў мяне за рукаво, маўляў, не выпендрывайся. Два мажныя дзядзькі павярнуліся, коса зірнулі на мяне, пазналі Андрэя, кіўнулі яму.

Адкрыў мітынг старшыня гарсавета, потым гаварыў Зянон Пазняк. Гаварыў занадта пафасна, узнёсла, уеў старшыню гарсавета, маўляў, ён павінен папрасіць прабачэння за падзеі 30 кастрычніка, калі на могілках разагналі святкаванне Дзядоў. З усхваляванай прамовай выступіў  Сяржук Вітушка: “Бюракраты, розныя партакраты вымруць, як маманты. Мы прыйдзем на  іх месца. Жыве Беларусь!” — скончыў ён пад гул трыбун. А потым дарваўся да мікрафона сакратар Маскоўскага райкама Мінска, пачаў на рускай мове, яго асвісталі, не далі гаварыць. Зірнуў краем вока на Андрэя — той хмурыўся і кусаў вусны. Дзівакі, партыйныя ідэолагі, няўжо не маглі даўмецца, што выступаць тут трэба па-беларуску. Усхвалявана, цікава, хоць і коратка, гаварыла загадчыца дзіцячага садка пра тое, як яны вучаць дзяцей роднай мове. Рабочы з “Інтэграла” усыпаў партыйным бюракратам, быццам сарваў словы ў мяне з языка, але ён і ЦК зачапіў, сказаў, што “яшчо” не навучыўся гаварыць па-беларуску, але актыўна вучыць родную мову. Спачатку яго слухалі скептычна, а потым скандзіравалі: “Ма-ла-дзец!” Зноў вылезла партфункцыянерка: маўляў, я  першая жанчына, якая выступае.І  мне не будуць свістаць, што яна нстаўніца пачатковых класаў, дарасла да дырэктара школы, цяпер — сакратар райкама партыі, што яна стаіць гарой за беларускую мову, за яе дзяржаўнасць. Але навошта тут бел-чырвона-белыя сцягі?  Навошта “Пагоня”? Болей гаварыць ёй не далі. Спачатку выступоўцам давалі па дзесяць хвілін, потым — па пяць. Мітынг доўжыўся болей, як тры гадзіны. Людзі пачалі разыхолдзіцца раней. Андрэй пацягнуў і мяне да выхаду. Вакол купкамі стаяла моладзь,усе спрачаліся.Мы з Андрэем таксама счапіліся, як ніколі раней.

14
{"b":"551730","o":1}