126. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пыл
Мы з брацікамі былі вельмі ахайныя дзеткі і любілі прыбірацца ў сваім пакоі. Асабліва нам падабалася падмятаць: дні напралёт мы мялі падлогу мяцёлкамі, венікамі ды шчоткамі, і нам ані не надакучвала. Але выносіць намецены пыл ленаваліся, і згарналі яго пад канапу. Калі пыл пачаў вывальвацца з-пад канапы пластамі, мама заўважыла гэта і, не сыходзячы зь месца, пасадзіла нас на калені і распавяла казку. Пра тое, што пыл – зусім ня бруд і ня сьмецьце, а маленькі нябачны народ, драбнюсенькія істоты, якія штодня нараджаюцца ў невядомай для сябе краіне й імкнуцца на радзіму. Для іх сьметнік – гэта радзіма, як для нас радзіма – неба, тлумачыла мама. Таму пакідаць пыл назаўжды пад канапай – вялікая жорсткасьць. Яго трэба беражліва зьбіраць і адпраўляць у сьмецьцевае вядро, потым адносіць у сьмецьцевыя бакі, свайго роду перавалачны лягер, а адтуль ужо яны патрапяць у сваю сапраўдную краіну, да татаў і мамаў, за імі прыедзе адмысловая вялікая машына. Пасьля гэтае казкі нашу ляноту як вада змыла! Мы старанна зьбіралі кожную парушынку і, абмінаючы вядро, несьлі іх на руках да сьмецьцевых бакаў, а адзін з нас заўсёды пільнаваў ля бакаў, чакаючы машыну. Калі машына прыяжджала, мы беглі да яе, упрыгожвалі стужкамі, кветкамі, ёлачнымі цацкамі, палілі бэнгальскія агні, бабухалі ўсьлед хлапушкамі й шпурлялі сэрпантынкі. Бывай, пыл! Будзь шчасьлівы! А вярнуўшыся дадому, мы елі торт і пілі сідар, і кожны дзень быў паўнаважкім сьвятам.
127. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра запал і задор
Калі нам з брацікамі споўнілася па шэсьцьдзесят шэсьць гадоў, мы ані ня страцілі сваёй жвавасьці: весяліліся й дурэлі, як і ў пятнаццаць. Абліваліся пырскаўкамі, кідаліся сшыткамі, страляліся сьлівавымі костачкамі, лупілі адзін аднаго ручнікамі, абзываліся – «сьвіньня!» «сам сьвіньня!» – і рагаталі без супынку, і куляліся. Мама з татам толькі дзівіліся – і скуль у іх столькі запалу і задору? Рэцэпт жа быў вельмі просты:
1. Абудзіўшыся дарана, зьесьці вялікую вычышчаную моркву.
2. Зьесьці смачную цукерку.
3. Выйшаўшы на балькон, распрастаць плечы і прасьпяваць звонкую, радасную песьню.
Ну а тыя дні, у якія не знаходзілася ў нас ані морквы, ані цукеркі, мы бавілі ў ложку.
128. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага шчаснага чалавека
– Матухна, раскажы нам пра самага шчаснага чалавека!
– Зноў? Толькі ўчора ж!
– Так, так! Зноў!
Тады мама рабіла ўмову: зьесьці яшчэ па два бутэрброды з маслам і сырам, ці яшчэ па талерцы прасяной кашы з лукам і яйкам, ці яшчэ па гуртку гарачага малака зь мёдам і каньяком. Яна лічыла, што мы худзенькія і карміла ва ўсякім зручным выпадку. Што ж, мы з гатоўнасьцю згаджаліся, а дзеля забавы закідвалі галаву і расчынялі раты, малюючы галодных птушанятак. Самае вясёлае здаралася, калі мама па няпамятлівасьці прапаноўвала нам зьесьці тое, чаго ўжо не было ў печы, прыкладам, яшчэ раніцай зьедзены боршч са сьмятанай і грэнкамі – і тады яна сьмешна войкала й пляскала рукамі, а мы падалі на падлогу, курчыліся і хрыпелі з уяўнага голаду.
– Жыў-быў чалавек, які валодаў умельствам адчуваць шчасьце ва ўсякі час сутак і ў любым хоць трохі падыходным месцы. Бывала, сядаў на зэдлік, засоўваў рукі ў кішэні, крыху коўзаўся для зручнасьці – і заміраў у асалодзе. Многіх раздражняла гэтая ягоная манера, асабліва заўсёдная ўсьмешка, і яны намагаліся перашкодзіць яму: гучна тупалі, крычалі, рагаталі, мацерна лаяліся, умыкалі на ўсю моц Бэтховэна, а часам нават падыходзілі й стукалі палкамі па ножкам зэдліка. Чалавек праз гэта напраўду губляў самавалоданьне – ускокваў і гнеўна крычаў – але хутка сьціхаў і апускаўся назад у шчасьце. Аднойчы, каб дапячы яго, яны дадумаліся да злоснай нізасьці: прынесьлі кацяня і пачалі яго трэціраваць у чалавека ўваччу. Але ён, як толькі заўважыў, павёў сябе рашуча – ускочыў, зароў, раскідаў нягоднікаў па пакоі, а кацяня аблашчыў і адпусьціў на волю. З тых часоў яны яго баяліся, і шчасьцю асьцерагаліся перашкаджаць. Шмат дзён і месяцаў правёў ён у шчасьці, але потым вышукаўся адзін паскуднік, невядома адкуль выскачыў, і стаў ён шчасьліваму чалавеку атруту ў вушы ўліваць. Пакуль ты тутака песьцісься, казаў, людзі пакутуюць! Ты сядзіш на зэдліку, як баязьлівы страус, а яны і паміраюць ні за што! Колькі сьлёзаў, колькі стогнаў у сьвеце! Ды азірніся ж ты, калода нячулая, навіны хоць паглядзі! І азірнуўся чалавек, паслухаў радыё, пачытаў пэрыёдыку, і прыйшоў у моцны жах зь несправядлівасьці, зь беззаконьняў і зь бездапаможнасьці сваёй. І занудзіўся ён, затужыў, і ператварыўся хутка ў сама няшчаснага чалавека на сьвеце, быццам навыварат выкруціўся. А паскудзе толькі таго й трэба: ходзіць па кухні, гігікае, далонькі пацірае, чаёк зялёны заварвае. Доўжылася так некаторы час, але потым неяк у пятніцу ўваходзіць паскуда да чалавека, а той ізноў шчасьлівы! Сядзіць на зэдліку ля сонечнага акенца і жмурыцца, і усьміхаецца. Як жа так?! Як ты можаш?! – абураецца паскуднік. Ды вось так, – адказвае чалавек, – не магу больш за ўвесь сьвет сумаваць, бо я ўсяго толькі чалавек. Калі перада мной кацяня не трэціруюць, дык я й шчасьлівы, і нішто мне не замінае! Паскуда праз такія словы зашыпеў, затросься дый згарэў сінім полымем, а чалавек уздыхнуў вольна і засьмяяўся. Вось такі, дзеткі, быў ён, сама шчасны чалавек.
129. Змрочныя засьценкі. Другая курсавая работа
Спэцыяльнасьць: Рэклямны бот
Прадмет: Трэндынг і ўцягваньне
Навучэнец: Ролянд
Тэма: Пра хатняе кансэрваваньне
Паважаныя праграмары, сёньня мы хочам сказаць пра кансэрваваньне жыцьця.
Не пра крыягенныя агрэгаты, якія захоўваюць целы багацеяў, а пра просты хатні спосаб, не складанейшы за засол агуркоў ці закваску капусты.
Давайце ўспомнім: у нашых таямнічых мазгах некаторыя гукі, пахі, адчуваньні незвычайна трывала зьвязаныя з падзеямі зь мінулага. Самае знакамітае апісаньне гэтай сувязі вы ня раз сустракалі ў пачатку рамана Пруста, калі смак пірожнага зь ліпавай гарбатай вяртае героя ў далёкае дзяцінства, поўнае ўцехаў і асалодаў. Пірожнае дзейнічае на манер Уэлсавай машыны часу, але без усялякіх прыземленых недарэчнасьцей: толькі мадэрнісцкая лёгкасьць, толькі цякучыя летуценьні. Аднак карысьць апісанага эфэкту аўтар не вывучае, пірожнае для яго – толькі зручная выпадковасьць, прыступка, дзьверы ў апавяданьне. Так і мы з вамі, шаноўныя праграмары, натрапляючы час ад часу на закансэрваваныя кавалачкі нашага доўгага і шчасьлівага жыцьця, радуемся ім, але ня бачым вялікіх магчымасьцяў. Радасьць першабытнага чалавека, які нечакана атрымаў агонь: ён грэецца ля вогнішча й ня думае ні пра прычыны, ні пра мэтады.
Давайце памяркуем: само сабою напрошваецца наўмыснае зьвязваньне, сьвядомае кансэрваваньне, строга рэгулярнае, якое робіць магчымым кіраванае паглыбленьне ў любы пэрыяд нашага мінулага. Мэтодыка простая, вясёлая й заключаецца ў строгай дыскрэтызацыі слыхавых, смакавых і нюхальных адчуваньняў.
Давайце пачынаць ужо зараз.
Вось што важна:
1. Аптымальны пэрыяд дыскрэтызацыі, на наш погляд, паўгода. На працягу паўгода вам трэба слухаць аднастайную музыку, піць аднолькавыя напоі, закусваць падобнай ежай, выкарыстоўваць толькі адзін парфум.
2. Па сканчэньні азначанага пэрыяду неабходна крута (!) зьмяніць набор кансэрвантаў. Да праслуханага / выпітага ў мінулым пэрыядзе ні ў якім разе не вяртацца.
3. Эфэкт будзе тым мацнейшы, чым шырэйшыя вашыя густы, мілыя праграмары.
4. Кансэрвы павінныя як сьлед настаяцца. Выкрываць пакунак можна толькі па сканчэньні некалькіх гадоў.
Каб падштурхнуць вас да канкрэтных думак і дзеяў, прапануем распрацаваны намі варыянт кансэрвацыі трох гадоў жыцьця:
Год першы, студзень – чэрвень