CA. Аповед Коліка. Пра выхаваньне
Мой брат Колік апавядаў, што аднойчы трапіў у камэру разам з дырэктарам школы, ня нашым, вядома, а іншым. Дырэктар сядзеў на кукішках ля сьцяны, пагружаны ў сум, і сьлёзы блішчалі за шклом ягоных акуляраў. Колік прысеў побач, пачаставаў дырэктара чарнаплоднай рабінай, і той з уздыхам расказаў яму сваю сумную і павучальную гісторыю.
Дырэктар, аказваецца, вельмі любіў сваю працу і дзяцей – і больш за ўсё на сьвеце хацеў, каб яны вырасьлі добрымі, прыстойнымі людзьмі. І, калі яму даверылі цэлую прыватную школу, ён прыдумаў арыгінальны выхаваўчы плян. Усім вядома, распавёў ён Коліку, што ў стадыі станаўленьня падлеткі непазьбежна бунтуюць супраць акружэньня. І гэтую магутную энэргію бунту можна выкарыстоўваць! Як? Ты сам зьмяркуй: калі асяродзьдзе справядлівае, дэмакратычнае і шчаснае, дык бунтары робяцца панкамі, пэрвэртамі ды футбольнымі фанатамі. А калі вакол царызм і няроўнасьць, дык бунтары – дзекабрысты і ўзьнёслыя паэты. Такім чынам, неабходна ізаляваць школу ад зьнешняга сьвету і зладзіць унутры самыя агідныя, брудныя, подлыя парадкі, кшталту «120 дзён Садома», толькі з заняткамі. Чым горай, тым лепей. Тады на выхадзе атрымаюцца чыстыя, сьветлыя, радасныя асобы, адкрытыя для станоўчае працы і творчасьці! Зацікавіць пэдагогаў-калегаў новым мэтадам было ня цяжка, спонсары й дабрачынцы ўхвалілі, бацькам наабяцалі небывалых узьлётаў, не ўдаючыся ў падрабязнасьці – і экспэрымэнт пачаўся. Аднак яго чакаў зруйнавальны правал у першы ж год! Бо дырэктар чамусьці не ўлічыў, што да бунтарства схільны зусім ня кожны падлетак. У той год нашчэнт усе дзеткі аказаліся канфармістымі! Яны хутка прызвычаіліся і зь вялікай ахвотай аддаваліся подласьцям, узаемным зьдзекаваньням і самым гнюсным вычварэнствам. І на калядных вакацыях прадэманстравалі свае заганныя захапленьні бацькам. І на Новы год за дырэктарам прыйшлі прыставы.
Але дырэктар усё ж не пакідаў надзеі пасьля выхаду з турмы даказаць разумнасьць свайго мэтаду. Неабходныя сэпарацыя й сэгрэгацыя, сказаў ён. Трэба даваць дзецям падрабязныя тэсты, а потым канфармістыя – налева, у звычайную школу, бунтары – направа, у маю.
CB. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра перамогу
9 мая тата як заўсёды падняўся рана і адразу прыбраўся ў парадны цёмна-сіні гарнітур, цяжкі праз багацьце ордэнаў. У прыўзьнятым настроі ён спружыніста праходжваўся паміж сталамі, пашчыпваў вусы й камандаваў сэрвіроўкай: бульбачку сюды! морквачку туды! кветкі разьбіць на дзьве групы! садавіну пірамідкамі! сьпіну роўна, Толік! жывот уцягнуць! вымкнуць рок-н-рол, паставіць Гераічную сымфонію! Ролю, ролтан яшчэ рана! сурвэткі хаткамі! дзе рыбныя відэльцы? так вас разгэтак! надзьмуць шарыкі!
У гэты дзень сабраліся ўсе: мама сагнала паклоньнікаў-дэкадэнтаў і млява панавала побач з татам на чале галоўнага стала; Колік у беласьнежных спартовых нагавіцах ліха адкаркоўваў бутэлькі; Толік з жонкай і дачкамі сноўдаў з тэрасы на кухню, прыносячы ўсё новыя й новыя стравы, сальніцы ды перачніцы; Валік з таямнічай пасьмешкай паставіў ля сьцяны скрутак з падарункам таце, мяркуючы па форме – сваёй новай карцінай; Хуліё, ня ў сілах разлучыцца ні на імгненьне з новым каханьнем, прывёў яе з сабой – дзеву чароўнае прыгажосьці і юнацтва, і яна адразу выклікала ў мамы раўнівыя погляды. Роўна ў дванаццаць тата з грукатам крэсла ўстаў і ўзьняў келіх з шампанскім. Усе зьнерухомелі. Цішыня. Белыя сабачкі схаваліся пад стол і асьцярожна выглядалі.
– Я, – тата зрабіў паўзу для большай урачыстасьці, – Я, дарагія мае дзеткі, прайшоў усю вайну! Я біўся адважна. Вы можаце мной ганарыцца. Біў ворага ў хвост і ў грыву! Гнаў гада да самага Бэрліна! Паказаў фрыцу саву смаленую!
– У якіх войсках ты змагаўся, хані? – сьвецкім тонам спыталася мама.
– Паказаў, кажу, фрыцу саву смаленую! Тост нельга перарываць, – ён паклаў маме руку на плячо, зазірнуў у келіх і трохі памарудзіў, усё-такі зьбіўшыся. – Дык што гэта я казаў? Ага! Падумайце: калі раз за разам абвяшчаць тост за перамогу, ці ня будзе гэта выглядаць занадта саманадзейна й самаўлюбёна? Ці наадварот, занадта баязьліва, быццам мы, дрыжучы са страху, дзяўбем мантру-абярэг? Ці нават з такога пункту гледжаньня: фрыцы ж таксама пілі за перамогу, аднак не перамаглі, так ці не? Такім чынам, каб ураўнаважыць перакошаньні й выратаваць адным стрэлам мноства зайцоў, я ўзьнімаю гэты келіх за паражэньне! Ура!
Дзева, прыведзеная Хуліё, засумнявалася й кінула некалькі хуткіх поглядаў па бакох: як мы ўспрымем? Але нам было не прывыкаць! Мы й вокам не міргнулі, і зараўлі: Ура! Ура! Ура!
CC. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра простага чалавека
У тыя гады, калі Валік зарабляў на жыцьцё партрэтамі, мы з брацікамі любілі сядзець у ягонай майстэрні, за японскай пэргамэнтнай шырмай, лізаць салодкую акварэль і падглядваць за жывапісуемымі заказчыкамі. Каго толькі ў Валіка ня перабывала! І генэралы, і тэлевядучыя, і модныя журналісты, і дужыя ваенмары. Прыкладам, аднаго часу да яго панадзіўся хадзіць пісацца непрыкметны чалавек з суседняй вуліцы, па прафэсіі падліковец. Ён прыходзіў прыкладна раз на месяц, і аднойчы мы засьпелі яго. Ён пераапрануўся ў чыстае і каля гадзіны пазіраваў на драпіроўцы моўчкі, пакрысе хмурнеючы, хмурнеючы – і нарэшце пачаў скардзіцца.
– Як бачыце, я вельмі просты чалавек. Вам можа гэта здацца нязначным, але вы не ўяўляеце, да якой ступені я прасякнуты прастэчай. Я прасьцейшы, чым вы ці хто-небудзь іншы, нашмат прасьцейшы. Мяне гэта прыгнятае страшэнна! Немагчыма прымірыцца. Прыкладам, пагляджу штосьці з Антаніёні, і ўвесь дзень хаджу змрочны: вось якія бываюць людзі, ня тое што я. Чаму ж я такі ганебны? Складаюся з простых жаданьняў чаму? Паесьці, пазабаўляцца, паспаць? А калі пажалісься таварышам і сяброўкам, дык тыя імкнуцца суцешыць па-рознаму: адны кажуць, што ўсе рэжысэры – крыўлякі; іншыя, наадварот, што ня ўсім жа быць грандыёзнымі; трэція – што толькі ў шчырасьці й жыве ісьціна; чацьвёртыя – што зусім не такі я просты, як здаецца; пятыя – што складанасьць, калі разабрацца, ні што іншае як псыхоз. І, пагадзіцеся, той факт, што ўсе гэтыя развагі адрозьніваюцца, сьведчыць пра іхную няслушнасьць. Хіба не? І, выходзіць, аніякага суцяшэньня мне няма й быць ня можа: я просты, і кропка.
Але на гэтым ён не супакоіўся і пачаў старанна будаваць ужо ўласныя высновы, якія хітрамудра апраўдвалі прастэчу, а потым урачыста руйнаваў іх. Здавалася, ён быў здольны вывяргацца гадзінамі. Валік паглядаў на нас і нахіляў галаву, нібы кажучы: вось так заўсёды! Мы з брацікамі з пагардай разглядалі ягоны твар праз шырму: нос, лоб, бровы – прасьцяцкія, немудрагелістыя, хваравіта зьбянтэжаныя. Калі Валік выйшаў у прыбіральню, мы выскачылі й надавалі падлікоўцу нясільных, але зьневажальных падпатыльнікаў і аплявухаў. «Пайшоў, пайшоў адсюль!» Адразу ўсьвядоміўшы сваю безабароннасьць, ён схапіў пінжак і рынуўся да выхаду, а мы падганялі яго штурхялямі. «Прэч!» Выскачыўшы на ганак, ён даўся ілбом аб нізкую бэльку брыля і завыў, а мы пасьмяяліся й пляснулі дзьвярыма. Валік, вярнуўшыся, ухваліў нас: «Трываць не магу гэткіх; дзякуй вам, браты».
CD. На адвароце партрэта. Пра далікатныя прызнаньні
«У мэтро, прыхінуўшыся да дзьвярэй, стаяла пара. Трымаючыся за рукі, тварам да твару, профілем да мяне. Яны закахана ўсьміхаліся і размаўлялі, нячутна за шумам, і былі такія маладыя, такія харошыя. Я глядзеў на іх: складаныя абрысы ў перакрыжаваньні сьветлавых плямаў, іскры ў валасах, водбліскі на вуснах. На крыле носа ў юнака была мілая радзімка, а на крыле носа ў дзяўчыны, у сымэтрычным месцы – які жах – прыліпла казяўка. Шэрая казяўка, якую выкалупваць з ноздры й скочваюць у маленькі шарык. Чаму ён ня скажа ёй пра казяўку? Чаму не змахне нядбайным рухам? – напружана разважаў я. – Можа, ён баіцца разбурыць рамантычнасьць імгненьня? Можа, я стаў міжвольным сьведкам далікатнага прызнаньня? Ён зьмеркаваў прынесьці ў ахвяру форму, думаючы толькі пра існасьць? Але як ён памыляецца! Бо казяўка ператварае іхнае каханьне ў непрыстойныя кпіны, у зьдзек, у брудны намёк! Ці ня лепей нязмушана скінуць яе ды пачаць прызнаньні з пачатку? Ці ня трэба мне ўмяшацца? Але тут дзяўчына ледзь павярнула галаву, сьвятло лягло пад іншым вуглом, і казяўка ператварылася ў нявінны пірсынг. О, якое палягчэньне! Але дарма я сышоў і не пазнаёміўся зь імі... цяпер хачу абавязкова напісаць іхны партрэт, хай і па памяці.»