А дзіўная жанчына больш не зьяўлялася, і неўзабаве ў паўночны дом уехаў новы сусед.
9B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра цёмную вуліцу
Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы рэдка нудзіліся. А калі ўсё ж такі нудзіліся, дык клаліся раней спаць. Але часам здаралася нам праспаць усю ноч, усю раніцу і ўвесь дзень да вечара, а нуда не праходзіла – і тады мы злаваліся. Тады мы ішлі на край гораду, на цёмную вуліцу за піянінавай фабрыкай, і шукалі сабе ахвяру. Нам падабаліся дужыя мужчыны сярэдняга ўзросту, асабліва былыя пяхотнікі ці дэсантнікі – плячыстыя, з раненьнямі, зь сівізной у жорсткіх вусах.
– Гэй, дзядзечка! – пiшчаў яму Толік.
– Што табе, хлопча? – адказваў ён з дабрынёй.
– Дзядзечка, патрасі губой! – прасіў Толік і сьмяяўся.
«Што?!» – вэтэран хмурыў бровы і рабіў крок да Толіка, а той уцякаў і рагатаў: «пасасі вусы!» Гэтая нявінная дражнілка быццам апякала вэтэрана – нязьменна – і ён зь лютым ровам кідаўся за Толікам. І тут выскоквалі мы:
– Стой! Ты, брудны мярзотнік, мы запісалі цябе на камэру!
– Што?!
– Усё запісана: як ты гонісься за маленькім хлопчыкам, за нашым пяшчотным брацікам! – крычаў Колік.
– Юрлівая пачвара! Гвалтуюць! Людзі! – крычаў Валік.
– Ролю, тэлефануй жандарам! – крычаў Хуліё.
І я спакойна пачынаў тэлефанаваць у жандарню.
– Дзеці, ды вы што, звар'яцелі?!
– Маўчы, падлюга!
– Згніеш за кратамі!
– Такіх стэрылізаваць трэба!
Тады ён пачынаў разумець – і змрочна выцягваў свой сумленны кашалёк. «Ха-ха! Засунь яго назадкі! Навошта нам твае грошы!» «Што ж вам трэба?!» «На калені станавіся!» Гнеў шыбаў яму ў твар, і ён непакорліва ўздымаў галаву – але мы нагадвалі яму, што чакае яго ў казематах, і ён адразу ламаўся. Зважна, з годнасьцю ўставаў на калені, паводзячы магутнымі плячыма. Сьпявай песьню! Якую песьню? Рымскага-Корсакава! Залаты пеўнік! І ён, скаланаючыся з прыніжэньня, сьпяваў. І скуль толькі словы ведаў? Але нам гэтага было мала: мы прагнулі ягоных сьлёз. Павольна, павольна, з цынічнай ухмылкай, Колік агаляў цырульную брытву, і працягваў.
– Што?! Навошта?!
– Брый вусы.
І тады, бачачы ў нашых вачах няўмольную жорсткасьць, ён пачынаў плакаць. «Толькі ня гэта, толькі ня гэта, толькі ня гэта...» – мармытаў ён, хрыпла усхліпваючы. «Добра, утрыся! Ты прабачаны», – і мы адварочваліся й моўчкі сыходзілі ў ноч, пакідаючы яго рыдаць на асфальце. Пляскалі адзін аднаго па плячах, падміргвалі. Файная субота!
9C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра кропнага пракуратара
У адзін з чэрвеняў, калі зацьвілі першыя настуркі, у суседні дом, паўднёва-ўсходні, уехала новая жанчына. Тата з мамай сказалі, што гэта ўдава нейкага ці то пракурора, ці то куратара, якая перабралася да нас з роднага горада дзеля зьмены навакольля й забыцьця. Мы з брацікамі, па сваёй традыцыі, прыняліся за ёй назіраць. На звычайную ўдаву яна была падобная мала: замест чорнае сукенкі насіла каляровыя халацікі і кожную раніцу, калі сьвяціла сонейка, ляжала ў шэзьлёнгу з тамком Бадлера й келіхам. Увесь ейны сад зарос высокім дзікім кропам, але ўдава нават ня думала яго выскубаць і разьбіваць градкі, як гэта зрабіла б любая дабрачынная гаспадыня. Зрэшты, нам гэта было дарэчы, бо кроп – выдатная маскіроўка.
А аднойчы, калі мы абмяркоўвалі чарговае суседзкае бікіні, Толік войкнуў: «нехта кінуў у мяне каменьчыкам!» Наступны каменьчык патрапіў у Коліка. А потым кроп ля плота заварушыўся, і зь яго высунулася кудлатая й вясёлая галава незнаёмага дзядзькі.
– Ты хто? – спыталі мы.
– Я пракуратар, – адказаў ён.
– Хлусьня валасьня, – сказалі мы. – Пракуратар памёр.
– А вось і не! – падміргнуў ён. – Усё гэта лухта!
Пачатак нам спадабаўся, і мы ссунулі дошку ў плоце, каб дзядзька залез на нашу тэрыторыю. Ён сеў на траву, пачаставаў нас мятным дражэ і расказаў, што пракуруе кроп, мёртвым толькі прыкідваецца, а больш за ўсё на сьвеце любіць рабіць глупствы.
– Бо раз на дзень я зьдзяйсьняю незвычайна разумны ўчынак, і мне больш няма пра што турбавацца! Хочаце падрабязнасьці?
– Ну?
– Слухайце: усё сваё жыцьцё, да самых сарака двух гадоў, я рабіў спрэс адныя толькі абуральныя глупствы, адно за другое бессэнсоўнейшыя. Але потым сказаў сабе: годзе! Я пайшоў да знаёмага акадэміка і спытаў: што ён ведае самае разумнае? Ён памеркаваў-памеркаваў, і кажа: гіпотэза Пуанкарэ! Я спытаў: і пра што яна? Ён памеркаваў-памеркаваў і кажа: калі ты закрыеш рот, зацісьнеш нос і заткнеш вушы, дык адразу ж зробісься гамэаморфавым трохвымернай сфэры! Я яму падзякаваў, пайшоў у пашпартны стол і ўзяў сабе прозьвішча Сфэра. Цяпер я Канстанцін Дзьмітрыевіч Сфэра, цёзка Бальмонта. А раз на дзень я заплюшчваю рот, заціскаю нос, затыкаю вушы і раблюся гамэаморфавым трохвымернай сфэры! Зразумелі? Га? Як вам?
– Мы здамо цябе ў жандармэрыю. Нельга ганьбіць паэтаў! – паабяцалі мы.
– Ды хто вам паверыць, дзеткі! Жуйце катлеткі! – зарагатаў ён і палез назад да сябе. Мы пахмурна назіралі, як гутаюцца суквецьці кропу, выдаючы траекторыю ягонага руху. Калі яна дасягнула шэзьлёнгу, пачуўся віск і шчасьлівы сьмех.
9D. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра грыбы
Часам, бліжэй да восені, нешта шчоўкала, і нам з брацікамі раптам пачынала неадольна хацецца грыбоў, і ніякай моцы не было трываць. Мы ведалі загадзя, што ня вытрываем, і ня стрымлівалі жаданьне. Мы апраналі зялёныя брызэнтавыя курткі, ўстыкалі гумовыя боты, бралі крэпкі кій, парасон, кошык і выпраўляліся ў лес. Лес ляжаў блізка, адразу за маргарынавай фабрыкай, густы й ігласты, з травяністымі прасекамі і глыбокімі ярамі. Хадзілі чуткі, што ў любым яры, калі добра пакапаць, можна знайсьці напалеонаўскі скарб, але мы ні разу не спускаліся ўніз, баючыся зьмей. Дый нашто нам скарб – медныя манэткі, гнутыя гільзы, глупства. Агінаючы яры, мы прабіраліся ўглыб лесу, тыкаючы перад сабой кіям. Мы асьцерагаліся ваўчыных ям, выкапаных вяскоўцамі нам на злосьць, але ўсё роўна даволі часта ў іх падалі. Згледзеўшы падзеньне, вяскоўцы саскоквалі з дрэваў і зьедліва кпілі з нашай бездапаможнай валтузьні ў гліністым брудзе. Тупыя гарадзкія пераросткі! – лаялі яны нас. Тлустыя пачвары! Самі яны былі маленькія й худзенькія, як верабейкі, і мы б лёгка пераламалі іхныя кволыя шыйкі, калі б дацягнуліся. Але мы павінныя былі аддыхацца, перш чым выбрацца зь ямы. Карыстаючыся гэтым, яны прымаліся зьдзеквацца з нашага невуцтва і прапаноўвалі ў абмен на вызваленьне невыканальныя ўрокі: гэй ты, цытуй, сука, Сэнэку! гэй ты, перакладай, падла, Плятона! Яны больш за ўсё шанавалі старажытную філязофію. Вядома, ім было лёгка – штодзённае сьвежае паветра, сырадой, стрыжы і жаўрукі. А нашыя чэрапы, мы аж адчувалі гэта, пакрывала знутры кароста фабрычнага ўгару. Нарагатаўшыся, яны спускалі порткі й лілі гарачыя бруі, жоўтыя й аранжавыя, нам на галовы, а мы, як маглі, засланяліся парасонам. Вычарпаўшыся, вяскоўцы вярталіся на пашы, і тады мы караскаліся адзін аднаму на плечы й вылазілі. Перад усімі грыбамі мы аддавалі перавагу рыжыкам і ваўнянкам – за іхную мілую круглую форму й вясёлы колер. Мы набіралі поўныя кошыкі, а калі кашоў не хапала, напаўнялі грыбамі пазухі, башлыкі й падбрушыны. Вяртаючыся дадому, мы сьпявалі песьні, звычайна расейскіх ці нямецкіх кампазытараў, зрэдку ангельцаў. Мама ўжо чакала нас: усаджвала за гарбату зь печывам, а пакуль мы пілі, пякла велізарны грыбны пірог. Тыя грыбы, якія не зьмяшчаліся ў пірог, яна саліла на зіму, і тата з самага верасьня да самага красавіка закусваў імі гарэлку, нахвальваючы добрых дзетак і гаспадарлівую жоначку.
9E. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра люты
У нашай сям'і люты ненавідзелі ўсё: мама за свой дзень нараджэньня, які штогод старыў яе, а тата за тое, што занадта кароткі; Толік за холад, а Хуліё за безвыходнасьць; Колік за тое, што памёр Летаў, а Валік за тое, што Пастэрнак плакаў. Мы прыдумалі, як пазбавіцца ад лютага: вырваць яго з календара спрэс, а кожную дату студзеня расьцягнуць на два дні. Студзень атрымаўся задоўгі, але затое пасьля яго адразу надыходзіў сакавік! Так мы жылі доўга й шчасна, пакуль аднойчы люты не заявіўся да нас асабіста. Ён аказаўся даволі прыемным чалавекам з бародкай і ў карычневым швэдары, з пахам адэкалёна. Люты прынёс зялёнага чаю й завёў ветлівую гутарку пра кінэматограф, але мы насьцярожана маўчалі. Нарэшце змоўк і ён, а потым папрасіў тату на пару слоў. Потым дзьверы бразнулі, і тата вярнуўся зь цёмным тварам. Што, што, татухна? Ён сказаў, што раз мы такія паскуды, ён вымушаны зрабіць ультыматум, – сказаў тата. Ён сказаў, што бярэ жнівень у закладнікі, і што заўтра пачне адрэзаць у яго па дню ў дзень, пакуль зусім нічога не застанецца. Ліпень, а потым адразу верасень. Блеф, блеф! Не, ня блеф, ён пакінуў фотаздымкі. Каламутныя, мабільныя, але ўсё было відаць: заплаканыя вочы, разьбітыя вусны жніўня. Толік усхліпнуў і пабег тэлефанаваць у жандармэрыю, але там яго абсьмяялі й кінулі слухаўку. Дык што ж, паддавацца на шантаж? Ні ў якім разе! – і Колік агаліў нож. Спыніся, ён мацнейшы за нас, – і тата затрымаў ягоную руку. І ўсё паніклі, зьвялі. Давайце, нясіце каляндар, што рабіць... І пакуль несьлі каляндар, я памеркаваў і наважыўся. Што мне? Давайце я буду ўвесь час жыць у лютым, за вас! Яны, вядома, не хацелі мне даваць, але я настаяў, што мне, на самой справе, ну? Ён мне нават чымсьці падабаецца, ага. Буду часам да вас у госьці заходзіць, у красавіку там ці ў траўні! Гэта нічога страшнага, нават весела. Чаму б і не? Хаця б часова? І яны пагадзіліся.