Литмир - Электронная Библиотека

– Ваша сава павалілася! – зазначылі мы.

– Гэта вецер яе нахіліў, а паправіць я не магу, занадта высока, – адгукнуўся пустэльнік. – Затое цяпер яна азначае ня проста мудрасьць, а ціхмяную.

Ён распавёў, што клубніцы ў гэтым годзе кіслыя, але затое радыска смачная. «Хочаце рыдысачкі?» Мы не хацелі. Ён падаўся нам дзіўным, і, каб яго выкрыць, мы разьвіталіся, адышлі й схаваліся ў маліньніку. Пустэльнік яшчэ крыху паласаваўся кіслай трускаўкай, падняўся й пайшоў у хату – дзіўна лёгкай хадой, ледзь кранаючыся зямлі, як юны гімнаст, а над ягонай галавой вагалася паветра – ці то зь цеплыні й волкасьці, ці то са сьвятасьці. Мы троху счакалі, потым наблізіліся й сталі глядзець праз акно, што ён робіць. Ён пахадзіў па пакоі, пачухаў бараду, сеў за кампутар і пачаў чытаць. Раз-пораз ён ківаў, усьміхаўся, круціў галавой і прымаўся нешта пісаць, потым ізноў чытаў. Прайшла гадзіна, прайшлі дзьве, мы ўжо пасмакавалі і клубніцу, і радыску, а ён усё чытаў і пісаў.

– Во нахабнікі! – за нашымі сьпінамі раптам паўстала суровая баба зь бітонам, і мы спалохана адскочылі ад акна. Мы сталі апраўдвацца і патлумачылі, што проста хацелі праверыць. – Чаго там правяраць? Ня ведаеце быццам? Ён чытае дзёньнікі ў інтэрнэце! Усе запар! Дзе вершы пахваліць, дзе апавяданьні, дзе разважаньні, і так кожны дзень, год за годам! На каго людзям спадзявацца яшчэ, як не на яго? Хто яшчэ імі зацікавіцца, хто супакоіць, хто абнадзеіць? Ведалі б вы, якою я была, пакуль ён мае сьмятаньнічкі не заўважыў! Гістэрычкай, ветрагонкай, гарпіяй на ўвесь сьвет узлаванай! А цяпер бачыце? Нейкія няшчасныя сьмятаньнічкі, падзялілася рэцэптам, а ён знайшоў, прачытаў, і так ухваліў пранікнёна, што я нібы перарадзілася й сэнс здабыла! Цяпер малачко яму нашу. Ён сьвяты, кажу вам! Вось вы самі паспрабуйце – ці атрымаецца ў вас? Не. Самі ведаеце, што не! Плюнеце празь дзесяць хвілін і ня вытрымаеце. Вось як.

89. Змрочныя засьценкі. Гэта мора

Праз паўгода ці год майго замыканьня ў Вучылішчы наступіў нядоўгі шчасны пэрыяд – я скарыўся лёсу, звыкся, і нават агідныя шакалядныя батончыкі ўжо здаваліся мне зноснымі. Мы з таварышамі, выканаўшы ўсе даручэньні праграмароў і жвава прарэклямаваўшы заданьні, пасьля падвячорку былі аддадзеныя самі сабе. Калі ў першыя месяцы мае аднакурсьнікі, былыя інваліды, сьпяшаліся пацешыцца даступнасьцю дзіцячых мараў і гарэзілі ў целах мускулістых супэрмэнаў і сустаўных фотамадэляк, дык потым гэта надакучыла, і ў моду ўвайшлі матэматычныя забаўкі: імчацца зь віскам ідэальнымі кропкамі па гіпэрбалах, нападаць зьнянацку й ​​браць адно з аднаго вытворную, аб'ядноўвацца ў шматмерныя масівы й матрыцы, а потым бурна перамнажацца. Адзін я захоўваў хваравітую прыхільнасьць да свайго былога аблічча і падоўгу ўзіраўся ў люстэрка, намагаючыся ўспомніць, ці такі быў у мяне нос, колькі павінна быць рэбраў і так выглядаюць сапраўдныя ключыцы. А яшчэ Лена, якая жыла музыкай нават па-за заняткамі, і вольны ад рэклямы поп-зорак час праводзіла ў выяве ліловага праменьчыка, бесьперапынна прапускаючы скрозь сябе насычаныя пост-сымфанічныя, пост-джазавыя і пост-эстрадныя плыні. Лена толькі зрэдку набывала цялеснасьць, выяўляючыся на сваім ложку з задуменным і крыху ашалелым выглядам. Радуючыся кампаніі, я запрашаў яе пагуляць, і яна паслухмяна рушыла за мной. Лена, у мінулым сьляпая, уяўляла ўласнае цела толькі па ўнутраных адчуваньнях, без візуальных, і часам, павярнуўшыся да яе, я палохаўся зь яе міжвольна ўзбуйнелай галавы ці паўмэтровых далоняў. Пад маім позіркам яна засяроджвалася й вярталася ў прыдатны дзяўчыне стан, а я браў яе за руку, каб не забывалася. Прамінуўшы плятанавую алею і доўгі каменны спуск да набярэжнай, мы заходзілі ў кавярню «Бакен» і заказвалі па маленькаму кубачку шакаляду. Яна ўвесь час прыслухоўвалася – да чужых размоў, да шыпеньня кавамашыны, да званкоў, да гудкоў – і раптам пачынала калыхаць галавой, быццам лавіла рытм. Потым я браў човен і, агінаючы катэры й яхты, кіраваў да выгібу зарослага хвоямі мысу. Лена вярцела кончык каўняра, пастуквала сандаляй па борціку, вывуджвала з вады шышкі й выкладвала зь іх Л. Стаміўшыся веславаць, я выпускаў вёслы і падсаджваўся да яе на карму. Хвоі ледзь чутна шумелі, хвалі блішчалі, на гарызонце разгараліся жоўтыя й ружовыя палосы захаду. «Гэта мора. Табе падабаецца?» «Так». Я асьцярожна цалаваў яе ў шчаку і, каб ня даць ёй засумаваць, даставаў шакалядны батончык. Яна безуважна зьядала кавалачак і, схіліўшыся набок, апускала руку да вады, вадзіла пальцамі. «Назад?» «Я лепш сама». І зьнікала. Так здаралася заўсёды, і я прызвычаіўся. Я падграбаў да берага, выцягваў лодку на пясок і вяртаўся лесам.

8A. Аповед Коліка. Пра аднаго індыйца

Мой брат Колік расказваў, што аднойчы зь ім у вязьніцы сядзеў індыец. Ён сядзеў на нарах у паставе лётасу, прыжмурыўшы вочы, і ледзь усьміхаўся. Колік спытаў індыйца, за што ён трапіў у турму, і той засьмяяўся: гэта ня я ў яе трапіў, а яе вакол мяне пабудавалі. Я тут даўно сяджу, спакон веку. Як жа цябе не прыбілі, пакуль будавалі? – зьдзівіўся Колік. Гэта таму, што я толькі часам выяўляўся, адказваў індыец; як убачу добрага чалавека, дык сілаю волі прабадаю матэрыяльнасьць. Каб Колік паверыў, ён узьняўся над нарамі і трохі павісеў. Ён сказаў, што ўцячы зь вязьніцы можна трыма спосабамі: засяроджваньнем, канцэнтрацыяй і факусаваньнем. Колік абраў факусаваньне, і індыец патлумачыў: падобна таму, як расплываюцца абрысы прадметаў, калі выдаляеш позірк да гарызонту, так расплываюцца й самі прадметы – калі выдаляеш сьвядомасьць да ісьціны. Коліку гэта спадабалася, і ён пачаў трэніравацца кожны дзень, спачатку па гадзіне, потым па дзьве, потым дні напралёт. І так натрэніраваўся, што аднойчы, як толькі ён сфакусаваўся, хоп – і скончыўся ягоны тэрмін. З тых часоў Колік вельмі паважаў усё індыйскае, але далей трэніравацца баяўся, бо аднойчы так сфакусуесься, і раптам хоп – і скончыцца твой зямны тэрмін.

8B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра манэткі

У дзяцінстве, калі нам ня спалася, мы прыдумлялі сабе ўсялякія вясёлыя гульні. Аднойчы Колік прапанаваў распляскаць манэтку, каб яна зрабілася гладзенькая. Мы паклалі манэтку на малаток, а другім малатком пачалі лупіць па ёй. Яна плюшчылася, але лічбы ўсё роўна заставаліся бачныя. На грук і ляск прыйшла мама ў піжаме – што адбываецца? І загадала нам ня крыўдзіць манэтку.

– Пакладзіце яе ў скарбонку, да сястрычак. З манэткамі лепш не жартаваць! Давайце, накрывайцеся коўдрамі, а я вам казку апавяду. Жыў-быў на сьвеце адзін чалавек, які вельмі манэткі не любіў. І партманэт яны тапырылі, і кішэні адцягвалі, і дрынчэлі назойліва, і назапашваліся захутка. Адзін час ён іх жабракам раздаваў, але бывала тыдзень праходзіш, і ніводнага бадзягі не сустрэнеш. Тады стаў ён манэткамі ў краме расплачвацца, стараўся з сабой поўныя кішэні драбніцы насіць, каб любую суму можна было набраць. Але бабкі ў чаргох на яго чмыхалі, прадаўніцы пырхалі, жандары касіліся, дый манэтак ня дужа зьмяншалася. Ужывеш усё да адзінай, а табе ўжо новую рэшту адсыпаюць. Стаў тады той чалавек прыносіць дадому манэткі й пад канапу іх выгружаць. Назапасілася ў яго пад канапай цэлая гара! Пыл, павуціньне, таполевы пух, сухія камарыкі – усякі бруд на іх зьбіраўся, а прыбраць немагчыма, ня мыць жа кожную раз на месяц. І затужыў тады чалавек, і паскардзіўся Ўсеўладнаму: «Зусім замучылі мяне манэткі!» «Не наракай па дробязях! – адказваў Усеўладны. – Зубы чысьціш? Шкарпэткі цыруеш? Лухту з барады вычэсваеш? Вось і манэткамі ня грэбуй». Але не паслухаўся чалавек. Разгулялася ў ім гардыня, і з тае пары ён наогул манэткі браць перастаў. Яму крычаць: рэшту! рэшту вазьміце! А ён каўнер падымае, як шпіён, і сыходзіць хутчэй. А потым і зусім заганарыўся: згарнуў з-пад канапы ўсе манэткі ў вялікую торбу і выкінуў на сьметнік. І падлогу пад канапай вымыў. І ўздыхнуў з палёгкай. Але адну маленькую манэтачку не заўважыў. Схавалася яна пад ліштвай, а ноччу, калі чалавек заснуў, паклікала сяброў на помсту. І накінуліся яны на чалавека! Прачынаецца ён у жаху, а на яго насядаюць: зубная шчотка тыкаецца ў твар – чысьці зубы! шкарпэткі па нагах паўзуць – цыруй нас! кашуля душыць – прасуй мяне! талеркі брынкаюць – мый нас! сьмецьцевае вядро сьмярдзіць – вынось мяне! Чалавек адбіваецца, як можа, ды дзе там! Канапа скача – ляжы на мне! Коўдра ўвінаецца ўдавам – пакрывайся мной! Падлога дрыжыць – хадзі па мне! Зьявіліся й людзі: жанчыны віскочуць – кахай нас! мужчыны равуць – сябруй з намі! дзеці пішчаць – зараджай нас! Нават цела ўласнае ўзбунтавалася: страўнік булькае – кармі мяне! лёгкія сапуць – дыхай намі! мозг хлюпае – думай мной! І нарэшце пачуўся страшэнны шум і грукат: зазірае ў вакно само жыцьцё, велізарнае, моцнае, лютае – жыві мяне! «Не хачу! – крычыць чалавек. – Ня буду! Ідзіце прэч! Прэч адсюль к чорту!» «Ха-ха-ха! – сьмяюцца яны. – А мы самі чэрці й ёсьць!» І пацягнулі яны яго ў пекла. Там ён і згінуў. Вось як, дзеткі.

41
{"b":"551729","o":1}