69. Змрочныя засьценкі. Ролтан-бой
– Што, паскуда? – казаў мне мой праграмар. – Дастукалася?
Яму было даспадобы зьвяртацца да мяне ў жаночым родзе. Ён штурхаў мяне каленкай пад рэбры, і мае далікатныя вантробы адгукаліся глухім вохам. Што значыць паскуда? Да чаго я дастукаўся? Ён прыносіў мне кардонавую скрыню з абутковымі прыладамі – рознымі шчоткамі, слоічкамі, цюбікамі, аксамітнымі анучкамі – і піхаў у яе тварам.
– Бачыш? Бачыш?
Спачатку я ня бачыў розьніцы паміж ваксай і гуталінам, і за гэта ён «рабіў мне сьліву», заціскаючы між двума пальцамі нос і неміласэрна выкручваючы. Схіліўшы галаву, я старанна начышчаў і паліраваў ягоныя лакавыя вастраносыя туфлі, дамагаючыся чорна-вясёлкавага пераліву на выгібах, але ён ані разу мяне не пахваліў, і толькі зьдзекаваўся, рэзка выторгваючы нагу, каб я паваліўся.
– Курвяня бязглуздая!
Час ад часу ён страшыў, што перапіша мяне зь пі-эйч-пі на джава-скрыпт, але я не палохаўся, бо не разумеў. У яго былі шырокія лілова-сінія вусны, быццам зьмёрзлыя, і маленькі трохкутны носік з кранальнымі шэрымі валасінкамі ўсярэдзіне, на якіх падчас сядзелі кропелькі. Пальцы ў яго былі маршчыністыя, пляскатыя, з лускавінкамі сухое скуркі вакол пазногцяў.
– Пачакай жа! Я цябе правучу!
Ён пазяхаў. Ён даваў мне тупы кансэрвавы нож і прымушаў адчыняць яму бляшанкі са згушчаным малаком і заплюшчваць зубчыкі, каб ён не параніўся. Пакуль я хадзіў па сайтах, рэклямуючы рашчынную локшыну, ён ласаваўся згушчонкай, чэрпаючы яе адмысловай кававай лыжачкай, зусім маленькай, каб доўжыць асалоду. Даеўшы згушчонку, ён вадзіў пальцам па сьценках бляшанкі, зьбіраючы рэшткі, і мне не заставалася зусім нічога.
– З гэтага часу цябе клічуць Ролтан-бой! Зразумела?
Дрыжучы з голаду, я наліваў у апусьцелую бляшанку цёплае вады, і яна ледзь бялела. Вагаючы нагой, ён назіраў, як я п'ю. Адрабляючы падачку, я цыраваў ягоныя сырыя шкарпэткі – ён сьцьвярджаў, што трэба спачатку цыраваць, а потым мыць, так крапчэй – і да крыві калоўся крывой іголкай. Убачыўшы кроў, ён ажыўляўся, хапаў мяне за руку, выцягваў і з запалам чакаў, пакуль крывінка капне.
– Нягеглік нікчэмны! Нават крыві ў табе няма. Ідзі!
Лежучы на халодным кафлі, побач зь венікам і шуфлікам, я з сумам успамінаў уцехі бацькавай хаты. Каб адпомсьціць майму праграмару, я адкалупваў кавалачкі чорнае фарбы з шуфліка, агаляючы шэры мэтал – хай заржавее! Венік мне падабаўся, і я прысоўваўся да яго бліжэй: ён пахнуў травой і дрэвам, садам і домам, татавым пінжаком, мамінай кофтай.
6A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра сумневы
Калі я быў зусім маленькі, я марыў вырасьці і зрабіцца паэтам. Я пісаў вершы і ўпотай ад брацікаў прыносіў іх маме, а яна чытала і хваліла: вельмі добра! Але аднойчы я раптам засумняваўся – ці можа яна сказаць, што верш дрэнны? Яна ж мама! На гэтае меркаваньне яна засьмяялася, падліла сабе трохі марціні і пасадзіла мяне побач на ложак.
– Паслухай казку, Ролю, – яна лашчыла мяне па валасах. – Жыў-быў адзін хлопчык, які марыў вырасьці і зрабіцца кампазытарам. Ён пісаў песьні і прыносіў іх маме, а мама слухала і хваліла: вельмі добра! Але аднойчы ён раптам засумняваўся – ці можа мама сказаць, што песьня дрэнная? Пайшоў ён да сяброў, прасьпяваў ім песьню, і сябры таксама ўхвалілі: вельмі добра! І нават пачалі напяваць яе й падыгрываць на гітары. Але хлопчык яшчэ горай засумняваўся – а раптам яны толькі дзеля ветлівасьці ўхвалілі? Сапсаваўся ягоны настрой, і праляжаў ён цэлы тыдзень на канапе. І раптам чуе – па радыё гучыць ягоная песьня, і дыктар з павагаю называе ягонае імя. Хлопчык зь нечаканасьці так і сеў на канапе! Але потым ізноў лёг – падумаеш, эстрадную песеньку напоркаў, па радыё круцяць пад саксафонік, ці вялікае гэта дасягненьне... Вось калі б прыкладам я сур'ёзную п'есу для вялікага акадэмічнага сымфанічнага аркестру склаў – тады б запраўды... Месяц ляжаў хлопчык, два ляжаў, а потым бачыць па тэлевізары: абвяшчаюць са сцэны канцэртнае залі ягонае імя, і аркестар іграе ягоную песьню. Хлопчык нават пакрывіўся з прыкрасьці – да чаго ж дакаціліся гэтыя аркестры! І Аббу, і Куін, і хутка ўвогуле гоп-стоп пачнуць іграць. Зрабіў хлопчык выснову, што важны ня факт выкананьня аркестрам, а культуралягічнае прызнаньне... а песьня мая ўсё ж дрэнь. І працягнуў ляжаць, варочацца й хмурыцца. Тым часам яму пачалі прыходзіць пасылкі: і манаграфіі ад вядучых мастацтвазнаўцаў пра ягонае глыбокае майстэрства, і калекцыі дыскаў ад знакамітых дырыжораў з запісамі ягонае песьні, і артыкулы з сур'ёзных часопісаў – і ўсюль ягоную песьню мянуюць ня йначай як пранізьліва геніяльнай. Але хлопчык толькі моршчыўся ды коўдру нацягваў – уся гэтая слава пустая й часовая... у стагодзьдзях застануцца Бах і Глінка, а мяне праз год забудуць... песенька благенькая. Пакутаваў-пакутаваў хлопчык, дый так усё жыцьцё й прапакутаваў, так і памёр на канапе. І пацяклі гады ды стагодзьдзі, эпохі ды эоны... Але на гэтым гісторыя ня скончылася! Аднойчы шум! крэк! бляск яскравы! Разлупіў хлопчык вочы і бачыць: Страшэнны Суд пачаўся і Другое Прышэсьце. Дрыжыць зямля, вывяргаюцца вулканы, паўстаюць мерцьвякі з долаў, і неба зьзяе асьляпляльна! І ляцяць зь неба Архангелы ды ў трубы трубяць, але ня проста дудзяць, а тую самую ягоную песьню граюць з асаблівай урачыстасьцю. Ня Бахаву й ня Глінкаву, на дзіва. Вось тады нарэшце хлопчык крыху падбадзёрыўся, пацёр далонькі і мовіў: хай яго... нядрэнную песьню я ўсё ж такі склаў!
Мама пасьміхнулася, перахрысьціла мяне і адправіла спаць, а я тым жа вечарам вырашыў, што болей не хачу быць паэтам.
6B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра матэматыку
Калі мы з брацікамі былі маленькія і хадзілі ў сярэднюю школу, усе прадметы ў нас вялі два пэдагога: сам дырэктар, манумэнтальна велічны паўночнік, знаўца працоўнага навучаньня і паэзіі, і сэньёр Рунас, былы абат, народжаны пуэртарыканец, аскет і містык. Яны нядрэнна ладзілі, часта вячэралі разам, і абодва пагарджалі матэматыкай, проста не выносілі яе – і таму матэматыкі ў нас не было. Са сталіцы да нас пэрыядычна накіроўвалі матэматыкаў, але ўсе яны аказваліся хлюпікі і не вытрымлівалі нават найменшага выпрабаваньня. І дырэктар, і сэньёр Рунас любілі зьдзекавацца над імі, вынаходзячы тысячы спосабаў. Напрыклад, калі хтосьці з гэтых няшчасных, у зашпіленай даверху кашульцы, у сінім пінжачку і з партфэлікам, грукаўся, нясьмела ўваходзіў у клясу і выцягваў шыю, жадаючы назвацца, дырэктар рабіў выгляд, што не заўважае яго і ўрачыста абвяшчаў:
– А цяпер, дзеткі, казка!
Матэматык муляўся ў кутку, зьнемагаючы з сарамлівасьці, а дырэктар грымеў:
– Жыў-быў на сьвеце адзін чалавек, па прафэсіі лямошнік, які вельмі дрэнна ведаў матэматыку. На базары яго аблічвалі і абважвалі што ні дзень, падатковыя інспэктары і страхавыя агенты дралі патройныя стаўкі, і нават начальнік абчмурываў па зарплаце. Але лямошніку было на ўсё гэта напляваць, бо яго хвалявалі толькі запраўды сур'ёзныя пытаньні: жыцьцё і сьмерць. Чытаў ён шмат газэтаў і часопісаў на гэтую тэму, і аднойчы вычытаў статыстыку, што верагоднасьць памерці да шасьцідзесяці гадоў складае пяцьдзесят адсоткаў. У той жа дзень кінуў лямошнік піць, курыць, смажыць сала і бегаць за кабетамі, і купіў сабе ровар. Пачаў ён аблівацца халоднай вадой, іспаць на цьвёрдым, харчавацца гароднінай і садавіной, адціскацца на костачках і скакаць са скакалкай. А калі сэрца пабольвала, выконваў падвойную нагрузку. Гады беглі, а ён усё здаравеў, гартаваўся, і нават не адразу заўважыў, як шэсьцьдзесят прамільгнула. А калі заўважыў, ізноў пачытаў статыстыку і даведаўся, што верагоднасьць памерці з шасьцідзесяці да сямідзесяці складае трыццаць адсоткаў. Парадаваўся лямошнік, і трохі даў сабе волю, купіў мяккую пярыну і па выходных дазваляў сабе папесьціцца. Але ў астатнім быў крэпкі і цьвёрды яшчэ дзесяць гадоў! Тым часам верагоднасьць паміраньня ўсё зьніжалася і паміж сямюдзесяцьцю і васьмюдзесяцьцю гадамі складала ўсяго толькі дзесяць адсоткаў. Вы, дзеткі, ужо зразумелі, у чым была ягоная матэматычная памылка? Вось і дарма! А лямошнік той не зразумеў, і разумець не хацеў, і пляваць яму было на матэматыку. Стаў ён паменш бегаць, паменш скакаць, ды пабольш увечар есьці, каб існы цікавыя сьніліся. Так дацягнуў ён да васьмідзесяці гадоў, а на наступны дзясятак верагоднасьць была нікчэмных пяць адсоткаў. Тут лямошнік зусім паслабіўся – пачаў пакурываць, заказваў за вячэрай бутэлечку бардо і заляцаўся да афіцыянтаў. І начальнік ягоны, і агенты, і інспэктары ўжо даўно дуба далі, а лямошнік, можна сказаць, толькі жыць пачынаў – і гарызонты былі бясхмарныя! Да ста гадоў, пакуль верагоднасьць вагалася каля двух адсоткаў, ён яшчэ стрымліваў сябе, а потым... Эх, дзеткі! Не жыцьцё зрабілася ў лямошніка, а суцэльны ўгар і бразыльскі карнавал. Днём спаў і піў шампанскае, а ўначы з клюба ў бар, з бара ў дансынг, з дансынга ў бардэль – і віскі ракой, і дым слупом, і аджыка бочкамі. Так і жыве дагэтуль, і ў вус ня дзьме. А ўсё чаму?..