Працаваў як перакладчык. На беларускую мову пераклаў драму М.Карыма «У ноч зацьмення Месяца» (пастаўлена ў 1972), аповесць Э.Гашпаравай «Цяжка быць мустангам» (1981), паасобныя творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, І.Франка, Я.Судрабкална, Б.Мацкявічуса і інш.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1983) за раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984, пасмяротна) за раман «Чорны замак Альшанскі».
Каржанеўская Галіна, нарадзілася 27.08.1950 г. у вёсцы Лясішча Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.
У 1968 г. скончыла Янушкавіцкую сярэднюю школу Лагойскага раёна, паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З трэцяга курса перавялася на завочнае аддзяленне і пачала настаўнічаць у Янушкавіцкай школе. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1973) выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе пасёлка Плешчаніцы Лагойскага раёна. У 1980-1982 гг. - рэдактар літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. З 1984 г. - карэспандэнт аддзела прозы і паэзіі, з 1986 г. - загадчык аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1976 г.
З вершамі ў рэспубліканскім друку выступіла ў 1967 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «На мове шчасця» (1973), «Мой сад» (вершы і паэма, 1976), «Званы гадоў» (1980), «Жыла-была» (1983), «Вечны водгук» (вершы і паэма, 1988), кніжкі вершаў для дзяцей «На што падобна аблачынка» (1983) і «Сінічка на балконе» (1989).
Напісала п'есы для дзяцей «Іван Світаннік» (пастаўлена ў 1981), «Шукайце кветку-папараць» (пастаўлена ў 1985), а таксама п'есы «Зуб мудрасці» (часопіс «Маладосць», 1984), «Мора, аддай пярсцёнак» (часопіс «Полымя», 1987).
Выступае і як крытык.
Карпаў Уладзімір, нарадзіўся 26.02.1912 г. у горадзе Хвалынску Саратаўскай вобласці (Расея) у сям'і земскага лекара.
У час голаду на Паволжы (1921) пераехаў разам з маці на Гомельшчыну ў вёску Ёлча Брагінскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1929) працаваў рабочым на лесапільным заводзе ў Рэчыцы, затым настаўнічаў на Брагіншчыне, у Сіроцінскім раёне. У 1941 г. завочна скончыў Менскі педагагічны інстытут. У Вялікую Айчынную вайну ўдзельнічаў у падпольным і партызанскім руху, быў намеснікам камандзіра спецгрупы Менскага абкома КПБ, старшым разведчыкам глыбокага тылу. Пасля вызвалення Менска выкладаў мову і літаратуру, загадваў навучальнай часткай сярэдняй школы № 42, працаваў у газеце «Советская Белоруссия», у 1945 г. быў адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва», у 1947-1960 гг. загадваў аддзелам прозы і крытыкі ў часопісе «Полымя». Сябра СП СССР з 1946 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём за баявыя заслугі і іншымі медалямі.
Памёр 06.08.1977 г.
З рэцэнзіямі і артыкуламі ў друку пачаў выступаць у 1945 г. Аўтар кніг літаратурна-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952) і «Крылаты ўзлёт» (1966).
З 1948 г. пачаў выступаць як празаік. Выйшлі аповесць «Без нейтральнай паласы» (1950), раманы «За годам год» (1957), «Вясеннія ліўні» (1961), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1971, усе чатыры раманы склалі цыкл «На перавале стагоддзя»), кніга апавяданняў і ўспамінаў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Укладальнік і адзін з аўтараў кнігі «Мы раскажам пра Мінск» (1964), аўтар тэксту да фотаальбома «Мінск» (1965). Склаў кнігі «Горад і годы» (1967) і «Сквозь огонь и смерть» (1970). У 1983-1985 гг. выйшаў Збор твораў у 5 тамах.
Карпечанка Васіль, нарадзіўся 07.01.1925 г. у вёсцы Будзішча Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Нова-Беліцкім лесатэхнічным тэхнікуме (1939-1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1946) працаваў настаўнікам пачатковых класаў Сідаравіцкай і Роўкавіцкай школ Чачэрскага раёна. У 1952 г. скончыў Гомельскую педагагічную навучальню, у 1957 г. - беларускае аддзяленне Магілеўскага педагагічнага інстытута. Працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў, адказным сакратаром рэдакцыі магілеўскай раённай газеты «За камуністычную працу» (1957-1958). У 1959-1986 гг. працаваў у Рэчкаўскай сярэдняй школе Магілеўскага раёна дырэктарам, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара па ваенна-патрыятычным выхаванні. Сябра СП СССР з 1990 г.
Узнагароджаны ордэнамі Славы III ступені, Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Выступае ў друку з 1953 г. Аўтар зборніка для дзяцей «Сонейка ўзышло» (1961). Многія вершы ўключаны ў школьныя падручнікі для малодшых класаў «Верасок», «Кніжка-малышка», «Ад вясны да вясны», у калектыўныя зборнікі.
Карпюк Аляксей, нарадзіўся 14.04.1920 г. у вёсцы Страшава на Беласточчыне (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.
Скончыў два класы польскай гімназіі ў Вільні. У 1939-1941 гг. вучыўся ў Наваградскай педагагічнай навучальні. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. У час выканання дыверсіі на чыгунцы ў канцы 1942 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль у канцлагер Штутгоф. Увосень 1943 г. уцёк з лагера і прыняў удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 г. быў камандзірам партызанскага атрада імя К.Каліноўскага на Гарадзеншчыне. У 1944-1945 гг. служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены. Скончыў аддзяленне ангельскай мовы Гарадзенскага педагагічнага інстытута (1949). Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана (1949-1951), дырэктарам Біскупцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951-1953), у Гарадзенскім педінстытуце (1953-1955), у абласной газеце «Гродзенская праўда» (1955-1957), уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1961 г. - загадчык агенцтва «Інтурыст» (Горадня), з 1965 г. - сакратар Гарадзенскага абласнога аддзялення СП БССР, з 1970 г. - упаўнаважаны УААП па вобласці, у 1977-1981 гг. - дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Горадні, з 1978 г. - зноў сакратар абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1953 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам ордэна «Віртуці Мілітары» (Польшча).
Заслужаны работнік культуры БССР (1980).
Памёр 14.07.1992 г.
У друку дэбютаваў у 1953 г. аповесцю «У адным інстытуце». Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Данута» (1960), «Мая Гродзеншчына» (нарыс, 1960), «Пушчанская адысея» (1964), «Чаго мы варты» (бібліятэка газеты «Голас Радзімы», 1970), «След на зямлі: Скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны» (1972), «Вершалінскі рай» (1974), «Ольга Корбут» (1977), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), «Сучасны канфлікт» (1985), «Дзве сястры» (казка, 1986), раман «Карані» (1988). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах у 1980 г. і 1990-1991 гг.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1986) за кнігу «Сучасны канфлікт».
Каршукоў Яўген, нарадзіўся 01.01.1932 г. у вёсцы Давыдавічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.
У 1956 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў адказным сакратаром акцябрскай раённай газеты «Чырвоны Кастрычнік» (1956-1958), загадчыкам аддзела веткаўскай раённай газеты «Пад ленінскім сцягам» (1958-1959), рэдактарам шматтыражнай газеты панчошна-трыкатажнай фабрыкі «8 Сакавіка» ў Гомелі (1959), старшым рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання (1959-1971). З 1971 г. - загадчык аддзела літаратуры газеты «Літаратура і мастацтва», з 1975 г. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Вожык», з 1978 г. працаваў у апараце СП БССР. У 1980-1989 гг. - галоўны рэдактар выдавецтва «Юнацтва». З 1989 г. - кансультант СП БССР. Сябра СП СССР з 1964 г.
Узнагароджаны медалямі.
Першыя апавяданні і гумарэскі надрукаваў у 1955 г. Аўтар кніг прозы «У дарогу» (1963), «Не без таго...» (1967), «Сустрэча» (1969), «Бывай, кампанія!» (1977), «Перад новым годам» (1980), «Пісьмо жонцы» (1982), «І надыходзіць дзень» (1982). Выйшлі кнігі для дзяцей «Змоўшчыкі» (1975) і «Пасланне нашчадкам» (1987).