Пераклаў са славацкай мовы зборнікі апавяданняў «Апошні вераснёвы дзень» (1982), «Разбуджаны голас» (1988), раман Р.Морыца «Выбух» (1984). Перакладае таксама з расейскай, украінскай і польскай моў.
Карызна Ўладзімір, нарадзіўся 25.05.1938 г. у вёсцы Закружка Менскага раёна ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961) працаваў выкладчыкам беларускай і расейскай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне, у гэты час узначальваў літаратурнае аб'яднанне пры раённай газеце «Браслаўская звязда». З 1967 г. - рэдактар, старшы рэдактар, загадчык аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё, з 1980 г. - рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя», з 1981 г. - старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1970 г.
Першы верш надрукаваў у 1956 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (вершы і паэма, 1972), «Цеплыня» (паэма, вершы, песні, 1977), «Цішыня баразны» (вершы і паэма, 1981), «Шумяць вербы» (вершы, песні, 1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (вершы, паэмы, песні, 1988), кніжкі вершаў для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Малююць дзеці» (з А.Вольскім, 1984), «Зямля - два паўшар'і» (1988), «Мір і сонейка для ўсіх» (1990).
Больш за сотню вершаў пакладзена на музыку. Выдадзены зборнікі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990).
Пераклаў зборнік вершаў А.Матуціса «Мамін пірог» (1986), шматлікія вершы дзіцячых пісьменнікаў для серыі «Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР».
Каско Алесь, нарадзіўся 10.12.1951 г. у вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1968 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Берасцейскага педагагічнага інстытута. На пачатку 1971 г. перапыніў вучобу. Выкладаў расейскую мову і літаратуру ў Рагазнянскай сярэдняй школе Берасцейскага раёна, беларускую мову і літаратуру ў Чудзінскай сярэдняй школе. Служыў у Савецкай Арміі (1971-1973). Зноў працаваў у Чудзінскай сярэдняй школе і працягваў вучобу завочна. У 1974 г. перавёўся на стацыянарнае аддзяленне Берасцейскага педінстытута (скончыў у 1976). У 1976-1984 гг. - караспандэнт жабінкаўскай раённай газеты «Сельская праўда». З 1984 г. - рэдактар на Берасцейскай абласной студыі тэлебачання. Сябра СП СССР з 1984 г.
Літаратурнай працай займаецца з 1968 г. Першыя вершы ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1970 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар кнігі вершаў «Вестка» ў калектыўным зборніку «Нашчадкі» (1979), кніг паэзіі «Скразная лінія» (1982) і «Набліжэнне» (1989).
Катляроў Ізяслаў, нарадзіўся 21.11.1938 г. у горадзе Чавусы Магілеўскай вобласці ў сям'і рабочага.
Пасля заканчэння сямі класаў працаваў на Магілеўскай абутковай фабрыцы (1955-1960), адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. З 1960 г. - рабочы геадэзічнай канторы Мінгарвыканкама. Скончыў вячэрняе аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966). У 1962-1966 гг. - літсупрацоўнік газеты «Западная трасса» (Менск). З 1966 г. - карэспандэнт, адказны сакратар, з 1979 г. - намеснік рэдактара светлагорскай раённай газеты «Агні камунізму». Сябра СП СССР з 1990 г.
Першы твор апублікаваў у 1956 г. Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў вершаў «Мой ровесник» (1975), «Конфетное дерево» (1980), «Друзья мои - свидетели мои» (1981), «Здесь, на трепетной земле» (1989).
Каханоўскі Генадзь, нарадзіўся 08.01.1936 г. у вёсцы Дамашы Маладэчанскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў школе і адначасова працаваў у сельскай гаспадарцы. Пасля службы ў Савецкай Арміі (1955-1958) скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1963). Працаваў настаўнікам у Ленкаўскай васьмігадовай школе і ў Маладэчна. З 1964 г. - навуковы супрацоўнік, намеснік дырэктара па навуковай рабоце, дырэктар Менскага абласнога краязнаўчага музея (Маладэчна). Завочна скончыў аспірантуру пры Інстытуце гісторыі АН БССР. З 1981 г. навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. З 1989 г. - старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства. Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1986 г.
У друку з краязнаўчымі артыкуламі пачаў выступаць з 1962 г. Выйшлі кнігі нарысаў «Маладзечна» (1971), «Вілейка» (1974), «Адчыніся, таямніца часу» (1984), «Повязь часоў» (1985), а таксама асобныя нарысы-даследаванні пра невядомыя факты з жыцця і творчасці Я.Купалы - «На запаветнай зямлі» (1974) і М.Багдановіча - «У родным краі» (1983). Аўтар манаграфічных даследаванняў «Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі XVI-XIX стст.» (1984), «Маладзечна, 600 гадоў» (1988), «Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму» (з Л.Малаш і К.Цвіркам, 1989), «Прадвесне навукі (1990).
Складальнік і аўтар прадмовы зборніка «Гэй, смалі, страляй, маланка: Сатыра і гумар Заходняй Беларусі 1920-1939 гг.» (1989). Адзін са складальнікаў і аўтараў літаратурна-мастацкіх календароў «Кола дзён» (1987, 1988), «Беларускі каляндар-1991» (1990), «Наш край» (1990).
Кацовіч Лазар, нарадзіўся 05.10.1903 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.
У 12 год пайшоў працаваць «хлопчыкам для паслуг» у мануфактурны магазін, затым - кур'ерам у банк. З 1920 г. - канторшчык у Народным камісарыяце аховы здароўя БССР, з 1921 г. - у Менскім гарвыканкаме. З 1922 г. быў артыстам, памочнікам рэжысёра гарадскога тэатра і вандроўных калектываў. Пасля заканчэння прафтэхшколы друкароў (1926) залічаны гравёрам-літографам у друкарню ў Менску. З дня ўтварэння Саюза пісьменнікаў Беларусі да 1937 г. быў яго арганізацыйным сакратаром. У 1939 г. скончыў сцэнарны факультэт Дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве. Працаваў на кінастудыях у Менску, Ташкенце, у 1943-1946 гг. - рэдактар Усесаюзнага радыёкамітэта. У пасляваенныя гады жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1934 г.
Памёр 13.08.1953 г.
Літаратурную працу пачаў у 1920 г. з вершаў. Пісаў на ідыш і расейскай мовах. Выйшлі кніжка апавяданняў для дзяцей «Кіфка-ілгунішка» (1926), кнігі прозы «Гумарэскі» (1934), «Коратка і ясна» (1936), зборнік пародый «Прабачце, сябры мае» (1937), на расейскай мове - аповесці «Возвращение к жизни» (1952), «Красный факел» (1957). У перакладзе на беларускую мову выдаў аповесць «Сям'я» (1946).
Аўтар п'есы «У тыя дні» (1927, пастаўлена ў 1927), аднаактоўкі «Жукі ў калгасе» (1933).
Кацюшэнка Міхась, нарадзіўся 01.03.1947 г. у г. Менску ў сям'і служачага.
Скончыў вячэрняе аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). З 1966 г. працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» - літсупрацоўнікам, намеснікам адказнага сакратара, загадчыкам аддзела. З 1975 г. - інструктар аддзела спартыўнай і абаронна-масавай работы, з 1977 г. - намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК ЛКСМБ. У 1979-1984 гг. - рэдактар газеты «Знамя юности». У 1984-1987 гг. вучыўся ў аспірантуры Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. З 1987 г. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1981 г.
Першае апавяданне апублікаваў у 1968 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Первая осень» (1972), «Трэці раунд» (1977), «Адзін дождж на ўсіх» (1979), «Дні, як усе іншыя» (1981), «Сустрэча пасля развітання» (1984), «Урок маўчання» (раман, апавяданні, 1988), «Прызнанне левага крайняга» (раман, аповесць, 1990).
Каштанаў Арнольд (сапр. Эпштэйн Арнольд), нарадзіўся 21.12.1938 г. у горадзе Валгаградзе (Расея) у сям'і рабочага.
Скончыў механіка-тэхналагічны факультэт Маскоўскага аўтамеханічнага інстытута (1961). Працаваў памочнікам майстра, інжынерам-тэхнолагам на Менскім трактарным заводзе. У 1965-1980 гг. - старшы інжынер на Менскім аўтамабільным заводзе. Сябра СП СССР з 1975 г.