Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Перакладае з расейскай і польскай моў.

Капыловіч Іван, нарадзіўся 02.02.1944 г. у вёсцы Забалацце Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і шафёра і настаўніцы.

У 1962 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі (1964-1966). Працягваў вучобу ва ўніверсітэце (скончыў у 1967). З 1967 г. - літсупрацоўнік рэдакцыі «Чырвоная змена». У 1969 г., знаходзячыся ў службовай камандзіроўцы, трапіў у аўтакатастрофу, стаў інвалідам. Сябра СП СССР з 1981 г.

У друку выступіў з нарысамі ў 1966 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Сонца садзіцца ў травы» (1978), «Два дні ў лютым» (1981), «Асенні гром» (1985), «Сны не вяртаюцца» (1988).

Капыловіч Мікола, нарадзіўся 10.07.1937 г. у вёсцы Астражанка Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Астражанскую сярэднюю школу (1956), працаваў загадчыкам сельскага клуба, інструктарам Лельчыцкага райкома камсамола. У 1958 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На апошнім курсе вучобу сумяшчаў з работаю на Беларускім радыё ў якасці рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1963) выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Цудзенішскай сярэдняй школе Ашмянскага раёна. У 1964-1967 гг. - рэдактар выдавецтва «Беларусь». Працаваў літаратурным сакратаром газеты «Звязда», рэдактарам у Дзяржаўным камітэце Савета Міністраў па друку, у выдавецтвах «Навука і тэхніка», «Мастацкая літаратура». У 1989-1990 гг. - загадчык аддзела пісьмаў газеты «Маяк Палесся» Брагінскага раёна. З 1983 г. жыве ў Маладэчна. Сябра СП СССР з 1986 г.

У рэспубліканскім друку ўпершыню выступіў у 1960 г. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Скрозь жывуць людзі» (1968), «Дні ціхай восені» (1968), «Засада» (1979), «Чужы сваяк» (1987).

Караічаў Леў, нарадзіўся 16.05.1936 г. у горадзе Разані (Расея) у сям'і настаўніцы.

Жыў з бацькамі ў вёсцы Рудакоў Хойніцкага раёна. Перад вайной сям'я пераехала ў Менск. Пасля заканчэння менскай сярэдняй школы № 15 (1953) працаваў тэхнікам-канструктарам у інстытуце «Белдзяржпраект» і адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (скончыў у 1960). З 1958 г. - тэхнік-канструктар, старшы архітэктар, старшы інжынер-канструктар Інстытута будаўніцтва і архітэктуры АН БССР. З 1962 г. - кіраўнік групы тэхнічнай інфармацыі трэста «Аргтэхбуд», затым у Міністэрстве будаўніцтва БССР. У 1967-1976 гг. - загадчык рэдакцыі тэхнікі, будаўніцтва, спорту «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі». Карэспандэнт газеты «Звязда» (1976-1977), рэдактар-кінадраматург сцэнарнай майстэрні кінастудыі «Беларусьфільм» (1977-1978), супрацоўнік часопіса «Неман» (1980-1981), загадчык літаратурнай часткі Беларускага тэатра юнага гледача (1983-1984), прадстаўнік выдавецтва «Известия» па Беларускай ССР (1984-1986). Сябра СП СССР з 1985 г.

З 1958 г. пачаў выступаць як публіцыст, тэатральны і кінакрытык, з 1967 г. - як драматург. Аўтар п'ес «І выхавай сына» (пастаўлена ў 1967), «Зорныя ночы» (пастаўлена ў 1977), «Цар прыроды» (урывак у газеце «Літаратура і мастацтва», 1978), «Слова гонару» (апублікавана ў аднайменным зборніку, 1983), «И на все времена» (зборнік «Сучасная беларуская п'еса», 1985), інсцэніроўкі «Гандлярка і паэт» паводле аднайменнай аповесці І.Шамякіна (пастаўлена ў 1980), аднаактоўкі «Апанаванасць» (1989). Напісаў шэраг інсцэніровак, якія ставіліся на Беларускім радыё, а таксама сцэнарыяў для аб'яднання «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм».

Карамазаў Віктар, нарадзіўся 27.06.1934 г. у горадзе Чэрыкаве Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працаваў адказным сакратаром чэрыкаўскай раённай газеты «Сацыялістычная перамога», крычаўскай раённай газеты «Шлях сацыялізма», загадваў аддзелам у міжраённай газеце «Новае жыццё» (Крычаў). У 1962-1963 гг. - уласны карэспандэнт абласной газеты «Магілёўская праўда». З 1964 г. працаваў у газеце «Звязда» - літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела навукі, ВНУ і школ, а затым загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва. У 1969-1971 гг. быў літсупрацоўнікам, пасля загадчыкам аддзела культуры газеты «Літаратура і мастацтва», загадчыкам аддзела мастацкіх фільмаў Галоўнай рэдакцыі «Тэлефільм», сябрам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання. З сакавіка 1982 г. - загадчык аддзела публіцыстыкі часопіса «Полымя». У 1982-1986 гг. - кансультант СП БССР. Сябра СП СССР з 1969 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

Першае апавяданне надрукаваў у 1958 г. (альманах «Советская Отчизна»). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Падранак» (1968), «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974), «Вясёлка сярод зімы» (нарысы, 1978), «Дзень Барыса і Глеба» (1981), «Дома» (1984), «Дзяльба кабанчыка» (выбранае, 1988), «Глядзіце ў вочы лемуру» (аповесць-эсэ, 1989), «Проста ўспомніў я цябе...» (публіцыстычная проза, эсэ, 1989), раманаў «Пушча» (1979, экранізаваны ў 1988), «Бежанцы» (часопіс «Полымя», 1990).

Аўтар сцэнарыяў мастацкага тэлевізійнага фільма «Зялёныя фрэгаты» (пастаўлены ў 1974) і шэрага дакументальных кінастужак.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя К.Каліноўскага (1990) за кнігу публіцыстыкі «Проста ўспомніў я цябе...».

Караткевіч Уладзімір, нарадзіўся 26.11.1930 г. у горадзе Воршы Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.

У час Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі ў Пермскай вобласці, пасля ў Арэнбургу. У 1944 г. вярнуўся ў Воршу, атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1954 г. скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Настаўнічаў у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (1954-1956), у Воршы (1956-1958). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя (1960), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (1962) у Маскве. З 1962 г. жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

Памёр 25.07.1984 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1951 г. (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). У 1955 г. верш «Машэка» быў змешчаны ў часопісе «Полымя». Выйшлі зборнікі паэзіі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (вершы і паэма, 1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду.» (вершы і паэмы, 1986).

Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Блакіт і золата дня» (1961), «Чазенія» (1970), «Вока тайфуна» (1974), «З вякоў мінулых» (1978), раманаў «Каласы пад сярпом тваім» (1968), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1972), «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі», 1982), «Чорны замак Альшанскі» (увайшлі аднайменны раман і аповесць «Зброя»), (1983), аповесці «У снягах драмае вясна» (1989). Для дзяцей выдаў «Казкі» (1975) і нарыс «Белавежская пушча» (1975).

Аўтар п'ес «Млын на Сініх Вірах» (пастаўлена на тэлебачанні ў 1959), «Званы Віцебска» (1977, пастаўлена ў 1974), «Кастусь Каліноўскі» (1980, пастаўлена ў 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (апублікавана і пастаўлена ў 1982), «Маці ўрагану» (1985, пастаўлена ў 1988; аднайменны мастацкі фільм - рэжысёр Ю.Марухін, 1990). У 1988 г. выйшаў зборнік п'ес «Старыя беларускія хронікі». Напісаў сцэнарыі кароткаметражных фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць каменя» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967), сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (першапачатковая назва «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка», з В.Бычковым, 1967), «Чырвоны агат» (1973), «Дзікае паляванне караля Стаха» (з В.Рубінчыкам, 1979), «Чорны замак Альшанскі» (з М.Пташуком, 1984). На тэлебачанні і радыё па яго творах пастаўлены шэраг спектаклей. Па лібрэта Караткевіча пастаўлена ў Беларускім тэатры оперы і балета опера «Сівая легенда» (кампазітар Д.Смольскі, 1978), а паводле яго аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» - аднайменная опера (кампазітар У.Солтан, 1989).

Выступаў як публіцыст і крытык. Напісаў нарыс «Зямля пад белымі крыламі» (1977, першае выданне - на ўкраінскай мове, Кіеў, 1972), эсэ «Мсціслаў - Мстиславль» (1985), эсэ, артыкулы пра Ф.Скарыну, Т.Шаўчэнку, Лесю Ўкраінку, М.Агінскага, Я.Купалу, М.Багдановіча, М.Шолахава, Я.Брыля, У.Калесніка, М.Лужаніна, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, А.Наўроцкага, Я.Сіпакова. Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1980) і Збор твораў у 8 тамах (1987-1991).

52
{"b":"551294","o":1}