З вершамі ўпершыню ў друку выступіў у 1961 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар кніг «Пачатак» (1975), «Зямля маіх надзей» (вершы і паэмы, 1988), аповесцей для дзяцей «Адкрытая тайна» (1979) і «Заварожаны мяч» (1989).
Камейша Казімір, нарадзіўся 04.12.1943 г. у вёсцы Малыя Навікі Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў завочнае беларускае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970). Служыў у Савецкай Арміі (1963-1966), быў літсупрацоўнікам валожынскай раённай газеты «Працоўная слава» (1967-1968). З 1968 г. - старшы рэдактар на Беларускім радыё, у 1979-1981 гг. працаваў у часопісе «Полымя», з 1981 - у часопісе «Вясёлка». З 1988 г. - рэдактар аддзела паэзіі ў часопісе «Маладосць». Сябра СП СССР з 1971 г.
У рэспубліканскім друку выступіў з вершамі ў 1961 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Восеньскія позвы» (1969), «Мембрана» (1972), «Нектар» (1974), «Тут мае вёсны прычалены» (вершы і паэмы, 1977), «Сябрына» (1978), «Плёс» (1982), «Галоўная вярста» (вершы і паэма, 1985), «Пярэймы дня» (вершы і паэмы, 1988).
Выдаў кнігі паэзіі для дзяцей «Гаёўка» (1975), «Буслянка» (1985), «Дзятлава кузня» (1987), «Добры дзень, шафёр» (1988) і кнігу прозы «Духмянае дзіва» (1984).
Перакладаў творы расейскіх, украінскіх і славацкіх пісьменнікаў на беларускую мову.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1989) за зборнік паэзіі «Пярэймы дня».
Камянецкі Гірш, нарадзіўся 15.12.1895 г. у вёсцы Чарняўка Крупскага раёна Менскай вобласці ў сям'і рабочага.
Вучыўся ў хедэры, ешыбоце (жыдоўскія духоўныя школы). Працаваў цырульнікам у Барысаве (1916-1919, 1921-1928). Служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у грамадзянскай вайне (1919-1921). Вучыўся на літаратурным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928-1930). У 1937-1941 гг. - адказны сакратар жыдоўскай секцыі СП БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Бугуруслане. Быў рэдактарам мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1948-1949). У 1950 г. рэпрэсіраваны. Адбываў тэрмін у лагерах Іркуцкай вобласці да 1956 г. Вярнуўся адтуль інвалідам. Рэабілітаваны ў 1956 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Памёр 25.04.1957 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1924 г.
Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў вершаў «Простай дарогай» (1934), «Заказ на маладосць» (1940), «Мацней за жалеза» (1948), «Вершы» (1948). У 1960 г. у перакладзе на беларускую мову выйшлі «Выбраныя вершы».
Канапелька Ала, нарадзілася 14.02.1960 г. у вёсцы Небытаў Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1978 г. скончыла Лоеўскую педагагічную навучальню і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1983) працавала метадыстам, з 1988 г. - загадчыкам сектара метадычнай працы Дома літаратара СП БССР. З 1990 г. - загадчык арганізацыйна-прапагандысцкага аддзела Беларускага фонду культуры. Сябра СП СССР з 1985 г.
Першыя вершы апублікавала ў 1974 г. (хойніцкая раённая газета «Ленінскі сцяг»), у рэспубліканскім друку выступіла ў 1977 г. (часопіс «Маладосць»). У 1985 г. выйшаў зборнік вершаў «Цвет алешыны».
Перакладала творы ўкраінскіх, курдскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.
Кандраценя Ўладзімір, нарадзіўся ў сакавіку 1917 г. у вёсцы Смалічы Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1935 г. скончыў рабфак у Бабруйску, у 1939 г. - літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута, быў накіраваны настаўнікам у Чырвонаслабадскую сярэднюю школу, але быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у Заходняй Беларусі, быў супрацоўнікам армейскай газеты. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны вайсковая часць трапіла ў акружэнне, і ён апынуўся ў палоне. Уцёк з лагера і вярнуўся дадому. Па некаторых звестках па прапанове камандавання партызанскага атрада ўладкаваўся настаўнікам у Чырвонаслабадскую школу. У верасні 1942 г. перабраўся ў Слуцак, працаваў дворнікам у сірочым прытулку, дзе стварыў падпольную групу, якая ў снежні 1942 г. была выдана правакатарам. Сябра СП СССР з 1938 г.
Расстраляны немцамі 23.02.1943 г. у Слуцку, пахаваны ў в. Смалічы.
У 1932 г. мазырская газета «Палеская праўда» змясціла апавяданне «Спаганяюць падаткі». Выступаў на старонках часопісаў «Полымя рэвалюцыі», «Полымя», «Штэрн». Асобным выданнем выйшла кніга апавяданняў «Любоў» (1938, 1939).
Кандрусевіч Аркадзь, нарадзіўся 10.09.1929 г. у вёсцы Ламачы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1947 г. скончыў Мазырскую педагагічную навучальню, працаваў настаўнікам у Тульгавіцкай сярэдняй школе Хойніцкага раёна. У 1948 г. паступіў у Ленінградскую мастацка-графічную педагагічную навучальню. Пасля заканчэння яе (1951) быў выкладчыкам малявання і чарчэння ў школах Мазыра, Пскова, Калінкавіч. З 1954 г. перайшоў на журналісцкую работу. Быў літсупрацоўнікам нараўлянскай, хойніцкай раённых газет. У 1960-1967 гг. працаваў мастаком-рэтушорам рэдакцыі абласной газеты «Магілёўская праўда». У 1967-1968 гг. - загадчык аддзела ілюстрацыі рэспубліканскай газеты «Звязда». Затым вяртаецца ў магілеўскую газету, дзе працуе намеснікам адказнага сакратара (1969-1978), загадчыкам аддзела інфармацыі (1979-1983), загадчыкам аддзела савецкай работы і народнага кантролю (1983-1986). З 1989 г. - літкансультант гэтай газеты. У 1978 г. завочна скончыў філалагічны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута. Кіраваў абласным літаратурным аб'яднаннем «Прыдняпроўе» (1972-1984). Сябра СП СССР з 1970 г.
Дэбютаваў у друку вершам у 1956 г. (газета «Гомельская праўда»), у рэспубліканскім - выступіў у 1960 г. (часопіс «Вожык»). Аўтар зборнікаў прозы «Чарпак Вялікай Мядзведзіцы» (1969) і «Кругі на Белай паляне» (1977). Зрабіў літаратурную апрацоўку кнігі ўспамінаў партызанаў і падпольшчыкаў Магілеўскай вобласці «Вела нас партия» (1984).
Канэ Юлія, нарадзілася 21.08.1931 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і інжынера.
У 1945 г. разам з бацькамі пераехала ў Менск. Скончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954). У 1954-1955 гг. - літсупрацоўнік, стыліст у рэдакцыях газет Летувы. У 1955-1959 гг. працавала на Менскім аўтазаводзе рэдактарам у аддзеле галоўнага канструктара, у газеце «Піянер Беларусі» (1959). Сябра СП СССР з 1961 г. З 1992 г. жыве ў Ізраілі.
Пачала друкавацца з 1951 г. Як літаратурны крытык выступае з 1958 г. Выдала кнігі «Дзень сённяшні» (1962), манаграфію «Янка Брыль» (Масква, 1964), «Плынь» (1983), «Як паветра і хлеб: Жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля» (1988).
Працуе таксама ў галіне перакладу і перакладазнаўства. Пераклала на беларускую мову творы М.Галшаяна, С.Ханзадзяна, А.Айвазяна і іншых армянскіх пісьменнікаў. На расейскую мову пераклала аповесці К.Каліны «Маці і сын», «Бурштынавыя пацеркі» («Тяжелая палата»), «Крылаты конь», шэраг апавяданняў В.Хомчанкі і інш.
Капусцін Аляксандар, нарадзіўся 12.02.1924 г. у вёсцы Старая Рудня Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У чэрвені 1942 г. арганізаваў у роднай вёсцы камсамольска-моладзевую падпольную групу, з красавіка 1943 г. - у партызанах. З лістапада 1943 г. - на фронце, быў кантужаны і тройчы паранены. У 1945 г. абраны сакратаром Жлобінскага райкома камсамола. З 1946 да 1965 г. працаваў у органах юстыцыі. Скончыў завочна Менскую юрыдычную школу (1950) і гістарычны факультэт Гомельскага настаўніцкага інстытута (1955), а таксама Вышэйшыя юрыдычныя курсы ў Маскве (1959). У 1965 г. прызначаны загадчыкам аддзела абласной газеты «Гомельская праўда», з 1971 г. працаваў старшым рэдактарам, потым загадчыкам рэдакцыі навукі і культуры БелТА. У 1973 г. працаваў адказным сакратаром штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у 1974-1980 гг. - намеснікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка. Сябра СП СССР з 1974 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, медалём «За адвагу», іншымі медалямі.
Ганаровы грамадзянін Жлобіна (1983). Першую карэспандэнцыю надрукаваў у жніўні 1943 г. у падпольнай абласной газеце «Гомельская праўда». З апавяданнямі і нарысамі выступае ў друку з 1948 г. Выдаў кнігі апавяданняў і аповесцей «Суд ідзе» (1959), «Мерай закона і сумлення» (1969), «Суд вырашыў» (1975), «Чалавек з пазіцыяй» (апавяданні і гумарэскі, 1975), «Белыя гусі лета прарочаць» (1976), «Покліч сэрца» (1976), «Размова ў дарозе» (1977), «Скажу праўду» (1979), «Быць чалавекам» (1981), «Па арбіце памяці» (1984), «Рэха даўніх баёў» (1984), «Дружба вывела да зорак» (1985), «Гудок далёкага поезда» (1986), «Родина - любовь наша вечная» (1986), «Салёная раса» (1988).