Калеснік Іван, нарадзіўся 09.10.1932 г. у вёсцы Грычына Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1954 г. скончыў Менскую педагагічную навучальню. Працаваў загадчыкам аддзела газеты «Чырвоная змена» (1954-1961), адначасова завочна вучыўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954-1958). Быў літсупрацоўнікам часопіса «Бярозка» (1962-1963), старшым рэдактарам на Беларускім радыё (1963-1965, 1967-1968), літсупрацоўнікам часопіса «Маладосць» (1968-1972). У 1967 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У 1972-1979 гг. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1962 г.
Памёр 10.06.1979 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1951 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборнікаў вершаў «Белыя каштаны» (1959), «Пяць сузор'яў» (1963), «Калі разам мы» (1967), «Інтэрнат» (1971), «Юнацтва» (1975), «Падарожнае» (вершы, пераклады, 1982).
Перакладаў творы А.Суркова, М.Ціханава, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, З.Нуры, М.Ханінава і іншых паэтаў.
Калеснік Уладзімір, нарадзіўся 17.09.1922 г. у вёсцы Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1936 г. паступіў у польскую Наваградскую гімназію. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі працягваў вучобу ў Наваградскай педагагічнай навучальні. З ліпеня 1941 г. прымаў удзел у стварэнні падпольных антыфашысцкіх арганізацый і баявых дружын у верхнім Наднямонні. Летам 1942 г. у складзе адной з баявых дружын уступіў у партызанскі атрад імя Чапаева. Дыверсійная група, у якой быў мінёрам, стала заснавальніцай новага атрада «Камсамольскі». З восені 1942 г. камандаваў узводам, праз год стаў начальнікам штаба атрада «2-гі Камсамольскі» брыгады «Камсамолец» Баранавіцкага злучэння. У 1943 г. Мірскім падпольным райкомам быў прыняты кандыдатам у сябры КП(б)Б. Скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1949), аспірантуру пры гэтым інсуытуце (1952). З 1952 г. - загадчык кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута, з 1956 г. - загадчык кафедры беларускай літаратуры Берасцейскага педагагічнага інстытута, узначальваў Берасцейскае абласное літаратурнае аб'яднанне (1956-1970), быў сакратаром аддзялення СП БССР (1981-1983). Кандыдат філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1960 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, медалямі.
Заслужаны работнік вышэйшай школы Беларускай ССР (1979).
У друку з літаратурна-крытычнымі, літаратуразнаўчымі і дакументальнымі творамі выступае з 1953 г. Выдаў кнігі «Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці» (1981), «Лёсам пазнанае: Выбраныя літаратурныя партрэты» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці» (1990). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Истории советской многонациональной литературы» (1971), «Истории белорусской советской литературы» (1977), а таксама вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для педінстытутаў і ўніверсітэтаў. Напісаў дакументальныя творы «Аповесць пра Таўлая» (часопіс «Полымя», 1964-1965), «Пасланец Праметэя» (1984), сумесна з А.Адамовічам і Я.Брылём кнігу «Я з вогненнай вёскі...» (1975). Склаў зборнікі паэзіі Заходняй Беларусі «Сцягі і паходні» (1965) і «Ростані волі» (1990).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у напісанні двухтомнай «Истории белорусской дооктябрьской литературы» і «Истории белорусской советской литературы».
Каліна Клаўдзія (Лукашэвіч), нарадзілася 01.11.1925 г. у вёсцы Блювінічы Берасцейскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і настаўніка.
Скончыла Берасцейскую музычную навучальню (1953). Працавала настаўніцай спеваў у школах Берасця, Кобрына, Віцебска, а ў 1960-1977 гг. - Менска. Сябра СП СССР з 1975 г.
Першыя апавяданні і казкі пачала друкаваць у дзіцячых часопісах у 1962 г. Аўтар аповесцей, апавяданняў і казак для дзяцей «Хлопчык-пакідайчык» (1969), «Забароненая песня» (1972), «Каляровыя месяцы» (1975), «Маці і сын» (1977), «Світанак» (1983), «Бабуля Насця, дзед Адам, Петрык і каза Рагуля» (1985), «Крылаты конь» (1989).
Калінковіч Мікалай (таксама Калянковіч Мікалай), нарадзіўся 15.01.1951 г. у вёсцы Цна Лунінецкага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і рабочага.
Пасля заканчэння Лунінецкай сярэдняй школы № 2 (1968) кароткі час выкладаў нямецкую мову ў Гаўрыльчыцкай васьмігадовай школе Салігорскага раёна. З кастрычніка 1968 г. - літсупрацоўнік лунінецкай раённай газеты «Ленінскі шлях». У 1969-1971 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1976) - карэспандэнт аддзела ідэалогіі берасцейскай абласной газеты «Заря», у 1976-1978 гг. - намеснік рэдактара лунінецкай раённай газеты. У 1978 г. прызваны на тэрміновую афіцэрскую службу. Служыў у Менску, Ашхабадзе, Маскве, у Грузіі. У 1984-1987 гг. вучыўся ў аспірантуры пры Вышэйшай школе КДБ СССР. Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1984 г.
Узнагароджаны медалямі.
24.07.1990 г. загінуў пры выкананні службовых абавязкаў у Грузіі.
Упершыню выступіў у друку ў 1968 г. (лунінецкая раённая газета). Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Аўтар гісторыка-дакументальнага нарыса «Лунинец» (1981, 1989), кніг дакументальных аповесцей, апавяданняў, нарысаў «Не обрывается земная связь» (Ашхабад, 1982), «Имя мое - Свобода» (Ашхабад, 1984), «Палескія дні Аляксандра Блока» (1985), «Возвращение рассветной рани» (Ашхабад, 1987), «Не должен неизвестным быть солдат» (Ашхабад, 1987), адзін з аўтараў кнігі «На рубежах тайной войны» (Ашхабад, 1985).
На Туркменскім радыё пастаўлены п'есы «Ліпенскае зарыва» (1982), «Камісар Закаспія» (1985).
Калодзежны Леанід, нарадзіўся 28.02.1935 г. у вёсцы Солаўе Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Віцебскай мастацка-графічнай педнавучальні (1951-1953), служыў у Савецкай Арміі (1954-1957). У 1958-1960 гг. - супрацоўнік аршанскай раённай газеты «Ленінскі прызыў», з 1961 г. - мастак-афарміцель на Аршанскім ільнокамбінаце. Сябра СП СССР з 1977 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1958 г. (літаратурна-мастацкі альманах «Дзвіна»), у 1967 г. газета «Літаратура і мастацтва» апублікавала падборку апавяданняў. Аўтар кніг апавяданняў «Аўсяны звон» (1975) і «Бярозы ў жыце» (1981).
Калюга Лукаш (сапр. Вашына Канстанцін), нарадзіўся 27.09.1909 г. у вёсцы Скварцы Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1931 г. скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум. Працаваў стыльрэдактарам у навукова-даследчым Інстытуце прамысловасці ВСНГ, на Беларускім радыё. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Узвышша». У студзені 1933 г. рэпрэсіраваны, асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у Ірбіце Свярдлоўскай вобласці. Паўторна арыштаваны 02.10.1937 г. Рэабілітаваны 24.08.1956 г. Вярхоўным судом БССР, па справе другога арышту - 22.12.1965 г. Чэлябінскім абласным судом.
Расстраляны 02.10.1937 г.
Першыя апавяданні надрукаваў у 1927 г. (часопіс «Чырвоны сейбіт»). У 1928 г. часопіс «Узвышша» змясціў аповесць «Ні госць, ні гаспадар», у 1929 г. - шэраг апавяданняў. У часопісе «Полымя» за 1931 г. была надрукавана першая частка аповесці «Нядоля Заблоцкіх» - «Прыгоды і летуценні». У 1974 г. выйшаў зборнік апавяданняў і аповесцей «Ні госць, ні гаспадар». Падборку апавяданняў змясціў часопіс «Полымя» ў 1988 г.
Пераклаў аповесць П.Панча «Блакітныя эшалоны» (з К.Чорным, 1930), раман Ю.Алешы «Зайздрасць» (1931), раман Я.Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» (ч. 4, 1932).
Камароўскі Алесь, нарадзіўся 01.03.1947 г. у вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сям'і рабочага.
Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970). Служыў у Савецкай Арміі камандзірам узвода (1970-1971). Быў загадчыкам аддзела Менскай абласной бібліятэкі імя А.С.Пушкіна (1971-1973), навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея Якуба Коласа (1973-1976), працаваў загадчыкам аддзела ў Рэспубліканскім праўленні аматараў кнігі БССР (1976-1979), на Беларускім тэлебачанні (1979-1990). З 1990 г. - загадчык аддзела крытыкі і мастацтва часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1988 г.