Литмир - Электронная Библиотека

– Не, сілком, кажуць, запісвалі. Мая рэзалюцыя правільная.

– Сілком? Га, сілком? Не дуры, Лявон. Не плявузгай. Ты майсцер вочы затуманьваць народу. Вітух залескі апрануў чорны мундзір? Ты вот адкажы: апрануў?

– Во етага не ведаю, – адмахнуўся Лявон Кончык.

– А што ты ведаеш! А што ты ведаеш! Вайна пачалася, а ты, як і раней – гэтага не ведаеш, таго, панімаш!.. Развярніся вакол сваёй восі, Лявон!

– Не балбачы, Нупрэй. Пры дзецях...

Нупрэй не здаваў пазіцыі, трымаў курс цвёрда:

– То я знаю, калі ты не ведаеш. Думаеш, калі ў мяне вочы заўсёды мукой пазаляпаныя, дык я ўжо нічога і не бачу вакол сябе? Дудкі! Бачу. Шчэ і як бачу. Ён жа ў мяне, Вітух той, грыб азызлы, малоў надоечы. Кулацкая мянтузіна, га! Бацька ж яго, Хведар, свой млын спаліў...

– Гэта я помню, – кіўнуў Лявон Кончык.

– Каб дзяржаве не аддаць. Пры раскулачванні. У той палітыцы мы не дужа тады разбіраліся, людзі мы цёмныя, але хвакт застаецца хвактам. Робім уціск на хвакты. Дык Вітух і жаліўся: пагарачыўся бацька, паспяшаўся, а то і ў нашым калгасе млынаром мог бы стаць. І на мяне пальцам торкае – як вось ты, дзед... Дык не – пусціў чырвонага пеўня пад свой млын... не пашкадаў запалак. Дурань. А ты кажаш, забралі яго ў паліцыю. Сам. Як піць даць – сам пайшоў. Самахоць. Будзе цяпер, суччын сын, немчуры гэтае самае месца, – і дзед пад дружны смех паказаў, – лізаць. Не кожны пёс-Барбос адважыцца. За фунт мяса нат.

– На фронт яму позвы не хапіла, ці што? – Лявон Кончык працягнуў руку да Нупрэя, папрасіў, каб той падзяліўся з ім самакруткай. – Дай-ка смактану...

– На смактані.

– А то нешта смачна ў цябе атрымліваецца. Бы мёд ясі.

Млынар моцна зацягнуўся, запыхкаў, бы з коміна:

– Слабаватая мая табака сёлета. Не ўдалася. А што на фронт Вітуха не ўзялі – дык калі ж аднавокі... што рыбіна камбала... можа, умысна і пашкодзіў вока, каб не ісці на вайну? Такія людзі на ўсё, што хочаш, здольныя.

Аднак Лявон прапусціў міма вушэй Нупрэевы словы пра табаку, перахапіў самакрутку, і зноў папракнуў Вітуха:

– Каб яму і другім вокам свету белага не бачыць!

Тут жа, сярод хатаўнянскіх дзядоў, таўкліся і хлапчукі. Амаль усе сабраліся – бы вераб’і ўвесну на сонейка. Цяпер, калі пачалася вайна, яны кожным надвячоркам ляцелі да ветрака, нібы ім тут цукеркі альбо смачныя пернікі меліся раздаваць: цікава ж, аб чым дарослыя баяць!

– Таго Вітуха я ведаю, сам бачыў,– шапнуў на вуха Юраську Паўлік Макуха, з рыжай, як сланечнік, галавой, і было відаць, што ён нават ганарыўся гэтым: быццам бачыў не каго-небудзь, а славутага пілота Чкалава, не менш. Ці яшчэ большага героя.

Юраська нічога не адказаў Паўліку, а толькі тузануў за рукаў: маўчы ты. А сам, хітрунчык, слых навастрыў: бач, пра якую сур’ёзную рэч дзед Нупрэй гамонку вядзе. А стары, пагладзіўшы шырокую, нібы кудзеля ў матчынай самапрадцы, бараду, працягваў:

– Тады я звярнуў з дарогі, у хмызняк. Затаіўся там. А кулі побач, што восы – ціўк ды ціўк... Уджаліць, думаю, і канец Нупрэю. Капец. Як тады млын без мяне будзе? На каго вецер яго паверне? Во як, браткі: глядзіш быццам смерці ў вочы, а млын бачыш... Як бабу сваю, як дзяцей, як вось і вас... Таму што і млын – хочаце вы таго ці не – жывы... Ага, далей. Вось дык трапіў я тады ў пастку, ёлкі-маталкі. Добра, што мая кабылка не з палахлівых: страляюць – няхай сабе страляюць. Скубе траўку, лісце з дрэў абшчыпвае. І толькі – фыр ды фыр. Спякотна, задушна, а розная лясная драбяза так і меціць сесці кабылцы на морду, за бакі кусае. Хвастаецца, бедалажка, ад заядзі, аднак церпіць. Я ж, канечне, на калёсах не сяджу: мулка на калёсах. Спачатку да зямлі прыгнуўся – каб можна было б, то і засунуў бы галаву пад дзёран. А страляніна ідзе! Перапалка нарастае. Што рабіць? Як быць? Галінка над галавой толькі шчоўк – і блёўтаецца, ледзь на кары ліпіць. Куля пастаралася. «Не,– пасмялеў траха і я, хоць, прызнаюся, даўно пораху не нюхаў, аднак пах яго мне знаёмы, і тады загадваю сам сабе: пара, пара, Нупрэй, нешта рабіць, а не сядзець пад кустом, бы заяц у дождж, які ад кожнай кроплі, што на лісток трапляе, уздрыгвае. Куля, калі яна захоча, і тут цябе знойдзе. Было не было! Дзе наша не дымілася!» І я бліжэй на стрэлы падаўся. Паўзком... Амаль адразу ж на палянцы людзей прыкмеціў. Гляджу: нашы. А ядры вашу маць! Нашы! Пасмялеў, устаў, абтрос калені... Здрасце, кажу! Дзівяцца на мяне і маўчаць. «Ваша работа, пытаюся, хлопцы?» Адзін з іх на мяне стрэльбу наставіў. Усутыч. Вока ствала – на маё вока. Адвёў я стрэльбу ўбок, кажу: «Свой, ці аслеп? Ці ж я на немца падобны, хлопцы, га?» «Дзед Нупрэй!» – пазнаў мяне, хто б вы думалі? – райкомаўскі работнік Аляксей Касцючэнка, той, што да вайны незадоўга з Марусінай Веркай шлюбам пабраўся. – Адкуль вы тут узяліся? На «вы» мяне называе. Адукаваны ж чалавек, не абы-хто. Распавёў. Шчыра, як на духу, расказаў. Без хлусні, усё чын па чыну. Усё па парадачку. Ды і што мне там было расказваць? Ехаў з мястэчка, з Журавіч, а тут і страляніна якраз захапіла. Не перціся ж мне на кані проста пад кулі! Звярнуў, рашыў перачакаць. Зноў пытаюся: «Ваша работа?». Хоць можна было і не пытацца – а то чыя ж! І так жа відаць: іхняя. Аднак ён мне, зяць Марусін, і далажыў – бы вышэйшаму па рангу: так і так, маўляў, дзед Нупрэй, два грузавікі з немцамі знішчылі. Занадта, кажа, смела па нашай зямлі ездзяць. Бы на курорце сябе пачуваюць. Трэба ім патроху хвасты падкручваць, перцу падсыпаць. Каб жыццё мёдам не здавалася. Дзёгцю, дзёгцю ім! Я, праўда, не стаў дапытвацца, але і сам скумекаў: ёсць у лесе партызаны, заступнікі нашы. Так што – жыць будзем. Трохі там удараць, трохі тут... А гля-дзіш, і кулак атрымаецца? Наце вам, няпрошаныя! Аляксей Касцючэнка, во яшчэ ўспомніў, распытваў тады ў мяне, як у Хатоўні справы. Ведаў, у каго пытацца. Не ўмею хлусіць. Ці часта немцы наведваюцца, як настрой у людзей. У людзей? Я, даруйце, раённаму начальніку прама і сказаў: «Усе нашы людзі на фронце – там, дзе і трэба быць!» А ён: «Што ж вы, дзед Нупрэй, сябе ўжо і чалавекам не лічыце? Дарма, дарма... А жанчын, мацярок?» Пра дзятву, магу засведчыць, ні словам ні паўсловам. – Стары паглядзеў на хлапчукоў, хехекнуў. – Так што, хлопцы, пакуль вас парадаваць не мушу... Няма чым. Ага, далей, значыць. Тады я ўжо хітрэй яму, бо адчуў, што не лічыць пакуль зломкам і мяне Марусін зяць: «Яно калі б мо стрэльба на плячы боўталася якая, як вось у цябе, то, можа, і палічыў бы сябе чалавекам. А так – пшык... Голымі рукамі любы можа ўзяць». Ён – што б вы думалі? – напрамік, хоць і змерыўшы мяне ўважлівым позіркам, ацаніўшы, як след, і кажа: «Пачакай крыху, дзед. Не адразу і Масква будавалася. Разбярэмся мы ў сваіх шарэнгах, паглядзім, ацэнім на што самі вартыя. Калі не справімся, маладзейшыя, то і вас свіснем». Пачакай, кажа, трохі. Во як!

– Так і сказаў – свіснем?– не паверыў Лявон Кончык.

– Ну, можа і не так. Але сутнасць у гэтым, і не дуры мне галавы, Лявон! – Дзед Нупрэй тузануўся на валуне, падкурчыў ногі, а тады спадылба паглядзеў на Лявона Кончыка і сказаў цішэй. – Але ўсё, мушу адзначыць, усё цюцелька ў цюцельку. Існая праўда!

Сядзеў каля млына і яшчэ адзін хатаўнянскі дзед – Платон Кулеш, ён увесь час маўчаў і толькі слухаў. Зрэдку хехекаў і шкрабаў сагнутым у кручок пальцам патыліцу, прыўзнімаючы для гэтай працэдуры картуз на лысай галаве. Адзін усяго раз пачулі Платона:

– Біць трэба гадаў! Вось так!

Калі Платон трасянуў у паветры сваёй кашчавай рукой, усе засмяяліся. Стары зніякавеў, аднак яго падслепаватыя вочы ўсё ж заслязіліся радасцю, ажылі надзеяй...

Пазней, калі размова каля вятрака патрохі пачала чахнуць, дзед Нупрэй асцярожна агледзеўся па баках, пакратаў свой зашмальцаваны картуз на галаве і шырокую бараду – так ён рабіў заўсёды, калі збіраўся сказаць нешта важнае і адказнае – а потым, нібы і сапраўды адганяючы ад сябе курэй, памахаў на хлапчукоў:

– Кыш, малеча! Чаго пасталі? Ці не вам кажуць? Вядзі, Юрка, сваю гвардзію адсюль. Кыш! Вушы паразвесілі тутака, як бабы гарлачы на паркане!..

33
{"b":"549417","o":1}