Литмир - Электронная Библиотека

Гледзячы на нас, селі абедаць і Шурмялі. Надзейка адвярнулася, не глядзіць нат у наш бок. Бачце вы яе, крыўдуля такая. Таксама харош! Можна падумаць, што гэта я ці Петрык піхнуў яе і яна так выпэцкалася. Нават і крадком не гляне. Дзе тут які сухі і лёгенькі камячок? Зараз я пакажу ёй, як дзьмуцца. На, атрымлівай. Міма. Можна кідок паўтарыць. На гэты раз дакладна, але не па адрасу – трапіў не ў тую спіну, у якую цэліўся, а ў матчыну, і ўбачыў, як Надзейка пырснула смехам, ледзь не падаваліся ежай, а маці пагразіла ў наш бок кулаком:

– Я вам!..

Дзядзька Хвядос папракнуў:

– Не шкоднічайце, хлопцы. Як маленькія.

Мы зрабілі выгляд, што тое тычыць зусім і не нас. Яшчэ Надзейка хіхікаць – а тут яе не абскачаш – пачне: што, атрымалі! А калі б атрымалі, то табе якая справа, вяночніца? Торф насіць – не кветачкі пальчыкамі перабіраць. Зразумела цяпер, па чым фунт ліха. І не тое яшчэ будзе. Дай трохі падрасці, тады я ў кар’еры буду стаяць з рыдлёўкай замест дзядзькі Хвядоса, пабачыш, хто з нас герой, а хто і блізка не бываў. Што, атрымала? Насі, насі, Надзейка, сырыя цагліны, ды пад ногі паглядай часцей , а то зноў носам тыцнешся, уся выквацаешся, х-хі!... Чаго гэта я? А, можа, ёй балюча было, а мне тут смешна. І Петрык зыркае раз-пораз на яе? Ну, гэта ўжо замнога. Замест таго, каб варушыцца, ён ледзьве поўзае, і яшчэ не зводзіць вачэй з суседкі. Насільшчык, называецца. А табе я зараз пакажу, як не старацца, а па баках вачамі толькі вадзіць! Не тое прыпомню!

– Цыц, маладыя вераб’і! – высоўвае галаву з кар’ера дзядзька Хвядос. – Абодва малайцы. Не смяшыце людзей.

Магчыма, мы яшчэ б трохі і пасмяшылі людзей, але з’явіўся Кастусь, і дзядзьку Хвядосу ўжо было не да нас, а нам стала не да Надзейкі. Зух, а не Кастусь. Адразу:

– Вышэй нос, гвардзейцы! Як працуюць, Хвядос? Не лянуюцца?

Калі б і ленаваліся, дзядзька Хвядос нас не выдаў бы. І так зразумела, няма чаго пытацца. Ну, чуў: не лянуюцца.

– Яны малайцом.

Укусіў? Усюды гэты Кастусь нос усуне, той быццам бы і маленькі ў яго, але ўшчэміць. І ўжо зусім набраўся нахабства, пытае:

– Ну, калі там нам новы трактар дадуць на арцель, старшыня?

Толькі я што надумаюся, ён тут як тут. Пра тое, што я сабраўся пасля школы на трактарыста вучыцца, пранюхаў жа во недзе, і адразу падножку – ворсь. На такое толькі танкіст і здольны. А сказаў бы, што стану шафёрам, ён папытаў бы, калі будзе ў нас «палутарка». Давядзецца токарам быць ці слесарам на заводзе, а яшчэ лепш зваршчыкам – у горад яго цётка Раіса ні за што не адпусціць. Хоць там ад яго ўздыхнеш вальней. Камар назойлівы.

– Не ведаю, калі, – адказвае дзядзька Хвядос. – Сам чакаю.

– Падварушы іх, а то ні коней, лічы, ні транспарту. Я б гэты торф усім гутлянам развёз, каб трактар быў. Магу і на машыне.

Усё, усё ён можа. Бачылі такога? Гэта яшчэ трэба паглядзець на свае вочы. Дрэў у вёсцы багата. Каб хоць за вуглы хат не зачапіўся, хвалько. А то ўсё, што пабудавалі, паразварочвае, зраўнуе, ускудлаціць, як парсюк лычам мурог.

Ну скажы, скажы яшчэ што-небудзь, танкіст, прыдумай, у цябе гэта добра атрымліваецца. А мы паслухаем. Я ўжо вуха натапырыў. Так, так. Нібы пачуў мяне, гаворыць:

– Чуў, Хвядос, Лізавета прымака ўзяла?

– Не, не чуў. Адкуль прыбіўся? І хто такі?

– А старшыня павінен у першую чаргу ведаць. Перш, чым да нашых баб прыбівацца, прымак у цябе дазвол даўжон браць.

– Не звяртаўся, – жартам адказвае дзядзька Хвядос.

– Май на ўвазе.

– Багата ты да мяне звяртаўся.

– То я. А што тычыць прымака, то ён з Лазаравіч. І як ён Дняпро пераплыў, дохлы ж, адны рэбры... І носам чмыхае. Сухотачны нейкі.

– Такіх багата ходзіць.

– Багата. Пажыве трохі, пагрэецца, адкорміцца на Лізавеціных харчах – і далей пагалёкае. Калі пасля сябе след не аставіць.

След? Таксама скажаш, танкіст. Г-гм, толькі калі падэшва як на чобатах салдацкіх – во то след, а калі прымак той прыклыпаў у лапцях, то каму ён трэба, той след? Пройдзе дождж – і ўсё зліжа як карова языком. Вось вам і след будзе. Адна назва.

– Ну, добра... Я пайшоў. Сам капаю, сам нашу. Раюха з сынам, са Сцёпкам. А наконт трактара, Хвядос, падварушы, падварушы!..

– Буду старацца.

– Глядзі ж! Я табе жыцця не дам.

– Ды гэта я ведаю.

Сцёпка... Сцяпан... Я насіў торф, сачыў, каб Петрык менш паглядаў на Надзейку, не вымушаў яе пунсаваець і паказваць язык, а сам пачынаў разумець, чаму Раіса назвала свайго сына Сцяпанам. Можна падумаць, што я такі ўжо і маленькі.

Калі што трэба, зразумею, не лыкам шыты. Пазней я здагадаўся і пра той след, які мог пакінуць Лізавецін прымак...Пашурупіў трохі галавой – і здагадаўся...

А вы думалі!

5. НА ПРЫЗБЕ

Яшчэ на балоце, каб не пачуў дзядзька Хвядос, я шапнуў Петрыку:

– Прыходзь увечар на Грышкаву прызбу.

– Навошта?

Ён і гэтага не ведае. Ну, як хочаш. Сядзі дома, мякеша. На прызбе ж цяпер збіраюцца не толькі дзеўкі з ісканскім гарманістам Аркашкам, але і такім, як і мы з Петрыкам, дазволілі. А чаму так над намі зміласцівілся, дык тут і грамацеем вялікім не трэба быць, каб зразумець: дзед Грышка ўсім распавёў, якія мы харошыя і амаль ужо дарослыя, а сур’ёзнасці ў нас – хоць цераз край, бо хто ж яшчэ, як не я з Петрыкам памеліся старога засыпаць торфам. А прызба недарэмна ж Грышкавай завецца. Ягонай. Дык хто тут гаспадар? Які Аркашка? Глухая сцяна, тая, што глядзіць на вуліцу і не мае ніводнага акна, уся аддадзена пад гулянне. Спіць ці не спіць сам стары, калі дурэюць хлопцы і дзеўкі і рыпае гармонік, тут ніхто не ведае, аднак адно вядома дакладна: дзед Грышка вельмі ганарыцца, што збіраецца моладзь іменна каля яго, а ні дзе-небудзь. Буслы вунь гняздо каля кепскіх людзей, хціўцаў і прайдзісветаў розных, не зробяць. Так што майце на ўвазе, анціхрысты! І што яшчэ цікава, ніколі стары не выходзіць паглядзець, што робяць на ягонай прызбе маладыя гутляне, пэўна, яму і так ўсё зразумела. А , можа, ён ляжыць тады на сваёй печы і маладосць успамінае, і яму ў тыя хвіліны таксама робіцца хораша і траха весялей на гэтым свеце жыць-трымацца.

Мы і раней на прызбе былі не з боку прыпёку, ведалі сабе цану, аднак іншы раз нехта са старэйшых хлопцаў мог дазволіць сабе задраць перад намі нос і паказаць, што ён тут немаведама якая шышка, любы загад аддаць – прынесці-падаць нешта, хоць бы тую круцёлку са сланечніка і звярнуць яму галаву належала ў агародзе Лізаветы ці Варкі, бо ў тых яны заўсёды апетытна галовы звешваюць ледзь не цераз самы плот, то цяпер хай паспрабуюць падаць нам такі загад, то натыкнуцца!.. Шчыт ёсць. І гэты шчыт, тое кожнаму зразумела, – дзед Грышка, наш друг і таварыш.

Зусім нядаўна на прызбе з’явіўся новы ўхажор. Размаўляе ён па-гарадскому, ад яго тхне адэкалонам, нібы ад п’яніцы гарэлкай, і курыць ён толькі «Казбек». Спярша вывудзіць з прыгожага карабка папяроску, паляпае ёю па самому таму Казбеку, а ў той самы час, калі ляпае, глядзіць уважліва на нас і фанабэрыста пытае:

– Как у вас здесь житуха, братва? Тихо, однако. Не в жилу как-то... С Питером нашим разве сравнишь? Ни трамваев у вас, ни метро! Скучище! Одно хорошо: картофан есть. А мне после блокады это всамый раз, однако! Врач приписал. С возрастанием, а то сразу может заворот кишек произойти. Кому не понятно, что я глаголю?

І смяецца, весела і гучна, і ўсе, нават Надзейка, паварочваюцца на блакадніка Саныча, які прыехаў з Ленінграда да цётка Варкі ад’ядацца, бо там, калі яго паслухаць, «сплошная бесхлебица».

Саныч расказвае нам пра голад, што быў у Ленінградзе , і калі яму верыць, то людзі паміралі з голаду. Нам у гэта цяжка паверыць, але ён так пераканаўча пра ўсё гэта апавядае, што нічога не застаецца, як разяўляць рот і слухаць.

– На моих глазах, братва, был случай из рязряда обычных для блокады случаев, можно сказать без особых преувеличений. Стою в очереди за хлебом. Мамку отправил домой, пусть хиляет старушка, чё в ней осталось? А я всё же мужик, выдюжу.

22
{"b":"549417","o":1}