Литмир - Электронная Библиотека

– Такі кош як паставіш на калёсы, то ён як пан будзе на іх! – хітра ўсміхаецца стары. – Колькі торфу ўлезе ў наш кош, Колька, дык і не падлічыш! Што багата, то багата. Процьму тарфін памесціцца. Як піць даць. Галоўнае, каб конь пацягнуў. Калі ж коні цяпер дохлыя. Дыстрофікі. Але ж торф высушыцца, то ён лёгкі будзе. Ну што, хлапец, пара абедаць. А тады і закончым наш карабель. Бяжы, бяжы дадому.. У мяне дык і няма нічога такога, каб цябе пачаставаць. Суп адзін. Варка згатавала, дзякуй ёй. То не прападу. А ты збегай дахаты, падсілкуйся. Расцеш, цягнешся угору, то апетыт павінен быць. Ну, давай, давай... няхай цябе Хвядос пакорміць.

– А яго няма. Я сам знайду, што з’есці.

– І адразу прыходзь. На заўтра не будзем адкладваць тое, што можна зрабіць сёння.

Я пабег да сябе, а дзед застаўся сядзець на зэдліку. Калі я вярнуўся назад, ён спаў у хаце на ложку і ўсміхаўся ў сне. І я не стаў яго будзіць. А раптам ён бачыць зноў той белы пясок ці яшчэ што-небудзь такое, што яму прыемна бачыць? Кош я і сам магу дарабіць. Што там засталося. Дробязі. А калі амаль што кош быў гатовы, я залез у яго і таксама заснуў. Мяне разбудзіў дождж – ён так секануў, знянацку і спорна, што я падскочыў, бы апараны. А дзед Грышка глядзеў на мяне з клеці і смяяўся:

– Паспаць мы з табой, брат, майстры. Што стары, што малы – адна парода. Але ж кош агоралі, хоць і з прыгодамі, забрыкай яго каза!..

Пра кош я не адразу ўспомніў – доўга лыпаў вачамі і шукаў вянок, які прысніўся. Вянка не было. І Надзейкі таксама. Пасярод двара стаяў адзін толькі кош. А калі я ўсё зразумеў, таксама засмяяўся.

Было чыста, лёгка і свежа на зямлі.

Як заўсёды пасля дажджу.

4. «БАГУН, БАГУН, МЫ Ў БАЛОТА...»

І неўзабаве людзі пацягнуліся ў бок балота. Яно пачынаецца не адразу за вёскай, а трэба патэпаць – і па бальшаку, і па куп’істым Чопкім лажку, а тады ўжо, калі за маленькім мастком, які і зрабілі летась , каб цераз канаву можна было вазіць торф, пакажацца маленькае пасяленне – вёска не вёска, хутар не хутар -- з нейкай не дужа зразумелай назвай Негліва, то па левую руку, як ісці, і будзе балота. Насустрач выбягуць кусты вербалозу , тонкія і крывыя бярозкі, побач з якімі, бывае, пракідваюцца і грыбы. Абабкі. Яны не такія, як у звычайнам лесе – брылькі больш светлыя, а ножкі доўгія , тонкія і часцей за ўсё крывыя. Нібы дражняцца з бярозак. А далей пачынаецца сапраўднае балота. У старых кар’ерах цвіце рудая вада, а галінкі з ягадамі-дурніцамі звісаюць прама над вадой, і не заўсёды іх дастанеш: небяспечна, можна абрынуцца ў ваду, а там плавае неба – уга, якая глыбіня. Не, лепш не лезці. Ягад хапае і на іншых кустах. Толькі ж іх усёроўна многа не з’ясі. Гэта каб хто зрываў табе, а самому збіраць надакучвае. Ну іх, тыя дурніцы. Не тое, што грыбы. Дзяўчынкі, дык тыя любяць. І атрымліваецца ў іх добра, спрытна: хап-хап-хап! Але што ягады? Ёсць на балоце адзін вораг, якога ўсе баяцца – як агню. Нават дарослыя і такі смяльчак, як дзед Грышка. Стары і навучыў мяне, як змагацца з тым супастатам. Гэта багун, расліна такая. Яна кусціцца, дзе толькі можа. І быццам наўмысна, калі з’яўляецца побач з багуном чалавек, ён пачынае так пахнуць, што ачмурэць можна. Галава робіцца, што чыгун. Не свая. Ты ёй загадваеш, галаве, ягады збіраць, а яна хоча паляжаць. Або пасядзець. Ці што-небудзь іншае, а багун – не, будзеш рабіць тое, што я загадаю: спярша ачмурэць павінен, а тады я павяду цябе, куды пажадаю. Адзін раз і мяне ён падлавіў, багун той. Ледзь выйшаў з балота, і тое не помню – як. Так што з ім жартачкі кепскія. Калі мы з дзядзькам Хвядосам і Петрыкам толькі запрыкмецілі першыя кусты багуну, я загадаў :

– Багун, багун, мы ў балота, а ты – з балота!

Петрык таксама прашаптаў гэтыя словы, і нават тупнуў нагой:

– Вон! Ну, каму сказана!

Дзядзька Хвядос усміхнуўся:

– Усё, цяпер можна заходзіць смела: галава не разбаліцца.

Канешне, не. І дурню зразумела. А каб не сказалі і мы тыя словы, каб не прагналі яго, дурмана, то хапіла б. Можа, і торфу таго накапалі б кату пад хвост, зусім мала, а так можна будзе працаваць, пакуль сілы хопіць. А сілы павінна хапіць. Паснедалі мы добра, яшчэ і цётка Матруна напакавала торбачку, так што будзе , калі вымерхаемся, што ўкусіць. Падсілкуемся – і зноў наперад. Расседжвацца няма калі. Бо на балоце людзей, што мурашак, і ўсе адны перад адным таўкуцца, хочуць паказаць сябе. Не там, дык тут. Ясная справа. А мы што, павінны выглядаць слабакамі? У мяне мускулы, калі руку рычажком зрабіць, як бугарок. Петрык толькі насупіцца і адвернецца: канешне, а чым яму пахваліцца? Рука роўная, што брусок. Як не рабі яе, а таго бугарка, які ў мяне, і блізка няма. Слабак. А яшчэ і крыўдзіцца, не любіць, калі яму праўду гавораць.

Дзядзька Хвядос учора прыходзіў на балота, аблюбаваў месца, і вось цяпер ён вядзе нас да яго. А я ўспомніў дзеда Грышку, і мне зрабілася шкада старога, бо ён – толькі б пабачылі! -- такімі сумнымі вачыма праводзіў нас, што не пазайдросціш. А мне, калі забіраў кош, прызнаўся:

– Зноў без мяне на балота... І навошта жыць? Э-ха-ха-а!..

А потым , нібы ачомаўшыся, прымаў бадзёры выгляд – успамінаў пра сына, якога чакаў, і больш не скардзіўся на жыццё.

Кош дзядзьку Хвядосу спадабаўся, ён патрос яго, сказаў, што крэпенькі, паслужыць доўга, але не ацаніў мяне, як кашаплёта. Усё прыпісаў дзеду Грышку. Можна падумаць, што ён і лазу рэзаў, і цягаў яе, і плёў толькі адзін... нават язык паказваў лупатай Надзейцы. А я з боку прыпёку. Зусім не ацаніў. Каб не сам дзед Грышка, то так бы і застаўся я ў цені, бы зломак які.

– Гэта, лічы, Колькаў кош, – сказаў стары. – Сам зрабіў. Пад маім наглядам. Адукаваўся ён хутка, макацёр варыць.

Чуў, дзядзька Хвядос?

– Калі ахвотнікам будзе да навукі, то і хлеб будзе есці смачнейшы, чымся мы, старшыня, з табой ядом. Бантон.

Я не стрымаўся тады, і пахваліўся, што буду шафёрам, а дзед Грышка прыгадаў сваю байку, на іх у яго розуму багата, і сыпануў :

Мой мілёнак вучыцца,

Не знаю, што палучыцца:

Ці то поп, ці то манах,

Ці то шохвёр на валах.

Усе засмяяліся, і я таксама. Прыдумае дзед Грышка. На валах. Не, не на валах. А – сапраўдным. Самым што ні ёсць. Калі толькі сам не перадумаю. Магу я перадумаць ці не? Цяпер гэтых спецыяльнасцяў – уга колькі, і бывае, што сёння хочацца стаць інжынерам, а заўтра яшчэ кім-небудзь. Цяжка выбраць адразу – кім. З наскоку. А можа заўтра я пачую яшчэ пра якую прафесію, раней пра якую і поведам не ведаў? Цяпер жыццё такое, што трымай вушы тарчком. Напагатове. Гэта яму, дзеду, добра: сядзі на печы і глядзі ў столь.

Аднак наконт каша – малайчына: не прысвоіў сабе ўсе заслугі, а падзяліўся, як і мае быць, нават мне перапала больш пахвалы. І калі дзядзька Хвядос сказаў яму, каб не хваляваўся, у халоднай хаце зімаваць дзед не будзе, той, хоць і гаварун добры, змоўчаў, ні словам, а на вачах заблішчэлі слёзы... А праўда, хто яму накапае таго торфу, хто яго высушыць, прывязе? Мы з Петрыкам? Падрасці б, а то з кар’ера не відаць. Вось дзядзька Хвядос – дык гэта фігура, ужо і вада будзе на дне хлюпаць, а яму па пояс. Да самага пяску дакапаецца. Наразае торф цаглінкамі і кладзе перад сабой, насвіствае, бывае, што і расказвае што цікавае нам пра вайну, а мы з Петрыкам толькі паспяваем адносіць тыя сырыя тарфінкі і класці адна каля аднае – каб падсыхалі. Праз колькі дзён тады прыбяжым на балота і перавернем іх на другі бок – няхай цяпер гэтак будуць да сонца.

– Ну што, абедаць пара, байцы? – глядзіць на нас дзядзька Хвядос, і , не дачакаўшыся канкрэтнага адказу, вылазіць з кар’ера. А што яму вылазіць: раз -- і гатова, парадак. – Давайце перакусім.

Давайце. Па праўдзе кажучы, дык і смокча пад лыжачкай. А сонца яшчэ высока. Падсілкуемся, і тады зноў упражэмся. Не прывыкаць. Надзейка таксама носіць торф з маткай, у іх кар’ер побач, адзін раз загледзелася на нас , пляснулася вобзем і тыцнулася прама носам у тарфіну. На той, мабыць, і адбітак твару меўся. Пабачылі б! Увесь твар чорны, як у негра, толькі вочы блішчаць. І калі я паказаў ёй язык, салупнула і яна, і тады была яшчэ больш смешнай.

21
{"b":"549417","o":1}