– Хто гэта цябе так? – спытаў Тамаш ціха і сумна.
– Калі са статкам здарылася тое... дык у ваен-камат я пайшоў – каб на фронт адправілі. А куды мне было падзецца? Несцера Цішчанку напавал... Самалёты наляцелі на нас... Гардзею Чарняўскаму адно паспеў крыкнуць: «Уцякаем!» А ён нешта там валтузіцца, лаецца... на каго і што... не зразумею... Калі на немцаў, то ўсё роўна ж не пачуюць... Гляджу, і яго няма... не відаць... Забіла, напэўна... не будзеш жа па траве поўзаць пад выбухамі...
Тамаш не пагадзіўся, і правільна зрабіў:
– Што ж ты так, га? Сваіх кінуў... А людзі ж поўзалі пад выбухамі... пад асколкамі... выцягвалі адзін аднаго з поля бою. Чаму ж ты так, Гошка-а?!
– І сам не ведаю, – пацепваў плячыма Георгій. –Спалохаўся – і ўсё... Што тут больш сказаць? Страх мяне працяў усяго... не гатовы я быў, каб... каб...
Тамашу не цярпелася пачуць – што, «каб»? Але Георгій так нічога не змог яму адказаць уцямнага, а цяпер ужо і нам з Петрыкам, пакуль бацька не папытаў у яго, куды ж з ваенкамата накіравалі.
– На фронт, куды ж... Не паспелі ад’ехаць у цялятніках ад гораду, як увесь эшалон наш разбамбілі. Разбегліся – хто куды... Адседзеўся ў лесе, перачакаў трохі. Чую галасы людзей. Падыйшоў, а гэта – паліцаі. І адкуль яны ўзяліся? За шкіркі мяне і пацягнулі... Куды? Навошта? Нічога не магу зразумець. Забіць маглі б і тут, у лесе, я ўжо неяк і гатовы быў да ўсяго гэтага... Прывялі ў гарнізон, форму выдалі...
– І ўзяў?
– Не пыталіся.
– Таму што ў цябе на мордзе напісана, Гошка, хто ты. Вялікімі літарамі. З чалавека ростам.
– Спіну глядзеў? Ці зноў паказаць?
Мы яшчэ бачылі, як Тамаш неяк абяссілена біў сына кулакамі, і паўтараў шмат разоў адно, але дужа страшнае, слова: «Здраднік!» А Георгій не ўпарціўся, ён моўчкі прымаў тыя нязграбныя ўдары, і толькі румзаў, бы дзіця.
Які з яго, і сапраўды, салдат атрымаўся б? Глядзець смешна. Пудзіла агароднае – і тое лепш выглядае, ды і вароны яго палохаюцца. А хто спалохаецца Георгія? Мы з Петрыкам? Ніколі! Хоць выйсці мы ў той дзень з Петрыкам са свайго сакрэту не асмеліліся, але на тое былі іншыя прычыны – не хацелася яшчэ больш насаліць Тамашу. Яму тады і так зашмат хапіла. Няхай думае Тамаш, што пра яго бяду ніхто ў вёсцы не ведае.
А Георгію, каб не бацька, – ух і далі б! Кулакі ў нас так і свярбелі.
7. КАЛОДЗЕЖ
Пра Георгія мы з Петрыкам дзядзьку Хвядосу і заікнуцца не паспелі, ён спярша спадылба паглядзеў на нас, а потым так гыркнуў, што я нават і не паверыў, што то быў не хто іншы, а дзядзька, з якім я сплю на печы пад адным шынялём, ем крупнік з адной міскі і лічу яго вельмі блізкім і нават чамусьці родным чалавекам. Гыркнуў і сказаў усяго адно слова:
– Цыц!
Але больш слоў, відаць, і не трэба было – мы і так усё зразумелі: варта накінуць на рот замок і пасопваць у дзве дзірачкі – дарослыя ўсё ўжо ведаюць. Яны разбяруцца. Пасля гэтага гырканная і так відаць, што тут да чаго. Нам жа дзядзька Хвядос загадаў:
– Да стала! А потым будзем калодзеж рабіць.
Здорава! Я даўно чакаў гэтага, бо дзядзька паабяцаў, што спусцяць у зруб мяне на вяроўчыне і я, як самы малы і вёрткі, буду падаваць у якой-небудзь пасудзіне з самога дна, дзе б’юць-струменяць крынічкі халоднай вады, зямлю.
Канешне, а хто яшчэ справіцца з гэтым? Дзед Грышка? Ой, не смяшыце мяне. Петрык таксама дапаможа, але ж гэта не яго калодзеж, а наш з дзядзькам Хвядосам, і мы яго будзем рабіць для сябе. А потым ужо складзем зруб хаты. Вось толькі абмалоцяць людзі жыта, зямлю ўзаруць... Доўга чакаць, калі за хату трэба будзе брацца. Там, не міргнеш, і белыя мухі паляць. Але дядзька Хвядос верыць, што будзем зімаваць мы не ў зямлянцы, а ў новым жытле. А калі верыць ён, то веру і я.
– Талакой, брат Колька, можна што хочаш зрабіць.
Паглядзім, што там за талака такая. А пакуль мы сёрбаем варыва ўсе ўтрох з адной міскі, а дзядзька Хвядос глядзіць на Петрыка і пытае:
– Як мама, Петрык?
– Добра...
– Не хварэе?
– Ужо не.
– Скажы, няхай дапамагае, калі можа, будаваць новае жыццё.
– Скажу.
– Цяпер нам кожны чалавек дарагі. Накажаш ці мне зайсці самому?
– Не трэба. Я сам.
У Петрыка мама – не цаца: ручнік той – хварэе сама ці не хварэе – увесь час вісіць на плячы. Ледзьве што не так, адразу пускае яго ў ход. Петрык і не хаваецца: прывык. Колькі разоў дасталося і мне. Падвярнуўся не ў самы зручны час. Атрымаў па спіне. Ай, дробязі – бы камар укусіў. А чаму было і не атрымаць, калі самі вінаватыя. Пачалі хваліцца, што мы ўжо ледзь не героі... Але якія мы героі, нам сказала Петрыкава мама: «Смаркачы!» Яна нейкае там яшчэ слова дадала, больш смачнае, але яго ўслых сорамна вымаўляць, таму мы хуценька і «забыліся». Хопіць і аднаго. А яшчэ неяк цягнула яна нас у лес за вушы, каб паказалі, дзе прыкапана зброя, але мы не паддаліся – вырваліся і ўцяклі. А самі доўга баяліся ісці ў вёску, сядзелі ў лесе і думалі-гадалі: хто ж нас выдаў? Усе быццам бы свае, служаць нам, як і мы ім, верай і праўдай, а тут такое!.. Не, правільна гыркнуў толькі што на нас дзядзька Хвядос. Хто-хто, а ён у людзях лепш разбіраецца, чым мы з Петрыкам. Ды што мы! Чым усе, можа, нашы вяскоўцы адразу, во!
Пакуль мы шкрабалі лыжкамі ў місцы, тут як тут гарманіст Кастусь. Яшчэ гэтага не хапала. У мяне адразу прапаў апетыт. Зараз зноў пачне падлабуньвацца да Раісы, а горш за усё –адпіхне мяне і сам палезе ў калодзеж, і як заўсёды будзе прыгадваць, што ён у танку гарэў на Курскай дузе, а тут калодзеж нейкі... Пусціце, скажа. І хіба ж такога не пусціш? Як саўладаеш з ім? Во, во, ледзь не за стол лезе. Але ў нас больш лыжкі няма. Усяго тры. І ўсе занятыя.
– Давай, давай, Колька! – паклаў руку на маю шыю, прыгнуў галаву да міскі. – Як палопаеш, так і патопаеш. Гэта табе не махру цібрыць у пяколцы Хвядосавай.
– Ён не курыць, – заступіўся Хвядос.
– Так, так, яшчэ рана: соплі падпаліць.
Петрык хмыкнуў. Кастусь зрабіўся сур’ёзным, паглядзеў на дзядзьку Хвядоса:
– Ну што, будзем пачынаць? А там і Мікіта падыйдзе. Ды і нас тут ажно чацвёра. Будзе калодзеж!
Глядзі ты, і нас з Петрыкам палічыў. Ад гэтага настрой крыху палепшыўся.
Калі сабраліся ўсе мужчыны, якія памеліся выкапаць на дварэ дзядзькі Хвядоса калодзеж, Кастусь, як заўсёды, выскачыў наперад – зноў жартаваў, баіў, сыпаў показкамі – паспявай толькі запамінаць:
– Працуй, Мікіта, будзеш есці дасыта!
Мікіта ўдакладняў, усміхаючыся куточкамі вуснаў:
– Піць, піць дасыта: калодзеж жа будуем.
– А суп як без вады згатуеш? А кашу? А бульбец наш родны? Як, дзядзька? – не здаваўся Кастусь.
Але і Мікіта не зломак, за словам у кішэню не палезе, тут жа адказвае:
– Паясі ты таго супу ў Хвядоса – разяўляй рот шырэй! Жонку прывядзе ў хату, а там дзяцей пачне стругаць, як вось сёння зруб – толькі стружкі будуць ляцець. Бачыце, бачыце, як сякера ў ягонай руцэ спявае! Ён майстар! Так што не ўхопіш у Хвядоса.
Кастусь падбадзёрвае:
– Гэй, Хвядос, вышэй нос! Кожны палкаводзец будуе свой калодзец!
Дзядзька Хвядос усміхаецца: і прыдумаў жа – палкаводзец! Да радавога прыляпіў такі высокі чын. Хоць тут, на сваім дварэ, кім заўзгодна можна стаць, ці не так? Гэта ж не сапраўдная армія. Балбачы, балбачы далей, Кастусёк! А яму што – была б прычына. А тут якраз і Раіса жэрдку цягне да будучай студні. Атрымлівай ад Кастуся, тым больш, што каго-каго, а цябе ён ніколі і нізашто не праміне:
– А-а, Раюха, жытнёвая краюха!
Дачакаліся і мы з Петрыкам, калі нас па чарзе асмеліліся мужчыны апускаць у калодзеж чэрпаць зямлю. Прыемна! На дварэ сонца паліць, а там цягне прахалодай, ажно спіну халадком кранае. Але ўсё гэта дробязі ў параўнані з тым, што мы робім! І нічога, што увечар мы разглядвалі на сваіх далонях пухіры, на якія маці Петрыка заўважыла:
– Эх, работнічкі! Праўду кажуць: гультай за дзела –мазоль за цела.