– Як цябе завуць? – пацікавіўся ў хлопчыка.
– Арцём..
– Арцём, ты можаш зрабіць для мяне добрую справу?
– Гаварыце, што трэба...
– Вунь, бачыш, жанчына прадае зеляніну?
– Ну.
– Купі яе ўсю.
– Жанчыну ці зеляніну?
– А ты, бачу, жартаўнік.
– Гаварыце хутчэй, а то мяне дома чакаюць. Тата без хлеба суп не есці.
– Купі ўсю зеляніну. Оптам. Тут сто еўра...
– Ого!
– Табе пяць хопіць?
– Ого!.. А куды мне яе, зеляніну,тую?
Андрэй задумаўся: а сапраўды, куды яе? Але тут жа знайшоўся:
– А ведаеш, я з сабой яе вазьму. Толькі рэшты ў бабулькі... прабач, у жанчыны, не патрабуй. Так і скажы: рэшты не трэба. Аддай грошы, забяры тавар, і ты атрымаеш свой ганарар. Ну, давай, давай, а то мне яшчэ далёка ехаць.
Ён бачыў, як хлопчык працягнуў Таццяне Іванаўне грошы, бачыў і разгублены твар жанчыны: яна вадзіла галавой па баках, шукаючы таго, пэўна ж, жартаўніка, які, не інакш, рашыў падкузьміць з яе. Але так і не ўбачыла яго. Ды, відаць, і хлопчык быў настойлівым: я пакупнік, я! Усю зеляніну мне, а рэшты не трэба!.. Вам якая справа, каму прадаваць? Таццяна Іванаўна, нямала павагаўшыся, нарэшце забрала грошы і аддала ўвесь тавар. Хлопчык жа неўзабаве атрымаў свой ганарар. Андрэй вёз зеляніну ў салоне кабрыялета і не ведаў, навошта яе столькі яму аднаму?..
Што дзіўна, дык ён зусім і не дакараў сябе за тое, што сам не падышоў да былой класнай, не павітаўся.
Можа, так было лепш ім абодвум?..
ДУРНАЯ БАБА
Цімчыха апошні раз ляніва шаркнула мятлой па халодных, абраселых плітах, якімі шчыльненька ўкладзена ўсё наўсцяж вакол помніка Леніна, спакваля задрала галаву ўгару, хрыпата ўздыхнула і мовіла раздражнёна і балюча:
– Есці хачу, Ільіч. Няма сілы мятлу цягаць. У вачах цёмна – як ноччу. Што, не верыш? А ты вер, вер, правадырок. Сёння што пракаўтнула? Сухар пагрызла. Ад салёнага гурка ўжо ўсяродку свярбіць. Мяту, мяту, мяту... Другі месяц пры пасадзе, а за якія шышы? Табе, Ільіч, добра стаяць – есці не хочаш. Каменны. А я – жывая... І сухая, бачыш? А сухія добрыя грызуны. Во, во... начальнік мой пад’ехаў. На «Волзе». Трэба шавяліць мятлой. А то адбярэ. Ён злы. Толькі б не упасці перад ім... толькі б не ляснуцца... а то ж сорамна будзе... перад табой, Ільіч, возьме баба ды распаўзецца... раскірэчыцца, чаго добрага... і будзе ляжаць як нежывая. Сораму не абярэшся. Да мяне, да мяне ідзе начальнік. Бачыш? З папкай. Гэта ён. Нешта, відаць сказаць надумаўся. Мо палучку паабяцае?
Начальнік змерыў Цімчыху непрыемным строга-сухім позіркам, загадзя прыплюснуў вока і торкнуў угару пальцам, які на самым кончыку быў заклеены пластырам:
– Бачыце?
– Што? Дзе? – Цімчыха паспрабавала таксама задраць галаву, аднак яе павяло, яна адчула, што зрабілася тлумна, і ўсё навокал – і галава Леніна, і шэры рог будынка, і бясколернае неба – умомант пахіснуліся, затрымцелі перад зрэнкамі, і жанчына не змагла больш нічога сказаць, абхапіла двюма рукамі мятлу і толькі паспрабавала кіўнуць, не асабліва верачы, што ёй гэта ўдасца.
– ... Кучу бачыце?
Яна зноў кіўнула.
– На галаве ў Леніна? Прыбраць!
– Дык яна ж... даўно там... куча... і да мяне ляжала. Прымала з кучай... Старая куча...
– Будзьце дабры, адпрацоўвайце грошы. Гэта ваш абавязак. Каб не было!
– Добра... добра... – заківала Цімчыха начальніку, але той ужо павярнуўся ў бок чатырохпавярховага адміністрацыйнага будынку, пашоргаў падэшвамі па непрыбранай плошчы, ажно далёка было чуваць, як ён нібыта наўмысна цягне ногі, каб на такія ягоныя глупствы нехта звярнуў увагу.
Не адразу Цімчыха падняла галаву на Леніна:
– Чуў? Загадаў твой плеш памыць. А як я ўскараскаюся? Проста сказаць. Ты ж высока, пад самым небам... А я тут, на зямлі, як казяўка якая. Лесвіцу трэба недзе браць. Лесвіцу, так-так. А галубам тым... ды і вароны міма не пранясуць, быдлы, дзіркі ім не пазатыкаеш. І цэляць жа, халеры, акурат на галаву. Туалет знайшлі. Пайду лесвіцу шукаць. Пацярпі. Больш цярпеў. Змыю. Птушынае небарацтва лёгка змыць, але ж цябе, Ільіч, і людзі абляпалі... з ног да галавы. Ты ўвесь у гаўне. Вось тое, людское, анучай не сатрэш...
Яна прыхінула мятлу да помніка і пакрочыла, сагінаючы наперад тулава, у бок сваёй хаткі, спадзяючыся выхапіць вачыма там, у пуньцы, мо якую прыстасаванку, каб прынесці на плошчу і лезці, прыціскаючыся шчакой да лесвіцы ці чаго там, і лезці да забруджанай птушынымі хвастамі галавы правадыра. Ёсць у ейнай пуньцы тая лесвіца ці няма – Цімчыха не ведала, бо жыве ў гэтым гарадку яна зусім мала, столькі ж і ў хатцы. Вунь іх, гэтых хатак-дамкоў, колькі тут гуляе! Выбірай, аблюбоўвай, жыві. Яна і выбрала гэтую, у якой і жыве з першага дня. Жытло няхітрае і не надта прывабнае – маленькае, на адзін пакойчык і сенцы. Праз двор – тая пунька, у якой і была, калі толькі засялілася. Як грымнуў тут побач зусім Чарнобыль – гарадок паступова апусцеў,захеўрыў вачніцамі памерлых хат, шыкоўных шматпавярховак у мікрараёне. Але не ўсе з’ехалі. Асобныя ж людзі і прыбіліся сюды – больш з Сярэдняй Азіі беларусы, якім там, пад чужым белым сонцам, стала няўжытна. І бомжы з розных куткоў – гэта ўжо больш рускія.
Прыехала ў гарадок і Цімчыха. З Гомеля. Кінула аднаго там мужа-п’яніцу ў двухпакаёўцы, няхай ён там хоць азызне, атрупянее, прыхапіла такія-сякія няхітрыя пажыткі, і сюды. Падмятае. Мятлу далі ў першы ж дзень, калі папытала, дзе б зачапіцца працаваць. «Як тая рацыя – яшчэ не дужа вядома, -- разважала жанчына, -- а Цімка дакладна заб’е, к гэтаму ідзе».
Ёй яшчэ хацелася крыху пажыць.
У пуньцы стаяла лесвіца, але Цімчыху не ўразіла – нізкая, на чатыры прыступкі, і задужа нейкая камлюкаватая, цяжкая. Не падняць. Вярнулася з нічым. Задрала галаву на Леніна, сказала:
– Няма лесвіцы. Стой пакуль так. Калі б былі грошы ў мяне, то пытанне б вырашылася само сабой – паставіла б пляшку мясцовым бомжам, іх тут процьма, яны б цябе за гарэлку і памылі б усяго, не тое каб!.. А без грошай не возьмуцца. Хоць і павінны б так, задарам, бо ты ж ім нічога кепскага не зрабіў. Было добра, калі табе верылі, калі ты вечна жыў... Пілі і елі. «Далоў рэвалюцыю!»Чуў, Ільіч? Дурні і крычаць. Каб жа не было і рэвалюцыі, то хто б з іх, гарлапанаў, жыў-быў сёння? Іншыя б... зусім іншыя людзі б, а гэтых, мусіць жа, і блізка не было б. Такіх, Ільіч, ты сам і напладзіў. А яны, бачыш, табе за гэта што ? Усяго абляпалі. Ну, то добра... Елі, пілі. А тады пачаліся перабудовы гэтыя, кожны пачаў коўдру на сябе цягнуць, яны і паўкрываліся, хто цягнуў, аднак паздзіралі ж тыя коўдры з нас... і забліскалі людзі голымі сядачамі... палавінкамі... На ўсіх вуглах крычаць... А я і разгубілася – не магу прышыцца да каго-небудзь. Адна засталася. З мятлой. Слабая я, слабая... Зусім заблыталася ў гэтым жыцці. Лепш бы нічога не слухаць. Лепш бы жыць дзе на хутары, мець здаровага і непітушчага мужа, свой надзел зямлі ладны... свае жорны... і ні радыё, ні тэлівізара каб. Хаця чаго ж я? Можна падумаць, што ў мяне ёсць усё гэта. Няма-а. Няма-а... Хай, хай самі рашаюць палітыкі хутчэй, як нам жыць лепш, лацвей. Дыхаць-та вольна. Дыхай! Дыхай!.. Але ж і есці хочацца. Іншы раз – дужа. Як вось сёння. Пайду... набяруся смеласці, пайду бульбы папрашу ў краме. Пад запіс. Да зарплаты. Можа, бульбы і дадуць, не вялікая ж цэннасць, а без яе – ніяк. І шчэпаць солі вымалю. Не гарэлку ж буду прасіць. Павінны зразумець, пранікнуцца павінны. Свае ж людзі. Беларусы ж. Чужых кармілі некалі. Няўжо свайму чалавеку пашкадуюць? Хоць не той час, што раней быў. Не той. Могуць і дулю паказаць. Пад самы нос.
Цімчыха не адразу ўбачыла, як побач з ёй вырасла постаць мужчыны неакрэсленага ўзросту з задрыпаным тварам і з такім жа ўсім знешнім выглядам.
– Што, Леніну жалішся? – кашлянуў у кулак мужчына.
– Яму.
– Абы-што! – паласнуў кашчавай, даўно нямытай рукой паветра каля самага носа мужчына. – Хто цябе, як і мяне заадно, пачуе? Каму мы трэба? Абы-што!