– Ды што ты брэшаш, Сяргей!
– Быццам на цябе і не падобна!..
– Не балбатун жа!..
– Як гэта, у акадземіі, а не ў якім там бардэлі, голая дзеўка ходзіць перад гуртам хлапцоў, а тыя з яе лепяць... Быць не можа!
– Ды і дзе можна такую смелую знайсці, каб пазіравала пры ўсіх! Якая матка такую радзіць можа?
Сяргей, як мог, апраўдваўся, што нічога не прыдумаў, бажыўся-кляўся, а калі яны ўжо такія няверы, мужыкі, то хай дачакаюцца Толіка на канікулы, самі ў яго папытаюць. Ён ім скажа. А куды дзенецца, блазнюк, перад народам не ўстаіць. Перад народам?.. Сяргею, праўда, не менш было цікава, а як можна нармальнаму маладому хлапцу – прабачце, цьфу-цьфу-цьфу – устаяць перад адной вось такой прыгожай дзяўчынай... ды яшчэ голай. І хіба ж будзе ляпіцца тая гліна, халера, калі яна перад табой ва ўсёй сваёй красе, ды яшчэ рукі растапырыла і галаву, бачце вы яе, адкінула назад... і вачыма свідруе...жывая ж таксама... Што робіцца, людзі!
Ай-я-яй!..
Але прайшло некалі дзён, і Сяргею ўсё часцей і часцей ўспаміналася не сама паездка ў сталіцу, а тая дзяўчына, якая стаяла перад суседам Толікам у чым маці нарадзіла... Натуршчыца. Стаіць і стаіць перад вачыма. Пара б ужо і забыцца. Дык не – круціцца, юла!.. Хоць ты на яе гыркні: «Кыш з вачэй, смала!» І ён пачынаў – а няго ж! – зайдросціць суседу Толіку, чэснае слова. І пашкадаваў, што ў свой час не любіў вучыць урокаў і не ведаў, што недзе ёсць акадэмія, у якой вучаць на скульптараў...
ВАРОНА
Амаль кожны раз яна прачыналася, калі горад яшчэ спаў. Ледзь-ледзь пачынала днець, людзей нідзе амаль не відаць і не чуваць, і жанчына, а жыве яна на другім паверсе, распахвала на балконе насцеж акно – і адразу ж адчувала, як свежае паветра абдавала твар шчымлівай і лагоднай прахалодай. Куст жасміну ў апошні год падцягнуўся, і цяпер яго галлё нібыта просіцца да жанчыны ў госці: так-сяк абламала найбольш настырныя галіны; тыя, што можна было дастаць рукамі, адвяла ў бок. Вось, цяпер іншая справа: цяпер добра бачыць яна пад вокнамі сваіх кацянятак, яны задралі на добрую цётку свае кволенькія галоўкі, лыпаюць вочкамі, бывае, нядаўга могуць так трываць, тады яны проста куляюцца на бачок. Але – глядзяць, як толькі можна глядзяць на яе, на сваю карміцельку, глядзяць мужна, з надзеяй.
– І вы ўжо прачнуліся, мае харошыя? Бягу,бягу!..
Наталля Цітаўна любіла раніцы. Хоць і выйшла год назад на пенсію, пазней прачынацца не стала. Гэта толькі марыла: вось стану пенсіянеркай, тады адасплюся. Дзе там! Ці тое прывычка, ці нешта іншае, але як толькі загаворыць на кухні радыё, яна ўжо на нагах. І сёння таксама, як і кожнага ранку, жанчына спярша паставіла на пліту чайнік, а пакуль вада будзе падагравацца, заспяшалася на балкон і пашукала вачыма сваіх гадаванцаў. А іх, прызнацца, і шукаць асабліва не трэба: кацяняткі тут як тут, а калі дзе і забавяцца, то адразу ж збягуцца пад яе балконам. Дакладней – спаўзуцца. Усе чацвёра. Яны зусім маленькія, кволенькія, і нават самая нізкая трава для іх пакуль вялікая перашкода, замінае. Наталля Цітаўна ж забылася пра чай, ён так і астыне ў кубку. Яна похапкам накрышыла хлеба ў неглыбокую місачку, наліла туды малака. Для іх хопіць ежы. Паўтарыла сваё “Бягу, бягу!”, і асцярожна, каб не расплешчыць сняданак для кацянятак, на выцягнутай руцэ панесла місачку перад сабой. А калі тыя прыняліся сілкавацца, кожнае кацяняці пагладзіла, прымаўляючы:
– Сіроткі вы мае… Ешце, ешце, я вам яшчэ вынесу. Сама не вып’ю, я вам дам. Хто ж вінаваты, што ў вас мамкі няма. А дзе яна, вы, відаць, і самі не ведаеце. Толькі не паверу я, што кошка такіх немаўлятак магла кінуць, адцурацца. Такіх харошанькіх. Чалавек, даруй Госпадзі, можа, вунь паказваюць па тэлевізару, а кошка не дазволіць сабе такога… Можа, забіў хто вашу матку,а? Піце, ешце… Вось і малайцы. Толькі не штурхайцеся, усім хопіць. Падрасцеце, тады вам гора менш будзе. Лаўчэйшымі і хітрэйшымі станеце.
На прыстрэшку ганка, Наталля Цітаўна толькі цяпер заўважыла, сядзела ўчарашняя вялікая чорная варона, не зводзіла вачэй з місы, у якой вабілі яе дробненькія кавалачкі хлеба, насычаныя малаком. Варона, відаць, аблізвалася…
– А, ты зноў тут? – з дакорам у голасе падняла на яе вочы жанчына.
Варона каркнула і, нібы засаромеўшыся яе, адвярнулася.
– Глядзі ў мяне: калі зноў у малых адбярэш ежу – лаяць цябе буду. Зразумела? Ты ж глянь якая здаровая, можаш знайсці сабе што пакляваць, а дзе, скажы вот мне, яны, сіроты, возьмуць, хто паклапоціцца? Кыш!
Варона быццам зразумела жанчыну і паслухалася: узмахнула крыламі і пераляцела на суседняе дрэва, адкуль таксама не пераставала сачыць за кацянятамі і Наталляй Цітаўнай.
Тым часам на ганку паказалася з пузатай торбая новая суседка, жанчына сярэдняга веку. Як яе зваць-велічаць – Наталля Цітаўна не ведае, жыве яна высока – ажно на дзевятым, апошнім, паверсе, і з’явілася тут зусім нядаўна: памяняла, кажуць, двухпакаёвую кватэру на трох. Мае мужа і дачку-падлетка, гэта ўсе бачаць, ёсць у іх і даволі шыкоўная іншамарка. Дзе працуе гэтая жанчына, Наталля Цітаўна таксама не ведае, адно заўважыла, што кожнай раніцай спяшаецца некуды яна з туга набітай торбай. Як вось і цяпер. Новая суседка затрымалася каля Наталлі Цітаўны і кацянятак, моўчкі глядзела на іх, а тады напусціла на сябе строгасць і нечакана для яе мовіла халодным, як лёд, голасам:
– Разводзіце тут антысанітарыю!
– Як гэта? – ад нечаканасці, пачуўшы такое, Наталля Цітаўна ажно хаўкнула ротам: яна ж спадзявалася, што новая суседка таксама паспачувае кацяняткам, якія рана засталіся без маці, а яна, бачце што!.. Цюкнула, бы маланкай.
– А начамі што яны вырабляюць, каты гэтыя! – твар у новай суседкі ажно пачырванеў ад злосці, яна паставіла торбу перад сабой: відаць, цяжкая, а мо сабралася доўга перавыхоўваць Наталлю Цітаўну. – Спаць людзям не даюць. Вяселлі тут, бачце вы іх, ладзяць. Я на дзевятым паверху жыву, і тое чую. Гэта непарадак.
– Пачакайце, пачакайце, не гарачыцеся, – пачала супакойваць суседку Наталля Цітаўна. – А я вось на другім паверсе, і мне каты не перашкаджаюць. Сплю. Не чую іх. Ага. Сплю і не чую.
– І спіце, а я не магу! Развялі тут звярынец. А сабак колькі! Божа, і што за людзі ў гэтым, цяпер ужо і маім, доме?! Вось там, на праспекце Касманаўтаў, дзе я жыла раней, такога няма. Але было. Я, я навяла парадак. Цяпер мяне там ўспамінаюць, упэўнена, усе добрым словам. А як жа інакш?!
Наталля Цітаўна ўздыхнула, раптам адчула, што перасыхае і храсне ў роце, а нейкая горыч захаланяла ёй у сярэдзіне грудзі. Усё ж яна знайшлася, каб сказаць:
– Не чакала я ад вас, жанчыны, такога зларадства. Вы ж сама маці. А кацяняткі сіроты… Няўжо вам не шкада іх?
– Калі шкадуеце, забярыце дамоў! – валёхаючыся з боку на бок, новая суседка пайшла па сваіх справах, і калі праходзіла пад клёнам, на якім сядзела варона, тая каркнула:– Кар-р!.., чым, падалося, нават спалохала яе, бо новая суседка ад каркання ажно здрыганулася, не адразу, а толькі ачомаўшыся, задрала галаву на дрэва, а тады зіркнула на Наталлю Цітаўну, і злашча папракнула: – Вось, атрымлівайце! Карміце, карміце і варон!.. Яны за вашымі кацянятамі даядуць. Не, я так не пакіну ўсё гэта!..
Настрой быў сапсаваны, але Наталля Цітаўна не асабліва зважала на ўсё гэта, а больш пачала супакойваць кацянятак, нібы і тыя чулі злую цётку і разумелі ўсё, што яна сказала.
– Не слухайце вы яе, ешце, ешце. Вазьмі, кажа, да сябе ў кватэру, калі так любіш… Гэта вас, мае харошыя, сказала, каб узяла. Я б узяла. Месца ёсць. А потым што буду рабіць, калі падрасцеце? Ці пракармлю я вас? Ды і прывыкну, а калі блізка да цела станеце, то адрываць потым балюча. Ведаю. А так вы на свежым паветры куляецеся-забаўляецеся, траўку, якую трэба, знойдзеце, па дрэвах палазіце… А ў мяне што? Асабліва радасці мала… Жыллё як жыллё… Чатыры сцяны… Ложак, стол… Тэлевізар уся радасць… А тут яшчэ такая аказія, мае харошыя: хварэю я часта, то бываю ў бальніцы… А каго папрашу, каб за вамі прыгледзіць і накарміць? Няма каго. Сын п’яніца, яму ключы не давяраю, а мужык, Сцёпка, памёр, ірад… А так, калі на вуліцы, з голаду не памрэце… Тут і сметніца побач… знайсці, кажуць, можна тое-сёе з ежы… Вам бы падрасці толькі хутчэй… на ногі стаць… А тая цётка, з дзевятага паверха, накінулася на вас, як учора варона… Вароне – даравальна: сама галодная… А ты ж, суседка, – чалавек, то не будзь варонай, не адымай у кацянятак ежу… Жывое ж… Няўжо не баліць? Хай варона не разумее… А чалавек павінен бы… павінен бы чалавек…