Сярод дня Ягор, апрануўшы чыстую сарочку, патэпаў у бок фельчарска- акушэрскага пункта—рашыў паказацца Матузку: што, цікава, скажа той пра яго хваробу? Вучылі ж чалавека, то няхай і лечыць. Нечага. Мо прыпіша пілюлькі, а мо і сур’ёзнае што выявіць і накіруе тады далей —спярша ва ўчастковую, а там, магчыма, і ў раённую, абласную лячэбніцу.
Матузок быў у сваёй маленькай, але ўтульнай, чыста прыбранай ардынатарскай адзін. Сядзеў, насуплены, за сталом і крэмзаў нешта ручкай на паперы, раз-пораз папраўляў акуляры, якія не трымаюцца за вушамі і слізгаюць, бы палазы санак па лёдзе, па ягоным аблупленым ад загару носе.
– Захварэў,– таптаўся ў парозе Ягор.
– Сядай,– не гледзячы на пацыента, паказаў вачмі на табурэт Матузок. –Пачакай трохі. Заняты. Заблытаўся ў лічбах. Гаварыла ж настаўніца, Вольга Кандратаўна: вучы, Матузок, арыфметыку, спатрэбіцца. Помні, Матузок: пакладзеш перад сабой, ззаду возьмеш. Не слухаўся. Дарэмна. – А потым, пераможна кінуўшы ручку перад сабой, падняў вочы на Ягора. – Ну, што ў цябе, дзядзька?
– Каб жа знаў.
– Трымай градуснік.
Потым, зноў пакорпаўшыся ў паперах, папрасіў градуснік назад. Паглядзеў, ссупіў бровы:
– Выпішу таблетак. Папі. Толькі спярша памажы і ты мне. Слухаеш?
– А што мне яшчэ рабіць, калі не цябе слухаць?
– Прагноз твой трэба, дзядзька,– Матузок паклаў руку на плячо хвораму. –Тэрміновы.
– Больш сіноптыкам не наймаюся, – ціха і з непрыхаваным сумам выдыхнуў Ягор. – Прабач.
Матузок насцярожыўся:
– Чаму ж так?
– Чаму,чаму? Цяпер усе людзі разумныя, могуць мазгамі паварушыць і самі. Навошта мне за ўсіх, браток, мікіціць? Навошта за ўсіх адказваць?
Фельчар павёў падбароддзем і пэўны час маўчаў. Думаў. А тады па-сяброўску мякка прыхінуў сваю галаву да галавы Ягора, шапнуў:
– А і праўда ! Маеш рацыю, дзядзька. Гэта так. Але! Але памыляешся ўсё ж у адным: усе мы не можам аднолькава думаць. Не атрымаецца. І калі вось мне думаць? Пра сябе, пра свой клопат? Галава забіта розным друзам.... Я думаю, дзе і якім чынам дастаць лекі... і для цябе , так-так... Як прывезці на ФАП на зіму паліва. У дырэктара школы хапае свайго думання... У старшыні сельсавета свайго...
– Дык... – меўся запярэчыць Ягор, але Матузок не даў яму ўставіць слова.
– Так што, дзядзька, не «дыкай» , а рабі людзям прыемнае – працуй, працуй сіноптыкам. Калі атрымліваецца ў цябе. Калі вераць землякі...
– Дык хварэю ,– усё ж уціснуўся ў гаворку Ягор.
– Вылечу, дзядзька!– павесялеў Матузок, заўсміхаўся. – Пастаўлю на ногі. Так і быць. Не будзеш хварэць. Абяцаю.
– Гэта калі, мусіць, правільны прагноз выдам, – лыпнуў вачамі Ягор,– то не буду хварэць. А памылюся,то занядужу – наказвае, відаць, Бог, як думаеш?
– А было хіба, каб які твой прагноз лопнуў, як мыльны пухір, не спраўдзіўся?
– Бытта не.
– Тады не хвалюйся і паслухай, што мне трэба дакладна ведаць, каб потым не памыліцца, каб раз і назаўсёды...
– Слухаю,– павесялеў і Ягор, бо і праўда ж, напляце абы-чаго Лізавета. – Слухаю, Павел.
Матузок жа, на здзіўленне старога, маўчаў. Ён нават адвярнуўся ад яго, глядзеў праз шыбу, вагаючыся на мысках красовак, на вуліцу, загарадзіўшы спіной амаль усё акно. Сіноптык напомніў пра сябе:
– К-хы... к-хы... Ага, значыць... Ну, дык што там у цябе, Павел? Жаніцца мо рашыў?
Нарэшце Матузок павярнуў да Ягора шчаслівы твар:
– А ты, дзядзька, як здагадаўся? Хаця ... правільна... так-так... Хто ж яшчэ здагадаецца, калі не ты?
– Гэты прагноз надта лёгкі – табе ж ужо, братка, гадоў багата. Пара. Пара, Павел.
– Было не было! Паспрабую сам разабрацца да канца...Праўда, а навошта ў самога галава? Кожны сам на сябе ў першую чаргу павінен спадзявацца. І толькі. Не атрымаецца, пачну вагацца, тады і папрашу цябе, дзядзька, на падмогу. Добра?
– Глядзі,– коратка адказаў Ягор, моцна сашчапіў у жмені таблеткі, якіх насыпаў яму фельчар. – Глядзі. Калі што – выручу. Як і ты вось мяне. Ага. Ну, бывай. – Ён памаўчаў, патаптаўся ў парозе, як і перад тым, калі ўвайшоў, а тады нясмела падняў усё ж вочы на фельчара. – Але... Ага, значыць... Было не было... Нядобра мне, Сіноптыку, пра гэта... не мужчынскае дзела быццам... Але ж трэба раз і назаўсёды... а людзі яны, Касмачонкі, нядобрыя... злыя... паскудныя, адным словам. Гэта пакуль ты не ўвайшоў у іхнюю хату, то ўсміхаюцца, паклоны адбіваюць табе... Я з чаго раблю свой прагноз? Перад гэтым з Касмачонкавай Танькай сын дачніка пабраўся... Мякка слалі, ох і мякка! А на другі дзень – вяселле ж у нас рабілі – гасцям з горада па сто грамаў раніцай не далі апахмяліцца... тыя вымушаны былі ў краму бегчы... Верыш? Няма, кажуць, усё папілі. І трэба ж такое прыдумаць? Хоць пароўну на вяселле складваліся... А тады яшчэ Касмачонкі той гарэлкай агарод сеялі-капалі некалькі гадоў... Больш скажу: яны зяцёў сваіх зусім за людзей не лічаць... Абы выпіхнуць дзевак... Каб маглі па закону дзяцей прыносіць, а не ў прыполе... Таму ў іх усе зяці былі не нашыя – чужыя... Свае хлопцы не дурні – не бралі... Я табе, фельчар, прызнаюся, так і быць: гэта людзі нашы папрасілі сказаць табе пра Касмачонкаў... Угаварылі мяне. Уламалі. Маць іх!.. Гэта не мой прагноз. Шкадуюць цябе... Бо ты добры... А добрых шкада... Не хацеў я брацца за гэты брудны прагноз... нялёгка было мне... Верыш? Ледзь рашыўся... Калі не паслухаешся маіх землякоў, будзеш ты і п’яніцам, і гультаём, і яшчэ багата кім. Але будзеш. Прабач, калі што не так... А захочаш уцячы – не уцячэш: прыварожаць, гэта яны ўмеюць... Даруй за прагноз... Бо гэта быў бабскі прагноз... жаночага роду... на плётку падобны... Але ж папрасілі... пры выпадку... таму, відаць, і захварэў... як спецыяльна, каб з табой сустрэцца... Сказаў табе сёння... і больш прагнозаў даваць не буду. Ну іх! Няўдзячная гэта, гляджу, справа... Бы ў лужыну пляснуўся... у чым быў. Цьфу!.. Маць іх!..
Дахаты Ягор тупаў усё ж у добрым настроі. Быццам і галава ўжо не балела. Быццам і дыхалася лягчэй. Ён забыўся на таблеткі, што былі ў сашчэпленай жмені, а калі расслабіў яе, тыя слізганулі на зямлю – як не пад самыя ногі.
А фельчар так нічога і не сказаў Ягору. Толькі доўга глядзеў і глядзеў яму ўслед – нават калі ўжо не было відаць Сіноптыка на вясковай вуліцы.
ЕДЗЕ СЕНА НА КАЛЁСАХ...
З акна старому Андрэю добра бачыцца пляц брата Якава. Часта глядзіць ён на агарод, успамінае брата, і здаецца, што той вось-вось выйдзе з веснічак, высокі, хударлявы, крыху згорблены, і пачне штосьці перакладаць з месца на месца, перабіраць сухімі пальцамі галінкі дрэў, а то будзе доўга дзівіцца на неба, блакітнае і бясхмарнае, пакуль, мусіць, не заклякне шыя ці не прападзе з вачэй апошні клін журавоў...
Цяпер Якаў ужо не выходзіць на падворак. Даўно не выходзіць. Старэйшы ў сям’і, ён і пайшоў першы. Пайшоў цяжка, гаротна: знайшлі яго пад яблыняй ранічкай – паралюш разбіў правы бок. Сын Мішка з жонкай Зінай перанеслі яго ў хату, асцярожна паклалі на ложак, на якім і праляжаў Якаў больш як год. Людзі ўздыхалі, шкадуючы: «Добраму б чалавеку і памерці добра, лёгка. Але не даў Бог, не даў...»
Глядзіць і глядзіць Андрэй на братаў падворак. Сёння ходзіць там Мішка. Ён ростам крыху ніжэйшы за бацьку. І не такі памяркоўны, разважлівы, хоць тварам – выліты Якаў. Характар жа пераняў ад маткі, Пелагеі. Хвіліну назад стаяў тут – няма, усё бяжком ды бяжком. Дзе трэба і не трэба нос свой усуне. Але гаспадар не горшы за бацьку, да чаго рука можа дабрацца, – там поўны парадак, уходжана, дагледжана.
І ўсё ж Андрэй, колькі ні глядзіць на братаў падворак, бачыць на ім не Мішку, а – Якава. Асабліва ў апошнія дні, калі і сам пачынаў часцей і часцей падумваць, што трэба будзе, як ні адганяй думкі тыя трывожныя, некалі і яму... «Як не круці, а трэба памярці».І так Якава на пяць гадоў перажыў. За ім нарадзіўся ён, Андрэй. Матруна, Хведар, Прося – маладзейшыя. Не намнога, а ўсё ж. «Твая чарга, Андрэй... Ты – наступны... Рыхтуйся, Андрэй!» Ён сядзеў падоўгу перад акном, глядзеў – да слёз уваччу – на братаў падворак, і было горка яму, вельмі горка...