– Пара прыкрываць... Пара... А што ж, я так і без штаноў застануся, у адных трусах буду на нарад хадзіць скора. Э-э!..
– Колькі гэта ў цябе іх ужо?
– Пяць.. Я круглы выдатнік.
– Хай на здароўе растуць. Прыгожыя дзеўкі ў цябе, Смык. Разграбуць хлопцы.
– А пра хвамілію падумаў, дзед? Пра род наш? Хіба яны працягнуць? Дудкі. Я Дуная – на табе... Мальца... Ы-ы... Во... Я б з ёй, з Дуняй, мільянерам стаў. Дык не, па мордзе – хрась! Ага. Во так, – Смык адвёў убок руку, доўга прыцэльваўся, а потым ляснуў сябе па твары. – А матка: хто табе так, сынок? І ў слёзы. Утаплюся, кажа, калі з Хусцінай важдацца будзеш. А ты мне, стары, казкі расказваеш... Я ж любіў яе... І цяпер – ух! – душа баліць, у кулак сціскаецца, – Смык паказаў Макару кулак, затым ляпнуў па крайку стала, ажно падскочыў посуд.
– Цішэй, цішэй. Пайшлі лепш да баб, таксама згэцаем. Га?
Смык глядзеў на дзверы, што вялі ў другі пакой, але ісці не ішоў, не адпускаў ён і старога – прытрымліваў рукой за сарочку.
– Э-ге... А ты падумаў, падумаў, дзед, адкуль у Дуні хлапец?
– Яе справа, яе, – Макар, мусіць, і сам толькі цяпер успомніў, што недзе ж і праўда павінен хадзіць па зямлі той чалавек, нешта робіць ён і ў гэтыя мінуты, калі правяць радзіны без яго добрыя людзі. А мо ён зусім не ведае, што нарадзіла Дуня ад яго сына, што ашчаслівіў ён гэтую жанчыну? Можа, і не ведае...
– Не дуры, дзед. Справа не толькі яе, але і мая...
– Не лезь, куды цябе не просяць.
– Не лезці? – Смык узняўся над сталом, нешта блюзніў сабе пад нос, а затым да Макара: – Не, я палезу. Я палезу! Бацька павінен быць тут,– торкнуў пальцам у талерку з вінегрэтам. – Я прывязу яго. Хочаш?
– Не рабі глупстваў. Не рабі,– насцярожыўся Макар.
– Прывязу, дзед! Вось цяпер. Дзе там конь? На дварэ?
Цяпер ужо Макар трымаў Смыка, учапіўся таму ў пінжачок, але Смык усё ж не зважаў на Макаравы просьбы-угаворы, лез да дзвярэй, бы ўкусіў хто чалавека, гучна казаў:
– Яго месца тут! Я ведаю, хто гэта! Пусці-і! – і выслізнуў з Макаравых абдымкаў, шпарка папраставаў на падворак. Стары не адступаў:
– Каня не трож! Замардуеш каня. Не дам!
– Трасцы здаўся мне твой Базыль! Знайду каня, дзед.
І ён мінуў дворышча, схаваўся за вуглом пунькі, якая ўпіралася абцёртым бокам у вуліцу.
– Чорт, а не Смык!– плюнуў Макар і павярнуў у хату, з вокнаў якой даносілася музыка, прадзіралася тупаценне.
Стары не ўтрымаўся, паківаў галавою, таксама пусціўся ў скокі. Адбіваў ён польку, а сам кідаў раз-пораз позірк на Дуню. Яна сядзела на канапе з мальцом. «Шчаслівая, – падумаў Макар. – І расцвіла, бачце вы яе, што вішня. Свеціцца ўся. Ззяе. Ды і тварыкам, няйначай, папрыгажэла? Канечне, папрыгажэла. Не такая і худая... а то ўсё з жэрдкай параўноўвалі, сукіны дзеці. Хай цяпер мне хто скажа! Галаву адкручу »,– храбрыўся сам сабе стары.
Дуня гушкала дзіця, усміхалася, а жанчыны – хто ў пары, хто самі па сабе – кружылі пад Мішкаў гармонік. Кружылі няспешна – не паспявалі з музыкай, а Мішка граў, як заўсёды, хутка, да канца расцягваў мяхі, амаль паклаўшы на іх сваю лысаватую галаву, шырока раскрыўшы рот – у ім шавяліўся язык, быццам таксама адбіваў танец у такт гармоніку.
Мішка граў усё роўна як для маладых людзей...
– Гуляйце, суседзі, гуляйце... – дрыжэлі ў Дуні вусны, і яна гушкала і гушкала малога...
Неўпрыкмет пацягнуліся жанчыны да сваіх веснічак, ляжаў напагатове перад выхадам гармонік, займаючы табурэт, на якім выціснуўся абадок ад вядра з вадой. Пацішэла ў хаце. Макар з Мішкам рашылі ўзяць напаследак яшчэ па чарцы, тады і заявіўся Смык. Ён адразу ж падсеў да іх, вылаяўся, і, калі перакульваў шклянку, высока задраўшы галаву, мужчыны ўбачылі пад вокам у таго вялікі сіняк. Смык закусваў, утупіўшы вочы ў стол, і маўчаў, толькі злосна пасопваў. А потым паківаў галавою, быццам дакараючы сябе:
– Ну, і чаго ты дабіўся, Смык?
ПЕРСОНА
Для многіх жыхароў Лосеўкі маскоўская алімпіяда 1980 года была звычайнай, радавой падзеяй. Зразумелая справа: жывуць у гэтай прыгожай лясной вёсцы адны старыя, дзядулі ды бабулі, а ім не было калі прывыкаць пакланяцца спорту, яны ўвесь час, колькі і помняць сябе, пакланяліся зямельцы. Таму з’яўленне ў Лосеўцы Мішулі, які, ведалі, даўно жыве ў Маскве, ніяк не звязвалі з алімпійскімі гульнямі. Прыехаў ды і прыехаў зямляк, мала хто не прыязджае зусім. Няхай адпачне, па знаёмых сцежках паходзіць, родным паветрам падыхае, блазнюк. Толькі вось нешта доўга Мішуля дыхае – мінуў жнівень, верасень, кастрычнік... А ён, гляньце, і не вяртаецца назад у белакаменную. «Жонка вытурыла!» – вырашылі вяскоўцы, але напрамую ў Мішулі папытаць не адважваліся: жыве сабе чалавек у матчынай хаце, нікому не перашкаджае, няхай і жыве. А калі Мішуля пачаў шукаць хоць нейкую працу, бо адной бульбінай жа сыты не будзеш, ды і на выпіўку траціць багата чалавек, то ўсе сумненні ў іх прапалі канчаткова: ну, а мы што гаварылі? Прагнала жонка!
Жонка? Можа і жончыны тут ёсць стараннні, хто ж ведае, але факт застаецца фактам: у сваёй роднай Лосеўцы Мішуля аказаўся на час алімпіяды – усіх выпівох , каб тыя, відаць, не трапляліся гасцям на вочы, адпраўлялі падалей ад сталіцы . Мішулю,акрамя як у сваю Лосеўку, не было куды ехаць, а за сто першы кіламетр, куды адсылалі большасць такіх, як ён, кіравацца, мусіць жа, не пажадаў: спалохаўся, што гэта будзе нешта накшталт зоны...
Так вось ён і з’явіўся тут год праз трыццаць, як паехаў, надоўга – у водпуску ж тады-сяды бываў. Сівы, маршчыністы, у пакамечаным касцюме, з маленькім абшарпаным чамаданчыкам у руцэ. Запомнілася яшчэ вяскоўцам, што быў ён на добрым падпітку, і, перш чым ісці да бацькоўскай хаты, на дзвярах якой даўно вісеў вялізны іржавы свірнавы замок, звярнуў да крамы і апаражніў бутэльку віна – не адыходзячы ад прылаўка, прагна, адным махам, а тады сказаў разявіўшым ад здзіўлення рот землякам:
– Душна сёння. Фу-у-у! Спякотна. Пасля абеду , відаць, дождж будзе. Фу-у-у!
На што нехта з вяскоўцаў заўважыў:
– Табе лепш знаць, будзе дождж ці не, бо жывеш побач з сіноптыкамі. А мы—далёка. Хоць ён, дождж, і трэба: сухмень на дварэ, пагарыць ураджай. Ты, Мішуля, калі раней паедзеш, то шапні там сіноптыкам, няхай паабяцаюць дождж. Зазірні ў іх канторку, не палянуйся. Далёка яны там ад цябе ці не?
– Для землякоў зраблю,– паабяцаў Мішуля. – Я іх прымушу гаварыць тое, што трэба вам. Да... даю слова: будзе дождж. Рыхтуйцеся. Чакайце. А цяпер патупаў адпачываць з дарогі. Масква, між іншым, не за Рэпішчам, з яе да нашай Лосеўкі няблізкі свет, як і адсюль ... І-і-і!.. А тады пагаворым. Будзе пра што. – Ён яшчэ раз ці два ікнуў, падхапіў, па ўсяму было бачна, лёгенькі чамаданчык і, прыкметна хістаючыся, пашоргаў з крамы.
А людзі пастаялі крыху яшчэ моўчкі, а тады ўспомнілі-прыгадалі Мішулю ў маленстве, яго бацьку,Сцяпана, які не вярнуўся з вайны, маці, Насцю, што так і не выйшла больш замуж, адна выгадавала чацвярых дзяцей, а век дажывала, як гэта нарэдка здараецца, у адзіноце.
Як і ўсе дзеці, Мішуля рос на вачах землякоў. Бадай што ўсе яны запомнілі цягу Мішулі да тэхнікі – ён так і прападаў на дворні: спярша плугатарам рабіў на летніх вакацыях, а калі падрос траха, то ўжо не адарваць было ад аўтамашыны, так і цёрся ён каля Івана Аўдзеева, падлабуньваўся, каб той даў праехаць за рулём. Старэйшы і самы вопытны калгасны шафёр уступіў хлапцу, а потым – ну і смелым жа чалавека быў Іван Палікарпавіч!– нярэдка пакідаў у кабінцы аднаго Мішулю, а сам ішоў нешта рабіць па хатняй гаспадарцы. «Ды што за ім сачыць? Ён, браткі, ездзіць лепш, чым некаторыя нашы шафёры ».
Скончыў Мішуля школу ці не, ніхто толкам не помніць. Хадзіў, як і ўсе, а ў які клас – дык каму ж сёння пра гэта ведаць? А толькі ў адзін летні дзень Мішуля знік з вёскі – паехаў, казалі, у Маскву. Не здзівіліся, бо там даўно і аседла жылі многія ягоныя сваякі, цёткі ды дзядзькі, яны паабяцалі, мусіць жа, дапамагчы з прапіскай і дахам над галавой. У вёсцы жыццё ішло сваім шляхам, іншы раз пакручастым, з калдобінамі, а надаралася, і з песняй і чаркай, і неўзабаве пра Мішулю людзі і зусім забыліся. Іншы раз, праўда, яго ўспаміналі хлопцы-равеснікі, а то і маладзейшыя, што некалі зайдросцілі яму, калі бачылі за рулём аўтамашыны. «Пашанцавала ж, а ! Мне б так!»