Литмир - Электронная Библиотека

Неўзабаве двор апусцеў, і каля горкі попелу, што засталася ад крэсла, тапталіся двое – барадаты Пырх і Марасанаў, які першаму спадобіўся б у бацькі і лічыўся лепшым выкладчыкам і нават някепскім кампазітарам: некаторыя песні, створаныя ім, выконваліся ў межах вобласці, аднак далей прабіцца не маглі. Вінаваты ў тым быў, на думку Марасанава, і Мельнік, які прыціскаў усяляк, як толькі мог, таленавітых выкладчыкаў – не любіў, калі хто выторкваўся вышэй за яго самога. Быццам нават заяўляў: «Вучыце дзяцей, а песню напішуць і ў Мінску. Лучанкоў хапае сёння...хоць гаць гаці, а выкладчыкаў – не. Добрых выкладчыкаў, я маю на ўвазе...» Намёк ,як кажуць, шматзначны. А зусім нядаўна, ужо нават тады, калі ўверсе быў падпісаны загад аб ягоным пераводзе ў іншы горад, не пусціў у сталіцу на конкурс навучэнку Варатынскую, калі даведаўся толькі, што яна павязе туды песню Марасанава. Цмок дык цмок! І хто ж пасля ўсяго гэтага, калі не сам Марасанаў, павінен быў цягнуць, надрываючыся, але лічачы гэта за гонар, крэсла з кабінета Мельніка, дбаць пра газу і запалкі?! Было і яшчэ некалькі такіх чалавек, якім Мельнік напартачыў больш, чым трэба. Што ж да барадатага Пырха, то з Мельнікам ён і пазнаёміцца як след не паспеў, пэўна ж, бо працуе ў вучэльні зусім мала, толькі нядаўна скончыў ён інстытут культуры, а крэсла падхапіў адным з першых і падпальваў толькі таму, як прызнаўся сам, што ў Мінску любіў па закліку выходзіць на плошчу Незалежнасці і таму лічыў сябе мэтрам у гэтай справе. Трэба дык трэба.

– Попел, відаць, належыць прыбраць,– закурыў Марасанаў і паглядзеў на барадатага Пырха, які варочаў дручком апошнія вугельчыкі. – А то вецер разнясе па дварэ – Цітаўна выскаліцца.Чым бы толькі прыбраць?

Пырх насупіўся:

– Нагадзілі разам, а сляды замятаць – нам?

– А што тут такога? Камусьці ж трэба...

– Нічога! Во падгарну трохі, вадой прыльём, ды і няхай ляжыць. Каб усе бачылі, што пасля крэсла засталося. Можна, а чаго, і шыльду ўторкнуць у зямлю, на якой напісаць, каб усе ведалі: «Тут было крэсла Мельніка».

Марасанаў не паспеў адказаць – уявіў толькі былого дырэктара ў гэтым згарэлым крэсле, з якога ён, бадай што, рэдка калі вылузваўся, калі пачуў гырканне аўтамашыны і, павярнуўшы голаў на гул, убачыў міліцэйскі легкавік. Вопытны жыццялюб і ў нейкай меры не спраўдзіўшыйся кампазітар адразу змікіціў: яны з Пырхам папаліся. Усе своечасова разбегліся, а навошта яны тут тырчэлі, папытаць бы? Дурні! Гэты ж Пырх павінен мець вопыт, хваліўся ж, што бралі за каўнер на плошчы ў століцы, дык быў бы, паразіт, разумейшым і сам, і павучыў бы яго, старога небараку. Дык не ж! А цяпер што ён скажа міліцыянтам? Што? Смелыя мы, браткі, бываем, калі не бачым людзей у форме, а толькі варта заўважыць тых, трымцяць лыткі...

Легкавік цыўнуўся перад самай кучай чорна-шэрага попелу, знерухомеў, з яго вылезлі два міліцыянты – капітан і старшына. Капітан строга папытаў:

– Што вы тут робіце?

Пырх пагладзіў сваю густую бараду і адказаў:

– Вогнішча... дзеці, пэўна расклалі, то небяспечна... Сочым, каб іскры не разляцеліся.

На гэта капітан спакойна заўважыў:

– Ці ты дужа разумны, ці я дурань. – І, паказаўшы рукой на легкавік, загадаў: – У машыну! Хутчэй!

Марасанаў паслухаўся, а Пырх палез у легкавік толькі атрымаўшы рэзкі штуршок у плячо. Агрызнуўся:

– Пацішэй,не такіх бачылі!

– Пагавары мне!..

Аднекуль узялася тут Цітаўна, заступілася, хоць і шкада было ёй крэсла, аднак старая хуценька скеміла, што трэба ратаваць выкладчыкаў:

– Дык вы што, не надзёрлі вушы тым нехрысцям? – сур’ёзна глядзела Цітаўна на Марасанава і Пырха, настолькі сур’ёзна, што тыя, мусіць, і самі не адразу здагадаліся, што задумала старая, а яна працягвала: – Бачу ж у акно: вогнішча! І малеча скача каля яго. Ну, думаю, не хапала нам яшчэ на сённяшні дзень пажару... усяго было сёлета... і навадненні, і замаразкі... А тут перад выбарамі ў прэзідэнты – яшчэ і пажар.... Дык разагналі, кажаце? Таварышы выкладчыкі! Вам што, затлуміла? Ці вушы пазакладала? Гэй, вы!..

– Не вераць, – з лекавіка выгукнуў Пырх.

Марасанаў змоўчаў.

– Я, я вас жа папрасіла разагнаць!– наступала на легкавік Цітаўна. – Дык што атрымліваецца: хацела як лепш, а атрымалася, як тады... І тое выходзіць, што я, качарга старая, падштурхнула вас на тое, што міліцыя забірае? Так? Таварыш начальнік! Тады і мяне ў машыну, таму што калі хто і вінаваты, то я. Чуеш, начальнік?

– Усе месцы занятыя, – адказаў капітан і параіў старой шкрабаць мятлой там, дзе трэба, а не малоць языком абы што, а калі залез, цяжка заносячы атлусцелае цела на пярэдняе сядзенне, загадаў сяржанту-вадзіцелю. – Паехалі!

Куды паехалі, Марасанаў зразумеў адразу. Па дарозе гадаў-думаў, чым усё гэта скончыцца, раіў Пырху маўчаць, не харахорыцца, бо той хваліўся, што не такое бачыў і не там бываў, але цяпер перад ім знімаюць шапкі многія, чым раздражняў міліцыянтаў. Тыя абяцалі, што яны перад ім ніколі шапкі знімаць не будуць, а калі што і зробяць, то добранька намуляць бакі і раілі трымаць язык за зубамі. Калі ж не трымаецца ён у Пырха за зубамі, хоць ты што! Ну і атрымаў у бок кулаком: суціхні ты, бля!..

Там, куды іх прывезлі, было людна, але ціха. Правялі паўз дзяжурнага на другі паверх, і Марасанаў здагадаўся, што зараз трапіць ён да свайго старога знаёмага. Так і ёсць.

– Яны, – коратка сказаў падпалкоўніку Страмавусаву капітан і сеў , не пытаючы на тое дазволу ад начальніка, на стул.

Страмавусаў жа распарадзіўся інакш:

– Па аднаму.

– Ёсць! – па- вайсковаму лёгка узняўся капітан і кіўнуў Пырху, каб ішоў за ім.

Такога павароту не чакаў Марасанаў, але трымаўся спакойна, чаму і сам, прызнацца, здзівіўся. Калі за Пырхам і капітанам зачыніліся дзверы, Страмавусаў закурыў, важка адкінуўся ў крэсле, і Марасанаў заўважыў, што ў гэтага міліцыянта крэсла яшчэ больш саліднае, чым у Мельніка, і чамусьці ўявіў, як яно гарыць... Палала б!

– Вось і сустрэліся, – трэба было бачыць нахабную ўсмешку на задаволеным твары начальніка гарадскога аддзела міліцыі. – Я разумею, таварыш Марасанаў: самога Мельніка вам было ніяк не дастаць, а крэсла і школьнік можа знішчыць, дай толькі яму волю. Ну, дык што цяпер будзем з вамі рабіць? Пятнаццаь сутак, або трыццаць на дваіх, для вас будзе дастаткова. А потым крэсла купіце. Яно цяпер каштуе некалькі вашых заработных плат. Адчуеце. А то іншы раз мы бываем ганарлівымі, фанабэрыстымі... Ну, ну! Але, як паказвае жыццё, ад сябе не уцячэш. Вось і ты трапіў у сіло. Ну скажы, скажы што-небудзь, Марасанаў! А Мельнік, між іншым, быў добрым чалавекам...

– Чаму – быў? – насцярожыўся Марасанаў.

– Правільна, правільна: і ёсць, – паправіўся Страмавусаў.

–Тады гледзячы для каго ён добры, – прамовіў выкладчык. – Для вас добры, не пярэчу... У горадзе адна больш-менш прыстойная вучэльня – гэта наша, і тут вучыліся, вучацца і, спадзяюся, больш не будуць вучыцца вашы далёкія і блізкія сваякі, дзеці сяброў і знаёмых...

– Чым я вам так не дагадзіў?

– Я ж вам неяк раней усё растлумачыў... У нашай вучэльні павінны вучыцца таленавітыя дзеці. Няважна, хто ў іх бацька, маці... Я заўсёды быў супраць блата. І хабар не бяру. Лепш у адным касцюме хадзіць, чым замараць сумленне...

– Дык а як вы корміце сям’ю? – вырачыў вочы на Марасанава падпалкоўнік. – Падзяліцеся вопытам.

Марасанаў адказаў не адразу:

– Цяжкавата.

– А Мельнік купіў зяцю новую іншамарку. І сам паедзе на «маздзе» . А чаму? А таму, што разумны чалавек, галава-а! Вось так трэба і жыць...

– Не вучыце мяне, калі ласка, – запярэчыў Марасанаў.

– Ды вас, гляджу, позна вучыць,– пагадзіўся падпалкоўнік. – Ну, што ж... Будзем лічыць, што размова закончана. Пасядзіце пакуль. А там ужо што пракуратура скажа...

За дзвярыма пачуўся голас Пырха, той узняў ніяк вэрхал: відаць, нагадаў, што ў сталіцы ён і не такое рабіў і нічога, а тут і слова ім не скажы. Надакучыла. Колькі можна цярпець? «Пусціце мяне-е-е!» Пырх, мусіць, нагадаў, што ў яго зрываюцца ўрокі, але каму гэта цікава? Капітану? Падпалкоўніку? Каб паводзіў ён сябе больш прыстойна ў міліцыі, нехта варсануў яму ў бок, а мо гваздануў і па галаве – тут, у кабінеце начальніка, Марасанаву было не відаць, але калі Пырх залямантаваў не сваім голасам «уй-й-й-й-й!», ён быў упэўнены, што так і было.

44
{"b":"549415","o":1}