Гэтая ідэя спадабалася Груні:
– А што? І здай, і здай, Кіпцічак, Атрахімка мой...
Кіпцік паскроб за вухам, сумна сказаў:
– Мая тут усяго адна...
– Усё ж піў?
– А я што – святы? І рот у мяне ёсць. Бачыш? – разявіў рот.
– Няйначай самая вялікая бутэлька – твая? Вось гэтая?
– Мая маленькая. Чакушка, – прыплюснуў вока Кіпцік.
– Каму галаву тлуміш? Дзе ты бачыў, каб цяпер маленькія выпускалі? Дзе? Піць дык піць. Піце, людзі, атруту. Хутка пачнуць, відаць, у трохлітровых слоіках гарэлку прадаваць. Як сок бярозавы. Во ўжо дзе мужыкам радасці будзе – пакуль жа дно не ўбачыце...
Кіпцік пасмялеў:
– Цябе спыніць ці сама на тормаз націснеш? Ты лепш бы схадзіла ў краму. Нядобра ўсё ж атрымліваецца...
– Ты пра што? – насцярожылася Груня.
– Жывыя істоты куры. Памянуць трэба. Памянем, а тады я і прыкапаю іх. Чын па чыну. Ну, чаму стаіш?
– Маўчаў бы ўжо, ёлуп! Маўчаў бы! Такога натварыў, а яшчэ і язык у роце варочаецца! Хапае ж во сумлення!
– На тое і вір: калі і ўмелага закруціць, а калі і няўмелага на бераг выкіне.
І раптам, як гэта часта бывае ў апошнюю хвіліну, Груні прыйшла ідэя. Чарговая. Яна ўспляснула рукамі:
– Кіпцічак мой! Пачакай! Не спяшайся! Пачакай, родненькі! Ты ніяк курэй закапаць надумаўся?
– Ну. Акурат так.
– Не дазволю!
– А што, ты іх есці будзеш? – тут ужо сур’ёзна спытаўся Кіпцік.
– Выклікай міліцыю, няхай акт складаюць, злачынцаў шукаюць, – цвёрда і пераканаўча сказала кабета.
Кіпцік не на жарт задумаўся:
– А што? Але не, не трэба, мусіць. Атрад, думаеш, іх тут, злачынцаў? Я сам яго знайду...
– Ты?! – жонка нават засмяялася.
– Знайду– не адступаў Кіпцік.
– Не смяшы курэй... Цьфу! Людзей не смяшы. Ты знойдзеш. Ты зубы свае раніцай шукаеш, а ці заўсёды сам знаходзіш? Сышчык!
– Калі захочаш выцяць сабаку, то друк знойдзеш, – сказаў Кіпцік і ўспомніў пра сабаку, пачаў клікаць. – Швагер! Швагер! На-на-на!
– Слухай сюды, «на-на-на», – тузанула мужа за рукаў Груня. – Рабі так, як я табе раю: бяры, Кіпцік, адну чубатку, для экспертызы, сядай на аўтобус і ляці ў міліцыю. Ну, уявім, знойдзеш ты сам? І што далей? Пальцам крывым сваім паківаеш – і ўсё, увесь разлік. Ударыць нават нельга. Пысу намыліць. Закон не на тваім баку. А так яны, міліцыянеры, прымусяць злачынцу і за курэй заплаціць, і за шыбкі. Зразумеў?
Кіпцік уважліва выслухаў жонку, зноў паскроб за вухам, памяркоўна сказаў:
– Больш грошай праездзіш у тую міліцыю, чым каштуюць усе атручаныя куры і шыбкі разам узятыя.
– Едзь! – прагучаў, як стрэл, над ягоным вухам голас Груні.
– Можа не трэба? – адхрышчваючыся ад жончынай ідэі, паглядзеў на яе сумнымі вачыма Кіпцік. – Няўжо ў нашай Гуце я таго супастата не знайду? Дзе ён тут можа схавацца? У якім кусце? Пад які корч галаву засуне, га?
– І што ты за чалавек такі, Кіпцік? Хоць кол на тваей лысай галаве чашы, а ты адно і тое ж. Ну шукай, шукай, а я пабачу... хоць не ўсіх людзей ваўкі паелі – ёсць яшчэ, можа яны і дапамогуць. Як жа ты адзін на чыстую ваду таго злачынцу выведзеш, гора ты маё? – Груня прамакнула слязінку на шчацэ ражком хусткі. – Шукай, Атрахімка, шукай яго, гада. Ну гэта ж трэба так нашкодзіць, людцы родненькія! Гэта ж трэба!..
Кіпцік узяў рыдлёўку, запіхнуў курэй у мех, ускінуў на плячо.
– Не заўсёды добра сеўшы добра едуць, – сказаў жонцы. – Ён у мяне прыедзе. Я ў канец агарода, на выган. Курэй прыкапаю. А ты тут павартуй. Дажыліся – не пакінеш на пару хвілін жытло. Нехрысці. Толькі Швагер, калі заявіцца, можа цябе напалохацца і зусім збегчы. Ты ўжо ласкава, ласкава з ім. А калі будзеш гыркаць, як на мяне, то памінай чым звалі. Сабака табе не я. А лепш у хаці сядзі і ў акно назірай... у разбітае... вунь у тое... у крайняе... З яго ўвесь двор – што на далоні.
– Куды ўжо назіраць цяпер, Кіпцік ты недароблены? – Груня узбурылася на высокі ганак, цяжка ўздыхнула, махнула на мужа рукой. – Нясі ўжо курэй. Нясі. Цікава толькі мне, як ты перад Мішкам, ёлуп, апраўдвацца будзеш?
Кіпцік ужо не чуў яе слоў – ён шыбаваў па агародзе з мехам на плячах, а рыдлёўку выстаўляў наперад, бы сляпы – кіёк...
Хто ж і сапраўды напракудзіў? Цяжка сказаць, як і цяжка здагадацца, каго ж западозрыў Кіпцік і знойдзе ці не ён таго, каго шукае?
Аднак пошукі пачаліся. Кіпцік сядзеў за сталом у Мішкавай хаце, насупраць яго Груня. Тут жа на стале стаяў збанок з квасам, ляжала ручка на чыстым аркушы паперы ў клетачку.
– Пачнём? – паглядзеў на жонку Кіпцік.
– Паехалі! – махнула рукой кабета.
– Куды едзем? На Ганчароўку?
– Не, не, Кіпцічак, не. Пачынай са сваёй вуліцы. Ворагі заўсёды побач. Яны – перад вачмі мітусяцца, таму мы іх і не бачым.
– Слухаюся, – Кіпцік узяў ручку, падсунуў бліжэй да сябе аркуш. – Маруся? Маруся не нашкодзіць – сама ледзь поўзае, куды ёй. Гэта яе сын жывы ці не?
– Памёр, відаць, раз не паказваецца да маткі, – міргнула Груня.
– Далей у нас Макар ідзе. Макар адпадае. Кум.
– Пад маркай кумаўства можна такога нарабіць, што ўвесь свет ад здзіўлення перавернецца. Прыгледзься, прыгледзься да яго уважлівей. Чуеш?
Але Кіпцік не чуў – ён ўжо нацэліўся на іншы аб’ект, таму залыпаў вачыма на жонку:
– Па... пачакай, а як ты да Петрака ставішся?
Груня, мабыць, і думаць не магла, што сусед кепскі чалавек, здольны нашкодзіць, яна прыгадала нешта прыемнае, ад задавальнення самі замгнуліся ў яе вочы, а на твар набегла салодкая, як скрыль мёду, усмешка.
– Ну... у цэлым... чалавек ён уважлівы... прыгожы... – выдыхнула яна з сябе, пазяхнула і паляпала па губах пальцамі.
– Стоп! Стоп, Груня! Не сваволіць! – Кіпцік ва ўсім гэтым улавіў нешта нядобрае і паківаіў кабеце жоўтым ад махоркі пальцам. – Не ў тым плане цікаўлюся. Наконт шкоды цікаўлюся. Пра ўсё астатняе забудзь. Дык, як ты да Петрака?
Груня кашлянула, кіўнула галавой:
– А-а, у гэтым... У гэтым... Пятрок, значыць?
– Пятрок, Пятрок.
– Калі ў гэтым плане, то не ведаю, што і сказаць...
Пакуль жонка падбірала патрэбныя словы, Кіпцік ужо вынес суседу прысуд:
– Ён! Ён, паразіт! Пятрок! У мяне пяцёрку прасіў? Прасіў.
Груня насцярожылася:
– І ты яму не даў?
– А я яму не даў. Не даў. І вось – фінал.
– Правільна – адпомсціў. Ён, дарэчы, што табе ўзамен паабяцаў?
– А тое і паабяцаў, што, кажа, бутэлька як бутэлька, а ты мяне яшчэ не аднойчы ўспомніш. Табе, кажа, яшчэ не раз ікнецца, – Кіпцік і сапраўды ікнуў, спалохана глянуў на жонку. – Бачыш, пачалося?
– Пазнач Петрака крыжыкам, – параіла Груня.
– Пазначаю, – Кіпцік паставіў крыжык, ікнуў. – Чорт рагаты, га! Бачыш? Пазначыў і ікнуў. Ікаецца, каб яму!.. Лепш бы я тую пяцёрку прэзентаваў яму.
– Не памрэш, калі паікаеш трохі, – штурханула Груня ў плячо мужа. – Далей, далей глядзі!
– Ага. Далей Сцяпан ідзе. Сцяпан можа і не можа. Скрытны ён чалавек. Хоць і нашкодзіць, а не прызнаецца. А можа яго іншым метадам узяць? – Вочы у Кіпціка раптам загарэліся, бы лямпачкі.
Адразу ж успыхнулі яны і ў Груні:
– Якім, Кіпцічак мой?
– Шклянку яму наліць – і адразу, як піць даць, развяжацца язык. Збегай, вазьмі бутэлечку.
Вочы-лямпачкі ў Груні адразу патухлі, яна сумна сказала:
– Ну які ж са Сцяпана злачынца? Ды ён і не дадумаецца да такога. У яго цэбар, а не галава. Пусты перавод фінансаў. Далей, далей ідзі, Кіпцік. Ды варушыся, варушыся!
Кіпцік зморшчыўся, але нічога не заставалася рабіць, як напружыць памяць, прыгадаць, хто жыве за Сцяпанам.
– Іду, іду далей, – ківаў ён галавой. – Далей... Вокны забіты... забіты... забіты... крыж-накрыж... Хоць музей рабі пад адкрытым небам. – І ён раптам ускочыў з табурэткі. – Павел! Павел Струк! Ён! І ведаеш, за што на мяне камень носіць?
За што камень носіць на Кіпціка Струк, Груня так і не даведалася, – зайшла Клаўка, і пачала без уступу, нараспеў:
– Што гэта я чула! Скажы каму – не павераць. Няўжо, дзядзька Кіпцік? Га, цётка Груня?